Вядома, Макаёнак-сатырык не быў прынцыповым непрыхільнікам калгаснага ладу або сацыялістычнага гаспадарання. Ён умеў заўважаць заганы там, дзе яны былі, дабіраўся да іх карэнняў з дапамогай сатыры, а сатыра — зброя вострая, з глыбокай ступенню пранікнення ў з’явы. Бывае, што сатырычны твор аказваецца шырэйшым па сваім змесце за намеры яго аўтара. Праблемы, якія Макаёнак-драматург даследаваў у творах на "калгасную" тэму, актуальныя і сёння, калі неабходны канструктыўныя змены ва ўсёй сістэме гаспадарання.
Ёсць элемент прадбачання і ў адной з самых жыццярадасных п’ес драматурга — "Лявоніха на арбіце". "Радасны твор" — такую характарыстыку даў камедыі крытык Г. Колас. Ён пісаў: "…Лявоніха" — пра радасць. Дзеля радасці! Ад радасці. Прыроду гэтай радасці мы зразумелі, параўнаўшы атмасферу на спектаклі "Выбачайце, калі ласка!", (дзе калгаснікі здымалі старшыню — сапраўднага) і на "Лявонісе" — занатаваную фатографам. Сам селянін стаў іншы. Ён — павесялеў! І драматург у выбары сюжэта арыентаваўся на павесялелага калгасніка. Ён адчуваў, што вадэвільная "лухта" Лявона — Лушкі — Клавы на такім павесялелым гледачы пакоціцца, як зваранае "кока" на святым ігрышчы: чытачу — пацеха! На рыбалку з вудамі! У тонкія пачуцці ўслед за Эмай Бавары! Няхай яна — як ляля, дык і мы ж таксама ўжо — не галавешкі: на арбіце!"
П’еса з’явілася ў атмасферы грамадскага ўздыму пасля выкрыцця культу асобы. Была прынята Праграма КПСС, у якой абяцалі хуткі і непазбежны камунізм, і быў здзейснены першы палёт чалавека ў космас. У Андрэя Макаёнка былі падставы для напісання "адпаведнай" часу камедыі, у якой віруе пераможны, нібыта бясхмарны смех.
У п’есе нямала вадэвільных эпізодаў: пошук злодзея, які краў калгаснае сена, з дапамогай забытай ім каля стога дзяружкі; "эмансіпаваная" Лявоніха чытае ўслых рызыкоўную мясціну з Флабэра; спробы суседкі Клавы спакусіць чужога мужа… Лявон аказваецца нібы ў аблозе: "перадавая" жонка рвецца ў дэпутаты, адмаўляецца даглядаць карову, як "перажытак уласніцтва", да таго ж і начальства, калгаснае і раённае, дзяўбе… Ды і аўтар "падстаўляе" свайго героя: паказвае яго за крадзяжом калгаснага сена.
Здаецца, усе і ўсё супраць "антыгероя", і вось-вось рухне яго "рагаты бастыён" — апошняя перашкода на шляху да камунізму…
Але і гэты твор атрымаўся з хітрынкай: у ім адчуваецца і аўтарская сімпатыя да абаронцы "рагатага бастыёну", і пэўнае апраўданне яго. У падтэксце твора прыхавана пытанне: "А ці спыталі вы ў таго, каго называеце ўласнікам і "перажыткам", ці так ужо хоча, ці рвецца ён у незнаёмы для яго камунізм?" Выяўляюцца рысы беларуса — "Хомкі нявернага", як казаў Максім Гарэцкі: яму трэба папрыглядацца, што ўяўляе сабой гэта незнаёмае, "з чым яго ядуць".
У спрэчцы, якую Лявон вядзе з сваімі блізкімі, ён выказваецца пераканаўча:
Л я в о н. …(Па-філасофску.) Што такое карова?
М а к с і м (пасля паўзы). Сенаспажывец.
Л у ш к а. Ну-у… малако… смятана…
К л а в а. Масла…
Л я в о н (з пагардай). Бабскі розум. А вось ён разумее. (Паказаў на старшыню.) Таму і такі прыцэл бярэ… Карова — гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасць. Гэта — мой бастыён, мой дот! Расшыфроўваю: "долговременная оборонительная точка".
М і х а л. Ад каго ж вы будзеце бараніцца ў сваім рагатым бастыёне?
Б у й к е в і ч. Хіба не ясна? Ад камунізма.
Л я в о н. Што вы за людзі? Ну чаго спяшаецеся? Што вы мяне гоніце? Дайце агледзецца! А то што ні дзень, то ўсё разгублена) новае… (з абурэннем) новае… (са злосцю) новае!!! Жыву, як на палубе карабля: то туды гайдане, то сюды. Няўстойліва на нагах стаю. Дайце мне прыспасобіцца.
Пройдзе не так шмат часу і "кансерватызм" Лявона будзе выглядаць здаровай сялянскай логікай. А публіцыстыка раней за мастацкую літаратуру гаварыць пра страту пачуцця гаспадара, пра ўласніцтва як здаровае пачуццё селяніна, які працуе на сваёй зямлі.