Увага! Поўны змест
Піліп завярнуў кабылу, падладзіў трохі сядзенне, падсадзіў на калёсы фінагента Сапрона Цяліцу, цмокнуў на кабылу, і калёсы ціха затарахцелі па мяккай зямлі.
Была вясна. Дарогі пачыналі прасыхаць, хоць у паветры павіснуў мяккі, па-вясноваму сыры туман.
За мястэчкам цягнулася вёска. Агент бачыў, як пастух першы раз выганяў кароў у поле. Яны млява расцягвалі сваё змарнелае з падцягнутымі бакамі цела, нюхалі паветра, ваду ў каўдобінках, нюхалі адна другую. Свіней яшчэ не гналі ў поле, і яны з меланхалічнай сур’ёзнасцю плюхалі па вуліцы, яшчэ гразнай і непавабнай для гарадскога вока.
Цяліца ўвесь час жыў у горадзе і цяпер зацікаўлена пазіраў на праявы вясковага жыцця.
Вунь стаіць зусім нерухома віхрастая свіння. Заплюшчыла вочы, спіць, а на хрыбце паважна расхаджвае сарока. Чагосьці шукае сваёй дзюбай.
— Ах, каб цябе нячыстая ўзяла! — зварочвае ўвагу агент. — Вось табе і сымбіоз! Шкада, што не ўзяў свайго Алёшкі. Вось узрадаваўся б.
— Сынок ваш?
— Так, 7 гадоў!
Цяліца прыпамятаваў сваё маленства на вёсцы, калі ён жыў у бацькі і быў так шчыльна звязан з гэтым жыццём. А цяпер ужо гадоў 15 дык і не заглянуў туды. Забыўся. Адарваўся. Накшталт перадавога чалавека стаў. Нават у душы смяецца з гэтае мізэрнасці і галоты. На словах — не! Няможна!
Пагана ехаць на гэтай Піліпавай падводзе. Усе вантробы выкалачвае. У мястэчку на базарнай плошчы было шмат падвод. Усё сытыя, здаровыя коні. А колькі было яўрэйскіх фурманоў! Кагалам абступілі агента. Кожны цягне на свой воз. А Цяліца ўзяў гэтага Піліпа з яго «лахудрай» — кабылкай. А чаму? Агент беражэ кожную капейку. У яго апрача «ляпёхі» — жонкі (як ён яе дражніць пад злосную руку) ёсць яшчэ трое шкілетаў-дзяцей. Невядома, па якой прычыне дзеткі не атрымалі ў спадчыну здароўя бацькоў, якому трэба толькі пазайздросціць. Іх трэба гадаваць смашнюткамі ды яшчэ да дактароў паказваць. На гэта патрэбны грошы, грошы і яшчэ раз грошы. Ну, а Піліп дужа танна згаварыўся.
Яго кабыла ледзьве цягне. I не дзіва. Цяліца важыць пудоў 7 ды Піліп на малае пудоў 5. Каняка часта спыняецца, як быццам па сваёй патрэбе, і тады Піліп пачынае акампанаваць ёй, насвістваючы нейкую спецыяльную для гэтай справы мелодыю. А пастаяўшы ды перавёўшы дух, яна зусім нечакана дзёргае калёсы, і агент запракідваецца, лаячы і кабылу, і дарогу, і Піліпа, які не досыць добра адукаваў кабылу.
Праўда, настрой агента быў вясёлы. Усе гэтыя штукі толькі смяшылі гарадскога чалавека. Не менш цікавым здаваўся яму і гаспадар кабылы — Піліп. Нейкае новае стварэнне. Такіх раней не бачыў на вёсцы.
Піліп — здаровы мужчына гадоў пад 30. Увесь ружовы. Твар як булка. Кроў проста-такі пырскае. Абголены, толькі пакінуты на ангельскі манер два кусткі рудаватых вусоў. Шэра-блакітныя вочы з нейкім хітра-салодкім бляскам. Шырокая спіна, выпуклістыя грудзі, а рукі як лапы мядзведзя. На плячох матляецца нейкі лахман, увесь у лапіках. Нагавіцы ў абліпачку і таксама залаплены ў шмат мясцох. Усё цела так і выпірае з вопраткі. Быццам гаворыць: «Дзяржы мяне, а то вырвуся!»
Выехалі ў поле. Піліп, не спяшаючыся, развязаў торбачку і дастаў сотку гарэлкі, кавалак белага хлеба і тоўсты, шызы ад сала, селядзец. Наладзіўся палуднаваць.
Агенту да смерці захацелася гэтага селядца.
Але як сказаць? Жонка паклала яму ўсяго на дарогу, нават не забылася забяспечыць падарожніка падсалоджанай гарэлкай і пузаценькай бутэлечкай рому для закрасы ў гарбатку… Але гэта не тое. Селядзец так смачна пахне на свежым паветры — можна з розуму звесці.
Цяліца хціва глядзіць на Піліпавы махінацыі з селядцом. Сам пачынае выкладваць сваю пажыву і нібы раўнадушна кажа Піліпу:
— Бяры, калі хочаш, маю ежу, а мне дай селядца!
— Можа, і гарэлкі пакаштуеце?
— Што ж? Пі маю, а я тваёй свежай паспрабую.
Елі моўчкі: Піліп, гледзячы на хвост кабылы, які рытмічна махаўся каля самых калёс, а Цяліца глядзеў на магутную спіну і бычыную шыю свайго возніка.
Агент пачаў звычайную гутарку, якую заводзіў, калі здаралася гаварыць з сялянамі.
— Як жывецца? Палепшала троху? Як відаць, яшчэ не наладзіў гаспадарку?
— Не яшчэ! — павярнуўся тварам Піліп з выразным камерам выкласці ўсё. Тут, магчыма, праяўляла сябе гарэлка, а можа, і нейкі мяккі ўкрадлівы голас седака. — Ды праўду сказаць, жыву я тут нядаўна! А яшчэ сказаць, дык я не зусім просты чалавек!
— Ну? А хто ж ты? З паноў, ці як?
— Я гарадскі чалавек. А тут зрабіўся індустрыяльным чалавекам, а зямлёю мала займаюся.
— Я і падумаў так! Кабылка твая ледзьве цягне. Мусіць, не даглядаеш яе, як трэба… А чым ты займаешся?
— Вырабляю самапрадкі… Дык завёз на рынак, прадаў ды еду цяпер дамоў.
— Што ж, добрая справа! — сказаў Цяліца, каб толькі што-небудзь сказаць.
Піліп пачаў выкладваць:
— Раней я ў горадзе быў, а тут жыву толькі гадоў 5, не болей. Як пайшоў я туды з 16 гадоў, дык толькі цяпер зноў сюды заявіўся, няхай яно прападзе!
— Што, зноў хочацца ў горад?
— Цягне мяне туды, як магнэсам! Ці ж такое жыццё? Чыста ўсё, анцілігентна. Разумныя людзі жывуць, і гэта самая індустрыялізацыя. Ці зіма, ці лета, а ўсё шуміць, гудзіць… А тутака як пачнецца восень ці вясна, дык адна ўтопія, па пуза ў гразі плывеш!
— Затое ў вёсцы спакайней, а летам дык нідзе няма лепш. Вось я сам да 15 гадоў жыў у бацькі на вёсцы, а цяпер зноў хочацца туды.
Піліп скептычна зірнуў на Цяліцу і, расцягваючы, махаючы пугай на кабылу, заўважыў:
— Вось як! Што вы скажаце? А я дык ніколі б не хацеў з гораду. Чаго сюды лезці, калі там табе ёсць месца… Мой бацька яшчэ жыў. А ў яго сыноў было як бобу. Трох на вайне забілі — двох на царскай ды аднаго на нашай вайне. А яшчэ двое нас братоў засталося. Ды яшчэ, праўда, тры дзеўкі цэлы, ну ды іх што ж? Іх ніхто не пазабівае, не ходкі, значыцца, тавар. Вось яшчэ перад вайной, як мне было 16 гадоў, бацька і паслаў мяне на заработкі ў горад. А там быў адзін наш чалавек, ён і ўпіхнуў мяне на работу.
— На заводзе быў?
— Не, не прыйшлося! Мясіў ды пёк абаранкі, булкі; ды ўсялякія крэндзелі-мэндзелі. А быў я, прызнацца вам, дужа спрытны хлапец. Проста вулканізацыя, а не хлапец, як сказаў адзін праезджы на мяне. Ну мне хутка далі яшчэ павышэнне!
— Чын? Які?
— У цукерню перацягнулі. Ну, вядома, тут мне лепш стала. Грошы завяліся. Апрануўся па-гарадскому, хаджу, пасвістваю, як вольную гадзіну ўлучу… Пачаў папяросы пыхкаць, партабак сабе завёў.
Цяліца засмяяўся. Прыпамятаваў, як ён сам пачынаў сваю кар’еру ў горадзе і рабіў таксама, як і Піліп.
— А здароў я быў, дык нічога мне не шкодзіла! Усе дзівіліся. Цэльны дзень працую, а ўтомы няма. А к таму яшчэ быў я правільным чалавекам, чужога не браў. Для гаспадара я, вядома, знаходка, залатыя рукі, ногі і галава. Куды ні пашлюць мяне, што ні загадаюць — усё агнём гарыць, смалой смыліць. А за дзеўкамі ні-ні! Ні божа барані!..
— За дзеўкамі ні-ні?
— Ну слава пра мяне пайшла. Зэлік (мой гаспадар) не нахваліцца мною. Выслаўляе мяне, а я яшчэ больш выціскаюся. Вядома, дурань быў, не думаў, на чыё пуза працаваў.
Піліп смачна плюнуў: «Пра сябе дык і не думаў!»
— Зразумела, на Зэліка працаваў! Пэўна, цяпер не пайшоў бы да яго?
— Цяпер плюхнуў бы ў морду, каб пабачыў. Кажудь, з’ехаў у Маскву і ўжо сядзеў у турме за нейкія гешэфты… Вось цяпер адны транты нашу, ды сам сабе дар. А тады працаваў на гэту самую капітаклізму. Вы ведаеце «Савойю»?
— «Савойю»? Як жа? Некалькі разоў заязджаў! Можа, і цябе бачыў там!
— Можа, і бачылі! Ды пэўне ж бачылі, калі заязджалі.
— Ну?
— Часта я хадзіў туды па справах ад Зэліка. А гаспадар «Савойі» і заўважыў мяне. Дужа я ўмеў яму падладзідь. Іншы раз і сунець гасцінца ў руку. Ну і звоніць ён мне раз па тэлефону: «Піліп, — кажа так у тэлефоне, а я чую, ды на вус матаю, — зайдзі, — кажа, — да мяне, справа ёсць!» Зэлік жа не пушчае. Здагадваецца, у чым тут справа і якая тут загваздка! Кажа мне: «Не йдзі да яго! Мішугенэ будзеш, калі пойдзеш! ён цябе з’есць, і пэтрахаў не застанецца… Уй, гэта ж абдзірала, абскубала! Заставайся ў мяне, я табе накіну яшчэ пяцёрку. Дзе мае ні прападала?!»
— А ты пайшоў?
— А я ўлучыў хвіліну ды пайшоў у «Савойю». Хочацца мне ведаць, якая там справа. А там кажуць мне: «Заставайся за нумарнога, а на Зэліка плюнь ды растапчы. Вось табе трыццаць рублёў на ўсім на гатовым, ды яшчэ гасцінцаў будзеш мець ад прыезджых». Угаварылі мяне.
А Зэлік ні блізка, і нагамі і рукамі махае перад самым носам. Захапіў мае манаткі, пад замок іх ды яшчэ, падла, судом грозіць, што я па дагаворы не дабыў і ў страты яго ўвёў. Тут я як разышоўся, як грымну на яго: «Не хачу больш вазёкацца з тваімі лахардзікамі! Давай плату!» А ён: «Я табе нічога не заплачу, ні капейкі гарэлай!» А я: «Калі не заплаціш, судом выцягну ці задаўлю, на бісхаім маліцца пашлю ды яшчэ ўсім р а скажу, што ты кладзеш у лахардзікі свае».
— А што ён клаў?
— Ат! Самую тухляціну возьмуць, падсмаляць, падсалодзяць, а паны ядуць ды выслаўляюць. Ну як запалохаў я Зэліка, той і збавіў крык. Перайшоў я ў «Савойю». Вось дзе жыццё пайшло, дык і ў сне не бачыў. Днём і ноччу ўсё круціцца. Тут ужо распуста пачалася ды шалёныя грошы. Тут ужо перастаў правільным быць. Прыедзе які-небудзь купчык з галоўныя Масквы, тут яму, як мартыха, дагаджай: пастаў, прыбяры, схадзі туды-сюды, а часам скажа ўзяць фурмана ды прывезці паненку…
— I гэтым займаліся?
— А то як жа? Ды яшчэ накажа, каб у капялюшы была, пад зонтай хадзіла, ды каб маладая, каб вочы гарэлі, каб было і тут і там. (Піліп рукой ілюстраваў свае словы.) Ну, нацалуецца, намілуецца купчык, дзесятку якую суне ў зубы, ды кацісь каўбасой. Адводзіш яе да прыстані, дзе жыве, а перад гэтым яшчэ да сябе зацягнеш ды, каб ведала маё дабро, сам з ёю ўцешышся.
— Эйш, брат! Лоўка ты выдумаў!
— А што ж? Навука нядоўгая. Яны ведалі, што абы-якую не возьмеш, з вуліцы не прывядзеш, ну, адным словам, ад мяне залежыць.
— Весела табе жылося, — сказаў Цяліца. Яму не прыйшлося паспытаць вясёлага кабацкага жыцця. Пачаў у чынадралы ды яшчэ рана ажаніўся. Нават не ведаў, што такое іншыя жанчыны.
— Не дужа весела! Працы шмат было, асабліва калі мяне неўзабаве паставілі за старшага над нумарнымі. Тут я зусім звіхнуўся. Працую, працую, бегаю, бегаю, а як толькі вольны дзень, дык немаведама што раблю. На цэлы дзень забяруся куды-небудзь з мілашкамі, п’ём, усяго пробуем, а к ранню грошай як і не было. Дзеўкі апаланілі мяне, не вырвацца мне з гэтага пекла. Ды самі лезлі, як на ражон які.
— А можа, за грошы?
— Можа, і за грошы. А грошы вадзіліся. Бацьку дык дужа рэдка пасылаў. Так якую траячку на старэцтва спасылаеш. Распуста усе грошы забірала. А распусты было, дык і не ведаю, ці ёсць цяпер такая, ці не?
— Ёсць І цяпер, толькі менш. Закон карае.
— А рабочага сазнання не было! Ай дзе яму быць, падумайце самі! Пакруцішся каля паноў, пасмакуеш іх паскудства ды і сам засмярдзіш, сам пачынаеш на сваіх вверху глядзець.
— Ну, цяпер не так!
— Не ведаю, толькі вось нядаўна я быў у горадзе, бачыў сваіх старых афіцыянтаў, дык яны і цяпер не горш жывуць, а яшчэ і вальней. А на мяне і зірнуць не хочуць. Што я? Лапатнік! А падачкі, як і раней, бяруць, як уюны круцяцца. Праўду кажуць, што наша лёкайская група да сацыялізму тупа.
— Дык цябе туды не ўзялі?
— Я і не прасіўся. Неяк брыдка зноў пачынаць. А тут ужо гаспадарку, жонку завёў, дзяцей нарадзіў. А праўду сказаць — зямля ўцягнула… А тады… тады маладым быў, гарачым. Як у рыбы было малачайніку. Ну і збываў сваё здароўе, каму трэба, каму не.
— Цяпер угаманіўся?
— I цяпер яшчэ не магу на баб спакойна пазіраць. А тады быў першы змусціцель. Паверыце ці не…
Піліп засаромеўся і шэптам даказаў. Цяліца пачаў круціцца на калёсах. Любіў ён такія п’яныя размовы, хоць і здавалася яму, што хлусіць Піліп. Запытаўся ў яго:
— А сам нарваўся калі?
Піліп не зразумеў пытання.
— I мне часам пападала! За адну халеру ледзьве ў турму не запетавалі. Звязаўся я з ёю, дзеўка так сабе была, можна сказаць, — дужа прыгожая была. А вясёлая, значыць, — не прывядзі божа, ратуй. А грошы яшчэ больш кахала, чым мяне. Ну і падвярнуўся да яе купчык…
— З галоўныя Масквы?
— Не, з Клінцоў!
— Гуляшчая была?
— Не! Толькі яшчэ пачынала сваё маленства. Прывёз яе адзін раз да купца… Пачаў перамальваць ён яе, каб у Клінцы пераехала. Мяне злосць бярэ.
— А табе што? Жаніцца думаў, ці што?
— Не! Ды як жа. Можна сказаць, у людзі яе вывеў, абагаціў…
— Затое ж і з дарогі звёў.
— Ну, як было, дык было! Пасля мяне яна круцілася. Мне што: круціся сабе, як вятрак. А тут папярок горла стаў буржуаз гэты. Дыхаць не магу, як падумаю, што яна знюхалася з ім і думае яшчэ замуж за яго.
— Не ўзяў?
— А вось падумайце! Узяў! Пасля рэвалюцыі ўжо, і цяпер з ёю нэпам заварачвае. А па праўдзе сказаць, агонь была! Без яе цяжка жыць, калі звязаўся.
— Гэтым усё і скончылася?
— Не! Як падкаціла мне пад сэрца злаба, як варваўся я да яе. Захапіў іх на самым, як кажуць, сабатажы. Ён мяне выпіхваць, кулакамі пагражаць. А я не тут-то быў: схапіў за шкірку буржуя, трасу яго ды крычу як шалёны: « З кім ты бярэшся, гад? Я ж цябе расцягну, як мышу якую!» Ну і расцягнуў. Адну нагу выкруціў ды да морды пячатку прыклаў. А сам ходу. Адлежаўся ў больніцы, ды бах у суд на мяне… А тут вайна, мабілізацыя, так і замаглявалася ўсё. «Савойя» неяк замасліла. Толькі штраф заплаціў.
— На вайне не быў?
— Быў, ну нядоўга! Паранілі. Вось сюды прахапіла наскрозь. Месяцы два ляжаў бяз ніякае жывасці. У сваім жа горадзе ў шпіталі быў. «Савойя» і тут мяне абараніла. Дужа я патрэбным быў. Далі мне белую. Дахтары мяне ведалі. А з вайной што тут рабілася?! Афіцар’ё ды генэралы панаехалі. Бабы нейкія новыя намазаныя наляцелі. Шмат было працы. Як перад пагібеллю шалелі. «Савойя» рэстаран яшчэ адчыніла. На маю долю рублёў 200 у месяц прыпадала.
— Усё прахам пайшло?
— Як ішло усё махам, дык і пайшло прахам. Самі задавіліся, і мяне прыдушылі.
— Цікава ты гаворыш! Давай яшчэ вып’ем троху. У мяне ёсць.
Цяліца выцягнуў бутэльку, глынуў нагбом і перадаў Піліпу. Той прагна дапіў. Гэта была ўжо не гарэлка, а нешта цягнучае, салодкае, смачнае, чаго ўжо даўно ён не каштаваў і пра смак якога забыўся.
Кабыла ішла пад тару. Напружвала ўсю моц, каб усцягнуць воз, але седакі не звярталі ўвагу на кабыліны мукі. Гаманілі.
— Як ты з гораду сюды папаў?
— А як пачалася разруха ды яшчэ другая вайна, жыць у горадзе цяжка стала. Мяне, праўда, на вайну не забралі, як у мяне белая ды яшчэ раненне. На гэта і наварочваў. А есці нечага. Паны некуды зніклі, як памялом вымелі бальшавікі. У галаве маёй нейкая разруха. Новы рэжым — на мітынгі бяжым. Слухаю ўсё, а пра бульбу ды хлеб думаю. Думаю, як бы да бацькі дабрацца. Спачатку ў сталоўку зачасаўся. А што там? Елі такое, што і сабакам лепш жылося. Ды яшчэ гэта вівальвацыя зрывала курс. Нічога нідзе сцягнуць немагчыма. Кожны над кавалкам дрыжыць. Армія і тая падыхае, не толькі я. А яшчэ хутка мяне скарацілі, як даведаліся, дзе і як я раней працаваў… Стаў я голы і босы, як апостал. Прыпала так, што збыў сваё дабро, ці, як кажуць, прадметы экіпіроўкі. А работы ніякай. Усе лічаць мяне прымазанікам буржуазіі. Ну, я і паехаў да бацькі.
— Тады толькі на вёсцы можна было сяк-так жыць.
— I я ж так мысліў. А як прыехаў — не па сэрцы мне. Гразь, утопія, жывых людзей няма. Усё думаю пра горад. Там прыйду на кватэру, на белую ложу лягу, — хоць голадна, ды чыста. А ў бацькі свінні, цяля ў хаце. Ды яшчэ гоніць мяне вон.
— За што?
— Кажа: чаго прыехаў, шалыган? Што ты прывёз мне? А я яму нічога не прывёз. Не столькі бацька злуецца, як брат. Яго бацька перад гэтым ажаніў, дык ён думае, што я яго долю адбіраю. А мне зайздросна. Падходзяць гады, што і самаму трэба племя мець. Тут і выйшла аблігацыя.
— Ну?
— Брат мой не фукульцяпісты, а жонку караваху ўзяў, мерцвяка і таго ўзніме. Жонка — як яешня, а брат — шкілет ды яшчэ палусвет — на адно толькі вока бачыць. Хоць і праўду кажуць, што мужык гладунцом не бывае, а я яшчэ не дужа згаладаўся. Кроў клёвала во як! Ну і выйшла падпольная сытуацыя!
— Не разумею!
— А тое, што падкаціўся я да братавай жонкі. З гэтага ўсё загарэлася. Прагнаў бацька мяне. Не хацеў я з ім судзіцца… Гора маё такое было, хоць мату прадайся.
— Бацька табе нічога не даў?
— Яго худобы я і не ўзяў бы. У яго нічога няма, а мяне яшчэ ўзялі ды прысудзілі аліменты аднэй дзеўцы.
— Ну, брат, і зух ты! Такіх я не бачыў.
— Быў грэх! Ці без гэтага абыдзешся? Была адна дзеўка. А звалі яе Суклета Самец…
— Так і звалі?
— Калі не верыце, я вам і двор яе пакажу. Якраз мы пад’язджаем… Ну, грэшным чынам, было ў нас з гэтым Самцом. Толькі не адзін я быў, а былі і другія. Ну, і наявіўся ў яе плод любові няшчаснай. Бацькі яе на мяне ў суд. А я не дурань. Бах заяву, што радзіцелі (так і пішу) азначанай дзявіцы Самец наводзяць на мяне паніку і даюць мне маральную аплявуху. I пішу яшчэ, што зачыншчыкам і застрэльшчыкам у гэтай справе я не быў.
— Выйшла што-небудзь?
— Не, нічога. Прысудзілі мне. А толькі дзіцё скора памерла, і я ні ў прычыне застаўся. Што мне было рабіць: бацька прагнаў, усе касавура глядзяць… Быў тут адзін самапраднік, я да яго, пачаў пасабляць і хутка навучыўся рабіць гэта бабскае прычэлле. А пасля кампаньёнам стаў. Скалаціў троху грошы ды купіў у саўхозе свіран за 120 руб. Ну, выйграў на гэтым — пакуль перавёз яго да сябе, дык 200 руб. яшчэ ўзяў за адну цэглу. Хату будую на 2 паловы. Ну, ажаніўся. Вось і ўся мая валакіта.
Здалёк з-за прыгорку высунулася царква.
— Гэта і ёсць нашыя Праскуркі, — заўважыў Піліп.
— А! Дык у вас і царква ёсць. А ты ходзіш у царкву, прызнаеш Бога?
— Няма калі ў царкву хадзіць, а да папа іншы раз заходжу. Ён праз вуліцу жыве, на самым канцы сяла. Ну і хітры чалавек, скажу я вам. Чыста жыве, хоць і ў хату затурылі. Умее жыць на чужым гарбе. Ды і то сказаць — заработкі лёгкія. Адшалдакаў, адбалдакаў ды гарні грошы ці хлеб.
— А ў царкву народ ходзіць?
— Царква не пустуе, а поп наш перадавы, дужа ўмее падысці. Дужа ціха жыве, нават сялянам заявы піша і нічога за гэта не бярэ, а затое на другім, па сваёй спецыяльнасці, здзярэ як трэба. Мяне цікавіць, што ён рабіў бы, каб царква запуставала. А то як пост — народ такі-сякі валіць, праўда, усё старыя. Шмат гэтых самых гавеннікаў.
— Ну, а ты гавеў?
— Ды не! Мне нялоўка. Я ж усё-ткі гарадскі чалавек!
Пад’язджалі да вёскі. Направа і налева яе, амаль што каля самага шляху, былі сады і паркі, як відаць, быўшых паноў. Піліп, паказваючы пугай, тлумачыў:
— Тут быў маёнтак Бэкендоршы. Вунь, у тым пакоі, дзе вокны вялізныя, панская лажніца была, а цяпер ячэйка. А тут быў другі маёнтак. Панок жыў, а сын быў неўдалюга, ну, а на баб дужа войстры.
— Як і ты?
— Цяпер у турме сядзіць.
— За што?
— У яго хацелі адцягаць зямлю ды дом, а ўсё выкручваўся. А вось ужо гады два як яго выселілі. Ну, яму не ў нос, помсты хочацца. Падгаварыў дурылу аднаго, той і падпаліў яго былы дом. А тут была дзеўка, з якой ён абшархаўся, а як наявіўся дзіцёнак, дык і не захацеў жаніцца. Кажа ёй: «Мне з табой не жыць. Хто ты? Я цябе не ведаю.» Ды ажаніўся з другой. А першая і абвясціла ўсё. Яго, галубка, і забэхалі ў турму. А ўсе з-за таго, што ў моду ўлезла гэта самае мнагажонства, ці палітэізм, як кажа наш поп.
Кабыла, пабачыўшы вёску, паняслася трухам і падвязла Цяліцу да новай, яшчэ не адбудаванай хаты. На сустрэчу выйшла маладая прыгожая кабета з высокімі пружыністымі грудзямі. Пачала адпрагаць кабылу, а гасця запрасіла да хаты.
Хата была чыста убрана, але вельмі бедна усё выглядала. Адзінай аздобай хаты быў добры дубовы ложак, які быў засланы распісною коўдрай і завалены гарой падушак, ды яшчэ варштат, па якім Піліп рабіў «бабскае прычэлле».
Піліп увайшоў у хату.
— Бачыце, якая аказэя. Хата гэта нам бокам вылазіць. Прашыкаліся на яе, што нечага есці. Людзі скарамяціну ядуць, а мы адну бульбу, нечым і пачаставаць вас. А тут яшчэ карова, няхай яе агні высмаляць, цялілася, цяля прадалі, а даіцца не дае. Хоць вый! Пасварыўся з жонкай — уздумала шаптуху да каровы запрасіць!
— Нічога. Глупства! — сказаў Цяліца. — Вось грошы, прыдбай дзе-небудзь яец, ды малака, ды яшчэ што ёсць. Разам і папалуднуем.
Піліп узяў грошы і выйшаў.
У хаце было трое дзяцей. Старэйшаму хлопчыку было гадоў 7, а двое былі зусім маленькімі.
«Набрахаў Піліп, а я і вушы развесіў. Казаў, што жаніўся гадоў 5, не больш, а дзіцёнак гадоў 8», — падумаў Цяліца.
Праз хвіліну яешня праглася на патэльні, а Піліп прынёс яшчэ піва. Цяліца запытаўся:
— Ты мне казаў, што жывеш тут усяго 5 гадоў, а ў цябе трое дзяцей. Нешта дужа спрытны ты!
— Большы хлопчык — не мой, гэта яе, — паказаў ён на жонку, якая зараз жа выйшла з хаты.
Піліп наблізіўся да Цяліцы і, як лепшаму прыяцелю, прызнаўся:
— З дзіцём я яе ўзяў. Казалі мне ўсе — не бяры яе, яна круцёлка. А мне спадабалася, нешта ўсё роўна як тая гарадская. Ну і што ж? Я жонку не звіняю. З нізавымі органамі нічога не паробіш. А яна была маладая, прыгожая.
— Ого, яна і цяпер маліна!
— Тут падвярнуўся адзін гад, дык і выйшла гэта прыключэнне.
Рукой Піліп паказаў на хлопчыка.
— Дзе ён цяпер?
— У свеце недзе. Быў агент з прадкому. Мадаміст быў. Кажуць, цяпер там на Каўказе жанілася гэта пералётная птушка. А жонку я люблю і не памятаю. А за што люблю, што яна майстрыца гатаваць стравы. Мой гарнізон дужа пераборлівы, а яна ўмее здобнічкі пячы, каб толькі было з чаго!
У хату ўвайшла старая кабета з шапарлівым голасам. Зрабіла нейкія мігі і разам з гаспадыняй выйшла на панадворак.
— Гэта шаптуха Аўдоцця, пра якую я вам казаў, — дадаў Піліп.
— Карову загаварваць будзе!
— Жонка кажа, што няхай паспрабуе, а то малако перагарыць… Пра Аўдоццю слава на ўсю ваколіцу. Кажуць, яна ўмее нават лячыць ад няправільнага жывата.
Цяліца з Піліпам выйшлі зірнуць на карову.
Піліпава жонка трымала за рогі карову, якая здзіка глядзела, упіралася.
Шаптуха касавура зірнула на новага чалавека.
Піліп супакоіў яе:
— Не бойся, гэта свой чалавек. Я ў горадзе з ім жыў.
Аўдоцця пачала мацаць вымя, ногі, пахі і пуза каровы. Шаптала нейкую малітву. Прыезджы разабраў толькі частку яе, і гэта засела ў галаве, як вынік усяго дня:
Не дай ёй, госпадзі, красульцы,
Ні нажнога лягання,
Ні хваставога махання,
Ні раговага бадання!
1927