Аркадзь Куляшоў — Маці

Аркадзь Куляшоў

Народная балада

На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.
Дарэмна ўздыхала,
Чакала
І шчасця, і долі, —
Упалі зярняты
На камень шчарбаты
У полі.

Дарэмна здалёку
Паўнюткія вёдры цягала,
Той камень у спёку
Вадой і слязьмі палівала.

Да кроплі іх выпіў задымлены
Камень пякельны:
Два леты кіпелі на ім яны,
Як на патэльні.

Ля каменя ўпала
Цярплівая маці ў знямозе,
У роспачы скардзіцца стала
Знаёмай дарозе:
"Пачуй мае словы,
Улашчы свой камень суровы,
За гэта вярбою
Гатова я стаць над табою.
Твайго пешахода
Я ў засень ад спёкі б хавала,
У час непагоды
Ад бур і дажджоў засланяла;
Старымі рукамі
Твой дол падмятала б штодня я.
Улашчы свой камень,
Дарога мая палявая".

Сказала дарога ёй:
"Скардзішся, маці,
Дарма ты,
Не ўзыдуць зярняты,
Бо ўпалі на камень шчарбаты.
Не першая ты
Каля камня заходзішся з жалю,
Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.
На нашыя нівы
Яго закацілі чужынцы;
Чужы і маўклівы,
Даўно ён ляжыць пры гасцінцы.
З-за Буга яго
Закацілі і кінулі ў полі,
Каб сына свайго
Не даждалася маці ніколі.
Не ўзыдуць зярняты
Ні ўвосень на ім, ні вясною,
Пакуль ён не стане зямлёю,
Закляты табою".

З дарогі ўставала
І каменю маці казала:
"Вады табе мала
І матчыных слёз табе мала,
Цяпер я крывёю
Сваёю
Цябе праклінаю:
Ты станеш зямлёю,
А каменем стану сама я".

І тройчы такою
Кляцьбою
Той камень пракляла.
Стаў камень зямлёю,
Сама ж яна каменем стала.

На камні былым пры дарозе
Ўзыходзяць зярняты.
Вяртаецца сын па дарозе
З паходу дахаты.

1943

 

Адказы на пытанні:
 1. Аркадзь Куляшоў ужывае  вобразы-сімвалы каменю (вобраз ворагаў), зярнят (маладых салдат), дарогі (шляху перамогі, шляху дадому).
 2. Маці, якая пасеяла зерне, у надзеі, што калі яно ўзышло, то і сыны вернуцца дадому, але немагчыма ўзрасці зерню на камені. Мацярынскае гора такое вялікае, што ёй лягчэй ператварыцца ў камень, чым застацца жыць у адзіноце, так перадаецца ў вершы самаахвярнасць маці.
 3. Каб сын вярнуўся дадому жывы і з перамогай, маці была гатова на ўсё, у тым ліку і праклясці камень, ператварыць яго ў зямлю, самой стаць каменем, каб даць магчымасці ўзысці зярнятам.
 У творы ўжываюцца народныя выслоўі:
 "На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты"
 "Не ўзыдуць зярняты,
 Бо ўпалі на камень шчарбаты."
 "Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі."
 4. Паэма Янкі Купалы "Магіла льва" расказвае паданне пра асілка Машэку, які з-за няшчаснага кахання стаў зверам і разбойнікам.
 У паэме "Маці" расказваецца пра матулю. Якая адправіла на вайну свайго сына, а каб ён вярнуўся на шчасце пасадзіла зерне. Але камень не даў яму расці. Матуля пракляла яго і ён ператварыўся ў зямлю, а маці – у камень.
 У "Магіле льва" дзейнічае надзелены незвычайнай сілай асілак Машэка, а таксама яго каханая дзяўчына Наталька. У паэме "Маці" – галоўная гераіня матуля, якая гатова на самаахвярнасць дзеля сваіх дзяцей.
 У "Магіле льва" аўтар шкадуе Натальку, асуджае і спачувае Машэку, у творы "Маці" аўтар суперажывае жанчыне і яе гору.
 "Магіла льва" – вялікая па памеры паэма, якая складаецца з 20 раздзелаў, у "Маці" невялікі па аб’ёме памер. Мова "Магілы льва" узнёслая, эмацыянальная. У паэме"Маці" – узнёслая, сумная, урачыстая.
 Магіла льва" прераклікаецца з фальклорным жанрам быліны, падання, "Маці" – пераклікаецца з фальклорным жанрам казкі, легенды.
 5. Балада "Маці" – мае глыбокі сімвалічны сэнс і ў вобразе галоўнай гераіні мы знаходзім абагульнены вобраз усіх матуль, якія адправілі на вайну сваіх дзяцей і не дачакаліся іх. Скамянелі ад гора. У Беларусі створана шмат твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Напрыклад кніга Святланы Алексіевіч "У вайны не жаночае аблічча", апавяданне М. Лынькова "Васількі", аповесць "Пра Ваяку Мішку і яго таварышаў" і г. д. Творы пра вайну падкрэсліваюць яе нечалавечую сутнасць, зверства, якое не павінна больш паўтарыцца на нашай зямлі.

Сказать спасибо
( 17 оценок, среднее 3.76 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений