Вось і ён,
вось і ён –
слаўны слон,
магутны слон!
Нібы шэрая гара,
ён стаіць
сярод двара.
А навокал
і гамоніць,
і смяецца дзетвара.
Ледзь прабіўся
скрозь гурму,
каб частунак
даць яму.
– Абаранка хочаш?
На!
Не шкадую
для слана.
На далёкай
на радзіме
ты ж не ласаваўся
імі.
Там,
у джунглях,
безупынна
працаваў ты,
як машына.
На сабе цягаў бярвенне,
вырываў
з зямлі карэнне,
каб на месцы тым
былі
ураджайныя палі.
Шмат на свеце
ты пажыў,
шмат ты людзям
паслужыў.
Можаш бавіць
час цяпер,
нібы той
пенсіянер…
Абаранак,
несумненна,
і слану –
смачней за сена.
Ён бярэ ўжо
дваццаць трэці…
– Апетыт! –
смяюцца дзеці.