- Уводзіны
- I. Літаратура — мастацтва слова
- II. Вершаваныя і празаічныя мастацкія творы
- III. Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў
- IV. Адлюстраванне жыцця ў празаічных творах
- V. Паэзія ў прозе і проза ў паэзіі
- VI. Паказ жыцця ў мастацкай літаратуры, публіцыстыцы і навуцы
- Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год
- Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання
- Спіс твораў для дадатковага чытання
Уводзіны
(1 гадзіна)
Мастацтва ў жыцці народа. Літаратура сярод іншых відаў мастацтва. Талент у мастацтве. Вобраз мастака (музыкі) у беларускіх літаратурных творах.
I. Літаратура — мастацтва слова
(4 гадзіны)
- Якуб Колас. «У яго быў свет цікавы…» (урывак з паэмы «Сымон-музыка»). Незвычайна адораная натура хлопчыка. Сымонка – прыроджаны паэт. Выключная ўражлівасць, тонкае адчуванне хараства навакольнага свету, яго гукаў і фарбаў, паэтычнае адухаўленне прыроды.
- Янка Купала. «Курган». Тэма мастацтва і мастака. Вобраз гусляра як выразніка народнага светапогляду, неадольнага імкнення народа да справядлівасці, свабоднага жыцця. Князь як увасабленне зла. Сутыкненне духоўнасці, маральнасці, гуманізму з бездухоўнасцю, эгаізмам і бесчалавечнасцю – галоўны канфлікт твора. Маральная перамога гусляра над князем. Рамантычны характар сюжэта, вобразаў паэмы, асаблівасці кампазіцыі. Сувязь твора з фальклорам.
Тэорыя літаратуры. Літаратура як мастацтва слова. Паэма як жанр (пачатковае паняцце).
Мастацтва1. Музыка: І. Лучанок. Кантата «Курган» (паводле паэмы Янкі Купалы); В. Іваноў. Музычная паэма «Сымон-музыка» (для аркестра беларускіх народных інструментаў); Л. Шлег. Сімфанічная паэма «Сымон-музыка»; творы па беларускай літаратуры для завучвання на памяць (паэмы, вершы, проза, песні): мастацкае электроннае выданне на 2 кампакт-дысках. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2006–2007. – (Бібліятэка школьнiка).
______________________________
1 Разгляд твораў рубрыкі «Мастацтва», якія выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу, адбываецца ў першую чаргу з апорай на вядомае і на выбар настаўніка. Дадатковыя гадзіны для знаёмства з такімі творамі вучэбнай праграмай не прадугледжаны.
Жывапіс: А. Цыркуноў. «Гусляр»; X. Ліўшыц. «Музыка»; М. Басалыга. «Курган»; В. Шаранговіч. «Курган».
Тэатральнае мастацтва:спектакль «Сымон-музыка» (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэж. М. Пінігін).
II. Вершаваныя і празаічныя мастацкія творы
(5 гадзін)
- Якуб Колас. «Ручэй». Вобраз ручая ў вершы. Эмацыянальная выразнасць твора, паэтычная адухоўленасць вобраза ручая і карцін наваколля. Замілаванне прыгажосцю роднай прыроды, перададзенае праз шматлікія яркія эпітэты, метафары. Рытмічнасць мовы верша.
- Тарас Хадкевіч. «Крынічка». Мастацкая замалёўка крынічкі ў празаічным творы. Разгорнутасць, канкрэтнасць апісання, уласцівая прозе ўвага да жыццёвых падрабязнасцей, нетаропкасць, разважлівасць аповеду, роўнасць інтанацыі. Празаічная, свабодна арганізаваная мова твора.
- Васіль Быкаў. «Незагойная рана». Драматычны змест твора. Нясцерпная туга старой Тэклі па сыне, які не прыйшоў з вайны. Шматбаковае падрабязнае апісанне жыцця і побыту жанчыны-маці, яе знешняга аблічча (партрэт), паводзін, цяжкіх перажыванняў. Роля ўспамінаў, сну аб вяртанні Васілька з вайны, эпізадычных персанажаў (калгаснага пісьманосца, суседкі Ульянкі, хлопца на малатарні), пейзажных замалёвак у раскрыцці драматызму становішча старой жанчыны, якая страціла сына. Псіхалагічнае майстэрства Васіля Быкава ў паказе абставін і характараў.
- Васіль Зуёнак. «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…». Абагульнена-эмацыянальнае раскрыццё тэмы ў вершы. Паэтычнае выяўленне бясконцага гора маці, якія страцілі сваіх дзяцей на вайне. Адрозненні ў празаічным і паэтычным адлюстраванні тэмы чалавечага гора ў апавяданні Васіля Быкава і ў вершы Васіля Зуёнка.
Тэорыя літаратуры. Пейзаж і яго роля ў мастацкім творы. Асаблівасці паэтычных і празаічных твораў. Рытм і рыфма (пачатковыя паняцці).
Мастацтва. Музыка: М. Чуркін. «Ручэй» (сл. Я. Коласа); Ю. Семяняка. «Нашы маці» (сл. А. Бачылы); Я. Глебаў «За бацькамі – сыны» (сл. П. Макаля).
Жывапіс: М. Залозны. «Салдаткі».
III. Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў
(9 гадзін)
- Максім Танк. «Паэзія». Мастацкае асэнсаванне сутнасці і прызначэння паэзіі. Абагульненне ў вершы розных бакоў жыцця: светлых мар і гераічных здзяйсненняў, вялікіх надзей і горкіх расчараванняў. Параўнанні-азначэнні як сродак раскрыцця зместу і ідэйнага сэнсу верша.
- Максім Багдановіч. «Маёвая песня» («Па-над белым пухам вішняў…»). Майстэрства Максіма Багдановіча ў перадачы шматколернасці навакольнага свету, тонкіх адценняў яго гукавой гамы. Зрокавыя і слыхавыя асацыяцыі ў вершы. Роля эпітэтаў, метафар, гукапісу. Вершаваны памер і рытмічныя асаблівасці твора.
- Данута Бічэль. «Роднае слова». Прызнанне ў любові да роднага краю, роднай мовы праз паэтычныя звароты, метафарычныя тропы, эпітэты. Роля адухаўленняў і ўвасабленняў у стварэнні вобраза Радзімы.
- Мікола Арочка. «Хлеб роднай мовы». Сардэчная прачуласць, эмацыянальная пранікнёнасць паэтычнай споведзі паэта. Прызнанне ў любові да роднай зямлі праз паэтызацыю вобраза хлеба – духоўнага скарбу і сімвала дабрабыту чалавека. Вобразнае багацце верша, мастацкая выразнасць і пластычнасць мовы. Рытмічны малюнак і гукавая інструментоўка твора. Роля падтэксту ў раскрыцці патрыятычнага пафасу верша.
- Еўдакія Лось. «Дзяўчаты мінулай вайны». Спалучэнне лірычнага, грамадзянскага і трагічнага ў вершы. Вайна як час «будзённага гераізму»: апісанне рэалій ваеннага жыцця ў творы. Роля сродкаў мастацкай выразнасці ў раскрыцці збіральнага вобразу «дзяўчына на вайне»: тропы, асаблівасці паэтычнага сінтаксісу, рытміка-інтанацыйнага малюнку. Гуманістычны пафас верша.
- Ніл Гілевіч. «Маці». Разгорнутае паэтычнае прызнанне ў любові да маці. Форма ўспамінаў, задушэўнасць размовы, звернутай да маці. Роля тропаў і паэтычнага сінтаксісу ў раскрыцці мастацкай ідэі верша.
- Якуб Колас. «Дзядзька-кухар» (урывак з паэмы «Новая зямля»). Майстэрства паэта ў абмалёўцы характару дзядзькі Антося, выяўленне яго душэўнай дабрыні, чуласці, вынаходлівасці, педагагічнага таленту. Камічнасць сітуацый як аснова гумару. Народнасць мовы.
Тэорыя літаратуры. Паэзія як тып мастацтва слова. Роля рытму ў паэтычных творах. Гукапіс. Вершаскладанне. Віды стоп і памераў у вершах. Двухскладовыя і трохскладовыя стопы (пачатковыя паняцці). Падтэкст у паэтычных творах (пачатковае паняцце).
Мастацтва. Музыка: І. Палівода. «Па-над белым пухам вішняў» (сл. М. Багдановіча).
Жывапіс: І. Рэй. «З вогненнай вёскі»; М. Савіцкі. «Лічбы на сэрцы»: альбом; Г. Бржазоўскі. «Лён»; Ф. Жураўкоў. «Лён»; І. Давідовіч. «Вершы»; Л. Ран. «Дзядзька Антось».
IV. Адлюстраванне жыцця ў празаічных творах
(14 гадзін)
- Змітрок Бядуля. «На Каляды к сыну». Бацькі і дзеці: праблемы маральнасці, гуманнасці, вернасці свайму народу. Сацыяльны змест калізіі. Псіхалагізм апавядання, майстэрства пісьменніка ў раскрыцці думак і перажыванняў старой Тэклі. Характарыстыка сына Тэклі Лаўрука праз канкрэтныя выразныя дэталі. Роля пейзажу ў творы.
- Іван Навуменка. «Настаўнік чарчэння». Роля асобы настаўніка ў фарміраванні жыццёвых перакананняў вучняў. Нетрадыцыйны падыход аўтара да раскрыцця псіхалогіі Апалінарыя Феакціставіча. Адлюстраванне ў вобразе Косці Кветкі ідэі настаўніка – любіць сваю Радзіму і быць гатовым аддаць за яе жыццё. Роля мастацкай дэталі ў раскрыцці вобразаў галоўных герояў. Абвостранасць гуманістычнай думкі апавядання.
- Янка Брыль. «Урокі пані Мар’і» (урывак з аповесці «Сірочы хлеб»). Пані Мар’я як школьны настаўнік і настаўнік у жыцці: яе ўплыў на духоўнае сталенне асобы Даніка Мальца. Майстэрства пісьменніка ў раскрыцці вобразаў-персанажаў. Выразнасць апісанняў, дыялогі, характэрныя дэталі ў творы.
- Уладзімір Шыцік. «Лісцік серабрыстай таполі». Займальнасць сюжэта апавядання. Дапытлівасць і няўрымслівасць падлеткаў у пазнанні таямніц наваколля і свету. Роля аповеду і дыялогу ў творы.
- Мікола Лупсякоў. «Мэры Кэт». Асаблівасці адлюстравання жыцця ў творы: характарыстыка герояў, паказ іх узаемаадносін, нараджэння першага кахання, якое адкрывае «радасную прыгажосць жыцця». Мяккі гумар, лірызм, адзнакі лёгкай іроніі ў апавяданні. Паэтычная выразнасць мовы.
Тэорыя літаратуры. Проза як тып мастацтва слова. Мастацкая дэталь і яе роля ў празаічных творах. Аповед, апісанне, дыялог як спосабы раскрыцця зместу ў апавядальных творах. Віды апісанняў: пейзаж, партрэт.
Мастацтва. Жывапіс: М. Казакевіч. «Юнацтва»; С. Гарачаў. «Дзяцінства»; Б. Кузняцоў. «Дзеці».
V. Паэзія ў прозе і проза ў паэзіі
(3 гадзіны)
- Змітрок Бядуля. «Шчасце не ў золаце». Выяўленне ўласнага гонару простага чалавека перад спакусай багатага жыцця. Лаканізм формы, ужыванне сродкаў, якія ўзмацняюць эмацыянальную выразнасць мовы (эпітэты, інверсія) як адзнакі паэтычнасці твора.
- Максім Танк. «Дрэвы паміраюць…». Алесь Разанаў. «У парку…». Паэзія ў формах свабодна арганізаванай мовы. Элементы рытмічнасці ў свабодным вершы. Схільнасць свабоднага верша да філасофскага зместу, нечаканых асацыяцый: аб жыцці і часе, аб вечным імкненні чалавека да пазнання свету і яго пераўтварэння, паэтызацыя пачуццяў і перажыванняў. Лаканічнасць. Падтэкст.
Тэорыя літаратуры. Паэтычная (лірычная) проза (пачатковае паняцце). Свабодны верш (пачатковае паняцце).
Мастацтва. Жывапіс: М. Басалыга. Ілюстрацыі да зборнікаў Максіма Танка; Б. Звінагродскі. «Сож. Вялікая вада», «Пойма ракі Бярэзіны».
VI. Паказ жыцця ў мастацкай літаратуры, публіцыстыцы і навуцы
(9 гадзін)
- Цётка. «Шануйце роднае слова». Патрыятычны пафас артыкула, заклапочанасць лёсам роднай культуры. Прыёмы і сродкі ўздзеяння на пачуцці і думкі чытача ў публіцыстычным творы: лагічныя довады і эмацыянальныя звароты, заклікі да актыўнай дзейнасці ў падтрымку роднай культуры.
- Уладзімір Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі» (скарочана). Цыкл мастацкіх нарысаў пра Беларусь, яе гісторыю, прыроду, культурныя традыцыі народа. Патрыятычная ідэя ў нарысах. Роля гумарыстычных, іранічных элементаў у выяўленні аўтарскіх адносін да асобных жыццёвых з’яў. Назіральнасць пісьменніка. Дакументальнасць жыццёвага матэрыялу. Сувязь твора з этнаграфічнай навукай. Сродкі мастацкага паказу жыцця ў нарысах. Публіцыстыка як разнавіднасць прозы.
- Леанід Дайнека. «Меч князя Вячкі» (пяты раздзел – скарочана). Вобразы князя Вячкі і яго дружыннікаў. Іх ворагі – крыжакі. Прыгодніцкія элементы ў сюжэце. Роля фантазіі пісьменніка ў стварэнні карцін мінулага. Асаблівасці адлюстравання гістарычных падзей у мастацкім творы і навуковай літаратуры (урывак з раздзела «Супрацьстаянне крыжакам» вучэбнага дапаможніка па гісторыі).
- Уладзімір Караткевіч. «Балада пра Вячку, князя людзей простых». Паэтычнае ўвасабленне вобраза Вячкі як героя-патрыёта, змагара супраць ворагаў Радзімы – крыжакоў. Мужнасць, адвага героя, яго непрымірымасць да захопнікаў, рашучасць змагацца нават у безвыходнай сітуацыі. Эмацыянальная напружанасць аповеду, багацце гіпербалічных тропаў. Гераічны пафас твора.
- Тэорыя літаратуры. Публіцыстыка як від літаратуры. Адрозненне мастацкага адлюстравання жыцця ад навуковага. Нарыс як жанр. Балада як жанр (пачатковае паняцце).
Мастацтва. Жывапіс: Г. Вашчанка. «Мацярынскія крылы»; У. Старчакоў. «Зноў на радзіму»; Н. Шчасная. «У гэта веру».
Гравюры: Ф. Бразоўскі. «Гара Міндоўга ў Навагрудку» (гравюра XIX ст.).
Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)
Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год
Усяго:
- на вывучэнне твораў – 47 гадзін;
- на творчыя работы – 4 гадзіны;
- на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 2 гадзіны.
Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання
- Янка Купала. «Курган» (любы раздзел на выбар вучняў).
- Якуб Колас. «Ручэй».
- Максім Багдановіч. «Маёвая песня» («Па-над белым пухам вішняў…»).
- Мікола Лупсякоў. Урывак з апавядання «Мэры Кэт» (пачынаючы са слоў «Я чую… Я чую, як шуміць вецер…» і да канца твора).
- Максім Танк. «Дрэвы паміраюць».
Спіс твораў для дадатковага чытання
- Вячаслаў Адамчык. «Урок арыфметыкі».
- Уладзімір Аляхновіч. «Першае каханне».
- Янка Брыль. «Сірочы хлеб».
- Алена Васілевіч. «Горкі ліпавы мёд».
- Жуль Верн. «Таямнічы востраў».
- Анатоль Вярцінскі. «Рэквіем па кожным чацвёртым».
- Уладзімір Караткевіч. «Кніганошы».
- Джэк Лондан. «Белы клык».
- Уладзімір Мазго. «Адвечныя скарбы Радзімы».
- Павел Місько. «Эрпіды на планеце Зямля».
- Іван Навуменка. «Жуль Верн».
- Яраслаў Пархута. «Апошні гусляр».
- Янка Сіпакоў. «Зялёны лісток на планеце Зямля».
- Андрэй Федарэнка. «Афганская шкатулка».
- Міхась Чарняўскі. «Страла расамахі».
- Уладзімір Шыцік. «Зорны камень».