- Уводзіны
- І. Роды мастацкай літаратуры
- II. Лірычныя жанры
- Грамадзянская лірыка
- Філасофская лірыка
- Інтымная лірыка
- Пейзажная лірыка
- Жанры лірыкі. Класічныя формы верша
- III. Эпічныя жанры
- IV. Ліра-эпічныя жанры
- V. Драматычныя жанры
- Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год
- Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання
- Спіс твораў для дадатковага чытання
Уводзіны
(1 гадзіна)
Чалавек як галоўны аб’ект увагі мастацкай літаратуры, спосабы яго паказу ў творах. Тры роды літаратуры: эпічны, лірычны, драматычны.
І. Роды мастацкай літаратуры
(7 гадзін)
- Рыгор Барадулін. «Трэба дома бываць часцей». Адносіны чалавека да роднага дому, мясцін, дзе праходзіла дзяцінства і юнацтва. Пачуцці і перажыванні, звязаныя з успамінамі пра родных і блізкіх, як выяўленне духоўнасці асобы. Выкарыстанне вобразных магчымасцей мовы (эпітэты, метафары), рытмічных сродкаў. Адметнасць аўтарскай інтанацыі.
- Віктар Карамазаў. «Дзяльба кабанчыка». Асуджэнне духоўнага адчужэння дарослых дзяцей ад бацькоўскага дому. Клопат маці пра дзяцей і душэўная чэрствасць, няўвага да яе з боку дачок і зяця. Усведамленне сынам Сцяпанам віны перад бацькамі, шчымлівае пачуццё жалю да хворай маці. Майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы вясковага побыту, характарыстыка герояў праз іх паводзіны і ўчынкі, мастацкія дэталі. Характэрныя прыметы эпічнага твора.
- Аляксей Дудараў. «Вечар». Лёсы састарэлых адзінокіх жыхароў сучаснай вёскі. Вобразы Ганны, Мульціка, Гастрыта, іх чалавечыя драмы, жыццёвыя праблемы і клопаты. Вобразы-сімвалы сонца, калодзежа, вады, вечара. Сутыкненне розных жыццёвых філасофій Мульціка і Гастрыта: Мульцік – добразычлівы да людзей, сумленны, жартаўлівы, працавіты; Гастрыт – нікчэмны, пануры, азлоблены на ўсіх чалавек. Майстэрства Аляксея Дударава. Асаблівасці сюжэтнай, кампазіцыйнай пабудовы п’есы. Сімвалічнасць фіналу драмы.
Тэорыя літаратуры. Тэма, ідэя, праблематыка мастацкага твора (паглыбленне паняццяў). Роды мастацкай літаратуры (агульнае паняцце).
Мастацтва16. Музыка: І. Лучанок. «Трэба дома бываць часцей» (сл. Р. Барадуліна).
______________________________
16 Разгляд твораў рубрыкі «Мастацтва», якія выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу, адбываецца ў першую чаргу з апорай на вядомае і на выбар настаўніка. Дадатковыя гадзіны для знаёмства з такімі творамі вучэбнай праграмай не прадугледжаны.
Тэатральнае мастацтва: «Вечар» – тэле-, радыё-, тэатральныя спектаклі (у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і іншых тэатраў краіны).
II. Лірычныя жанры
(13 гадзін)
Народныя песні «Бяроза з лістом…», «Зелянеюць, зелянеюць лугі, сенажаці…» (1 гадзіна).
Народная вусна-паэтычная творчасць – крыніца лірычнай паэзіі. Віды народных песень. Паэтыка народнай песні: глыбокі лірызм, яркая вобразнасць, сімволіка, гіпербалізацыя, інверсія і інш.
Грамадзянская лірыка
(3 гадзіны)
- Янка Купала. «Спадчына». Лірычная споведзь паэта. Абвостранае пачуццё любові да Бацькаўшчыны, сцвярджэнне гістарычнага права беларусаў на нацыянальную і сацыяльную незалежнасць. Спалучэнне высокага грамадзянскага пафасу з гранічнай шчырасцю лірычнага выказвання.
- Максім Багдановіч. «Слуцкія ткачыхі». Тэма гістарычнага мінулага. Выяўленне любові да радзімы і волі праз вобраз васілька – сімвал Бацькаўшчыны. Спалучэнне высокага патрыятычнага пафасу з задушэўнасцю выказвання. Кампазіцыя верша, яго мілагучнасць.
- Уладзімір Караткевіч. «Беларуская песня». Гонар паэта за сваю радзіму, яе гісторыю, родную мову, за духоўна багатых і шчырых людзей. Высокі патрыятычны пафас. Урачыстасць інтанацыі, эмацыянальнасць выказвання, своеасаблівасць рытму, метафарычнасць мовы.
Філасофская лірыка
(2 гадзіны)
- Максім Танк. «Шчасце». Роздум паэта пра сэнс жыцця чалавека, яго прызначэнне на зямлі. Радзіма, мова, сяброўства – аснова чалавечага шчасця. Апавядальнасць інтанацыі, рытмічны малюнак верша.
- Генадзь Пашкоў. «Пазвоніць аднойчы вясна…». Паэтызацыя разнастайнасці жыцця і неспакойнага духу чалавека, яго апантанасці ў пазнанні таямніц свету. Унутраны свет лірычнага героя. Роля вобразна-выяўленчых і рытміка-інтанацыйных сродкаў у выяўленні мастацкай ідэі твора.
- Анатоль Вярцінскі. «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць…». Філасофскае асэнсаванне глыбінных асноў чалавечага быцця, сучаснага і вечнага. Злітнасць лёсу чалавека з лёсам радзімы і свету, усведамленне адказнасці за жыццё на зямлі. Сцвярджэнне актыўнай жыццёвай пазіцыі чалавека-грамадзяніна, чалавека-творцы. Форма маналогу ў раскрыцці ідэі твора. Інтанацыйна-сінтаксічны малюнак верша.
Інтымная лірыка
(3 гадзіны)
- Максім Багдановіч. «Раманс» («Зорка Венера»). Паэтызацыя ўзвышанага і прыгожага пачуцця – кахання. Душэўны стан лірычнага героя: светлы сум, лёгкі дакор лёсу за немінучае расстанне з каханай. Мастацкая выразнасць і пластычнасць вобразаў, цеплыня, даверлівасць інтанацыі, вытанчанасць, дасканаласць паэтычнай формы.
- Аркадзь Куляшоў. «Бывай». Пяшчотнае і шчымлівае развітанне з юнацкім каханнем. Глыбокі лірызм у выяўленні пачуццяў і перажыванняў – болю, горычы, смутку ад вымушанага расстання з каханай – як адметнасць жанру элегіі. Багацце асацыяцый, цеплыня і задушэўнасць выказвання, песеннасць і меладычнасць верша.
- Пятрусь Броўка. «Пахне чабор». Паэтычная споведзь пра першае каханне. Разнастайная гама перажыванняў лірычнага героя. Паэтызацыя чысціні і прыгажосці трапяткога пачуцця. Адметнасць паэтычнага сінтаксісу і яго роля ў выяўленні мастацкай ідэі верша.
Пейзажная лірыка
(2 гадзіны)
- Якуб Колас. «О, край родны, край прыгожы!..» (урывак з паэмы «Сымон-музыка»). Паэтызацыя прыгажосці роднай старонкі, захапленне непаўторнасцю беларускіх пейзажаў. Адчуванне лірычным героем сваёй духоўнай сувязі з зямлёй продкаў. Майстэрства паэта ў перадачы шматколернасці навакольнага свету. Выяўленне паўнаты і радасці жыцця праз вобразны і інтанацыйны лад верша.
- Максім Багдановіч. «Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог…». Паэтычная адухоўленасць з’яў прыроды, захапленне гармоніяй і прыгажосцю ціхай зорнай ночы. Сцвярджэнне непарыўнай еднасці чалавека з прыродай. Глыбіня пачуццяў, даверлівасць інтанацыі. Маляўнічасць вобразаў. Меладычнасць верша. Выразнасць і пластычнасць мовы.
- Міхась Башлакоў. «Верасень». Паэтычны вобраз ранняй восені, верасня. Захапленне лірычнага героя гэтай парой года. Асэнсаванне еднасці чалавека і прыроды. Метафарычнасць мовы верша.
Жанры лірыкі. Класічныя формы верша
(2 гадзіны)
- Максім Багдановіч. «Санет» («Замёрзла ноччу шпаркая крыніца…»). Выяўленне неадольнасці стваральных сіл жыцця, увасобленых у вобразе гаючай крыніцы. Перанос гэтага сімвала на розныя станы чалавечага духу. Класічная дасканаласць і выразнасць формы санета, яго рытмічны лад, мілагучнасць мовы.
- Анатоль Грачанікаў. «Свяці, кахання чыстая зара…». Раскрыццё пачуццяў і перажыванняў лірычнага героя. Актава – класічная форма паэзіі; яе дасканаласць і ўплыў на выяўленчыя асаблівасці верша. Афарыстычнасць мовы, выразнасць рытму і інтанацыі. Асаблівасці рыфмоўкі радкоў.
- Максім Багдановіч. «Трыялет» («Калісь глядзеў на сонца я…»). Філасофскі роздум паэта пра сэнс чалавечага існавання, бясконцасць сусвету і шчасце пазнання яго чалавекам. Абвостраная ўспрымальнасць лірычнага героя, яго выключнасць у параўнанні з іншымі людзьмі, не здольнымі зразумець і прыняць яго перакананні. Вытанчанасць формы трыялета, рытміка-інтанацыйны лад твора.
- Данута Бічэль. «Лёгкія сняжынкі ў цішы…». Паэтызацыя чысціні і прыгажосці снегападу. Светлы, празрысты настрой верша. Адчуванне ціхага і светлага спакою, душэўнай лагоднасці. Асаблівасці раскрыцця асноўнай думкі верша праз форму трыялета. Паэтычны свет лірычнага героя твора.
Тэорыя літаратуры. Паняцце пра лірыку. Віды, жанры лірыкі.Класічныя формы верша. Лірычны герой. Маналагічная форма лірычных твораў. Паглыбленне паняццяў пра вершаскладанне, рытміка-інтанацыйныя і вобразна-выяўленчыя сродкі паэтычнай мовы.
Мастацтва. Музыка: І. Лучанок. «Спадчына» (сл. Я. Купалы); У. Мулявін. «Слуцкія ткачыхі» (сл. М. Багдановіча); С. Рак-Міхайлоўскі. «Зорка Венера» (сл. М. Багдановіча); І. Лучанок. «Алеся» (сл. А. Куляшова); Л. Вольскі. «Пахне чабор» (сл. П. Броўкі); «Песняры. Залаты дыск»: кампакт-дыск; «Песняры. Лепшыя песні» (ч. 1): кампакт-дыск; «Троіца»: кампакт-дыск (гурт «Троіца») і інш.
Жывапіс: «Мая зямля»: альбом (уклад. В. Трыгубовіч); «Беларускі савецкі жывапіс»: альбом (уклад. А. Аладава) і інш.
Фотамастацтва: «Пакланіся прыродзе»: альбом; В. Алешка. «Спатканне з лесам»: альбом; С. Плыткевіч. «Мая Беларусь»: альбом; Г. Ліхтаровіч. «Добры дзень, Беларусь»: альбом.
III. Эпічныя жанры
(14 гадзін)
- Якуб Колас. «Хмарка». Сувязь паэтыкі апавядання з вуснай народнай творчасцю, з формай казкі. Алегарычна-філасофскі змест твора, яго патрыятычны пафас. Адказнасць кожнага чалавека перад сваёй Бацькаўшчынай за яе дабрабыт і росквіт як галоўная ўмова асабістага шчасця. Роля пейзажу ў раскрыцці ідэі твора.
- Уладзімір Караткевіч. «Паром на бурнай рацэ». Гістарычная аснова апавядання. Характарыстыка галоўных герояў твора Горава і Пора-Леановіча. Элементы рамантычнай паэтыкі ў творы: зварот да гістарычнай тэмы, павышаная эмацыянальнасць аповеду, кантраснасць вобразаў і характараў, драматызацыя дзеяння і карцін прыроды. Роля канкрэтных апісанняў, мастацкіх дэталей у раскрыцці характараў. Тэма і ідэя апавядання.
- Генрых Далідовіч. «Губаты». Ідэя дабрыні і міласэрнасці да прыроды. Майстэрства пісьменніка ў перадачы шматфарбнасці навакольнага свету праз апісанне пушчы і яе жыхароў, псіхалагізацыя вобраза ласяняці Губатага. Трагічны фінал – праява хцівасці і жорсткасці людзей. Лірычнасць апавядання. Развіццё сюжэта, кампазіцыя твора.
- Васіль Быкаў. «Жураўліны крык». Мастацкая праўда ў паказе вайны. Паводзіны чалавека ў экстрэмальнай сітуацыі. Раскрыццё ў трагічных абставінах характараў герояў. Вытокі подзвігу старшыны Карпенкі, байцоў Глечыка, Фішара, Свіста. Праблема маральнага выбару. Глыбіня псіхалагічнага аналізу ў раскрыцці вобразаў Аўсеева і Пшанічнага. Арыгінальнасць кампазіцыі. Лірычны элемент у аповесці, яго роля.
Тэорыя літаратуры. Эпас як літаратурны род і яго жанры: апавяданне (паглыбленне паняцця), навела, аповесць (паглыбленне паняцця). Эпізод, сюжэт, тэма, ідэя, кампазіцыя ў эпічным творы (паглыбленне паняццяў). Вобраз-характар і спосабы яго раскрыцця (апісанне ўчынкаў і паводзін, партрэт, пейзаж, мова героя, аўтарская характарыстыка). Аўтар-апавядальнік у эпічным творы (паглыбленне паняцця).
Мастацтва. Тэатральнае мастацтва: спектакль «Вераб’іная ноч» (Драматычны тэатр Беларускай Арміі, рэжысёр М. Дударава).
Кінамастацтва: тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (фільм 1. «Жураўліны крык») (рэжысёр А. Карпаў).
IV. Ліра-эпічныя жанры
(6 гадзін)
- Янка Купала. «Магіла льва». Зварот да гістарычнага мінулага. Паэтычнае асэнсаванне народнай легенды. Рамантызаваныя вобразы Наталькі і Машэкі. Вастрыня драматычнага канфлікту. Пафас лірыка-філасофскіх адступленняў. Гуманістычна-патрыятычны змест паэмы, асаблівасці яе кампазіцыі.
- Аркадзь Куляшоў. «Маці». Адлюстраванне трагізму падзей Вялікай Айчыннай вайны ў баладзе. Бязмежная самаахвярнасць маці. Фальклорныя вытокі сюжэта твора, сродкаў раскрыцця вобраза маці. Выкарыстанне народна-паэтычнай вобразнасці (зваротаў, тропаў, рытмікі).
- Кандрат Крапіва. «Ганарысты Парсюк», «Дыпламаваны Баран». Крытыка чалавечых заган і недахопаў: невуцтва, ганарыстасці, фанабэрлівасці, агрэсіўнасці. Прыёмы і сродкі стварэння камічных сітуацый. Народная мудрасць, гумар у байках. Блізкасць мовы твораў да гутарковай. Мараль у байках як выяўленне аўтарскай пазіцыі.
Тэорыя літаратуры. Ліра-эпічныя літаратурныя жанры. Паэма: сюжэт і кампазіцыя, лірычныя адступленні, эмацыянальнасць мовы. Літаратурная балада (паглыбленне паняцця). Байка як сінкрэтычны жанр (спалучэнне рыс лірыкі, эпасу і драмы).
Мастацтва. Жывапіс: ілюстрацыі беларускіх мастакоў да паэмы Янкі Купалы «Магіла льва».
Музыка: І. Лучанок. «Балада аб маці» (сл. А. Куляшова).
Скульптура: манумент у гонар савецкай маці-патрыёткі А. Ф. Купрыянавай (скульптары А. Заспіцкі, І. Місько, М. Рыжанкоў, архітэктар А. Трафімчук).
V. Драматычныя жанры
(4 гадзіны)
Янка Купала. «Паўлінка». Жанравая адметнасць п’есы. Канфлікт новага і старога пакаленняў засцянковай шляхты ў камедыі. Вобраз Паўлінкі. Высмейванне шляхецкай пыхлівасці і духоўнай абмежаванасці. Камічнае і драматычнае ў вобразе Адольфа Быкоўскага. Самабытнасць камедыйных характараў Сцяпана Крыніцкага і Пранціся Пустарэвіча. Майстэрства аўтара ў абмалёўцы персанажаў, індывідуалізацыя іх мовы. Сцэнічнае ўвасабленне камедыі.
Тэорыя літаратуры. Драма як літаратурны род (пачатковае паняцце). Драматычныя жанры: трагедыя, драма, камедыя. Характэрныя асаблівасці драматычных жанраў: канфлікт, сюжэт, характар, сцэна, карціна, дыялог, рэпліка, рэмарка. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў драматычным творы.
Мастацтва. Тэатральнае мастацтва: тэатральныя і тэлевізійныя спектаклі па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» (на выбар настаўніка, з улікам канкрэтных магчымасцей).
Рэзерв вучэбнага часу
(1 гадзіна)
Паўтарэнне і падагульненне вывучанага за год
(1 гадзіна)
- Усяго: на вывучэнне твораў – 47 гадзін;
- на творчыя работы – 4 гадзіны;
- на ўрокі па творах для дадатковага чытання – 2 гадзіны.
Спіс твораў для завучвання на памяць і мастацкага расказвання
- Рыгор Барадулін. «Трэба дома бываць часцей».
- Янка Купала. «Спадчына».
- Максім Багдановіч. «Раманс» («Зорка Венера»).
- Уладзімір Караткевіч. «Паром на бурнай рацэ» (урывак са слоў: «Рака шалела…», заканчваючы словамі: «…два ці тры зеленаватыя яблыкі»).
- Кандрат Крапіва. «Дыпламаваны Баран».
Спіс твораў для дадатковага чытання
- Вячаслаў Адамчык. «Дзікі голуб».
- Раіса Баравікова. «Казімір – сын Ягайлы + Насця з 8 «Б»».
- Васіль Быкаў. «Страта».
- Віталь Вольскі. «Несцерка».
- Аляксей Дудараў. «Кім».
- Віктар Карамазаў. «Прыліпала».
- Уладзімір Караткевіч. «Лісце каштанаў».
- Уладзімір Ліпскі. «Споведзь сына».
- Ніна Мацяш. Зб. «Душою з небам гаварыць».
- Іван Пташнікаў. «Ільвы».
- Алег Салтук. Зб. «На далонях жыцця».
- Міхась Стральцоў. «Адзін лапаць, адзін чунь».
- Іван Чыгрынаў. «Бульба».
- Фрыдрых Шылер. Балада «Кубак».
- Уільям Шэкспір. Санеты (у перакладзе У. Дубоўкі; 2–3 на выбар настаўніка).