Пан Скамароха быў фанабэрлівы і хцівы. Да суседзяў ездзіў толькі з прэтэнзіямі, судзіўся з усімі, крыўдзіў бедных, удоў і сірот. Яго падданыя мелі пекла на гэтым свеце.
Аднойчы позна вечарам, калі Скамароха сядзеў у сваім пакоі і перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, усчалася бура. Бліскавіца асвяціла пакой, і ён убачыў, што нейкае пачварнае гідкае стварэнне стаіць у кутку. Стаў Скамароха клікаць лёкаяў, штурхануў нагой свайго чорнага сабаку — усё дарэмна.
Чалавек на танюсенькіх нагах сказаў, што ён пасланец Белай Сарокі, якая даведалася пра памысныя думкі Скамарохі. Белая Сарока сваёй прыгажосцю і мудрасцю свет задзіўляе, па яе загадзе духі скарбы здабываюць з зямлі і мора. Усіх, хто ёй спрыяе, яна робіць шчаслівымі. І паведаміў, што заўтра гэтай парою Белая Сарока прыляціць у дом Скамарохі адпачыць. Сказаў — і выскачыў у акно.
Неспакой і трывога авалодалі домам Скамарохі. Лёкаі расказвалі пра жудасныя сны і незвычайныя здарэнні з імі ў тую ноч.
Жахлівая здань увесь час стаяла перад Скамарохам, але потым ён загадаў лёкаям навесці ў доме бездакорны парадак.
Вечарам зноў з’явіўся ўчарашні госць, а неўзабаве заляцела ў акно прыгожая птушка. Зляцела на падлогу — і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні. Белая Сарока сказала, што калі ляцела сюды, дык бачыла прыгожыя горы і лясы гэтай краіны, шмат азёр. І Скамароха пагадзіўся, што мясціны гэтыя прырода адарыла ўсім, што толькі патрэбна чалавеку. Усё расказаў Скамароха чароўнай пані пра свой багаты і дзівосны край.
Пасля яе знікнення зноў з’явілася пачвара — яе пасланец — з велізарным мехам золата. Пасланец патлумачыў, што гэтае золата Белая Сарока ахвяруе яму, каб быў верны ёй і іншых знайшоў, адданых ёй.
Пасля гэтай ночы лёкаі расказвалі пра дзівосныя здарэнні: з поўначы, шугаючы полымем, ляцеў цмок, нёс золата для нейкай душы, што пабраталася з д’яблам. А аканом казаў, што людзі бачылі кабету, якая плакала на цвінтары, ды так, што голас яе наводзіў на ўсіх трывогу і смутак.
Скамароха і слухаць не жадаў такой лухты. Ездзячы ад маёнтка да маёнтка, ён усім расказваў пра прыгажосць, розум і шчодрасць Белай Сарокі. A неўзабаве і гасцей сабраў, і ўсе пілі за здароўе чароўнай пані. І толькі яны паднялі за яе тост, яна зноў з’явілася і ашчаслівіла ўсіх абяцаннем, што шчодра іх узнагародзіць. Яны ж пакляліся служыць ёй да скону. Усю ноч балявалі і пілі за здароўе Белай Сарокі. Яна не раз потым наведвала тых, з кім пазнаёмілася ў палацы Скамарохі.
У хуткім часе пачалі спраўджвацца прадчуванні людзей. З’явіліся чараўніцы, ваўкалакі…
Белая Сарока, чуючы людскія праклёны і даведаўшыся ад д’яблаў, што стральцы высочваюць яе, адляцела далёка і больш не з’яўлялася ў нашым краі. Але зло, якое яна пакінула, распаўзлося па ўсім наваколлі. Тыя, што пілі віно за яе здароўе, п’юць слёзы няшчасных людзей.
А пан Скамароха знік, і, кажуць, быццам ён у палацы Белай Сарокі ў абліччы страшнага мядзведзя вартаваў яе незлічоныя скарбы.