Данута Бічэль-Загнетава — На пляцы пятлі

Данута Бічэль-Загнетава

Адна ў заснежаным да зніку краю,
забытая, няма ў мяне нікога.
Ёсць ты, Кастусь, і я цябе кахаю –
у сэрцы – несмяротнага, як Бога.

Няпраўду кажуць, што цябе павесілі…
А дзе ж тады грудочак надмагільны?
Не сцерагуць засценкі, месты, весі.
Твой мужны дзень пятлі спаткаю ў Вільні.

Збярэцца гурт адчайны, гаманкі,
як быццам бы з табой –
інтэлігенты –
пакуль не сваякі, не інсургенты,
збіральнікі надзеі, дзецюкі.

У дзецюкоў, сыноў сваіх паверу,
у тых, якія вырастуць яшчэ,
шчэ не вайстрылі прадзедаў сякеры,
ды працінаюць гастрыём вачэй.

Абуджаных і са шляхоў не збітых
злучыць высокай доляй паспрабуй,
Кастусь,
прачніся зноў, паўстань з нябыту,
вядзі нас на ахвярную сяўбу.

Мужыцкай праўдаю загавары
да Беларусі ўсёй з высокіх моўніц!
У Жаннаў д’Арк змяні сучасных модніц.
Свабоды крылы простаюць вятры.

Мы не адродкаў племя, мы – народ!
Узнімемся ў нябёсы гордым клінам!
Ускалыхнёмся сэрцам сакаліным.
Даволі наблукаліся ўразброд.

З нядолі ўзнімем замчышчы, палі.
Скіруем думкі да бунтарскай працы.
У Вільні, на пятлі паўстанцкай пляцы,
клянёмся вырвацца з тваёй пятлі.

Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. А на Палессі: Вершы і балады. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 158 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений