Данута Бічэль-Загнетава — Роднае слова

Данута Бічэль-Загнетава

Пад казачным дубам
над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні
дзяўчыне.

I рэхам той шэпт
адгукаўся між гаю:
…Кахаю, кахаю…

Я чула пяшчотнае,
шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае,
такое чароўнае.

Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае,
як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня,
жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.

Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.
Вятрыска шаптаў яго
з лісцем між гаю:
…Кахаю, кахаю…
Шапталі яго сенажаць і дуброва,
людзьмі перачутае,
некаму нова,
адзінае, дзіўнае светлае слова —
кахаю… кахаю…

Кахаю…
Люблю…
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.

 

 

Адказы на пытанні:

  1. Радкі верша прасякнуты пяшчотай, захапленнем, замілаванасцю родным краем і роднай старонкай, роднай мовай.
 2. Паэтычныя азначэнні (эпітэты), праз якія аўтар выяўляе свае адносіны да роднага слова: "пад казачным дубам над Нёманам сінім", "пяшчотнае, шчырасці поўнае, маё, беларускае, роднае, кроўнае", "вясновае слова ад шчырага сэрца", "адзінае, дзіўнае, светлае слова". Такое шматлікае ўжыванне розных эпітэтаў стварае усхваляваную, замілаваную, урачыстую інтанацыю верша.
 3. Тэма верша – любоў да роднага слова, беларускай мовы, шматграннаць слоў кахаю і люблю ў нашай мове. Верш насычаны вобразнымі азначэннямі, якія дапамагаюць раскрыць мілагучнасць і прыгажосць роднай мовы..
 4. Рыфмуюцца як апошнія словы ў радку, так і ў сярэдзіне радка – "сінім — дзяўчыне", "гаю — кахаю", "поўнае — кроўнае", "чароўнае — чыстае", "агністае — празрыстае", "жаданае — спазнанае", "сэрца — у рэчцы" і г. д. Верш набывае меладычны рытм, ласкава-пяшчотнае, сакавітае, шматграннае гучанне.
 5. Паўтарэнне галосных гукаў [о], [а] у словах, якія рыфмуюцца, дапамагае дасягнуць у вершы выключную напеўнасць, максімальна набліжае верш да песні, ён лёгка напяваецца.

Сказать спасибо
( 7 оценок, среднее 3.86 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений