Данута Бічэль-Загнетава — Цётка

Данута Бічэль-Загнетава

Цётка…
Як песні зваротка.
Як песні радочак…
Паеду да Цёткі —
пляменніца ўсё-ткі,
займу свой куточак.

Стагоддзя пачатак.
Не людзі, а статак,
ніякае мэты.
А нейкі дзесятак
мужчын і дзяўчатак
даюць ім газеты.

Чытанне для дзетак.
Навукі палетак.
Сяброўскія складкі.
Заглянула сонца —
і ў наша ваконца, —
няма ні дзіцяткі.

Народы-суседзі
у шчырай бяседзе
у вольнай пастаці.
А дзе ж наш народзе?
А Цётка не родзіць,
а Цётка не маці.

Вусаты, хвастаты
і ўсё супастаты
заходзяцца лаем.
I школьнай граматыкі
правілы маем,
а мовы не маем.

Няўжо ты, араты,
зямлі сваей страты
не здольны прыкмеціць?
А душачка Цёткі,
бы промень зіхоткі,
усё яшчэ свеціць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений