У спякоту або ў студзень,
Між палёў і гарадоў,
Людзі ўсе ідуць як людзі:
– Добры дзень!
– Салют!
– Здароў!
Усміхнецца той другому –
I абодвум весялей.
Толькі ён выходзіць з дому,
Як гусак ці Бармалей:
I надзьмуты, і сярдзіты
Вельмі "ветлівы" Мікіта!
Ён паклаў свой "добры дзень"
У партфель або ў кішэнь?
I каго ён пераймае?..
У дрымучых джунглях слон
Галавой слану ківае –
Аддае і слон паклон.
А як звонка ў пушчы нашай!
Берасцянка: – Цінь-цінь-цень!
– Добры дзень! – шчыгол адкажа.
Праўда, пень маўчыць як пень.
I надзьмуты, і сярдзіты
Вельмі "ветлівы" Мікіта!
Ён паклаў свой "добры дзень"
У партфель або ў кішэнь?