Сама назва аповесці — гэта востры сатырычны выпад супраць саслоўнай фанабэрыі шляхецкіх вярхоў, якія зняважліва называлі просты народ "быдлам", "хамамі", людзьмі ніжэйшага гатунку. Назвай свайго твора пісьменніца як бы нагадала іранічную рэпліку героя паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" Гервазія адносна шляхецкага эгаізму: "Хоць пачаліся людзі ўсе з Адама, сяляне, чуў, свой род вядуць ад Хама…"
Поспех аповесці ў чытача быў абумоўлены гуманістычнай ідэяй — паказаць непаўторную вартасць чалавечай асобы, сцвердзіць героем жыцця простага чалавека з народа, выявіць яго гуманістычную сутнасць — розум, працавітасць, сумленнасць, высокае пачуццё чалавечай годнасці.
Гарачыя сімпатыі пісьменніцы да простага народу вызначылі выбар героя Элізы Ажэшкі. Павел Кабыцкі — нёманскі рыбак, надзвычай моцная і духоўна цэласная натура, улюбёны ў водны прастор і свабоду. Талстоўскія пошукі ідэі ўдасканалення чалавека і свету пакінулі моцны адбітак на аповесці пісьменніцы. Аднак не толькі імкненне ідэалізаваць героя, вызваліць яго ад "улады зямлі", а значыць, і ад сацыяльных канфліктаў, прымусіла вырваць Паўла са сферы сацыяльнай. Як і дзесяткі тысяч беларускіх сялян, ён застаўся без зямлі пасля зямельнай рэформы. Яго ўладанні — хата і човен з сеткамі, а знітаванасць з прыродай апраўдана і псіхалагічна, і сацыяльна: "Неба — мая хата, а рака — жонка". Тут ён захаваў высокія этычныя прынцыпы, застаўся філосафам-самавучкай, каб думаць аб "пакутах свету"…
Яго суправаджаюць жыццёвыя няўдачы — жаніцьба з гарадской пакаёўкай, якая праз нейкі час кідае "хама" і пераходзіць да лёкая. Аднак галеча прымушае зноў вярнуцца да Паўла, затым жанчына спакушае сваяка, робіць спробу атруціць мужа, калі ж ён усё даруе, узрушаная яго звышчалавечай дабрынёй і ўласнай злачыннасцю, ідзе на самагубства.
Што гэта, дэтэктыўная займальнасць? Пісьменніца ніколі не была прыхільніцай таннай белетрыстыкі, хоць у мастацкім адборы жыццёвых з’яў у аповесці — не распаўсюджанасць факта, а незвычайнасць, часам нават выключнасць. Такі спосаб тыпізацыі ў шэрагу выпадкаў прыводзіць яе як мастака да рамантычнай трактоўкі, пэўнай ідэалізацыі ў паказе героя. "Драмай незвычайнай сілы" назвала аповесць "Хам" Марыя Канапніцкая, бо якраз тут адбываецца выпрабаванне на чалавечнасць. Прататып Франкі давялося паэтцы пабачыць у рэальных, хоць і выключных умовах (у акне вар’яцкага дома).
Не толькі пачуццё кахання кіруе Паўлам, калі ён звязвае свой лёс з Франкай, якую лёкайства ў паноў, прастытуцыя пазбавілі асноў чалавечай маралі. Ён спадзяецца выратаваць чалавека, вывесці на дарогу сумленнага жыцця. У цэльнай натуры Паўла ёсць тое, што дазваляе яму стаць носьбітам супраціўлення злу, маецца сваё ўласнае разуменне таго, што свет трэба будаваць на высокім маральным грунце. "Калі чалавеку на гэтым свеце кепска, то і сам ён кепскі, а калі добра, то і ён добры", — кажа Павел. Цягай народа да ведаў, да асветы прасякнуты вобраз рыбака, яго прыгнятае непісьменнасць, ён просіць Франку паказаць яму літары па малітоўніку.
Аптымістычным эпілогам, скіраваным у будучыню, заканчваецца аповесць. Прайшлі гады, Франкі даўно няма. Яе сына выхоўвае Павел: зімовымі вечарамі, калі за акном вые завіруха, ён вучыць хлопчыка грамаце — па малітоўніку і буквары, іншых кніжак у вёсцы не было. Улетку "яшчэ і цяпер можна бачыць таго наднёманскага рыбака, як ён плыве па срэбнай рацэ ранкам насустрач ружоваму світанню… З ім часта едзе дзіця, хлопчык гадоў дзесяці, з доўгімі льнянымі валасамі і вялікімі чорнымі вачыма… Адразу відаць, што паміж імі пануе поўная згода, што ім разам добра".
У маральна здаровым асяроддзі фармуецца сын Франкі, яго маленства пазбаўлена ўсяго разбэшчанага, што калечыць чалавечую асобу. Для пісьменніцы важна было знайсці ў сваім героі сапраўды чалавечае, прыгожае, што яднае яго з лёсам народа. У гэтай пастаяннай сувязі асобы і народа — характэрная рыса эпічнай манеры пісьменніцы.