Еўдакія Лось — Думкі

Еўдакія Лось

I
Для будучыні

…Я людзям, што узнімуцца, як гай,
што сёння толькі дрэмле у насенні,
ім пра сваю любоў пяю з натхненнем,
з іх кожнаму кажу:

«Не забывай!..

Ты харашэй, шчаслівей за нас,
і спадчыну ты атрымаў запроста.
У ёй ані руінаў, ані ўбоства,
у ёй лісток ніводзін не пагас.

Ды спадчыну узгадавалі мы –
умелыя, няўмелыя, сівыя…
За намі не слупочкі верставыя
ўставалі –

  абеліскі і дымы…

Зямлю сваю з шурпатай шалухі
мы вылупілі вам, нібы яечка…
Маім святлом, каштанавая свечка,
ты ўспыхнула ў дзень сонечнай смугі!

Мой розум на жыццё благаславіў
разбуджанага лазера магугнасць…
Наступныя, я тая ваша сутнасць,
якую корань ваш на рост абвіў…»
 

II
Там

Там не будуць разбівацца самалёты,
пісьмы чорныя не будуць прылятаць…
Там не будуць мець турэмшчыкі работы,
бо і вязнем хто ў жыцці захоча стаць?

Будзе чыста, будзе вольна і бязмежна,
як захочаш – куды хочаш паляціш:
то заззяюць Кардыльеры табе снежна,
то атуліць флёрам бэзавым Парыж…

Ані здзекаў, ані звады, ані здрады,
маеш вочы, маеш сэрца – дык любі!
Грудзі зоркамі абсыпяць зарапады,
абпраменяць вочы яханты глыбінь…

Не пра ўтопію кажу, кажу пра існасць –
толькі трэба пачакаць яе, на жаль,
трэба вымучыць яе, бяссоннем высніць,
скараціць хадой нямераную даль…
 

III
Сёння

А сёння ўсё маё: зямля, што родзіць
і з ранніх год па ясных сцежках водзіць.
А на зямлі – мой сын,

а ў небе – вершы,

што мне дыктуе жаваранак першы.

А пад зямлёй усе мае скарбонкі:
ступаю – чую водгаласак звонкі!

Я сёння ўстала рана на дасвецці,
акно раскрыла ў лісцвяное вецце.

Я сёння рашчыню ў дзяжы рашчыну
і шчыра абдыму свайго мужчыну…

Мне сёння жыць у свеце маладосці…
Наступнікі шчаслівыя, зайздросце!

1976

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений