Генрых Далідовіч — Аплявуха

Генрых Далідовіч

Увага! Поўны змест

1

   Толькі ўжо на трамвайным прыпынку, калі развітваліся, Вішнявец запытаў пра тое, пра што, мусіць, думаў увесь час.
 — Скажы, Васільевіч, ты помніш пра некалішнюю маю аплявуху? — ён не то гарэзна ўсміхнуўся, не то крышку засаромеўся, падняў правую руку і пацёр далонь, быццам яна засвярбела.— Ці забыў даўно ўжо тое?
 Вішнявец запытаў, а я збянтэжыўся. Быццам ён невінаваты, быццам я зграшыў. Міжволі зірнуў на гэтую руку, што некалі так балюча ўдарыла мяне. Яна і цяпер, калі Вішнявец пастарэў, трохі асеў, як асядае ў камлі старое дрэва, была яшчэ дужая — шырокая, як шуфель, далонь, тоўстыя пальцы. Ён сцепануўся ад майго пільнага позірку, апусціў руку і, здаецца, без дай прычыны схаваў яе ў кішэні светлага пінжака.
 — Даўно тое было…— нібы апраўдваўся Вішнявец, нібы заадно хацеў супакоіць і мяне, каб я хоць цяпер не меў на яго крыўды.— Можа, гадоў трыццаць прайшло ўжо… Я тады быў яшчэ зусім малады, гарачы, а ты — горкае дзіця… Як і наш Міхась…— гаварыў і адводзіў вочы, не вытрымліваючы майго позірку.— Ды і час тады быў… Ого, які гарачы быў тады і час… Многа не гаварылі…
 "Які б ні быў час, дзядзька Іван, але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам",— хацеў сказаць я, але змаўчаў.
 Я, прызнаюся шчыра, не забыў пра тэй былы, сапраўды даўні ўжо выпадак, але і не ўспамінаў яго каму-небудзь: па-першае, ці варта доўга выношваць крыўду і помсту, а па-другое, у жыцці маім за гэты час было яшчэ нямала ўсякіх — значных і дробных, прыемных і гаркотных — выпадкаў. Хіба ўсё ўтрымаеш у памяці?! Хіба на ўсё зважаць?! Але сёння, як пачуў званок, адчыніў дзверы і ўбачыў на пляцоўцы нечаканага знаёмага госця, дык адразу і ўспомніў той час, маладога дзёрзкага Вішняўца, тое прыкрае здарэнне.
 Запрасіў у кватэру, слухаў яго крыўду, папрокі, частаваў, але не напамінаў былога. Ды і лічыў: Вішнявец пра ўсё ўжо забыў. Калі ўжо тое было! Ды ці варта за яго папікаць цяпер старога ўжо чалавека?! Лепш паглядзець, кім ён стаў на старасці. Маладыя грахі ды памылкі навучылі яго чаму-небудзь карыснаму ці нічога не змянілі ў чалавеку?
 Я і цяпер, усміхаючыся, пазіраў на Вішняўца — невысокага, камлістага, у белым капелюшы і ў светлым касцюме, з кішэнькі пінжака якога вытыркаліся два хвосцікі самапісак, з гаспадарчай пакоўнай сумкаю ля ног.
 Нейкую хвіліну мы абодва маўчалі, мусіць, кожны па-свойму ўспамінаючы той няблізкі час, тое здарэнне, сваё некаляшняе і цяперашняе жыццё.
 — Я, Васільевіч, прызнаюся: я забыў тое… зноў нібы гарэзна, нібы крышку з няёмкасцю ўсміхнуўся Вішнявец.— Кажу, колькі вады ўжо сплыло, чаго толькі не было… Але як параілі знаёмыя пад’ехаць да цябе папрасіць помачы, дык адразу ўспомніў… Як у памяці нешта адчынілася… Думаў: ты цяпер важны чалавек, не захочаш нават гаварыць са мною, пенсіянерам. Каб я яшчэ на базе, як раней, два гады таму, рабіў, дык, можа, паразумеліся б, а так… З-за крыўды, з-за цяперашняй сваёй важнасці можаш нават не дапусціць мяне да дзвярэй… Аж ты просты, бачу, чалавек. Можа, і занадта просты. Во іншы на тваім месцы… Ого, не так бы паводзіўся, не тое меў бы…— Усклікнуў у захапленні.— О, якія ёсць пыхліўцы ды грабуны! I я табе, Васільевіч, скажу, што і трэба марку сваю высока трымаць. Тады болей паважаюць, а то і баяцца… З простага пасміхоўваюцца, а то і папіхаюць яго ўсюды…
 Я моўчкі слухаў. Вішнявец гаварыў-гаварыў пра сваіх знаёмых падначаленых і кіраўнікоў, хваліў ці ганіў іх, а пасля, убачыўшы, што падыходзіць патрэбны трамвай, заспяшаўся ехаць дадому, у свой гарадок.
 — Дык, Васільевіч, заступіся, не дай у крыўду заслужанага чалавека,— зноў, як і ў кватэры, пачаў прасіць. — Цыкні зверху на нашага Сідаровіча, іншым падсып перцу. Памажы дабіцца мне праўды і справядлівасці.
 Я падакляраваў узяць ад газеты камандзіроўку і пад’ехаць разабрацца са скаргаю Вішняўца. Ён аж рассыпаўся, як кажуць, ад падзякі ды паехаў сваёю дарогаю.
 Неўзабаве я і з’ездзіў туды, як і абяцаў. Мясцовыя кіраўнікі выслухалі мяне, з болем паскардзілся, што Вішнявец замучыў іх ужо сваімі просьбамі ды скаргамі. Ён па льгоце атрымаў у горадзе вялікую кватэру, легкавік, а цяпер хоча атрымаць яшчэ адну машыну і яшчэ адну кватэру — для сына. Для Міхася, з якім я некалі разам хадзіў у школу. Мне не толькі расказалі пра ўсё гэта, але і дакументамі пацвердзілі, што той Міхась, заводскі інжынер, можа жыць і з бацькамі, бо плошчы хапае.
 Калі я, маючы на руках копіі Вішняўцовых лістоў, адказаў з раённых устаноў, зайшоў да Вішняўца ды паказаў усё гэта, дадаў ад сябе, што ён скардзіцца без дай прычыны, дык ён мігам змяніў сваю ласку на гнеў, пачаў нагаворваць і на мясцовых людзей, і на мяне самае што ні ёсць паганае. Мяне яшчэ папікнуў, што я не хачу памагчы яму за тую сваю даўнюю, "нікчэмную", як сказаў, крыўду. Уз’юшыў супраць мяне і свайго сына, бо той не сказаў мне ніводнага прыемнага слова, толькі кпіў з мяне ды таксама нагаворваў на сваіх людзей.
 З прыкрасцю я зразумеў, што Вішнявец і на старасці не толькі не змяніўся, не палагоднеў ды не падабрэў, але яшчэ болей закасцянеў ад зла. Недарэмна ж, мусіць, людзі кажуць: калі нарадзілася цялятка з лысінкай, дык з ёю і памрэ.
 

2

   Той даўні выпадак, пра які не адзін раз напамінаў Вішнявец, здарыўся, калі я пайшоў у першы клас.
 Што такое пайсці дзіцяці ў школу, усе ведаюць. Гэта — і вялікая падзея, і немалая перамена ў жыцці, і новыя хваляванні ды трывогі, і велізарная радасць ды доўгая, без канца і краю, дарога ў навуку, да пазнання. Тым больш усё гэта было ашаламляльнае і важнае для мяне: я нарадзіўся і гадаваўся на хутары, дзе было ўсяго некалькі аддаленых адна ад адной хат, не мелася яшчэ электрычнага святла, дык для мяне дарога ў вёску, да людзей, навучанне ў школе, дзе было электрычнае святло, радыё, а таксама была досыць вялікая бібліятэка тоўстых і тоненькіх, з малюнкамі кніг, стала, можна сказаць, дарогаю ў вялікі свет. Канечне, свет той быў не такі ўжо вялікі, але для мяне, тагачаснага, быў, паўтару, не малы.
 У школе я хораша сышоўся са сваім суседам па парце, Міхасём Вішняўцом. Быў ён крышку ніжэйшы за мяне, як казалі, "гонкага, але худога", але камлісты, дужы і вельмі прыгожы, нібы дзяўчынка. Яшчэ ён быў разумны, кемны, умеў ужо добра чытаць — не толькі "Буквар", але і кнігі ды газеты,— а таксама спрытна пісаць ды лічыць, здаецца, бясконца. Я яшчэ столькі ўсяго не ўмеў, мог толькі чытаць і пісаць друкаванымі літарамі, лічыў з запінкаю, не мог вызначыць, які дзесятак ідзе ўслед за якім.
 Пасябраваўшы з Міхасём, я пачаў заходзіць да яго дадому — ці раніцай, ці пасля вучобы. Хата Вішняўцоў мяне таксама ўразіла: у нас, на хутары, хата, хлеў, гумно — усё было над адной страхою, жыллё наша было з аднаго пакоя, з адным, ад вёскі, ад поля, акном, з гліняным долам. У Вішняўцоў высокі светлы дом стаяў ля вуліцы, за плотам і гародчыкам, а астатнія прыбудовы былі воддаль. Дом быў з трох пакояў, з мноствам вокнаў, з дашчанаю падлогаю. Вішнявец-бацька быў у той час нашым брыгадзірам, жыў заможна.
 Мы з Міхасём ці забаўляліся ў двары альбо на блізкім поплаве, ці каталіся на яго дзіцячым веласіпедзе, ці былі ў хаце і гулялі ў "школу", у "настаўніка" і "вучня". Міхасёва маці, цётка Франя, сустракала мяне ветліва, частавала смачнымі грушамі ды яблыкамі альбо разам з Міхасём садзіла за стол, а гаспадара я мала калі бачыў у хаце: ён, лічы, не стыкаўся дома. Сядзе на свайго жарэбчыка, стукне яму нагамі пад бакі — толькі яго і бачылі.
 

3

   Тады, у першым класе, я з зачараваннем адносіўся да нашай настаўніцы — маладзенькай Клаўдзіі Ільінічны. Яна — у белых туфлях, блакітным касцюме, з выкладзеным наверх вялікім каўняром белай блузкі — была вельмі наглядная, а па-другое, ветлівая, хораша тлумачыла, чытала, а таксама спявала. Бачыць, чуць яе была для мяне кожны дзень найвялікшая радасць. Маці мая часамі аж "скардзілася": пайшоў ты, сынок, казала, у школу, дык зусім змяніўся — мяне перастаў любіць, а палюбіў сваю настаўніцу, чужую жанчыну.
 Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам са сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, "мядзведжым", "лісіным" ды "воўчым", галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне і слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.
 Нечакана рэзка адчыніліся класныя дзверы, і мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ і зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.
 — Ідзі сюды,— запатрабаваў у анямелай цішыні Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына.— I ты, друг хутаранскі,— кіўнуў і мне, — выйдзі.
 — Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей.— У нас жа ўрок…
 — Нічога, урок можна і перарваць,— непачціва адказаў ёй Вішнявец.— Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі…
 — Выйдзем, хлопчыкі,— ціха прамовіла настаўніца,— А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.
 Мы падняліся і пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася і Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.
 Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт "Казбек" (Міхась збіраў пустыя пачкі і абменьваў на іх жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы і кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку і хустачкаю выцер з ілба буйны пот.
 — Іван Станіслававіч, я нічога не разумею…— і разгублена, і незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца.— Што здарылася?
 — Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку,— Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?
 Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць і не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы і разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але і для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.
 — Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў,— папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выступілі на іх вялікія пляміны.
 — Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец.— Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.
 Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.
 — Дзе грошы?
 Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, і ад нечаканага бацькавага запытання.
 — Чуеш? Дзе грошы, што ляжалі ў новай шафе між прасцірадламі? — не зважаючы на сынавы моршчыкі, дапытваў Вішнявец.— Адзін узяў ці ўдвух укралі?
 — Татачка, баліць…— заенчыў Міхась, пачаў прасіцца: — Пусці. Я не браў ніякіх грошай. Татачка…
 — Перастаньце! — нечакана павысіла голас Клаўдзія Ільінічна, аж ён у яе сарваўся,— Што за дамастроеўскія метады?! Гэта зусім не педагагічна!
 — У мяне свае метады…— пырснуў слінай Вішнявец і ўдарыў адзін-другі раз Міхася па шчацэ.— Гавары, падшывалец, дзе грошы?
 Міхась, енчучы, пачаў клясціся, што нічога не ведае. Тады Вішнявец схапіў мяне за вуха.
 — Можа, ты, госць наш даражэнькі, скажаш, дзе нашы грошы, уся выручка за бычка? — прыблізіў гарачы потны твар, дыхнуў гарэлкаю. Настаўніца мітусілася, крычала штосьці, але раззлаваны Вішнявец не слухаў яе, здаецца, з усёй сілы круціў-вырываў мне вуха.— Можа, успомніш, чаго ўчора з нашым бэйбусам лазіў у шафу?
 — Мы ніткі шукалі…— адказаў я, плачучы ад крыўды і болю. Караў мяне часам і бацька, але яго кара не была такая цяжкая і крыўдная, як гэтая. Цярпець кару за сваю віну не так ужо і пакутліва, а вось пакутаваць за незаслужанае, за недарэчнае вельмі цяжка.
 — Ніткі шукалі, а знайшлі грошы? — здзекаваўся з мяне Вішнявец, усё яшчэ круцячы вуха. Яно гарэла, нібы ад агню,— Дзе іх дзелі? Ну, гавары, а то…
 — Мы не бралі…— з плачам выціснуў я.
 — I ён не браў, і ты не браў? Я ўкраў? Сам у сябе? На вас, анёлкаў, нагаворваю? — Вішнявец разлютаваўся, а пасля нечакана і мяне, чужога, агрэў па адной і другой шчацэ. У галаве маёй аж зазвінела, шчокі запяклі.
 Ад цяжкай крыўды і ад горкага болю я нічога больш не чуў, толькі скрозь слёзы бачыў, як Клаўдзія Ільінічна раптоўна аж змянілася ад перапалоху на твары, штурхнула Вішняўца ў грудзі, паказала гнеўна рукою, каб выйшаў прэч. Той ад нечаканасці хіснуўся, бухнуўся спіною ў сцяну. Калі выпрастаўся, закрычаў ужо на настаўніцу, а пасля, патросшы кулаком, выскачыў з настаўніцкай.
 Мы з Міхасём, стоячы пасярод пакоя, плакалі наўзрыд.
 — Хлопчыкі міленькія мае,— прытуліла нас абодвух да сябе Клаўдзія Ільінічна і таксама заплакала.— Што ж гэта такое? На што ж такая жорсткасць? Што ж гэта за ліха? Скажыце, скажыце, родненькія, мне шчыра: вы бралі ці не бралі тыя грошы? Не бойцеся, кажыце толькі праўду.
 Мы не маглі нічога адказаць толкам, хоць і спрабавалі, перабіваючы адзін аднаго ды глытаючы горкія слёзы, расказаць, што не рабілі ніякага крадзяжу.
 — Супакойцеся, хлопчыкі. Супакойцеся, міленькія,— прасіла Клаўдзія Ільінічна і ў настаўніцкай, і пазней у класе, але мы не маглі суцішыць ні плачу, ні ўздрыгвання.— Я веру: вы невінаватыя. Выйшла нейкая прыкрая памылка альбо недарэчнасць. Грошы знойдуцца, ад вас будзе адведзена ўсякая ганьба…
 

4

   Яшчэ з гародчыка мяне ўбачыла маці.
 Яна разам з малодшаю маёю сястрою выбірала там бульбу — як я згледзеў, на сотках было разагнана колькі баразён, што падсохлі ўжо ад нізкага, няяркага, але яшчэ не цалкам астылага вераснёўскага сонца ды на цеплаватым ветрыку.
 Каб іншы раз, дык я абавязкова адразу ж падаўся б да маці, расказаў бы, што ўведаў у школе новае ці якія сёння атрымаў адзнакі. Але цяпер я пакрочыў адразу ў хату. Маці, разагнуўшыся ды трымаючы ў руках бульбу, толькі праводзіла мяне позіркам.
 Данута (з ёю, аднакласніцай, мы ішлі разам дадому), відаць, пра ўсё расказала маці, бо тая, тады яшчэ маладая, рухавая, не нашмат, мусіць, старэйшая за нашу настаўніцу, хутка ўбегла ў хату і адразу пляснула рукамі.
 — Сыночак мой! — ускрыкнула,— Ды ты ж аж змяніўся на твары!
 Я дагэтуль уздрыгваў і ўсхліпваў, а цяпер зноў разжалобіўся і не вытрываў — заліўся горкімі слязьмі. Маці, прытуліўшы мяне да сябе, як у настаўніцкай Клаўдзія Ільінічна, гладзіла мяне па галаве, прасіла супакоіцца і толкам усё ёй расказаць. Я, глытаючы слёзы, збольшага пераказаў сваё гора.
 — Можа, ты, сыночак, усё ж узяў тыя грошы? — напужалася маці,— Можа, растрацілі ўжо на нешта ці схавалі дзе? Гавары, прызнавайся — дадзім нейкую раду. Грэх вялікі — маніць, быць злодзеем. Гэта ўжо пляма на ўсю сям’ю, на ўвесь род.
 Калі я пакляўся, што і ў вочы не бачыў грошай, маці разжалобілася і таксама заплакала разам са мною.
 — Божачка, ты аж апух…— забедавала яна.— На шчоках відаць сінія сляды ад пальцаў… Не чалавек ён, а звер! Без душы і сэрца! Не разбярэцца, не пагаворыць толкам — б’е чужое дзіця… Няхай бы яму рукі паадсыхалі…
 Матчына спагада зусім размякчыла мяне. Я плакаў, як бабёр.
 — Не хадзі болей да іх, сыночак,— прасіла маці.— Адвучышся — адразу шыбуй дадому… Сам крадзе, сам адмысловы злодзей, дык нікому не верыць, думае, што і ўсе заграбушчыя ды завідушчыя…
 Ад крыўды, плачу забалела галава. Маці распранула мяне і паклала на ложак, просячы супакоіцца і заснуць. Наплакаўшыся, я пасля трохі і прыснуў.
 Прачнуўся ад бацькавага сярдзітага голасу.
 — "Ніхто не бачыў!" "Ніхто не бачыў!" — злаваўся ён і гаманіў на маці,— I ты нічога не бачыла. А раз не бачыла — дык надта не заступайся. Бо, можа, і ўзялі ці адзін узяў… Прывучыцца красці — вырасце злодзеем…
 Бацька запаліў і павесіў лямпу на дрот, а маці ў гэты час высыпала з гаршка ў вялікую місу звараную бульбу — сям’я збіралася вячэраць.
 — Як жа не верыць свайму дзіцяці? — заступалася за мяне маці. — Ніколі ж у жыцці ні ў кога нічога не ўзяў!
 — Але ж грошы, кажа Іван, прапалі. З шафы. А яны абодва лазілі ў шафу — меншыя дзеці гэта добра бачылі…
 — Па-першае, столькі грошай дзеці не возьмуць, можа, хто і са сталых падгледзеў ды ўкраў, а па-другое, не мае права гэтак палохаць і біць чужое дзіця…— усхліпнула маці.— Думае, што наша дзіця вінаватае, дык няхай і скажа пра гэта нам. Самі разбяромся. А ён без суда і совесці рукі распускае, упалохаў хлопца, што і ў сне плакаў ды прасіўся…
 Я прыкідваўся, што сплю; бацька замаўчаў; відаць, і яго, строгага, кранулі такія бессардэчныя Вішняўцовы выхадкі; маці падышла да мяне, прыклала вусны да лба, а пасля да скроні.
 — Гарачанькі. Гарыць увесь…— уздыхнула, пацалавала мяне ў адну і другую набітыя сёння шчокі.— Зараз адвару з журавінак дам, кампрэс халодны на лоб пакладу…
 

5

   Я назаўтра ў школу не пайшоў.
 Гарэў, моцна балела галава. Маці сказала, што гэта ў мяне ад моцнага перапалоху. Вельмі злякаўся — вось і прычапілася хвароба. Часамі мне было так горача, што аж траціў прытомнасць — у вачах не то раіліся пчолы, не то лёталі мухі, бесперастанку стаяў звон-гул у вушах. Я то разумеў, дзе я і што са мною, то раптоўна падаў у забыццё.
 Не хадзіў я ў школу з тыдзень. Усе гэтыя дні не то спаў, не то трызніў, сніў нейкія дзіўныя сны. Мала помню, што прывозілі да мяне з Дзераўной урача, што маці па некалькі разоў у суткі давала піць разведзеныя ў вадзе парашкі і таблеткі і што прыводзілі да мяне з далёкага хутара бабу Аршулю, каб яна "выгнала сполахі".
 Калі я нарэшце ачуняў, дык адразу ўбачыў каля сябе маці.
 — Сыночак, ты і праўда невінаваты,— абцалавала мяне.— Учора была тут твая настаўніца, дык сказала, што Вішняўцы знайшлі грошы. Іх украў іхні сусед, Кузёмка. Хаваў, таіў, а потым падкінуў Вішняўцам… Але людзі ўбачылі, расказалі пра ўсё ўсім…
 Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што і маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што і з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.
 Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:
 — Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў…
 — Абышлося ўсё, дык і добра,— буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.
 — Дзе ж яно "добра"?! — не адступала маці,— Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?
 Бацька ўнурыў галаву і нічога не адказаў. Закурыў і зморшчыў лоб.
 — Каб ён быў чалавек, меў душу і сэрца, дык сам прыйшоў бы і перад невінаватым дзіцём на калені стаў бы…— папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злэсць на Вішняўца.— Але ён не прыйшоў і не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее…
 Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.
 Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне і абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.
 

6

   Прайшлі гады, і тая даўняя мая крыўда, як казаў ужо, паволі забылася ці ўспаміналася ўжо не з такім, як у маленстве, болем. Ажыла, абзыўнулася, калі ўбачыў старога ўжо Вішняўца на пляцоўцы каля нашай кватэры. Дагэтуль добрыя пятнаццаць гадоў ён не трапляў мне на вочы ні ў сталіцы, ні ў тым гарадку, дзе цяпер жыве, ні ў нашай вёсцы, куды і ён, як кажуць, зрэдку прыязджае.
 …Пасля сустрэчы з Вішняўцом я даў сабе зарок: стрымлівайся з усіх сіл і без дай прычыны не крыўдзі чалавека. Калі ведаеш цяжар крыўды, болю, дык не трэба свядома жадаць гэтага некаму. 

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 2.83 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений