Генрых Далідовіч — Заходнікі

Генрых Далідовіч

  Раман «Заходнікі» Генрыха Далідовіча — твор гістарычны. У ім адлюстравана рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Час гэты, як паказвае пісьменнік, быў суровы, жорсткі, поўны сацыяльных і чалавечых драм. На вёсцы бальшавікі ўсталёўвалі сталінскія парадкі, пазбаўлялі чалавека права быць гаспадаром на сваёй зямлі, разбуралі яго спрадвечную сістэму поглядаў і каштоўнасцяў.

  Празаік стварыў сацыяльны тып кіраўніка-дэмагога, камуніста-прайдзісвета. Ім з’яўляецца старшыня сельсавета Кураглядаў. Упершыню падобны сацыяльны тыпаж мы сустракаем у аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» (вобраз бальшавіка Івана Карпавіча Гаршчка). Кураглядаў, адчуваючы ў руках уладу, становіцца ліхадзеем, увасабляе сваімі ўчынкамі і паводзінамі зло, бесчалавечнасць, нізасць. «Душагуб», «людаед», «нелюдзь» — такімі словамі выкрывае сапраўдную сутнасць Кураглядава Сцяпан Грыгаровіч, якога старшыня па-бандыцку забівае ў лесе. Да гэтага старшыня сельсавета загубіў ягонага дзядзьку Францішка. Кураглядаў з нянавісцю, бязлітасна распраўляецца са Сцяпанам: «Я нават з задавальненнем зводжу цябе з гэтага свету. Ты адразу тут мне не спадабаўся, стаў на маім шляху: бач, высокі, прыгожы, дужы, спрытны! Чалавек! Гаспадар! Асоба! Вясковы любімец!» Кураглядаў «ажыццяўляе ўладу», ідучы на хлусню, даносы, подласць. Да заходнікаў ён ставіцца варожа, бо, на яго думку, яны ўсе супраць палітыкі партыі: «Тут табе не спакойная савецкая Расія, тут — адмысловая зона. Заходнікі. Нелаяльныя людзі, а то і бандыты альбо іхнія памагатыя».

  У рамане Генрыха Далідовіча, як і ў ягонай трылогіі, камусьці нешта ўбачыцца спрэчным, не да канца асэнсаваным. Пісьменнік, думаецца, дасягнуў галоўнага: яго творы падштурхоўваюць да сур’ёзнага роздуму пра наша мінулае і сучаснасць.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений