Іван Чыгрынаў — Бульба

Іван Чыгрынаў

Увага! Поўны змест

  Уранні прыйшлі нашы — спачатку па зацішанскім бальшаку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Беседзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты.
 Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы, рылі акопы. За лесам, мусіць, ля самай Беседзі, за якой акапаліся немцы, — там цяпер была перадавая, — неўзабаве пачуліся густыя вінтовачныя стрэлы; часам адтуль даносіліся і кулямётныя чэргі.
 Гулі маторы. І гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяною, то заціхаў.
 Па небе плылі нізкія хмары. Але дажджу не было. І ўжо каторы дзень. Відаць, хмары былі бясплодныя.
 На папялішчы патроху сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў.
 Не смяяліся і салдаты. Яны ішлі к Беседзі маўклівыя.
 У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат… Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылеў і я. У вёску тады мы першыя прыбеглі з лесу і ўжо цэлага паўдня сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча. Школа ўцалела. Немцы чамусьці яе не зачапілі. Можа, таму, што знаходзілася яна наводшыбе і была пад жалезным дахам. Паўз яе цяпер ішлі ў калонах салдаты. А мы сядзелі каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары. Мы былі дзеці, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася — а можа, якраз тупае бацька вось так у страі і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый бог, пройдзе міма.
 Верасень быў на склоне. Бярозы на бальшаку страсалі сваё апошняе лісце — рана яно пажоўкла. Вецер гнаў яго па полі, збіраў на ўскрайку лесу. Было няўтульна, нават холадна. На папялішчах, нібы шкілеты, дзе-нідзе стаялі адзінокія печы — тыя, што некалі клаліся без штандараў, адразу на зямлі. Печы былі яшчэ гарачыя.
 Вогнішча наша дыміла, сіпелі дровы, часам да вогнішча падбягалі салдаты. Яны прыкурвалі "ад вугалька", гладзілі нас па галовах і, не распытваючы ні аб чым, спяшаліся даганяць сваіх. А гэтых "сваіх" было многа-многа!.. Нават здавалася, што якой-небудзь калоне канца-краю не будзе. Але праходзіў час, дарога раптам пусцела. Ды ненадоўга. Хутка зноў чуўся тупат. І зноў пад вокнамі школы пачынала калыхацца маўклівая шэра-зялёная салдацкая калона. Ляскалі кацялкі. У нашых салдат яны былі вялікія і круглыя, бы рондалі, і, пэўна, заміналі ў паходзе, б’ючы па баку. Здаралася, што салдаты ішлі невялікімі групамі. Але рэдка. Затое гэтыя амаль ніколі не абміналі нашага вогнішча. А пад самы вечар, калі пачалі ўжо грамыхаць ля могілак гаўбіцы, у сасняку, дзе гарэла вогнішча, спыніліся артылерысты. Іх было чалавек дваццаць, з адной-адзінай маленькай гарматкай, якую цягнулі коні. Відаць, гэта была якаясьці батарэя, — можа, яна нядаўна выйшла з бою і засталася без гармат. Коней артылерысты не распрагалі: павесілі ім на галовы брызентавыя вёдры, і коні ляніва хрумсталі авёс.
 Артылерысты былі вясёлыя людзі — не тое, што змардаваныя пехацінцы. Яны тут жа сышліся да нашага вогнішча, пачалі жартаваць, а адзін, чорны, мусіць, армянін — у рысах яго твару была дзіўная мешаніна дабрадушнасці і гарэзлівасці, — нібы прыліп да Санькі Брылева — дапытваўся, чаму ў таго рыжая галава.
 — Выгарала, — казаў Санька.
 Салдат паціскаў плячамі і хітра ўсміхаўся, пазіраючы на сваіх сяброў.
 — На сонцы? — пытаўся ён.
 — Ыгы. — Санька быў трохі старэйшы за Мішку і за мяне, але вельмі сарамлівы і нясмелы; салдаты лагодна смяяліся, а ён чырванеў, як дзяўчо. Затое самы наіўны сярод нас быў Мішка.
 — У яго шапкі няма, — падказаў ён.
 — Шапкі няма? — Чорны артылерыст раптам перастаў смяяцца, задумаўся на момант і неўзабаве зноў пырснуў ад смеху: — Эй, Сідараў, — гукнуў ён, — топай сюды!
 Падышоў Сідараў — нізкі, але надта тоўсты салдат, апрануты ў зашмальцаваны бушлат, які ўжо, пэўна, не адзін раз гарэў у яго, бо на правым баку тырчала пабурэлая вата. Сідараў быў салдат у гадах — яго нават можна было палічыць за старога. Відаць, ён не любіў шумных кампаній, бо мы яго каля вогнішча за колькі хвілін бачылі ўпершыню — увесь гэты час чалавек праседзеў недзе пад сасной, схаваўшыся за гарматкай.
 — Паслухай, Сідараў, — звярнуўся да яго чорны артылерыст, — вось гэтаму меднаму кацялку, — ён паказаў на Саньку, — патрэбна шапка. Ты разумееш, у яго няма шапкі. А ў цябе, Сідараў, дзве, пілотка і вушанка. Я ўчора бачыў вушанку ў тваім мяшку. Ты вытрас бы з яго, а? Ну, Сідараў, не будзь скарэдай, аддай хлопцу шапку.
 Сідараў глянуў соннымі вачамі на Саньку, затым перавёў позірк на чорнага артылерыста.
 — Дык я ж гэта для свайго сына, — неяк жаласна сказаў ён.
 — Я так і знаў, што ты пашкадуеш. І калі ты толькі станеш чалавекам, Сідараў, а? Ну як ты аддасі сыну гэту шапку? Ты думаеш, што скора трапіш на свой Урал? Нам на той свет, братка, бліжэй, чым туды. Ах, Сідараў, Сідараў… — прытворна ўздыхнуў чорны артылерыст. — Каб я ведаў, што ты будзеш такі скупы, то не цягнуў бы цябе за вушы з таго балота. Помніш?
 Сідараў, напэўна, помніў пра тое балота, але цяпер маўчаў, зыркаючы на бялявыя языкі полымя. Не хацелася яму аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў… Смала, а не чалавек… Ды Сідараў, пэўна, не ўмеў і агрызнуцца добра. А тут яшчэ салдаты загулі:
 — Аддай, Сідараў…
 — Аддай…
 — Навошта яна табе?..
 — Сыну яшчэ лепшую знойдзеш…
 — Пасля бою іх многа валяецца…
 І скупы Сідараў не вытрымаў. Ён вярнуўся да воза, што стаяў непадалёку ад дарогі, пакапаўся там, дастаў памятую салдацкую шапку-вушанку і аддаў яе чорнаму артылерысту.
 — Насі, Санька, — сказаў той і надзеў хлопцу на галаву шапку — яна была велікаватая для Санькавай галавы і налазіла на вочы. — Насі, Санька, — паўтарыў ён і прытворна ўздыхнуў. — Насі і ўспамінай мяне. Чуеш? Мяне! Сідарава ўспамінаць няма за што. Гэта ж, калі б не я, не было б у цябе гэтай шапкі. Сідараў не даў бы. Гэта ўсё я.
 Чорны артылерыст гаварыў сур’ёзна, але ў вачах усё яшчэ скакалі вясёлыя чорцікі.
 Тым часам непадалёку загарэлася другое вогнішча — хтосьці запаліў яго там, нанасіўшы непрыкметна дроў. Салдаты адзін за адным пачалі адыходзіць ад нашага вогнішча. Толькі чорны артылерыст заставаўся з намі — здавалася, ён і не збіраўся пакідаць свайго месца. Але ж яго паклікалі.
 — Схадзі па лейтэнанта, — сказаў яму салдат у накінутай на плечы ватоўцы.
 — Куды гэта?
 — Ву-у-нь, — салдат у ватоўцы паказаў у той бок, дзе знаходзілася гаўбічная батарэя, якая цяпер чамусьці не страляла.
 — Тады айда, хлопцы!
 Мы ўскочылі на ногі.
 — Не бяры іх.
 — Чаму? Там прыстрэлку правялі ўжо.
 — Таму і не трэба іх весці туды, — злосна гыркнуў артылерыст у ватоўцы і тут жа палагаднеў, дадаўшы: — Цяпер немец можа батарэю нашчупаць.
 Нам вельмі хацелася пайсці, пабыць на батарэі, і мы неўзлюбілі артылерыста ў ватоўцы, які не пускаў нас туды. Чорны артылерыст пайшоў адзін. Неўзабаве ён вярнуўся і прывёў адтуль двух афіцэраў — у аднаго з іх на пагонах было па тры маленькія зорачкі, у другога — па адной. І вось той, што меў на пагонах толькі па адной зорачцы, сказаў свайму спадарожніку:
 — Мая гаспадарка.
 — І нішто сабе гаспадарка.
 — Ну, ну, скажы… — "Гаспадар" неспадзявана тыцнуў кулаком пад бок свайму спадарожніку, і яны разам гучна засмяяліся.
 — Эй, старшына!
 Да афіцэраў падскочыў артылерыст у ватоўцы, выцягнуўся перад імі і зухавата казырнуў, паднёсшы руку да пілоткі.
 — Друга сустрэў. Старшага лейтэнанта. Вось. Дык, можа б, ты, старшына, даў чаго-небудзь нам… пакуль немец маўчыць. Ці ёсць там яшчэ?
 — Знойдзем, таварыш камбат.
 Афіцэры накіраваліся да нашага вогнішча. Чорны артылерыст, што паспеў ужо за гэты час прычапіць да Санькавай шапкі зялёную зорачку, якую ён невядома калі выразаў з бляшанкі, пахваліўся:
 — Глядзіце, таварыш лейтэнант, як мы тут хлопца прыбралі. — І паказаў на пачырванелага Саньку.
 — Хто ж гэта яму ўдружыў такую?
 — Сідараў.
 — Сідараў? — здзівіўся малодшы лейтэнант.
 — Глядзі ты! А я і не думаў, што Сідараў на такое здольны. Ажно смешна. Не, мусіць, гэта ты згвалціў яго. Скажы, ты?
 — Не, ён сам. — Чорны артылерыст сказаў гэта і апусціў вочы.
 — Ну, сам, дык і сам, — згадзіўся малодшы лейтэнант і растлумачыў: — Ёсць тут у мяне салдат. Кажуць, вайна людзей перарабіла. А Сідараў і на вайне застаўся скупярдзяем. У яго снегу леташняга не дапросішся.
 Старшына прынёс плашч-палатку, разаслаў яе і пачаў "калдаваць" на ёй — спачатку паставіў кацялок, затым нарэзаў хлеб на тонкія лусты, пасля дастаў з кішэняў дзве гранёныя шклянкі і, павярнуўшы дном угору, апусціў іх перад афіцэрамі, сказаўшы чамусьці:
 — Вось…
 — Ведаеш, Аляксей Фаміч, — загаварыў раптам старшы лейтэнант, які амаль увесь час маўчаў, — усё хацеў я бульбы печанай наесціся. Думаў, прыйдзем на беларускую зямлю, накапаю дзе-небудзь бульбы і напяку на такім вогнішчы. Ажно не. Усё не збяруся. Ужо другі дзень на гэтай зямлі, а бульбы не паспытаў.
 — Ну і жаданне ў цябе, скажу… дзіўнае.
 — Дзіўнае? Але ж аднойчы як накармілі мяне печанай бульбай, дык і дагэтуль смаку той бульбы не забыў. Недзе пад Гомелем было гэта. У сорак першым. Астаткі нашага палка — усяго некалькі чалавек — выходзілі тады з акружэння. Ішлі мы ўсю дарогу галодныя. У вёсках немцы. Туды нам нельга заходзіць… Схопяць адразу. Так і бадзяліся галодныя, пакуль не натрапілі на хлапчукоў, такіх вось, — старшы лейтэнант кіўнуў галавой у наш бок. — Пасвілі яны цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. І вось з таго часу жыву надзеяй пакаштаваць калі-небудзь яшчэ печанай бульбы. Кажуць, беларуская нейкая асаблівая. Не ведаю, цяжка меркаваць мне, чалавеку, які нарадзіўся і жыў у пшанічным стэпе. Але, можа, і сапраўды смачней за яе нідзе не бывае.
 — У цябе гэта псіхалагічны фактар.
 — Можа. Але ў такіх, як я, ці мала гэтых псіхалагічных фактараў ад сорак першага засталося. Паверыш ці не, урэшце, як хочаш, справа твая, толькі нават раны ад сорак першага ныюць па начах мацней, чым тыя, што пасля былі.
 — Ну, але. — Малодшы лейтэнант уздыхнуў, пасядзеў трохі, задумаўшыся, затым зусім вясёлым тонам сказаў: — Дык тады за чым затрымка, дарагі мой таварыш! Папросім, і гэтыя вось хлопцы зараз жа навалакуць сюды бульбы, колькі душа твая жадае. Хочаш, нават салдата магу паслаць. Тут жа зусім недалёка. Амаль побач.
 Старшы лейтэнант адказаў не адразу. Ён колькі часу маўчаў яшчэ, нібы сапраўды раздумваў, як лепш зрабіць, — ці сягоння заняцца бульбай, ці адкласці на заўтра.
 — Не, сёння позна ўжо. Я заўтра лепш прыйду. Як, хлопцы, будзе бульба?
 — Будзе, — адказалі мы ледзь не ў адзін голас.
 Старшы лейтэнант здаволена пацёр рукі і неяк радасна, амаль па-дзіцячы заўсміхаўся нам, паказваючы свае белыя зубы. Гадоў яму было, можа, якіх дваццаць пяць. Росту ён сярэдняга, шырокі ў плячах і тонкі ў поясе. Густыя русыя валасы яго святлейшыя нават за твар загарэлы, і гэта адразу кідалася ў вочы, асабліва калі ўлічыць яшчэ, што ў старшага лейтэнанта былі да таго ж цёмныя бровы і чорныя вейкі.
 Недзе ў хмарах зайшло сонца, бо на дварэ неўзаметку пашарэла, і ўжо, пэўна, зусім нямнога заставалася да восеньскіх пацёмак. Перад вечарам нечакана зрабілася ціха кругом — нават перасталі страляць.
 — Ну, вось і вайна скончылася, — прыслухаўшыся, сказаў старшына.
 — Чаго захацеў! — Малодшы лейтэнант неяк нявесела ўсміхнуўся. — У нас жа з табой ёсць адна саракапятка. Дык ці можа здарыцца так, каб і яна ўцалела. Мы яшчэ заўтра яе дзе-небудзь пакінем, разбітую.
 — Нічога, саракапятак зноў дадуць. Чаго-чаго, а гэтага… не пашкадуюць. Ох, і бярэ зайздрасць… — Але старшыня не дагаварыў, чаму яго бярэ зайздрасць.
 — Ладна, старшына, — перапыніў малодшы лейтэнант. — Навошта скардзіцца і зайздросціць чужым. Ідзі, старшына. Далей я ўжо і сам здагадваюся, што да чаго тут. — Ён узяў з рук старшыны фляжку: — У вас там скора каша?
 — Зараз будзем пачынаць.
 — Не забудзь хлопцаў гэтых накарміць.
 …Па зямлі плыў добры вечар, калі нарэшце была з’едзена салдацкая каша — прасяная, на сале. Мінула яшчэ гадзіна — і апусцеў сасняк, што каля школы. Артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі, ціха перагаворваючыся, услед за сваёй адзінай саракапяткай.
 Начавалі мы ў школе. Але пакуль бавіліся з салдатамі ля вогнішчаў, з лесу вярнуліся сем’і, і ў школе ўсе класы былі заняты пагарэльцамі. Спаць давялося на падлозе. Парты, якія ўцалелі за два гады акупацыі, яшчэ ўдзень пазносілі ў адзін клас. Ды і засталося іх тут мала. Пры немцах у школе амаль ніякай вучобы не было. У верасні сорак першага стараста хацеў было сабраць дзяцей, ды хутка мусіў адмовіцца ад сваёй задумы, бо не знайшлося настаўнікаў. Праўда, к зіме ў вёску прывалаклася аднекуль Моркаўка-Брыкікі — кульгавая выкладчыца геаграфіі. Яна і да вайны працавала ў нашай школе. Здаецца, тады і далі ёй такую мянушку — "Моркаўка-Брыкікі"; настаўніца не магла выгаварыць слова "буракі", у яе чамусьці атрымлівалася: "брыкікі". І вось гэтая Моркаўка-Брыкікі паявілася ў вёсцы. Але пры новай уладзе ёй удалося правесці ўсяго некалькі ўрокаў: аднаго разу да гаспадыні, у якой яна кватаравала, прыйшлі ўзброеныя людзі ў цывільным, можа, нават і партызаны, хоць іх тады ў нашых краях і не чуваць яшчэ было, — дык яны прыйшлі, паднялі з ложка Моркаўку-Брыкікі і павялі з сабой. З таго часу яе ніколі не бачылі. З таго часу і школа заўсёды пуставала.
 Уначы пачаўся на Беседзі бой. Ля могілак грамыхалі, калоцячы зямлю, гарматы. Пад вокнамі школы, не заціхаючы, гулі машыны.
 На Беседзі, гэтай невялікай воднай перашкодзе — рацэ, якую гарачым летам і курыца перайсці можа, немцы пратрымаліся ажно тры дні. Нечакана завязаліся ўпартыя баі. Наша пяхота многа разоў паднімалася ў атаку, але варожыя кулямёты, што стаялі на высокім правым беразе ад Малога Хоцімска да Белай Дубровы, кожны раз прымушалі яе адкаціцца назад, засесці ў сваіх акопах на ўскраіне лесу. На цёмна-зялёнай траве шырокага заліўнога лугу, што быў паміж лесам і Беседдзю, з кожнай новай атакай большала трупаў з пасінелымі тварамі. Нарэшце, недзе за Белай Дубровай камандаванне, пад прыкрыццём "кацюш", пераправіла цераз Беседзь танкавую брыгаду, і "трыццацьчацвёркі", рухаючыся ўздоўж ракі з усходу на захад, узламалі нямецкую абарону.
 Пакуль ішлі баі, мы — Мішка Бачыхін, Санька Брылеў і я — не адыходзілі ад вогнішча, якое ўсё палілі на адным і тым жа месцы. Па-ранейшаму паўз школу рухаліся к Беседзі войскі. А адтуль, пачынаючы з самае раніцы, везлі на машынах раненых. Вясковыя бабы падыходзілі паглядзець на іх і пасля плакалі, адыходзячы. Мы цярпліва сядзелі каля вогнішча і чакалі старшага лейтэнанта. У нас была напагатове для яго печаная бульба. Але старшы лейтэнант не прыйшоў…

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений