Іван Чыгрынаў — Дзівак з Ганчарнай вуліцы

Іван Чыгрынаў

  У апавяданні "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" аўтар паступова раскрывае агорнуты тайнаю цэнтральны вобраз старога Дземідзёнка. Пры гэтым галоўны герой так і застаецца загадкаю, якую мастак разам з чытачамі спрабуе раскрыць. Ужо першыя радкі твора інтрыгуюць чытача пэўнай недагаворанасцю: "А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку".
  У партрэтнай характарыстыцы Дземідзёнка Іван Чыгрынаў не выдзяляе нічога незвычайнага: "Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак". Для першага пасляваеннага дзесяцігоддзя такі знешні выгляд чалавека шаноўнага ўзросту быў даволі тыповым. За непрацяглы час жыцця ў гарадку гэты чалавек стаў і старажылам, і прыкметнай асобай на вуліцы Ганчарнай і не толькі. Неабходна падкрэсліць, што любы новы чалавек у невялікіх населеных пунктах карыстаецца павышанай увагай. Таму ў прышлых людзях лягчэй заўважаюцца нейкія адметныя рысы характару і паводзін. Аднак Дземідзёнак знешне нічым не адрозніваўся ад іншых людзей, а ў паводзінах усё ж быў дзівакаватым. Дзівацтва гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён купляў птушак і выпускаў іх на волю. Гэта і выклікала цікавасць да яго з боку гараджан, асабліва малечы.
  Маці героя-апавядальніка дае характарыстыку паводзінам суседа па-старэчы стрымана. На пытанне сына пра гэтага чалавека яна адказвае: "Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве". У людзей маральна здаровых асоба Дземідзёнка не выклікала павышаных эмоцый. Жыве чалавек, нічога благога не робіць, ну і няхай жыве. Навошта яму ў душу лезці? Тым больш, што быў ён чалавекам працавітым, а гэта заўсёды цанілася ў народзе. Нават жывучы на кватэры, пенсіянер прыкладваў гаспадарскую руку там, дзе іншы нават і не падумаў бы: "Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых, — чыста". З адметных рыс характару Дземідзёнка можна выдзеліць ветлівасць і неразгаворлівасць, што толькі ўзмацняла яго станоўчую рэпутацыю.
  Найбольш прыязна да Дземідзёнка адносілася Дакуліха, у якой ён жыў. Гаспадыня ў сваім кватаранце ўбачыла высакарод-насць і маральную чысціню, таму вельмі тактоўна да яго ставілася. Пазней жанчына нават адмовілася ад грошай за кватараванне і ўсімі магчымымі, сродкамі спрабавала абараніць старога лесніка ад людской надакучлівасці. У фінале твора мы бачым, як шчыра гэтая жанчына спачувае чужому гору: "Ты можаш не заходзіць, — з дакорам зашаптала яна. — Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. I навошта было гаварыць каму? Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час".
  Па-іншаму адносіліся да старога дзеці: яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. Характэрна, што Дземідзёнак ніколі не сварыўся на блазнюкоў, бо чалавекам ён быў, відаць, надзвычай добрым. Аднак не ўсе людзі спагадліва і з павагай адносіліся да гэтага дзівака. Хтосьці пускаў плёткі, што птушак Дземідзёнак перапрадае, хоць на іх герой мог патраціць усю пенсію і не пакінуць грошай нават на кавалак хлеба. Другія хціва карысталіся яго жаданнем дапамагчы нявольным птушкам.
  Каб зразумець, адкуль з’явілася такое дзівацтва ў Дземідзёнка, неабходна прасачыць жыццё героя да прыезду ў гарадок, у прыватнасці часоў ваеннага ліхалецця. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у душы Дземідзёнка і сталі прычынай яго замкнёнасці. Толькі аднаму чалавеку стары расказаў пра сямейную трагедыю, якая здарылася ў часы фашысцкай акупацыі. Дземідзёнак быў лесніком і жыў у лесе на беразе ляснога возера, таму ў час вайны да яго часта наведваліся партызаны. Пад апекай старога жыла трохгадовая ўнучка. За доўгія гады адзіноты жыццё з унучкай стала пэўнай кампенсацыяй за адсутнасць у дачкі хоць нейкіх маральных абавязкаў перад бацькам. "Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць у родныя мясціны", — гаворыць аўтар пра дачку Дземідзёнка. Толькі ў гады ваеннага ліхалецця жанчына наведалася да бацькі, каб пакінуць яму ўнучку. З унучкай стары, відаць, зноў перажыў радасць бацькоўства, і яна для яго стала самым дарагім чалавекам на свеце.
  Калі Дземідзёнка забралі немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны, дзяўчынка адна засталася зімой у зачыненай старожцы. На працягу двух тыдняў фашысты катавалі лесніка, аднак ён так і не загаварыў. Стары змог вытрываць любы фізічны боль, але невыноснымі былі перажыванні за маленькую ўнучку. Стары ляснік паўстаў перад вельмі складанай дылемай: ці выдаць партызанаў і быць з унучкай ці маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё дзяўчынкі. Якой дарагой ні была для яго ўнучка, ён не пайшоў на згоду з сумленнем і не выдаў партызанаў. У гэтым Дземідзёнак выяўляецца чалавекам маральна стойкім, які не хоча рабіць зло нікому, бо для яго чужое жыццё і свабода даражэй за асабістыя. Вытрымаўшы фашысцкія катаванні, страту ўнучкі ляснік перанесці не змог. Пасля вяртання з фашысцкіх засценкаў у доме стары не застаў дзяўчынкі, а на падлозе ляжала скалелая сініца. Куды падзелася малая, можна толькі здагадвацца — забралі партызаны ці яшчэ хто, але загінуўшая птушка ўспрымаецца сімвалам пакут нявіннай дзяўчынкі. Унучка лесніка сядзела ў халоднай хаце, як птушка ў клетцы, таму яе пакуты Дземідзёнак бачыў у кожнай нявольнай птушцы. Пасля страты ўнучкі ён вымушаны быў назаўсёды з’ехаць са сваёй хаты. Старожка выклікала ў Дземідзёнка цяжкія ўспаміны пра невядомы лёс унучкі. Душэўныя перажыванні зрабілі старога задуменным, пагружаным у свае ўспаміны, таму ён стаў замкнёным і незразумелым людзям.
  Боль ад страты ўнучкі быў невыносны, таму птушынае збавенне з няволі Дземідзёнку было сапраўдным бальзамам на душу. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці:
  Клопат пра птушак быў хіба не адзінай радасцю жыцця Дземідзёнка. Птушкі сталі для былога лесніка даражэйшыя за грошы і іншыя матэрыяльныя выгоды, таму ён аддаваў усю пенсію за волю птушак. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: "Клетку з вераб’ямі… ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго".
  Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта задавальняла. Прымаючы правілы гэтай своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку, і та для яго было важней за ўсё. Мы бачым тут поўную гармонію чалавека і прыроды. Птушкі, як частка прыроды, з якой ён за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы старога лесніка. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзёнка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё старога страціла сэнс і не прыносіла задавальнення: "Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час". Былы ляснік стаў замкнёным, а праз нейкі час і зусім з’ехаў з гарадка.

Сказать спасибо
( 19 оценок, среднее 4.53 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений