Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Сонца амаль на вачах пабольшала, зрабілася чырвонае. На зямлі, ужо як на дражджах, вырасталі цені; на вадзе, на самай сярэдзіне возера, пераліваліся, бліскаючы пазалотаю лускі, быццам жыравалі там касякі маленькіх рыбак.
Над Бароўкай, двароў на сорак вёскай, якая падступалася паўкругам да возера (па адзін бок яго стаялі хаты, а па другі – лес), неўзаметку асядаў вечар.
З бярозавага балота, што пачыналася за ніжнімі бароўскімі гародамі, выпаўз туман, і пацягнула яго, як заўсёды, па тарфяным полі на мост, перакінуты цераз роў, які падзяляў Бароўку на два канцы – канаплёўскі і канчанскі. Але сёння туман быў рэдкі, як дым.
Аднекуль з далёкіх заток раптам прыляцелі дзве качкі-мацярухі і закружылі ў пары над возерам. Штосьці трывожыла птушак. І яны доўга кружылі так, баючыся апусціцца на ваду.
Была тая зацішная пара перад заходам сонца, калі ў вёску яшчэ не вярнуліся з поля каровы, а людзі, прыйшоўшы з работы (якраз за Доўгім логам кідалі ў гэты дзень стагі), паспелі ўгаманіцца.
У гэты час і прыйшла ў Бароўку старая Рэйдзіха.
Яе ўбачыла на гуцянскай дарозе Тараськова Ганна. Яна была за вёскай, у Чыкавых печах, зграбала там пад соснамі сухое шыгалле. Даўно ёй кінулася ў вочы адзінокая жаночая постаць на бязлюднай дарозе, але пазнаць, хто гэта, на ноч гледзячы, ішоў у Бароўку, доўга не ўдавалася. І толькі тады, калі Рэйдзіха павярнула на вузкую, утаптаную чалавечымі нагамі сцежку, каб паўз Чыкавы печы прайсці да выгану, па якім трапіш на бароўскую вуліцу, Ганна схамянулася.
– Божа мой. Гэта ж Рэйдзіха!.. – Яна адкінула ўбок граблі і ўтаропіла на яе свае здзіўленыя вочы, як на прывід які.
«І адкуль нясе старую нялёгкая», – падумала яна яшчэ праз момант і адчула, як у сэрцы шавяльнулася штосьці падобнае на прыкрасць.
Рэйдзіха таксама заўважыла Ганну. Яна спынілася крокаў за дваццаць і пазірала на яе, сляпуючы, з-пад рукі. Потым, ужо, мусіць, пазнаўшы, падышла бліжэй.
– Ганна!.. – сказала яна ціха, амаль прашаптала, і раптам заплакала, схапілася за фартух і пачала выціраць слёзы.
Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая – ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка – чырвоная, з чорнымі махрамі.
Рэйдзіха ціха ўсхліпвала, а Ганна стаяла, бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча ў Чыкавых пячах. І трэба ж было здарыцца якраз, што не каму-небудзь – ці мала ў Бароўцы людзей, – а ёй, Тараськовай Ганне, давялося спаткаць Рэйдзіху. Але першыя словы Ганна вымавіла, на здзіўленне самой сабе, спакойна, без прытворства, нават трохі з радасцю:
– А я гляджу, хто гэта ідзе? Гляджу – і вачам не даю веры. Ажно гэта вы, цётка Матруна!
– Ды гэта я, Ганначка, я!.. – Рэйдзіха паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка ў яе атрымалася палахлівая і вымушаная. – Вось, прывалакла свае косці, – дадала яна і тут жа нібы спахапілася, папраўляючы сябе. – У Забор’е іду. Памаліцца трэба, свечку паставіць.
– Дык сёння ж, відаць, вы не паспееце туды.
– Не паспею, – згадзілася Рэйдзіха і ўзняла на Ганну свае заплаканыя вочы. – Скажы-тка мне, а гэта ці жывая, ці не, што каля Сёмкі Парашчынага хата стаяла? Ну, як яе? Дай Бог памяць… Аўдотка Мялехава!
– Не.
– І даўно?
– Пасля вайны адразу. Здаецца, на Пятра.
– Скажы-тка, а чаму б гэта яна? Не вельмі каб і старая была…
– Ды каб усё добра, то магла б яшчэ за комінам гадкоў пяць пасядзець. Але вайна, што зробіш.
– А я спадзявалася… значую ў яе.
– Ат, каб жа было толькі тае бяды, што начаваць дзе… У Бароўцы хат многа. Во колькі, глядзіце! – Ганна паказала рукой на вёску. – Ды хоць бы і да мяне зойдзеце. Хата вялікая і новая. На адну. Балазе адбудаваліся нанова ўсе.
Пачуўшы гэтыя словы, Рэйдзіха апусціла галаву. Старая ніяк не чакала, што Ганна раптам пакліча яе да сябе. І яна прыціхла. быццам задумалася, як ёй паставіцца да неспадзяванага запрашэння. Нарэшце сказала:
– Хай табе шчасця дае Бог. А што ж Іван твой?
– Не вярнуўся Іван. Адна пяклуюся.
Рэйдзіха ўздыхнула.
Ганна памарудзіла трохі, потым спытала:
– Ну, а як вы, цётка Матруна?
– Дзякаваць Богу, сыта, адзета. Не я пазычаюся ў людзей, а болей суседзі з добрым і благім да мяне. – Рэйдзіха гаварыла гэта і. здавалася. зусім не клапацілася. паверыць ёй Ганна на слова ці не; яна прайшлася хуценька да памшэлага пня, які вытыркаўся з-пад кучы шыгалля, і села там. – Дзіцёнка перабаблю, кашу на ксцінах паб’ю, на хаўтурках павыю – павыюць і па мне добрыя людзі, – старая зноў схапілася за свой фартух, але на гэты раз яна не заплакала. – Ну, дзякуй Богу, што ты развязала маё сэрца… з начлегам. От, ужо ніколі не думала, што давядзецца напрасіцца да цябе. А гэта ты навошта? – Яна капнула нагой шыгалле.
– Трэба Ласюце пад бок паслаць, пакуль дажджоў няма.
– У цябе яна даўнавата?
– Не, пярвусцінка.
– Малако ж хоць дае?
– Трохі дае.
– То і добра.
Жанчыны разгаварыліся. Рэйдзіха неяк адразу паспакайнела. Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго ранейшага пачуцця да Рэйдзіхі. якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, – яго быццам рукой хто адвёў.
У Чыкавых печах тым часам пашарэла. За Бароўкаю зайшло сонца. І тут, паміж рэдкіх дрэў пачаў распаўзацца сіні вячэрні змрок. На захадзе, там, дзе зусім нядаўна было відно сонца. ускочыла маленькае воблачка. Яно было падобнае нечым на белую авечку, якая адбілася ад чарады. Знізу на яго яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца. і таму здавалася. што яно крывавіць.
* * *
Тое, што Рэйдзіха нечакана заявілася ў Бароўцы, дзе яе ніхто ўжо не бачыў, можа, цэлых трыццаць гадоў, больш таго, дзе яе ніхто не спадзяваўся нават бачыць – пра яе даўно не ўспаміналі ў вёсцы, бо к слову неяк не прыходзілася, – дзівіла не толькі Тараськову Ганну: навіна за якую паўгадзіну абляцела ўжо сорак бароўскіх двароў, і ў кожнай хаце толькі і гаварылі пра гэта.
Начавала Рэйдзіха ў Ганны. Пасля вячэры на скорую руку – хлеб з малаком – яна яшчэ пасядзела трохі на лаўцы пад вокнамі: людзям лішні раз паказалася на вочы, потым папрасілася на спачын. Ганна палажыла яе за грубкай, на свежым, толькі што напханым сенніку. І Рэйдзіха варочалася на ім з боку на бок. шаптала замест малітвы ў падушку:
– Прытаміліся мае ножачкі, апускаюцца мае ручачкі, баліць маё ўсё цела. Пара спакой даць старым касцям…
Сёння ўвесь час – і тады, калі падышла ў Чыкавых печах да Ганны, і пасля, ужо ў вёсцы, калі сустракалася са сваімі былымі суседзямі, – яна чакала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але Бог літасцівы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго. І цяпер яна, лежачы ў пасцелі, употай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць.
Але ці такая ўжо кароткая памяць у гэтых людзей?
…У Рэйдзіхі калісь быў муж – Лазар Рэйда, чалавек чорны і хмуры, як асенняе неба; быў таксама ў яе і сын – Яшка, такі ж чорны і хмуры, але ростам трохі ніжэйшы, ды і сілы ў ім было меней, чым у бацькі. Людзі казалі, што чарната ім перадалася ад дзеда, які быў смалакурам, а хмурасць. тут ужо можна было рабіць любыя здагадкі. І ўсё ж, відаць, самае першае, на што кожны ківаў, дык гэта тое, што Лазар Рэйда амаль усё сваё жыццё правёў у лесе. У пана ён служыў лесніком, пры савецкай уладзе таксама быў на той жа пасадзе. І праз усё сваё леснікоўства ён аставаўся жыць з сям’ёй на адным месцы – пад Круглым, там, дзе пасярод сасновага бору стаяла леснікова хата, якую збудаваў для сваёй службы яшчэ пан Сарока, здаецца, ажно ці не прадзед апошняга бароўскага пана. Гэта – кіламетры за тры ад Бароўкі, і, можа, столькі было ад Круглага да іншых вёсак. Абход быў якраз самы большы з усіх. За дзень Рэйда толькі і паспяваў прайсці яго ўздоўжкі, так што ў чалавека, нават калі б ён захацеў, усё роўна не хапіла б часу, каб пабываць у знаёмых на вёсцы. Ды і сама служба вымагала якраз таго, каб ляснік паменш вадзіўся з мужыкамі, бо гэта ж менавіта ад іх паны і трымалі яго ў лесе. А Рэйда службу знаў. І нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі – клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну.
Тым часам вакол лесніковай хаты, на лугах, на якіх стаяла некранутая трава, ад рання да позняга вечара бадзялася плойма кароў. Гэта была ўжо Рэйдзішына гаспадарка. Каровы пасвіліся амаль па ўсім Круглым адны, а ўвечары, як толькі ў лесе рабілася цёмна. яны вярталіся дамоў. ледзь не валакучы па зямлі вымі. прапахлыя малаком. І не знаходзілася на іх ні напасці якой, ні тых жа ваўкоў, што нападалі на худобу вяскоўцаў і быццам не мелі таго ж самага нюху на лесніковых кароў. Пану таксама не рупіла палічыць, колькі ў яго лесніка было кароў ды і коней, якіх той кожнае лета прадаваў цыганам. Пана цікавілі адны свежыя пні ў лесе. А іх, свежых пнёў, дык якраз і мала бачыла яго вока ў Рэйдавым абходзе, бо той трымаў мужыкоў у чорным целе – не даваў ім з панскага лесу ні сена, ні палена.
І праўда ці не, а паміж людзей ужо хадзіла чутка, што Рэйда неяк вёў гаворку са сваім панам, каб купіць у яго маёнтак. Так гаварылі ў Бароўцы. Але нічога з гэтага торгу ў іх не выйшла.
Тым больш што неўзабаве пачалася адна рэвалюцыя, потым другая, і пасля гэтай апошняй рэвалюцыі ніхто ўжо не збіраўся ні купляць, ні прадаваць зямлі. Пан раптам некуды падаўся ў губернскі горад, а зямлю яго ў хуткім часе падзялілі мужыкі. Панскі лес адышоў дзяржаве. А лесніком у ім астаўся Рэйда. Яго не зачапілі. і ён нёс сваю службу. як і раней.
Змены ў лесніковым жыцці адбыліся гадоў праз дзесяць. Раптам у лясніцтве нехта дакапаўся, што Рэйда прадаваў дзяржаўны лес, і яго прагналі з Круглага. Тады ён прыйшоў у Бароўку і стаў шныраць па ўсёй вёсцы, выглядаючы месца, дзе лепш пабудавацца. Але месца яму не знайшлося – проста ніхто не захацеў дзеля такога выпадку пацясніцца, бо кожны меў на яго зуб за леснікоўства. І Рэйду нічога не аставалася. як паставіць сабе хату адразу за коўратамі, у канаплёўскім канцы, там, дзе да самых верхніх бароўскіх гародаў падыходзіць бальшак. Тут ён і дацягнуў да калгасаў. І калі сяляне пачалі ладзіць гаспадарку разам, ён пасміхаўся ўжо з іх, стоячы пасярод свайго двара. можа, самага ўпарадкаванага на ўсю Бароўку – кругом новай, на дзесяць акон, хаты была зроблена дашчаная агароджа, праз якую чужое вока не магло нават глянуць. У калгас Рэйда не хацеў ісці.
– Баронь Божа, – аднекваўся ён, – чужое піць і ад чужога карысць мець.
Ды, урэшце. Рэйду не вельмі і клікалі да сябе аднавяскоўцы. акрамя, вядома, начальства, якому патрэбны быў у калектывізацыі поўны працэнт. І вось гэты працэнт – ім цяпер стаў і Рэйдаў двор – не даваў выканаць план. Хто ведае, можа, якраз ён потым і вырашыў астатняе.
Аднойчы загарэўся калгасны кароўнік. Гарэў ён усю кароткую летнюю ноч, а раніцою, калі дым ужо рассеяўся, у Бароўцы паявіўся конны міліцыянер. Ён спачатку прагарцаваў па вуліцы на сваім вараным стаенніку, потым павярнуўся за коўраты, да Рэйдавай хаты. Там ён арыштаваў Рэйду і пагнаў яго пад наганам па пыльным бальшаку ў раён.
Роўна праз тыдзень пакідалі Бароўку і Рэйдзіха з сынам. Відаць, яны ‘спалохаліся, што будуць раскулачваць іхнюю гаспадарку, і заспяшаліся пагрузіць свае куфры на калёсы.
З таго часу Рэйдзіха ў Бароўцы не паказвалася.
Але ў сорак другім годзе паявіўся ў Бароўцы Якаў Рэйда. Ён наляцеў на вёску разам з карным атрадам, у чужой вайсковай форме з чарапамі на рукаве. Рэйдзішын сын, ціхі і непрыкметны чалавек, якога ніколі не было відаць з-за бацькавай спіны, апынуўся раптам у немцах. Стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўлення і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі. На гэтым пясчаным пляцы, дзе да вайны калгаснікі збіраліся пасля ўсходу сонца, каб атрымаць ад брыгадзіра нарад, цяпер была падрыхтавана вісельня. Каго надумалі немцы павесіць на ёй, бароўцы не ведалі аж да таго часу, пакуль не сышоў з ганка Якаў Рэйда. Ён падскочыў да старога Тараська і, штурхаючы аўтаматам у спіну. павёў яго да вісельні.
Тараська немцы павесілі. Але на гэтым яны не спыніліся. У той жа дзень згарэла ўся Бароўка. Рэйдзішын сын першы паднёс палаючы смаляк пад саламяную страху Тараськовай хаты. Потым яшчэ некалькі хат падпалілі нямецкія салдаты, якія хадзілі ўслед за ім. Астатняе дарабіў за іх вецер: якраз стаяў ветраны дзень, і полымя, пералятаючы, як жывое, з аднае страхі на другую, няшчадна зашугала па ўсёй вёсцы.
Пасля пажару Ганна, заходзячыся ў горы, хавала свайго бацьку. На папялішчы тым часам пагарэльцы пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка, і маці, якая нарадзіла яго.
Якава Рэйду партызаны потым злавілі толькі на другое лета. калі быў разбіты пад Панькаўскай Будай карны атрад, у якім ён служыў з самага сорак першага года. Здрадніка прывезлі ў Бароўку і застрэлілі на краі бярозавага балота, там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі ржавая вада.
* * *
Назаўтра, хоць ад стомы за ноч не ўляглася ламота ў касцях, Рэйдзіха ўсхапілася рана. Агледзеўшы з непрывычкі Ганніну хату, старая ўлезла ў свой шырокі андарак, потым асцярожна, каб не разбудзіць гаспадыню, прашмыгнула, як мышка, у сенцы, дзе на лаве стаяла кадка з вадой, апаласнула свой маршчыністы, рубцаваты твар і выйшла на ганак.
Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў, як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках.
На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым. і амаль не праменілася.
Вёска як бы драмала яшчэ. На вуліцы – ні душы. І толькі аднекуль здалёк далятала раз-поразу: лясь-лясь, лясь-лясь.
Хтосьці ладзіў касу.
Услед за Рэйдзіхай, праз колькі хвілін, на ганак выйшла з сенцаў гаспадыня. Ёй таксама не заспалася: як прагнала на ранкі за пастухом карову, дык ужо і не заплюшчыла ад таго часу вачэй.
– Благадаць тута, – пачуўшы крокі, прамовіла Рэйдзіха, і ў голасе яе прагучалі адначасова ўсхваляванасць і зайздрасць. – Чыстая благадаць!
Ганна сцепанулася ад ранішняга халадку і, павярнуўшыся да Рэйдзіхі, можа, упершыню за ўвесь час, як давялося ім быць разам, уважліва паглядзела ёй у твар – зусім ужо стары, збляклы, з маленькімі вачмі, у пустэчы якіх правальваліся ўсе яе патаемныя думкі.
– А ў нас заўсёды так было, – азвалася Ганна і тут жа пашкадавала, бо падумала, што Рэйдзіха яе словы можа ўспрыняць як папрок.
Яна пачала лавіць сябе на той думцы, што ўжо каторую гадзіну, з самага ўчарашняга надвячорка, паводзіць сябе з гэтай жанчынай так, быццам у нечым была вінаватая перад ёй і цяпер аберагае яе ад усяго, што, крый божа, можа прычыніць знячэўку старой непрыемнасць.
Рэйдзіха не стала бавіцца ў Ганнінай хаце – праз які час пачала збірацца ў дарогу. Ганна не адгаворвала. Але перад тым як пераступіць парог і выйсці на вуліцу, старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона.
Ганна маўчала. Па праўдзе кажучы, у апошні момант ёй чамусьці ўжо нават хацелася, каб Рэйдзіха як хутчэй сышла з яе двара. Ёй здавалася, што, прымаючы Рэйдзіху ў сваёй хаце, яна тым самым рабіла нешта нядобрае ў дачыненні да суседзяў, хоць і ведала – ніхто не будзе дакараць яе, бо кожны на яе месцы зрабіў бы тое самае. Ды ці заўсёды дойдзеш да згоды паміж тым, што адчуваеш у сэрцы і што робіш? Але яна, вядома, таксама не падумала, каб хоць намёкам прыспешыць старую. Яна толькі сказала напаследак, што ў Забор’і, куды тая хацела падацца, царква ўжо даўно закрыта, бо спіўся поп, і туды цяпер ці варта ісці – адно нагам лішняе работы задасі. Рэйдзіха насцярожылася, кінула кароткі збянтэжаны позірк на Ганну і раптам зноў, як і ўчора, без дай прычыны заплакала, пачала камячыць у руках сваю гарусоўку, якую не паспела павязаць на галаву. Плачучы так, яна падышла да Ганны за крок і загаварыла скрозь слёзы. Гаварыла яна доўга, блытана, нават спачатку цяжка было дайсці да сэнсу яе слоў. Але паступова Ганна ўсё ж зразумела, што хвалявала старую: тая на прамілы бог, гатовая поўзаць ля ног, прасіла паказаць ёй… сынаву магілу.
…Да бярозавага балота Рэйдзіху павёў суседскі хлопчык, дзесяцігадовы Аўласаў Міцька. Яго ледзь угаварыла Ганна схадзіць туды з Рэйдзіхай. Рушылі яны па загароддзю, абыходзячы вёску з другога боку. Гэту дарогу выбрала сама Рэйдзіха. Ідучы ўслед за Міцькам, вакол якога круціўся вялікі чорны пёс, старая горбілася і спатыкалася, але ўсё прыбаўляла кроку, быццам уцякала куды, чуючы за сваёй спіной буру. Неўзабаве яны падышлі да бярозавага балота. Міцька трохі патупаў каля кустоў, потым спыніўся і з хлапечай абыякавасцю паказаў на дзірван:
– Недзе тут.
Сабака, пачуўшы гэтыя словы, успрыняў іх па-свойму, як каманду шукаць, і скокнуў да таго месца, куды паказаў рукою Міцька. Павіскваючы ад якойсьці незразумелай сабачай радасці, ён зашкроб сваімі вялікімі белымі лапамі па зялёным дзірване, і хутка з-пад яго вострых кіпцюроў пасыпаўся, як руда, балотны пясок. Але Рэйдзіха не дала капаць далей. Яна нечакана падскочыла да сабакі, пхнула са злосцю босай нагой і павалілася, бы падкошаная, на дзірван, прыпала да яго сваімі высахлымі грудзьмі. Яна не плакала. Затое часта і трывожна цяпер білася ў грудзях, гатовае вылецець адтуль назусім, яе кволае старэчае сэрца. Удары яго, напэўна, чуваць было нават праз тоўсты, паточаны чарвямі дзірван. Рэйдзіха штосьці шаптала, варушачы сухімі вуснамі. Рукі яе, жоўтыя і слабыя, сутаргава і бездапаможна коўзаліся па мокрай, яшчэ не высушанай ад расы траве, быццам намагаліся награбці на гэтым роўным шматгадовым дзірване магільны курганок.
1963