Іван Чыгрынаў — На пыльнай дарозе

Іван Чыгрынаў

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Машына імчыць праз стэп па шырокай, пыльнай дарозе. На заднім сядзенні, адкінуўшыся на спіну, Антон Ягоравіч Шасцярнёў. На пярэднім, поплеч з брытагаловым шафёрам, другі Шасцярнёў – сын Антона Ягоравіча – Васіль. Ён, як і бацька, вышэй сярэдняга росту. На выгляд мае гадоў дваццаць пяць – дваццаць сем. У яго дробныя, вельмі рухомыя рысы твару з высокім, крыху сціснутым на скронях ілбом, гладкая, амаль жаночая шыя і тонкія белыя рукі з доўгімі пальцамі.
 Бацька і сын маўчаць.
 Шафёр трымае на чорнай, шышкаватай баранцы руля вялікія спакойныя рукі і не спускае з дарогі лянівых вачэй.
 Антон Ягоравіч глядзіць на сына і ўвесь час бачыць адны адтапыраныя вушы з мяккімі, як падушачкі, мочкамі, на якіх, бы на марозе, выступіў белы пух, ды яшчэ патыліцу.
 Сына Антон Ягоравіч не чакаў да сябе. I таму разгубіўся, калі той пазваніў учора.
 – Гэта Шасцярнёў? – спытаў на другім канцы дроту незнаёмы голас.
 – Шасцярнёў.
 – Добры дзень, бацька!
 Трубка памаўчала трохі, і Антон Ягоравіч зноў пачуў:
 – Гэта Васіль… Я праездам у вас. Заўтра буду ў Крапоткіне.
 – Тады я вазьму машыну і па цябе прыеду, – сказаў Антон Ягоравіч.
 У трубцы ляснула – сынаў голас прапаў недзе, але Антон Ягоравіч не адняў ад вуха трубкі і яшчэ доўга слухаў, як на лініі перагаворваліся тэлефаністкі.
 I вось цяпер Антон Ягоравіч едзе ў машыне на мяккім сядзенні і амаль з жахам думае, што гэтак ужо вырас Васіль, хоць ён у яго і трэці, – старэйшыя даўно зажылі сваімі сем’ямі. Мусіць, і гэты таксама.
 Так, у Антона Ягоравіча трое дарослых сыноў… Ад першае жонкі. Мікола, Пецька… I гэты. Антон Ягоравіч глядзіць на яго, пакутліва думае і паступова пачынае разумець, што амаль усё пасляваеннае жыццё баяўся гэтай сустрэчы, хоць і добра ведаў, што некалі яна адбудзецца. Сын абавязкова прыедзе. I не Мікола, і не Пецька. А менавіта малодшы, Васіль.
 Машына калываецца па выбоінах. Чуваць, як пад коламі хрустае дарожная галька.
 У даўгаватае люстэрка, што над ветравым шклом, відаць шэрыя сынавы вочы, якія то патухаюць пад доўгімі вейкамі, то ўспыхваюць трывожным бляскам.

 …Апошні раз Антон Ягоравіч бачыў малодшага сына… Але ж ад апошняга разу Васіль чамусьці добра і не запомніўся. Затое не забывалася тая цёмная ноч у сярэдзіне лета, калі вярталіся з бежанцаў: непадалёку ад Клінцоў немцы самкнулі клешчы і ў акружэнні, разам з вайсковымі часцямі, апынуліся бежанскія абозы. Давялося павярнуць назад. Наўкол палыхалі пажары, а ў лесе скрозь усю ноч было цёмна, і толькі пад ранне патрохі пазначылася пад нагамі дарога. На вазах была раса. Нямазаныя калёсы гучна рыпелі, і, пэўна, здалёку магло здавацца, што гэта недзе ляцяць над зямлёй жураўлі. Нарэшце вазы цяжка выпаўзлі з лесу, і стомленыя коні спыніліся на скрыжаванні дарог перад вялікай вёскай, якая патанала ледзь не па самыя стрэхі ў густым, нерухомым тумане. Адна дарога вяла на Вішанькі. Антон Ягоравіч узяў за аброць свайго каня і павярнуў на тую дарогу.
 Развітаўся ён з сям’ёй, калі ўжо на ўсходзе пачырванела.
 Да Вішанек аставалася вярсты дзве.
 – Пабудзі хлопцаў, – сказаў Антон Ягоравіч жонцы, якая моўчкі, зажмурыўшыся, тупала за возам: згаварыліся загадзя – у вёску Антон Ягоравіч не будзе заходзіць.
 Жонка страпянулася, на момант сцялася і раптам забедавала, заплакала ўголас, закалаціўшыся ўсім целам.
 – Сціхні, не трэба так, – папрасіў Антон Ягоравіч.
 I яна паслухалася – быццам праглынула свой плач.
 Антон Ягоравіч падышоў да воза, дастаў вінтоўку, якою ён абзавёўся па дарозе і якая ляжала пад скарбам, і пачаў сам будзіць сыноў. Большыя два падхапіліся адразу. Бацька нязграбна абняў іх амаль сонных, нахіліўся над меншым. Той ляжаў на возе, загорнуты ў кажух, і, здавалася, не дыхаў.
 – Васіль… Васё-ё-ё-ок, – паклікаў бацька.
 Сын не паварушыўся.
 Тады Антон Ягоравіч адгарнуў барадою аўчыну і пацалаваў сына ў твар.
 – Няхай спіць, – сказаў ён.
 Але маці параіла:
 – Лепш пабудзі, а то прачнецца – будзе слёз, дый…
 Антон Ягоравіч падумаў і зноў ціха гукнуў:
 – Вася… Васілё-ё-ёок!
 Але сын не прачнуўся.
 – Не, няхай спіць.
 – Ды ўжо няхай, – уздыхнула маці.
 – Дык вы ж тут, хлопцы, памагайце матцы, – сказаў Антон Ягоравіч сынам. – Вас жа вунь колькі, ажно трое! А яна – адна будзе…
 Антон Ягоравіч прытуліў жонку:
 – Ну, едзьце… А я тут пагляджу…
 I доўга яшчэ стаяў на дарозе, чакаў, пакуль схаваецца за паваротам воз. Пасля закінуў на плячо вінтоўку, падвесіў на рэмень падсумак з патронамі, але не паспеў ступіць і дзесяці крокаў, як пачуў за спіною дзіцячы крык:
 – Та-а-а-та-а-а!..
 Нешта шмякнулася аб зямлю ў прыдарожных кустах, залапатала крыламі разбуджаная птушка.
 Антон Ягоравіч азірнуўся – па ранішняй шэрані, спатыкаючыся, бег да яго меншы сын, якога перад гэтым нельга было дабудзіцца. Белагаловы, босы, у расхрыстанай кашульцы, даганяў бацьку. Нарэшце падбег, задыханы, спыніўся і з вачамі, поўнымі слёз, выцягнуў перад сабой сціснуты кулачок.
 – Што ты, сынок?
 Хлопчык раскамечыў кулачок, і тады на яго вузенькай далоні Антон Ягоравіч заўважыў блішчасты вінтовачны патрон з белай куляй, на самай дзюбачцы якой былі два цёмныя паяскі.
 – Вазьмі, – сказаў хлопчык. – Гэта я… утаіў… Дастаў з тваёй кайстры і ўтаіў…
 Ён пацёр, як ад камароў, адна аб адну ногі, вінавата апусціў галаву.
 – На, вазьмі, – жаласна паўтарыў сын. – Вазьмі свой патрон. Мама кажа, што ты на вайну ідзеш.
 Антон Ягоравіч сціснуў малога за худыя плечы, падняў угору і, з заміраннем сэрца, патрымаў колькі часу на руках.
 Патрон той пасля ён доўга насіў асобна, у кішэні – усё бярог, адкладваючы на «апошні выпадак». Але «апошняга выпадку» не здарылася.
 А ў тое ліпеньскае ранне Антон Ягоравіч пайшоў на ўсход. Лінію фронту яму ўдалося перайсці недзе паміж Рослаўлем і Бранскам. Уласна кажучы, ніякае лініі фронту там яшчэ не было. Проста немцы не паспелі авалодаць трактам, што вёў на Тулу. Уздоўж яго бранскія і арлоўскія калгаснікі накапалі траншэяў, акопаў, і наша камандаванне сцягвала туды войскі. Але на рубяжы пакуль стаялі асобныя батальёны, якія займалі пазіцыі паблізу вёсак. У размяшчэнне аднаго такога батальёна і выйшаў Антон Ягоравіч. Яго затрымалі артылерысты на беразе рэчкі, здаецца, Угасці. На дошчачцы, што была прыбіта на коўратах, было напісана: «Сбор отступающих групп, одиночных бойцов и командиров в лесу у оборонительного рубежа» – і памкамузвода, украінец, спытаў:
 – А вы хто? Баец? Камандзір?
 – Дэзерцір, – падказаў няўрымслівы канваір, малады чырвонаармеец, які прывёў Антона Ягоравіча ў вёску.
 – На дэзерціра гэты выпадак не падобны, – усумніўся памкамузвода. – Хутчэй ён дыверсант. Але раз так, то вядзі да штаба. Хай начальства разбіраецца.
 Стомлены камандзір батальёна трохі паслухаў атарапелага Антона Ягоравіча і, не ўзяўшы нават у рукі ягоных дакументаў, параіў:
 – Тут, непадалёку, апалчэнцы полк свой фарміруюць. Вам, мусіць, туды і трэба.
 У наступленне немцы перайшлі ў пачатку жніўня. Семнаццаць дзён кідалі яны свае часці ў атакі. Над перадавой амаль круглыя суткі віселі самалёты з жоўтымі крыжамі. Антон Ягоравіч быў у апалчэнні. Здаецца, на пяты дзень цяжка параніла камандзіра роты, і Антона Ягоравіча прызначылі на яго месца.
 Зноў у Вішанькі Антон Ягоравіч трапіў у сорак чацвёртым годзе, калі ехаў са шпіталя ў сваю часць. Фронт тады стаяў кіламетраў за сто на захад ад вёскі – на беларускай Проні. Ужо чацвёрты год ішла вайна.
 Там, дзе некалі была пяцісценная хата Шасцярнёвых – зрубленая ў лапу, на сямёра акон з двума высокімі ганкамі, – Антон Ягоравіч убачыў папялішча і дзве груды пакрышанай цэглы: ад печы і грубкі-ляжанкі. У зале валяліся зялёныя камякі расплаўленага аконнага шкла. Тырчалі, як дзіды, абвугленыя штандары. Вакол папялішча ўжо буяў палын, з-пад бярвенняў-недагаркаў нясмела падымалася глухая крапіва, нават парос палявы хвошч. На былым падворку ўсё яшчэ ўзвышалася знаёмая лістоўніца, але і яе не абмінуў пажар – ніжняе голле паўсыхала, зялёная пакуль была адна макаўка, ды і тая пачала ўжо вянуць: мусіць, хапіла сокаў, каб зазелянець апошні раз.
 Усе ў вёсцы жылі ў зямлянках. Зямлянкі былі зроблены на скорую руку, і вёска стала падобна на вялікія могілкі.
 Антон Ягоравіч пастаяў на сваім хацішчы, агледзеўся.
 За гародам, на якім цвіла бульба, дыміла вогнішча, і Антон Ягоравіч рушыў туды. Ля вогнішча быў адзін Васілёк. Бацьку ён пазнаў адразу. Але Антону Ягоравічу чамусьці здалося, што сын быццам бы не надта рады сустрэчы – усмешка, якая паявілася на ягоным замурзаным твары, была кволая, як у хворага. Хлопчык нават не кінуўся бацьку на шыю. Ён толькі падняўся на ногі і, схіліўшы набок галаву, часта-часта заплюскаў павекамі.
 – А мамка не ведала, што ты прыедзеш, – нарэшце сказаў ён.
 Бацька пагладзіў сына па галаве.
 – Дзе ж яна?
 – Пайшла, – сын апусціўся на каленкі і пачаў мяшаць трэсачкай у кансервавай бляшанцы. – Пайшла з хлопцамі ў Халявічы. Можа, прынясуць адтуль бульбы. Халявічане не пагарэлі… дык прадаюць. А ўчора мы па твайму атэстату атрымалі за гэты месяц пяцьсот рублёў. Мама казала, што якраз на пуд бульбы хопіць. Цяпер усё дорага.
 Гаварыў ён зусім як дарослы, з нейкаю ляніваю разважлівасцю, быццам з неахвотаю, і гэта ўразіла Антона Ягоравіча, нават збянтэжыла.
 Хлопчык пераламаў хварасціну, заціснуў у ёй бляшанку і выняў з агню. Вада перастала кіпець, астоелася, і тады на дне бляшанкі Антон Ягоравіч убачыў зусім зялёныя жытнія зярняткі. Яны адно трохі распарыліся: жыта ў полі толькі-толькі пачало налівацца.
 – Ого, ды ты, хлопец, не благі кухар!
 Але сын, мабыць, не зразумеў бацькавага жарту – паглядзеў сваімі шэрымі запалёнымі вачамі і спытаў з нейкай глыбока схаванай унутранай трывогай, падобнай на шкадаванне:
 – I ты хочаш есці?
 Бацька на момант сумеўся, сціснуў зубы і адчуў, як пад скурай на шчоках па два бакі захадзілі тугія жаўлакі.
 – Кінь ты сваё варыва, – сказаў Антон Ягоравіч сыну. – Хадзем у зямлянку, у мяне тут, у чамадане, ёсць не такая яда!
 Сын паверыў – спачатку выліў на зямлю мутную ваду, пасля размахнуўся і кінуў у агонь бляшанку.
 – Але ж нашы не скора прыйдуць, – занепакоіўся ён. – Хоць што я кажу, там іх, можа, ужо хто пакарміў. Я таксама хацеў пайсці, але мамка не пусціла, сказала – не дайду. – I раптам спытаў: – А ты што, тата, маёр?
 – Ага, маёр.
 – Я і генерала бачыў.
 Ён строс рукою вуголле, якое напрыліпала да кароткіх штанін, падраных на каленках, і пайшоў да зямлянкі. Ногі ў яго былі распухлыя. Ішоў ён па сцежцы так, быццам было яму мулка, быццам баяўся наступіць на што.

 Нарэшце машына праязджае паўз вялікі сад, што расцягнуўся на цэлую вярсту па левы бок дарогі, і міма нейкага збудавання, падобнага на акведук, выносіцца на шырокую плаціну, паднятую над ракой. Васіль паварочвае галаву і доўга глядзіць на правы бераг, парослы чаротам. Антон Ягоравіч таксама нейкі час пазірае на раку, пасля пачынае неспакойна варушыцца і гаварыць:
 – На хутары Ілаваеўскім цётка твая жыве… Прося… Пераехала з Вішанек.
 – Дзе гэта?
 – Не вельмі далёка. Можа, заедзем?
 – Не.
 Бацька яшчэ хвіліну-другую спадзяецца, што сын перадумае, але той ужо глядзіць толькі на спакойную шырокую раку, у якой вада чамусьці здаецца зялёнай. I бацька зноў бачыць у даўгаватым люстэрку, што прымацавана над ветравым шклом, сынаў твар – нахмураны, з чорнымі ссунутымі брывамі, якія ледзь не сыходзяцца на пераноссі.
 …Дэмабілізавалі Антона Ягоравіча неспадзявана. Раптам выклікалі ў аблваенкамат – ужо другі год, як пасля вайны ён быў у раённым ваенкамаце на Каўказе, – і сказалі:
 – Нарэшце, таварыш Шасцярнёў, вы паедзеце дамоў. Вас дэмабілізуюць. А то засядзеліся, а сям’я там нябось даўно чакае.
 На развітальнай вечарынцы знаёмыя афіцэры пілі спірт і жартавалі, а самому Антону Ягоравічу было сумна. Можа, толькі цяпер ён па-сапраўднаму і адчуў, як нечакана абарвалася яго па-новаму прывычнае жыццё – так, прывычнае, бо за паўтара мірныя гады ён ужо прывык і да сваёй немалой пасады, і да гарадской кватэры. Праз ваенкамат нямала прайшло дэмабілізаваных афіцэраў, і Антон Ягоравіч бачыў, як па-рознаму яны ставіліся да перамен – адны з неахвотаю расставаліся з усім вайсковым, і гэтым ён па-свойму спачуваў, другія, наадварот, былі рады, што нарэшце становяцца цывільнымі, але гэтых ён амаль не разумеў. Пра сябе ён чамусьці не думаў. Яму здавалася, што ўсе гэтыя пературбацыі яго не закрануць. Таму вельмі разгубіўся, калі пачуў пра сваю дэмабілізацыю ў аблваенкамаце. За сталом цяпер сядзеў маўклівы. Яму нават дзіўна было, што ўсё гэтае «насілле» адбываецца пад такі вясёлы шум. Здавалася, што ў гэтым шуме шмат няшчырасці і шмат хто са знаёмых пасміхаецца з яго.
 У той вечар Антон Ягоравіч многа піў і многа думаў. I вынікам гэтага было тое, што нарэшце ён пераканаў сябе ў самым істотным для яго – калі б не надумаліся звальняць яго ў запас, то дамоў, у Вішанькі, ехаць яму не абавязкова было б, бо нішто яго не цягнула туды, а сям’ю, на благі канец, можна перавезці заўсёды, хоць вялікай патрэбы і не адчуваецца: Антон Ягоравіч гатовы быў лічыць, што для яго настаў час, калі дазволена «пагуляць на волі».
 Былыя саслужыўцы адвезлі Антона Ягоравіча на «вілісе» на станцыю, пасадзілі ў вагон. Нехта прыхапіў з сабой бутэльку, і пакуль стаяў поезд, выпілі яшчэ па шклянцы, пасля павыходзілі з вагона і доўга курылі на пероне. Нарэшце поезд ляснуў буферамі, Антон Ягоравіч на хаду ўскочыў на падножку. У купэ было амаль пуста, толькі на адной верхняй паліцы спала жанчына. Антон Ягоравіч паваліўся на ніжнюю полку, стомлена, да хрусту ў касцях, выпрастаўся і заснуў.
 Прачнуўся ён ужо недзе паблізу Растова. У купэ сядзела, мусіць, тая самая жанчына, што спала ўначы. Антон Ягоравіч схадзіў памыцца, падсеў да акна. Галава пасля выпіўкі балела, на душы было прыкра. Цяпер, як ніколі, Антон Ягоравіч адчуваў сябе адзінока, зусім не заўважаючы, што сваімі «чорнымі» думкамі сам наганяў гэтую адзіноту.
 Жанчына была гадоў на дзесяць маладзейшая за Антона Ягоравіча. Выгляд у яе быў здарожаны, і таму не паддаваўся вызначэнню дакладны ўзрост, хоць і без таго было ясна, што да трыццаці ёй яшчэ трохі не ставала. Неўзабаве яны разгаварыліся і ўжо да Растова ехалі, як добрыя знаёмыя. Антон Ягоравіч раптам на час забыў і пра сваю адзіноту, і пра сваю крыўду. Яму зрабілася нават хораша.
 Звалі яго спадарожніцу Валянціна Захараўна, і хутка Антон Ягоравіч ужо клікаў яе проста Валяй. Яна адкрыта глядзела на яго сваімі вялікімі вачамі, смяялася сваім мяккім, аксамітавым смехам і ўсё пагладжвала левай рукой сваё аголенае правае плячо – белае і гладкае.
 У Растове Валянціне Захараўне трэба было выходзіць, і Антон Ягоравіч памог сабраць рэчы.
 – А што, калі і мне пахадзіць па Растову, – быццам спахапіўшыся ў апошні момант, сказаў Антон Ягоравіч.
 Валянціна Захараўна ўскінула на яго свае блакітныя вочы і сказала зусім весела:
 – Вы ж, мусіць, самі сабе камандзір!
 – Значыць, запрашаеце, Валечка?
 – А чаму б і не! – нібы ад здзіўлення, паціснула яна плячамі. – Пакажу вам Растоў. Дарэчы, у мяне і кватэра свая.
 I самае галоўнае – Валянціна Захараўна не распытвала, жанаты ён ці халасты, адкуль і куды едзе, што збіраецца рабіць. Адным словам, Антон Ягоравіч раптам знайшоў сабе ўцеху і затрымаўся ў дарозе ажно на цэлы тыдзень.
 У Вішанькі ён прыехаў трохі супакоены. Але спакою хапіла ненадоўга. Пахадзіў колькі дзён «па начальству» і зноў пачаў думаць, што вакол шмат няшчырасці і што кожны гатовы пасмяяцца з яго: як жа, зноў у старшыні сельсавета! Асабліва моцнае стала гэтае недарэчнае адчуванне ў ягонай душы пасля сустрэчы з Чарчуліным, даўнім сваім знаёмым, які да вайны часта бываў у Вішаньках упаўнаважаным па розных кампаніях.
 – Ты не надта слухайся іх, – казаў Чарчулін. – Хадзі, спрачайся, дамагайся свайго. Пад ляжачы камень вада не заплыве. Ай-я-яй! – Чарчулін цокаў языком, ледзь не ў роспачы ківаў галавой. – Я табе, дарагі мой Шасцярнёў, выдам адзін сакрэт. Будзем лічыць, што ты тут пакуль чалавек новы. Дармо што тутэйшы. Цяпер у раёне ўсё па-новаму пайшло. – I пачаў наступаць Антону Ягоравічу на мазоль. – Партызаны захапілі ў раёне ўсю ўладу. Пакуль мы на Берлін хадзілі, яны тут паасядалі, і цяпер іх нічым не выкарчуеш. Як прыйшла рэгулярная армія, так і засталіся тут, пахапалі партфелі. Ну, а цяпер старыя кадры вяртаюцца. Дык каму хочацца месца сваё аддаваць? Вось так, дарагі Антон Ягоравіч! Сітуацыя, скажу табе. Схадзіў бы ты яшчэ да першага.
 Першы сакратар райкома, аднарукі і, відаць, хворы чалавек, прыняў Антона Ягоравіча ветліва, уважліва паслухаў, сумна ўсміхнуўся.
 – Дарма гэта вы, таварыш Шасцярнёў. Нам цяпер патрэбны людзі во як! – Ён пакратаў рукою сваю кадыкаватую шыю. – Але я не разумею, чаму ўсе дэмабілізаваныя афіцэры павінны шукаць сабе месца ў горадзе. Вы ж самі, пэўна, паспелі ўжо ўбачыць, што ўсё яшчэ разбурана – адны папялішчы наўкол. Тут жа франтавая паласа была. Дык трэба ж неяк жыццё па-чалавечы пачынаць. Людзей з зямлянак выводзіць, здаецца ж, і ваша сям’я яшчэ ў зямлянцы жыве. Ну, а наконт… А наконт большай пасады, то ўрэшце ў нас яны амаль усе выбарныя. Папрацуйце, таварыш Шасцярнёў, у вёсцы, камуністы паглядзяць на вас, можа, выберуць і на маё месца. – Ён зноў усміхнуўся. – А вы кажаце – партызаны, франтавікі. Ды і не адны вы. Але што гэта за размежаванне? Калі хочаце ведаць дакладна, то я і не франтавік, і не партызан. Хаджу без рукі яшчэ з грамадзянскай.
 З райкома Антон Ягоравіч выйшаў як бы прысаромлены. Але спаслаўся на тое, што яшчэ не адпачыў. Пасля пачаў знаходзіць іншыя адгаворкі.
 Напісаў у Растоў.
 Валянціна Захараўна адказала тыдні праз тры. Але на канверце адрас быў не растоўскі – кароткае пісьмо прыйшло з Краснадарскага краю. «Мне пераслалі Ваша пісьмо знаёмыя, – пісала Валянціна Захараўна. – Па мяне прыязджаў у Растоў мой брат, і я цяпер жыву разам з ім. Дарэчы, я расказала яму пра Вас. Калі Вы ўсё ж не ўладкаваліся там, то прыязджайце да нас. Брат кажа, што работа тут знойдзецца. На першы час ён можа ўзяць памочнікам да сябе. Яго памочнік якраз на павышэнне пайшоў – забралі ў другі раён…»
 Пісьмо гэта неспадзявана і вырашыла ўсё. Антон Ягоравіч раптам сабраўся і паехаў. А жонцы і меншаму сыну – самы большы к таму часу ўжо служыў у арміі, а сярэдні, Пецька, вучыўся ў тэхнікуме ў Магілёве – сказаў, што паедзе пашукае добрага месца і, калі яму спадабаецца там, прыедзе забярэ іх…
 

* * *

  I вось цяпер малодшы сын, якога Антон Ягоравіч некалі, шмат гадоў таму ашукаў і, мусіць, дзеля «кар’еры» баязліва пакінуў у нястачы, сядзіць перад ім. Кар’еры Антону Ягоравічу не ўдалося зрабіць: ён «замёрз» на адным месцы. I вось цяпер тут сын… Антон Ягоравіч разумее, што ім як хутчэй трэба пагаварыць – тады, можа, не будзе ўжо гэтай пакутлівай і зацятай маўклівасці, якая прымушае сціскацца сэрца. Але як падступіцца да яго, з чаго пачаць, пра што гаварыць, Антон Ягоравіч не ведае.
 А машына тым часам, узнімаючы пыл, няспынна імчыць праз стэп.

Крыніца: Чыгрынаў І. Выбраныя творы. У 3-х т. Том 1. Апавяданні. – Мн., «Мастацкая літаратура», 1984. – 366 с.

Сказать спасибо
( 18 оценок, среднее 2.56 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений