Іван Чыгрынаў — У ціхім тумане

Іван Чыгрынаў

  Апавяданне "У ціхім тумане" раскрывае яшчэ адну чалавечую трагедыю, якая адбылася ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першапачатковая назва апавядання "У ціхім тумане" — "Маці". Яно было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе "Полымя", аднак крытыка непрыхільна сустрэла гэты таленавіты твор. Апавяданне не ўпісвалася ў дагматычныя нормы вульгарызатарскай крытыкі, якая гнеўна асуджала аўтарскую канцэпцыю твора. Менавіта па гэтай прычыне ў выдавецтве "Беларусь" затрымалі выданне першай кнігі маладога аўтара. Зборнік "Птушкі ляцяць на волю" быў выдадзены, але твор "Маці" пэўны час не перадрукоўваўся. Тым не менш у 1970 годзе апавяданне было надрукавана на рускай мове (у перакладзе Э. Карпачова) у маскоўскім часопісе "Дружба народов" пад назвай "В тихом тумане". На беларускай мове "У ціхім тумане" чытачы зноў змаглі прачытаць толькі ў 1984 годзе ў першым томе трохтомнага выдання твораў Івана Чыгрынава. Гэтае апавяданне разам з "Жыве ў крайняй хаце ўдава", "Ішоў на вайну чалавек", па трапным выказванні Анатоля Кудраўца, "…не размінка спартсмена перад дальнім стартам. Гэта праверка сілы перад вялікай дарогай, з поўнай аддачай, з усёй адказнасцю і надзеяй на перамогу". У тым ліку і апавяданне "У ціхім тумане" праклала дарогу лепшаму твору Івана Чыгрынава, які прынёс вядомасць далёка за межамі Беларусі, — раману "Плач перапёлкі".
  Рэйдзіха надвячоркам з’явілася каля вёскі Бароўка, і першай яе ўбачыла Тараськова Ганна. Аўтар гаворыць, што "Ганна схамянулася", убачыўшы яе, і гэта ў пэўнай ступені інтрыгуе чытача. Знешні выгляд Рэйдзіхі даволі дзівакаваты: "Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнаю босая — ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі. Палаплены зялёны андарак ледзь не даставаў ёй да пятак. Не была асабліва новаю і доўгая сацінавая кофта, якую Рэйдзіха насіла навыпуск, так, што з-пад яе толькі звісаў вышываны фартух. Затое на галаву была павязана прыгожая, яшчэ амаль не паношаная гарусоўка — чырвоная, з чорнымі махрамі". Вопратка даволі тыповая для старой беларускай сялянкі, але адразу відаць, што знешні выгляд яе мала клапоціць: што ёсць, тое і апранае. Параўнанне яе са спалоханай птушкай выклікае пэўнае спачуванне да жанчыны. Такая аўтарская падрыхтоўка чытача цалкам апраўданая таму, што потым мы даведваемся пра яе жыццёвую трагедыю: Рэйдзіха — маці здрадніка-паліцая. Сапраўды, паводзіны гераіні насцярожаныя, яна баіцца рэакцыі людзей на яе. З часу трагічных падзей прайшло каля трыццаці гадоў, але не ўсе раны, зробленыя сынам гераіні, загаіліся, таму Рэйдзіха пакорліва гатова была прыняць любую рэакцыю землякоў.
  Рэйдзіха баялася негатыўнай рэакцыі былых аднавяскоўцаў, але мацярынскія пачуцці перамагаюць, і яна ў пошуках магілы сына з’яўляецца ў Бароўцы. Ёй сорамна за сына, таму яна прыйшла ў вёску падвечар, каб менш людскіх вачэй яе бачылі, каб менш часу быць сярод людзей, пакрыўджаных Якавам. Рэйдзісе няёмка прызнацца, з якой мэтай яна прыйшла ў вёску, таму прыходзіцца гаварыць, што зайшла па дарозе ў Забор’еўскую царкву. Аўтар спачувае сваёй гераіні, таму параўноўвае яе з птушкай, скінутай з гнязда, якая хоча хоць неяк затрымацца на зямлі, каб перастаць падаць. Параўнанне яе з падстрэленай варонай яшчэ больш узмацняе трагедыйнасць вобраза: "…Старая раптам затужыла моцна і, уздыхаючы, захадзіла босая па хаце з кутка ў куток, як падстрэленая варона". Рэйдзіха без знешняй прьгчыны магла заплакаць, што гаворыць аб глыбокіх душэўных перажываннях жанчыны, якая з-за бесталковага сына шмат гадоў пражыла з болем у сэрцы.
  Iван Чыгрынаў паказаў жанчыну-маці не лубочна ў традыцыях савецкай літаратуры, дзе маці здрадніка павінна была б адрачыся ад сына, а па-чалавечы — для маці сын застаецца сынам у любым выпадку, таму яна яго не выракаецца, а шкадуе. Мацярынская любоў — гэта ўсё, што застаецца адзінокай жанчыне са спакутаваным сэрцам.
  Аўтар не паказвае рэакцыі ўсіх жыхароў Бароўкі на з’яўленне Рэйдзіхі, але можна здагадацца, што яна была самай рознай. Мы бачым рэакцыю Ганны на маці здрадніка і можам зрабіць вывад, што гэта жанчына найбольш ярка выражае аўтарскае ўяўленне пра чалавечнасць. Ганна пусціла начаваць да сябе маці чалавека, які забіў яе бацьку. Гэта было зусім неспадзявана для старой, відаць, і Ганна не чакала ад сябе такога ўчынку. Але менавіта такая ўсёдаравальнасць і міласэрнасць прыносяць Ганне душэўнае заспакаенне: "Вярнуўся неспадзявана ўнутраны спакой і да Ганны. У душы ў яе ўжо чамусьці не было таго, ранейшага, пачуцця да Рэйдзіхі, якое яна адчула, калі ўбачыла яе на гуцянскай дарозе, — яго быццам рукой хто адвёў". Ганна ўвесь час баіцца пакрыўдзіць старую нават неасцярожным словам: "Яна пачала лавіць сябе на той думцы, што ўжо каторую гадзіну, з самага ўчарашняга надвячорка, паводзіць сябе з гэтай жанчынай так, быццам у нечым была вінаватая перад ёй і цяпер аберагае яе ад усяго, што, крый божа, можа прычыніць знячэўку старой непрыемнасць". Гэта найвышэйшая ступень хрысціянскай даравальнасці, на якую здольны толькі высакародны ча-лавех. Пісьменнік раскрывае лепшыя рысы нацыянальнага характару. Асабліва ярка мы бачым, як беларускі народ здольны адгукацца на чужое гора, зразумець і паспачуваць: "Сёння ўвесь час — і тады, калі падышла ў Чыкавых печах да Ганны, і пасля, ужо ў вёсцы, калі сустракалася са сваімі былымі суседзямі, — яна чакала, што вось-вось людзі пачнуць гаварыць пра яе сына. Гэтага старая баялася больш за ўсё на свеце. Але Бог літасцівы быў, і ніводзін чалавек не напомніў пра яго. I цяпер яна, лежачы ў пасцелі, употай радавалася і, можа, першы раз за ўсё доўгае жыццё, як ведала бароўцаў, у душы ўдзячна была ім за іх кароткую памяць". Уся вёска ведала пра неспадзяваную госцю ў Бароўцы, але ніводзін чалавек не прыйшоў і не стаў дакараць старую за сына. Людзі за ваенныя гады не ачарсцвелі, не сталі жорсткімі, а, наадварот, пасля нялюдскіх 30-х гадоў сталі бліжэй да Бога і хрысціянскіх законаў суіснавання. Аўтар апавядання "У ціхім тумане" ўслед за Васілём Быкавым сцвярджае, што вайна стала для людзей чысцілішчам, якое абудзіла ў іх усё самае святое і чалавечнае. Менавіта таму бароўцы так тактоўна паводзяць сябе з Рэйдзіхай, нягледзячы на тое, што Якаў Рэйда спаліў вёску і расстрэльваў землякоў.
  Маці Якава была жанчынай лагоднай, добрай і працавітай, менавіта на ёй трымалася ўся вялікая гаспадарка. Аднак большы ўплыў на хлопца меў бацька, нездарма ў творы падкрэсліваецца падабенства паміж Якавам і Лазарам Рэйдам. Пісьменнік гаворыць, што старэйшы Рэйда быў "чалавек чорны і хмуры", такім жа быў і яго сын. Гэтая атэстацыя, як потым высвятляецца, тычыцца не толькі знешнасці бацькі і сына, але і іх маральных якасцей. Доўгі час Лазар працаваў лесніком і пры пане, і пры савецкай уладзе. Праца гэтая нялёгкая, бо ўвесь час неабходна шукаць кампраміс паміж службовымі абавязкамі і чалавечымі ўзаемаадносінамі. Думаючы толькі пра ўласную выгоду, Рэйда дагаджаў начальству, а людзей за братоў не лічыў: "…Рэйда службу знаў. I нёс спраўна. За гэта пан яму нядрэнна плаціў, а мужыкі — клялі і не адзін раз спрабавалі пацэліць з ружжа ў яго шырокую спіну". Праз гадоў дзесяць пасля рэвалюцыі Лазара выгналі з працы за продаж дзяржаўнага лесу. З гэтага можна зрабіць вывад, што яго прынцыповасць нічога агульнага з сумленнасцю не мела. Таму грошы на пакупку маёнтка ў пана маглі быць зароблены і не ад мазаля. Гэта ўсё вельмі негатыўна характарызуе Лазара Рэйду. Адмоўна ставіліся да яго і людзі. Таму, калі паўстала неабходнасць пераехаць з Круглага ў Бароўку, ніхто з вяскоўцаў, маючы зуб на яго леснікоўства, не захацеў пацясніцца.
  Ствараецца ўражанне, што ўсё жыццё пражыў Лазар Рэйда нелюдзіма. Не было ў яго патрэбы мець нейкія чалавечыя стасункі з аднавяскоўцамі. Калі былы ляснік пабудаваў хату на водшыбе ад вёскі, то паставіў дашчаную агароджу, праз якую чужое вока не магло нават глянуць. Агароджа паміж Рэйдам і аднавяскоўцамі была не толькі дашчаная, але і маральнага кшталту. Таму, зразумела, што ў калгас ён не пайшоў і жыў аднаасобна. Відаць, такое супрацьстаянне і стала прычынай далейшага незайздроснага лёсу Лазара. Калі ў калгасе загарэўся кароўнік, то арыштавалі менавіта Лазара Рэйду. Зрабілі крайнім чалавека, якога не любілі ў вёсцы. Рэйдзісе з сынам нічога не заставалася, як уцякаць ад раскулачвання. У апавяданні "У ціхім тумане" мы бачым яшчэ адзін прыклад таго, як сталінская рэпрэсіўная машына калечыла лёсы людзей. Лазар Рэйда не з’яўляецца прыкладам маральнага ідэалу чалавека, але гэта яшчэ не падстава для яго фізічнага знішчэння.
  Аўтар напрамую не тлумачыць прычыну здрадніцтва Якава, але, як можна зразумець, бацькаў прыклад чалавеканенавісніцтва, а таксама несправядлівасць людзей і савецкай улады да яго сям’і і маглі стаць прычынай маральнай дэградацыі Якава Рэйды. Ён з’явіўся ў вёсцы ў 1942 годзе разам з карным атрадам фашыстаў: "Стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўленяя і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі". Увесь працэс духоўнага падзення Якава не прасочваецца ў творы, але вынік яе відавочны. З задавальненнем здраднік прымае ўдзел у павешанні Тараські і першым падпальвае хату пакаранага. Пасля карнай аперацыі згарэла ўся вёска, і людзі праклівалі не толькі здрадніка, але і яго маці. Іван Чыгрынаў хоць і спрабуе даследаваць прычыны здрадніцтва Якава Рэйды, але ні ў якім разе не апраўдвае яго ўчынак. Пісьменнік на ўласныя вочы бачыў падобныя карныя аперацыі і ведаў, што такое маглі зрабіць толькі нелюдзі.

Сказать спасибо
( 8 оценок, среднее 2.88 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений