Увага! Поўны змест
Нам было ў той час па дзесяць гадоў — адным трохі болей, другім трохі меней. I мы былі дзеці вайны. Але тады мы амаль усё ведалі, і мне часам здаецца, што ведалі куды больш, чым нават цяпер, калі нам па трыццаць ужо. Напрыклад, мы без памылкі маглі яшчэ на падлёце пазнаваць па гуку самалёты — «нашы» і «не нашы». Ведалі, якія кулі ў што пафарбаваны — звычайныя, разрыўныя, бронеразрыўныя, бранябойныя, трасіруючыя… Цяпер ужо адно цяжка пералічыць, а тады мы ведалі, па чым якою куляю страляць: калі хочаш, каб галаву раскяпіла, заганяй у ствол патрон з разрыўной; калі з’явілася неабходнасць прашыць што наскрозь, то выбірай бранябойную кулю; ну, а калі проста трэба забіць чалавека (а ў вайну, як я помню, чамусьці забівалі адных людзей), то пашукай у абойме самую звычайную — гэта лёгка ўдавалася, бо звычайныя кулі не фарбаваліся… Я не кажу ўжо пра знакі адрознення, што насілі салдаты і афіцэры любой краіны, якая мела вайсковыя часці на ўсходнім фронце: нямецкай (гэта, вядома, у першую чаргу), затым іспанскай, італьянскай, венгерскай, фінляндскай, румынскай, славацкай… Але мы не толькі адрознівалі варожых салдат па вайсковай форме, а і ведалі, як да каго падыходзіць. Ніколі, здаецца, не баяліся мы вясёлых італьянцаў. Тым часам славакі, якія таксама ваявалі супроць «нашых», маглі нават пакарміць нас — «славянскіх дзяцей». А галодныя мы, здаецца, былі заўсёды: то харчу не хапала, то солі (не пасаліўшы — не з’ясі), то яшчэ якой трасцы. Таму і выходзіла, што ў вайну нам мала калі даводзілася ўволю пад’есці. Праўда, быў адзін час, калі мы таксама раскашавалі. Гэта ўвосень сорак трэцяга года, як вярнуліся нашы. Баі на нашай рацэ ішлі нядоўга — за тры дні ўсё было скончана, і немцы адышлі да Прапойска. Але яшчэ да самага канца чэрвеня наступнага лета мясцовасць наша заставалася прыфрантавой, і праз вёску, спаленую да хаты (людзі перабраліся ў зямлянкі), часта праходзілі на фронт і з фронту розныя часці. Здаралася, што чырвонаармейцы спыняліся на вялікі прывал — проста на вуліцы, паміж зямлянак, — і тады пачынала дыміць кухня, дражнячы пахам усю згаладалую вёску. Варылі нашы салдаты звычайна прасяную кашу на сале, часам макаронавы суп з бульбай. I мы заўсёды чакалі, пакуль салдаты пад’ядуць. Былі ўпэўнены, што ў катле застанецца і на нашу долю. Ды не мала, а добрая палавіна катла. Тады мы падыходзілі да кухні са сваім посудам — хто з бляшанкай, а хто з чыгунком ці махоткай, — і повар раздаваў астатак ежы. I толькі пасля ўжо, як падраслі, мы нарэшце зразумелі, чаму заўсёды ў катле заставалася палавіна кашы і чаму ніколі не падыходзілі да кухні нашы маткі: яны былі таксама згаладалыя, як і мы, і ў тыя хвіліны, калі салдаты «прымалі ежу», сядзелі ў зямлянках і чакалі, пакуль прыйдуць ад кухні дзеці. Але настаў час, і наша лафа кончылася. Фронт адышоў далёка на захад. Салдаты больш не спыняліся ў вёсцы. А мы па-ранейшаму хацелі есці. Як заходзіў год за год, так і голад за голадам ішоў. Ужо было каторае лета, а мы ўсё яшчэ, здзіраючы на лузе пучкі са шчаўя (на хлеб), успаміналі, як праз вёску «праходзілі нашы і везлі за сабой зялёныя кухні». Каб хоць трохі пад’есці, мы, здаецца, гатовы былі ісці на край свету. Але ніхто з нас тады не ведаў, ці ёсць хлеб і на краю свету… I ўсё ж мы аднаго разу схадзілі. Праўда, не на край свету, а ўсяго за сто кіламетраў. Можа, меней. Тады ніхто не мераў тыя кіламетры.
Павёў нас Васіль Карапет. Прозвішча ў яго было другое, а Карапетам чамусьці звалі. I не наш ён быў спачатку — прыезджы. Прывёз яго і старэйшую сястру таксама бацька іхні да нас у вёску, у тую ж восень, як прыйшло вызваленне ад немцаў: тады да нас наогул шмат прыязджала людзей — ці свае вярталіся з бежанцаў, ці проста знаёмыя з франтавых раёнаў ехалі да знаёмых, каб перажыць цяжкі час, нягледзячы нават, што пагарэлі мы. Дык Карапетаў бацька таксама прывёз сына і дачку (маці ў іх не было ўжо) і пасяліў у зямлянку да сляпой Вулькі, якая жыла на той вуліцы, што ля возера, а сам пайшоў у ваенкамат прызывацца ў армію. Звычайна прыезджыя не збіраліся доўга ў нас заставацца — прыязджалі адно перачакаць. Але пасля ўжо адны асядалі назусім — што доўга ездзіць, усюды аднолькава,— другіх жа цягнула ўсё ж «радзіма». А Васілю з сястрой не было куды падавацца. Бацька іх загінуў яшчэ на Проні, і яны жылі ўсё ў той жа сляпой Вулькі. Жылі — гаравалі. Нарэшце старшыня сельсавета дапісаўся некуды, у вёску прыехала камісія і забралі спярша сляпую Вульку ў дом інвалідаў, пасля Васіля — у дзіцячы дом, але не ў свой, раённы, што знаходзіўся на чыгуначнай станцыі, а чамусьці павезлі ажно за Унечу, пад самы Старадуб. Сястру Васілёву ў дзетдом не бралі, бо яна ўжо мела на той час пятнаццаць гадоў, значыць, нявеста, скончыла сем класаў і працавала ў калгасе. Прызнацца, мы дык трохі пазайздросцілі Васілю: будзе хлопец жыць там на ўсім казённым, і, галоўнае, галадаць ужо не давядзецца — у вёсках гаварылі, што у дзіцячых дамах даюць фасолю і амерыканскія кансервы. I таму ўсе былі надта здзіўлены, асабліва мы, яго таварышы, калі ў чэрвені, гэта ў самую крапіўную пятроўку, нечакана з’явіўся ў вёску Васіль Карапет. Адзеты ён быў сапраўды ў казённае — плісавы касцюмчык з пацёртымі каленкамі, картузік, нават парусінавыя туфлі на нагах меў, але з твару, як кажуць, з’ехаў на мыла і стаў худы, больш ахлялы, чым нават некалі ў вёсцы.
— Што гэта ты, Васіль, так?.. — пыталіся ў яго.
Але Васіль не быў ахвочы да размоў, і калі адказваў каму, то чамусьці чырванеў, быццам у яго хацелі выведаць тайну. Затое цяпер хлопец вельмі шчыраваў па гаспадарцы: насіў з лесу яловую кару, каб перакрыць Вулькіну зямлянку, у якой усё яшчэ жыла сястра, хадзіў ажно колькі разоў з мужчынамі касіць — не баяўся надарваць па малалецтву пуп, адным словам, рабіў усё з выглядам раптам пасталелага чалавека, які недзе пахадзіў ужо і паразумнеў. Часам нам, яго аднагодкам, ажно няёмка было — Васіль вунь укалвае ў калгасе разам з дарослымі, а мы лайдачым. Ды і маткі нашы, дакараючы нас, Васіля ў прыклад пачалі ставіць. Здавалася, Васіль ужо не збіраўся вяртацца ў свой дзіцячы дом. Хадзілі чуткі, што Васіля возьме да сябе жыць Наста Барысёнкава, маўляў, гады праз тры, калі хлопец падрасце, муж нядрэнны з яго будзе. I мы адчувалі, як паступова Васіль нібы аддаляўся ад нас. Паміж сабой, у сваёй кампаніі, мы часта смяяліся з Васіля, асабліва нас хвалявала тое, як Васіль пойдзе жыць да Насты, але пры ім мы ніколі не дазвалялі сабе нічога такога, што б пакрыўдзіла яго. Аднагодак — аднагодкам, сябар таксама сябрам, а круглы сірата — гэта ўжо нешта такое, чаго мы не зведалі пакуль, бо ў нас шмат у каго не было бацькоў, затое былі маткі, тым часам у Васіля была адна сястра, якая сама яшчэ не стала на ногі. I вось аднаго разу мы наважыліся ў лес — на былой Ігнацькавай пасецы падраслі ў гнёздах дразды, ужо можна было смажыць іх (голад — не цётка, і мы тады часта забіралі з гнёздаў кілаватых птушанят). Запрасілі з сабой і Васіля. Спачатку хлопец нібыта памуляўся, гаварыў, што яму некалі, пасля згадзіўся.
На пасеку мы прыйшлі рана, яшчэ на траве ляжала раса, але птушаняты сядзелі толькі ў адным гняздзе, у трох іншых мы засталі адзін птушыны памёт, бо нехта апярэдзіў нас. Нам было мала птушанят з аднаго гнязда — не пад’ясі, толькі раздражнішся, — і мы велікадушна махнулі рукой на іх: няхай становяцца падлёткамі. Вядома, нас трохі бянтэжыла няўдача, думалі, наедзімося, а тут… I нехта ўспомніў:
— Ля Карнеевай крыніцы таксама дразды вядуцца!
Да Карнеевай крыніцы (так называлася ўрочышча, дзе некалі Карней, чалавек з нашай вёскі, выкапаў студню, якая пасля пяском заплыла) было далёка, кіламетраў пяць, можа, нават з гакам, і асаблівага імпэту паведамленне гэта не выклікала ў нас: па-першае, трэба ажно вунь куды тупаць, а па-другое, ніхто не быў упэўнены, што нам павязе,— а раптам і там ужо хто-небудзь пабраў драздоў. Тады неспадзявана падаў голас Васіль Карапет:
— Хочаце наесца?
— Хочам.
— Дык хадземце са мной. У дзетдом.
— Ого! Гэта ж надта далёка!
— А мы лесам пойдзем. Пасля можна чыгункай. Дзе-небудзь у Журбіне сядзем на таварняк, праедзем за Унеч. А там ужо рукою дастаць можна.
Васіль сядзеў на высокім бярозавым пні, паточаным чорнымі мурашкамі, здавалася, быў да ўсяго абыякавы і назнарок не глядзеў на нас — маўляў, не маленькія, думайце. Мы доўга стаялі ў нерашучасці, смурыжылі адна аб адну ногі, адганяючы камароў-крывасмокаў. Нарэшце нехта спытаў Васіля:
— А чым нас там пакормяць?
Той нават не ўсміхнуўся:
— Па крайняй меры, кансервы дадуць.
З намі ў лесе было двое малых — Сцёпка Кажанок, які яшчэ не хадзіў у школу, і Хала (хлапчук не выгаварваў слова «сала», у яго заўсёды выходзіла «хала», таму і празвалі так). Але дамоў мы паслалі аднаго Кажанка, толькі наківалі, каб трымаў да вечара язык за зубамі: як спахопяцца, на ноч гледзячы, маткі, тады і прызнавайся, няхай дарма не хвалююцца, скажы, што мы пайшлі праводзіць Карапета ў дзетдом.
Калі выходзілі з Ігнацькавай пасекі, сонца ўжо было далёка ад таго месца, дзе вынырала ўранні; яно вісела, усё прамяністае, без кропелькі чырвані, над бярозавым гаем, што ажно сінеў па той бок калгаснага поля, якое горбілася ля самай вёскі і паступова распасціралася за бальшаком, адкрываючы далягляд. У лесе яшчэ адчувалася ранішняя прахалода, зрэдку, калі чапляўся хто за куст, пырскала на твары раса, але і раса і прахалода былі ўжо як падагрэтыя — на зямлю паступова асядала духата, якая запаўняла сабою, дзе толькі можна, пустату. Нават дыхаць цяжка станавілася. У лесе пахла растопленай смалой. I ўсё жывое хавалася ў цень. Адны нястомныя жаваранкі, якія то раптоўна падалі з вышыні, то зноў узляталі над полем угору, званілі ў пабялелым, быццам выцвілым, небе, і іх чуваць было нават тады, калі дарога збочвала ў самы лес, ды весела, як на пажары, ціўкалі на бярозах, што раслі паабапал палявых дарог, вераб’і.
На высушаных сонцам лясных палянах ужо ваўсю цвіў жоўты светаяннік, а на папарах, што былі на ўзлесках, адразу за межавымі канавамі, калыхаліся мяккія мяцёлкі палявога хвашчу, падобныя на маладыя лістоўніцы; побач з даўганогімі сухавейкамі, якія нядаўна распусціліся ля дарог, адцвітаў залацісты расходнік; на званках зарніц, што не хацелі расчыняць свае чырвоныя зеўранкі, гулі басістыя чмялі, апяразаныя чырвонымі і жоўтымі паясамі; быў якраз той час, калі цвілі амаль усе лугавыя і палявыя краскі і калі, нягледзячы на сухмень, трава стаяла яшчэ мяккая і зялёная; затое на пясчаных пагорках, паміж вёскамі, скрозь шапталася пасмяглае і пустое жыта…
Спачатку мы ішлі шумна, быццам не верылі яшчэ самі ў тое, што задумалі, пасля аціхлі, і гадзіны праз чатыры, калі прамінулі ўсе знаёмыя вёскі, што былі на дарозе, убачылі саламяныя стрэхі невялікай, двароў на паўсотню, лясной вёскі.
— Панкоўская Буда,— пазнаў вёску Васіль Карапет.
Мы здзіўлена пераглянуліся — Буда гэтая належала ўжо зусім да другога сельсавета. Адна дарога адсюль вяла на чыгуначную станцыю Бялынкавічы, да якой было яшчэ нямала кіламетраў, а другая — на паўстанак Журбін. Мы выбралі другую дарогу — на Журбін і пашыбавалі двума ланцужкамі па абочынах, палохаючы ў зялёным верасе вяртлявых яшчарак і крыклівых сарок, якія пырхалі ўслед за намі па сасонніку. За пагоркам, як схавалася з вачэй вёска, угледзелі раптам чалавека. Той ішоў таксама абочынай, але не спяшаўся, і неўзабаве мы здагадаліся, што гэта немец, — як і ў акупацыю, ён быў у прывычнай для нас пілотцы, у мышастым мундзіры, але без пагонаў, і на нагах замест ботаў меў драўляныя стукалы. На плячы ў яго вісела вялікая торба, пашытая з плашч-палаткі. У торбе нешта было, хоць і небагата, яна зусім не адцягвала плячо, і немец ішоў лёгка. Мы не здзівіліся, калі ўбачылі немца, бо ведалі, што на чыгунцы — ад Бялынкавіч да Суража — палонныя немцы ўкладвалі шпалы, ім таксама жылося галодна, і сёй-той з іх хадзіў па вёсках. Дзіва, але спагадлівыя беларускія бабы падавалі такім немцам — і бульбу і хлеб, што самі мелі. Тым часам у нашу вёску палонныя немцы не заходзілі, разумелі, што ў пагарэльцаў харчам не разжывешся, ды і небяспеку, відаць, адчувалі: а раптам нашы бабы даўжэй помняць ліха! Таму хадзілі яны больш па тых калгасах, дзе нічога не згарэла і людзі жылі трохі лепей, нягледзячы, што засуха ўжо каторы год нікога не мінала.
— А ў яго ежа ў торбе! — шапнуў малы Хала.
— Праўда! — нібы спахапіліся мы, неспадзявана ўзрадаваныя.
Усе спыніліся і, сабраўшыся пасярод дарогі вакол Васіля Карапета (ён ужо стаў у нас як бы важаком: урэшце за ім жа пайшлі!), утаропіліся адзін на аднаго. Ніхто нічога не гаварыў — стаялі і маўчалі, а на тварах ва ўсіх блукала адна і тая ж усмешка, зразумелая кожнаму. Нарэшце Хала зноў сказаў:
— Яй-бо ён штосьці нясе ў торбе!
I гэта нібы падагрэла ўсіх.
— Адбяром, — махнуў рукою Васіль Карапет.
У нашых вачах, мусіць, як у ваўчанят, заблішчалі злосныя агеньчыкі — надта хацелася есці. А наперадзе, як на тое, ішоў з торбай палонны немец. Хто ведае, можа, гэты немец якраз паліў нашу вёску…
Змова выспявала хутка. Пакуль немец, нічога не падазраючы нават, узнімаў драўлянымі стукаламі на дарозе пыл, паміж намі было вырашана наскочыць на яго ззаду і выхапіць торбу. Мы не баяліся, што немец будзе супраціўляцца. Не той час. Цяпер ён — палонны. Так яно і выйшла. Немец адразу пачуў за спіною тупат ног, але павярнуўся толькі тады, як мы апынуліся побач і Васіль Карапет першы ўчапіўся ў торбу. Пасінелы немцаў твар перасмыкнуўся ад нечаканасці, а ў вачах застыў на нейкі момант жах. Можа, немец падумаў, што мы зараз будзем біць яго, але як толькі зразумеў, што нам патрэбна яго торба, то адразу выпусціў яе з рук. I мы, абмінаючы яго з двух бакоў, пабеглі па маладым сасонніку следам за Васілём, які нёс на спіне торбу, бы воўк авечку.
Немец не багата чаго выхадзіў — з торбы мы вытраслі на траву дзесяць сырых бульбін, два акрайцы пушнога хлеба, які ад дотыку рассыпаўся ў руках, ды яшчэ палавіну яешні, можа, з чыйго святочнага стала. Вядома, нам гэтага было мала. I мы раптам абурыліся. Пачалі лаяць няўдалага немца за тое, што той не здолеў выпрасіць у будзянскіх баб хоць бы з пуд бульбы.
Бульбу мы папяклі на вогнішчы, хлеб падзялілі пароўну і смакавалі ў накладку з яешняй, запіваючы балотнай вадой, якую насілі да вогнішча ў шапках. Калі нарэшце ўзбуджанасць прайшла і ўсё было з’едзена, пачалі спрачацца паміж сабой, бо некаторым ужо здавалася, што трэба павярнуць назад: сёння хоць трошкі ды паелі, а далей — яшчэ на вярбе грушы. Але паслухаліся ўсё ж Васіля, якога, мусіць, вельмі цягнула ў дзетдом, і перад самым вечарам, калі сонцу заставалася прайсці па небе яшчэ некалькі крокаў, каб схавацца за лес, забраліся на дах апошняга вагона пасажырскага цягніка, што прыпыніўся на паўстанку Журбін на цэлую хвіліну. Тады шмат хто ездзіў на дахах вагонаў, асабліва вясковыя бабы і падлеткі. Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Ратавалі нас вентыляцыйныя трубы, якія вытыркаліся над вагонамі. Мы трымаліся за іх аберуч, калыхаліся разам з вагонам на пакатым даху і перамагалі ў сабе сон. Паабапал чыгункі праплывалі ў цемнаце сонныя вёскі, рэдка дзе свяціліся ў вокнах адзінокія агні. Мерны перастук колаў заглушаў сабою ўсе навакольныя гукі, а сустрэчны вецер, які раптам адчулі мы на даху, напінаў адзенне і быццам спрабаваў выціснуць з арбіт вочы; па твары балюча секла вуглём, што ляцеў разам з дымам ад паравоза.
Да самага Старадуба не было патрэбы даязджаць нам. Васіль ведаў, што дзетдом знаходзіўся на паўдарозе ад Унечы, тады, як праедзеш ужо раку Жэча.
— Там нават станцыя Жэча,— сказаў Карапет.
Але як ты з даху вагона даведаешся ўначы, дзе тая станцыя? I мы пасля Унечы пільнавалі першую раку. Ад той ракі затым ужо шукалі Васілёў дзетдом.
Прыйшлі мы туды блізка к абеду. Змарнелыя, але прыйшлі. Дзетдом стаяў на ўзгорку пасярод былога панскага саду, размяшчаўся ў драўляным будынку, які нядаўна паднаўлялі — яшчэ здалёку кідалася ў вочы свежаачэсанае бярвенне. Сад быў абнесены высокай агароджай з абапалак, і пры варотах, што перагароджвалі дарогу к дому, стаяла сабачая будка. Была яна пустая — толькі доўгі паржавелы ланцуг валяўся на зямлі, і Васіль, які адчуў сябе нарэшце дома, растлумачыў нам:
— Спусцілі Белага. Ганяе цяпер недзе вясковых гусей. Тут недалёка сажалкі. Дык мы таксама крадзём там качак і смажым пасля. Але каб не бачылі выхавацелі. А то данясуць Івану Мікітавічу, ён у нас добры, але ўсе яго баяцца. Дзесяць медалёў мае ды яшчэ цэлую нашыўку за раны, — Васіль ужо паводзіў сябе так, быццам гэта ён не з намі прыехаў сюды, а сустрэў ля варот і цяпер вядзе ў дзетдом. — Але вы не палохайцеся,— гаварыў. ён, падбадзёрваючы нас. — Галоўнае, як дамаўляліся: вы — круглыя сіроты, нават не ведаеце, дзе жылі да вайны, а да гэтага вуркаганілі на чыгунцы, і вось я вас сустрэў там. Калі прагаворыцеся — не павераць, і тады ўсё прапала. Так і кажыце — сіроты, вуркаганілі…
Тым часам мы не надта разумелі, чаму павінны хлусіць, тым больш што не збіраліся заставацца ў дзетдоме, але камандаваў Васіль, і нам нічога не заставалася рабіць, як слухацца: урэшце, ён нас падбухторыў, дык няхай цяпер даводзіць усё да канца.
Васіля дзетдомаўцы пазналі яшчэ ля варот. Былі яны нейкія лянівыя, быццам зачаўраныя, і пазіралі на нас даволі абыякава. Толькі адзін дзетдомавец, высокі і рыжы, можа, адных гадоў з намі, падышоў да Васіля, цыркнуў пад ногі і знарок на ўвесь голас прывітаўся:
— Здароў, бадзяжка! — Ён неяк па-смешнаму наморшчыў рабаціністы твар, пацапаў рукою пухлую, як падушачка, мочку левага вуха і спытаў, кіўнуўшы на нас:
— А гэта што за пацаны?
— Ды вось, прывёў, — адказаў Васіль, апускаючы вочы; ён пастаяў трохі, быццам саромеючыся свайго ўчынку, пасля ўзяў рыжага дзетдомаўца за плячо, адвёў убок і пачаў нешта гаварыць яму на вуха; рыжы ўважліва слухаў, кідаў кароткія позіркі на нас, ківаў, мусіць, згаджаючыся ў нечым з Васілём, сваёй пастрыжанай пад машынку галавой. Нарэшце абодва яны падышлі да нас, і рыжы дзетдомавец сказаў важна, быццам ад яго ўсё тут залежала:
— Ладна, ідзіце купацца.— Ён абвёў нас яшчэ раз позіркам сваіх зачэпістых вачэй, у якіх цяжка было нават вызначыць колер — ці то шэра-зялёныя, ці то зусім жоўтыя.— I вы таксама. А мы з Васілём у кантору пойдзем. Трэба пагаварыць з начальствам. Ды глядзіце, каб чыстыя былі. А на абед сёння будуць буракі.
Дзетдомаўцы пры гэтым дружна засмяяліся — мусіць, ім добра знаёмы былі буракі.
Але нам адразу не пашанцавала. «Праваліў» нас той самы Хала, якога спачатку не хацелі браць у дарогу. Перад абедам усіх нас як навічкоў павялі ў канторку і пачалі запісваць у кніжку — прозвішча і імя. Бухгалтар дзетдома, пажылы дзядзька ў круглых акулярах, сапраўды дапытваўся пра ўсё — ці ёсць у нас бацькі і ці помнім, дзе нарадзіліся, адным словам, рабіў сваю справу з уніклівасцю чалавека, якому не надта хацелася браць на ўлік яшчэ некалькі едакоў. I вось калі да стала, заляпанага чарнілам, падышоў Хала, а бухгалтар задаў першае пытанне, здарылася самае прыкрае: хлапчук раптам спалохаўся і захныкаў, бо небараку здалося, што запісваюць яго, каб пакінуць у дзетдоме назаўсёды, і ён ужо ніколі не пабачыць ні маткі, ні брата меншага. Пасля гэтага бухгалтару няцяжка было разгадаць наш намер — толькі задаў яшчэ, быццам дзеля прыліку, некалькі пытанняў і выставіў за дзверы ўсіх нас разам з Васілём і рыжым дзетдомаўцам, які дапамагаў нам.
Васіль са сваім сябрам адразу ж некуды пайшлі, раззлаваныя, паабяцалі, што знойдуць самога загадчыка, Івана Мікітавіча, і мы доўга чакалі яго ў садзе, дзе на яблынях, паміж лісця, віселі ўжо ладныя яблычкі, затым пацягнуліся за вароты і селі там, пад агароджаю, у цяньку. Патрэбна было нешта прыдумаць. Да вечара яшчэ можна было дабрацца да станцыі, але ўжо не хапала сіл на дарогу — вось каб пад’есці; злаваліся, лаячы на чым свет стаіць Васіля Карапета, што прывёў нас сюды: ніхто нам не збіраўся даваць таго абеду, на які спадзяваліся. Мы гатовы былі накінуцца на Васіля, але той быццам назнарок і носа не паказваў. Адказваў за ўсё малы Хала — затуканы намі, ён сядзеў, прыгнечаны, воддаль, на самым санцапёку.
Дзетдомаўцы між тым паспелі ўправіцца з абедам, і ў садзе ўжо чуваць былі іхнія галасы. Але мы, здаецца, не надта зайздросцілі ім: сядзелі, як у здранцвенні, а ў нашых галовах плавала густая гарачыня, і, можа, ад гэтага ў полі, якое адразу было за садам, лёталі чорныя мухі. Становішча склалася амаль ахавае, як кажуць, было-было дый пагоршала. Заставалася толькі адно — на першы выпадак зрабіць набег на чый-небудзь гарод, хоць што там у чэрвені паспела вырасці…
Але з саду раптам выбег Васіль Карапет. Быў ён спацелы і нібыта разгублены. А як убачыў нас ля агароджы, стаў адразу вясёлы — значыць, шукаў нас.
— Во дзе вы! — усклікнуў ён.
Тым часам мы не падзялялі ягонай радасці і працягвалі сядзець, нават не паварушыліся. Тады Васіль вінавата ўсміхнуўся і паказаў рукой на вароты:
— Знайшлі Івана Мікітавіча! Вунь, ідзе…
Сапраўды, да нас разам з рыжым дзетдомаўцам падышоў высокі мужчына, гадоў за сорак; адзін рукаў дыяганалевай гімнасцёркі яго быў пусты, але не звісаў, а быў заторкнуты на баку за шырокі камандзірскі рэмень; над правай кішэняй гімнасцёркі залаціліся і чырванелі стужкі, якія былі нашыты адна над адной,— за лёгкія і цяжкія раненні; мусіць, адна стужка «замяняла» руку; непрыгожы даўгаваты твар, з адтапыранымі вушамі і шырокім носам, быў нахмураны, а ў вачах, вялікіх і быццам адчужаных, стаяла неадольная скруха.
Загадчык дзетдома чамусьці нават не паглядзеў на нас, калі спыніўся блізка, адразу ўтаропіў позірк некуды ў поле, над якім трымцела перагрэтае паветра. Мы думалі, што ён пачне нас лаяць. Але Іван Мікітавіч раптам закашляўся і з дакорам сказаў глухім голасам:
— Ну, што вы расселіся тут? Ідзіце абедаць!..