Іван Чыгрынаў «Звон — не малітва»

Іван Чыгрынаў

  Дзеянне драмы адбываецца ў апошнія гады жыцця Рагнеды — калі шматпакутная княгіня, "саламяная ўдава", знаходзілася ў высылцы разам з сынам, княжычам Ізяславам, будучым полацкім князем і адным з заснавальнікаў хрысціянскай веры ў Беларусі.
  Іншыя летапісныя падзеі (сватанне Яраполка і Уладзіміра да Рагнеды, крывавая расправа Уладзіміра з Рагвалодам і яго дзецьмі, горкае замужжа Рагнеды-Гарыславы, спроба помсты з боку Рагнеды) падаюцца аўтарам у рэтраспектыўным плане, праз ўстаўныя сцэны-пантамімы. Твор надзелены аналітычнай кампазіцыяй, пры якой назіраецца развіццё дзеяння не толькі ў будучыню, але і ў мінулае.
  У той час, як у Алеся Петрашкевіча трактоўка характараў звязана з гістарычнымі падзеямі, барацьбой за уладу, Іван Чыгрынаў закранае пытанні веры, падкрэслівае драматызм пераходу ад паганства (язычніцтва) да хрысціянства.
  Рагнеда — паслядоўная і свядомая прыхільніца хрысціянства ("Гора і Слава…"), у драме "Звон — не малітва" паказана як язычніца. Але слова "адступніцтва", якое ўжываецца ў такіх выпадках, не адпавядае паводзінам Рагнеды. Яна вяртаецца да веры бацькоў, адмаўляецца ад імені Гараслава як ад памяці пра сапраўды горкія старонкі свайго жыцця. У яе, жанчыны, якая перажывае складанае, супярэчлівае пачуццё да мужа, Уладзіміра, змена веры звязана з асабістымі, інтымнымі перажываннямі.
  Гэтае асабістае, жаночае (спляжаны гонар, успамін пра крывавую расправу з сваякамі, крыўда і рэўнасць) выразна адчуваюцца ў спрэчцы Рагнеды з праваслаўным прэсвітэрам Апанасіем:
  "Р а г н е д а. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры — грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна… Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна…
  А п а н а с і й. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. І новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку"
  Выбар новай веры, хрышчэнне славянскіх земляў, адлюстраваныя ў п’есах Алеся Петрашкевіча, Івана Чыгрынава займаюць цэнтральнае месца. Славутае хрышчэнне язычнікаў у Кіеве згадваецца ў п’есе "Звон — не малітва" ў рэтраспектыўным плане. Пра яго распавядае Ізяславу Фар, выхавацель вялікакняскіх дзяцей. У нечым гэты фрагмент з’яўляецца пераказам занатаваных у летапісах падзей:
  " Ф а р. Княжыч, запомні — тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.
  І з я с л а ў. А што ж кіяўляне? Што яны?
  Ф а р. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават с плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: "Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго". Няверным жа тым часам загадаў сказаць: "Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі — ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб — будзе мне вораг!" На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцынымі і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе".
  Пераход да новай веры, у аснове якой — цярплівасць, міласэрнасць, — адбываецца "паганскім", гвалтоўным шляхам. У многім змена багоў мае фармальны змест, закранае абрад, звязана з палітыкай, а не з інтымнымі акалічнасцямі духоўнага быцця чалавека.
  Сам хрысціцель Кіева, вялікі князь Уладзімір не выпадкова вагаўся ў выбары паміж іудаізмам, ісламам і хрысціянствам -гэтыя веры былі для яго раўназначныя, і толькі чыста суб’ектыўныя чыннікі накіравалі яго выбар на карысць хрысціянства. Для яго ж галоўны не сімвал веры, не абрад, не духоўны змест рэлігіі, але абнаўленне жыцця, пераход яго ў іншую якасць. Менавіта гэтым ён тлумачыць Ізяславу неабходнасць адмовы ад язычніцтва:
  "У л а д з і м і р. Я, сын мой, аддаючы табе Полацкі стол, хачу, каб ты разумеў: мінулае прайшло, цяпер усё будзе па-новаму. Але стол атрымаеш пасля таго, як прымеш новую веру. Без гэтага я не дам табе Полацкага княства".
  "Звон — не малітва". Гэты рэфрэн, які гучыць з вуснаў персанажаў драмы, адлюстроўвае супярэчлівасць тых змен, пра якія з захапленнем кажа Уладзімір. Перамога новай веры, якая пацвярджаецца пабудовай хрысціянскіх бажніц, гукам званоў, гэта яшчэ не перамога новага, больш гуманнага светаадчування над паганскімі звычкамі. Ёсць традыцыя, ёсць мараль, што перадаюцца ад пакалення да пакалення. Носьбітам гэтай традыцыі і маралі выступае ў творы ўсё тая ж Рагнеда.
  Яна, нібыта адступніца, выглядае большай хрысціянкай, чым усе добраахвотныя або міжвольныя хрысціцелі славянства. Рагнеда спрабуе выратаваць Анею, дачку злотніка, ад жорсткага абраду ахвярапрынашэння. Гэта, аднак, не ўдалося ні ёй, ні прэсвітэру Апанасію.
Кульмінацыя твора — канфлікт, непаразуменне паміж маці і сынам, Рагнедай і Ізяславам. Ён, як і яго бацька, гатовы зрушыць, зламаць усё "старое": абрад, традыцыю, забыцца на матчыну крыўду за зняважаны гонар. У заключным дыялогу п’есы ў маці з сынам няма паразумення:
  "І з я с л а ў. Цяпер я ведаю шмат, мама. Але ты не павінна дакараць мяне, што я згадзіўся на пэўных умовах прыняць Полацкі стол. У мяне ў галаве снуюцца планы…
  Р а г н е д а. О няшчасная зямля! Што з табой будзе?
  І з я с л а ў. Раней часу не трэба плакаць па ёй. Цяпер у яе ёсць гаспадар, свой князь.
  Р а г н е д а. Няшчасная яна і няшчасны сын мой!
  І з я с л а ў. Ладна, мама, здаецца, я ўсё пераказаў, трэба спяшацца ў Полацк.
  Р а г н е д а. Ты не раздзеліш са мной нават трапезу?
  І з я с л а ў. Няма калі, мама. Скажы, каб памянялі коней, а то мае стаміліся.
  Р а г н е д а. А сам ты?
  І з я с л а ў. Яшчэ трымаюся ў сядле.
  Р а г н е д а. Цяпер ужо зусім зразумела — падмянілі цябе ў Кіеве, сын! Раней ты не такі быў!
  І з я с л а ў. Раней не ляжаў на мне княскі клопат. Жылі сабе тут, і ўсё.
  Р а г н е д а. Ты яшчэ ўспомніш наша тутэйшае жыццё, яно будзе здавацца табе самым лепшым.
  І з я с л а ў. Ты гаворыш так, быццам не жадаеш шчасця ні мне, ні нашай зямлі Полацкай, якую мы назад атрымалі?
  Р а г н е д а. Якраз таму я і гавару гэтак, што хвалююся і за цябе, і за бацькаву зямлю.
  І з я с л а ў. Прасі багоў за нас. Хоць што я кажу? Наконт багоў таксама ёсць воля вялікага князя. Дарэчы, трэба сказаць няньцы, каб прывялі сюды Анею. Я вазьму яе з сабой у Полацк.
  Р а г н е д а. Яна не прыйдзе.
  І з я с л а ў. Чаму?
  Р а г н е д а. Яе забралі да сябе багі.
  Ад нечаканасці Ізяслаў сядае на ўслон, бярэ ў далоні твар.
  І з я с л а ў. Каму гэта ў галаву прыйшло аддаць яе багам у ахвяру?
  Р а г н е д а. Самім багам. Я была тады ў свяшчэнным лесе, выбар паў на яе…
  І з я с л а ў. І ты не заступілася?
  Р а г н е д а. Перад багамі ўсе людзі роўныя!
  І з я с л а ў (устае, бліскае вачамі). Трэба спаліць гэты лес і разбурыць свяцілішчы з усімі яго кумірамі! Так, як учынілі з імі ў Кіеве! А на іх месцы паставіць праваслаўныя цэрквы са званамі.
  Р а г н е д а. Ты гэтага не зробіш, сын! Бо нашы багі будуць доўга харкаць крывёю ўслед вам, здрадзіўшым старой веры! Сам жа не адзін раз паўтараў за тым заходнім святаром: звон — яшчэ не малітва…".
  Пісьменнік здолеў знайсці і перадаць псіхалагічныя, драматычна насычаныя моманты пераходу ад старой да новай веры.
  Для герояў драмы гэты пераход абярнуўся трагічнымі наступствамі. Ізяслаў губляе сваю каханую Анею. Рагнеда пасля расстання з мужам страчвае і сына. Ізяслаў здабывае больш турботаў і клопатаў, чым радасці ад падараванага яму княскага пасаду. Пераход ад старога да новага — адвечная прычына канфліктаў у гісторыі, адпаведна і ў літаратурных творах.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений