Увага! Поўны змест
Аднойчы раніцай я прахапіўся і ад нечаканасці аж прысеў на ложку. «Няўжо заспаў?» — мільганула трывожная думка.
У хаце было зусім светла.
Гэтымі асеннімі досвіткамі, доўгімі і цёмнымі, я прывык раненька ўставаць, паўтараць урокі і выходзіць з дому так, каб паспець на заняткі.
Яркае святло дня мяне напалохала. Няўжо спазніўся ў школу?
Але над ложкам гадзіннік з паржавелай гіраю, якую я, устаючы, заўсёды падцягваў, мерна чэкаў, і стрэлка яго паказвала яшчэ не позні час. Ад чаго ж гэта пабялелі столь, ляжанка і печ і сцены адсвечваюць белізной? Я прынік да шыбы падвойнага акна і ўсё зразумеў.
На двары ўчарашнія змрочныя будынкі, сад, платы стаялі аснежаныя, і ў хату ад іх лілося белае мяккае святло. Зямля, стрэхі, агарод накрыліся белым покрывам. Лёгкія пушынкі ляталі, кружыліся ў паветры і асядалі на дрэвы, на аголены куст бэзу ў нашым агародчыку пад акном.
Мяне адразу пацягнула з хаты: я надта люблю гэту часіну…
Я хуценька сабраўся, схапіў кніжкі і пабег.
Яшчэ з парога на мяне дыхнула зіма спакойным халодным подыхам. Наўкол сцішылася ўсё. Сырыя вятры доўгай восені, якія штодня надакучліва шумелі ў галлі бярозы і секлі мне ў твар кроплямі дажджу, сёння замоўклі. Шчокі цяпер прыемна шчыпаў бадзёры марозік. А снежная бель адбірала вочы, і на сэрцы ад гэтага рабілася светла і радасна.
Сам сабою набег у думках і завярцеўся на языку верш — леташні ўрок, які наша настаўніца, Ліда Васільеўна, загадвала вывучыць на памяць. Я вывучыў яго і дэкламаваў. I цяпер помню словы:
Мяккі снег лятае пухам,
I канца яму няма.
I нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма…
3 кніжкамі пад пахай я спяшаўся ў школу і глядзеў, як кружацца гэтыя белыя пушынкі, і чамусьці мне яшчэ ўявілася тое, што было летась.
Летась зіма была надта снежная. На вуліцы намяло вялікія гурбы. Платы схаваліся пад снегам, і стрэхі зраўняла з сумётамі.
Я аднае раніцы ішоў у школу па тых гурбах, што вышэй акон, вышэй брамаў. Ішоў на ўзроўні са стрэхамі хат, дзе дымелі коміны, разносячы прыемныя пахі снедання. А дарослыя выходзілі на ганак з вёдрамі і глядзелі на мяне, малога, знізу ўгору. Крочыў з кніжкамі вышэй за ўсіх…
Я нават зачапіўся шапкай за сук Мікітавай ліпы. А Мікітава ліпа стаяла высачэзная, як хмара, над усім сялом. Улетку яе разлапістых галін нельга было дастаць, нават праязджаючы па вуліцы з высокім возам сена. Яна пышна ўздымалася ўгору, а ў той самы дзень пасля мяцеліцы ніжняй галінай сарвала з мяне аблавушку…
У класе Ліда Васільеўна чытала нам пра першы дзень зімы. А я сабе, паглядаючы ў акно, дзе відаць была Мікітава ліпа, сядзеў і думаў, што гэта ж учора яшчэ была восень. А сёння ўжо зіма. Гэта ж ніколі так не адчуеш перамену, як у гэты дзень. Як вясну лета змяняе, не заўважыш. Як лета восень — таксама. А вось як настае зіма — адразу відно з самага світання… Выпаў снег!..
Мы вярталіся са школы, а снег не пераставаў буйнымі пушынкамі сыпацца на дол. Кругом было прыволле белых палёў і прастораў. Мае сябры крычалі пра санкі, пра лыжы. Мы кідаліся снежкамі, смяяліся. Нам было весела разам з гэтай мяцеліцай, і мне ад радасці хацелася пад разгалістай ліпай спяваць пра снег, пра зіму…
Зіма, зіма! Ідзі хутчэй, сцялі снягі на поле, на дарогі, на нашу вуліцу! Сып, мяцеліца, круці гурбы, каб я зноў даставаў шапкай дрэвы. Вось якія яны высокія, а заўтра мы памераемся!.. Ідзі, зіма-матуля, каб я хутчэй пабольшаў, каб я падрос!..
Вось так я думаў, бегучы са школы, у той дзень, калі выпаў першы снег, калі ўжо сэрцам адчуў, што нешта мінуў, перажыў, а сустракаю хоць знаёмае, але штосьці такое новае-новае…