Увага! Поўны змест
За акном, каля якога сядзела Люда, неспакойны і злосны асенні вецер тузаў маладыя бярозкі, зрываў з іх пажоўклае лісце.
Бярозы былі ўжо амаль голыя. Лісце на іх ліпела толькі дзе-нідзе, а несціханы вецер усё тузаў гнуткае голле, збіваў лісты і, круцячы, гнаў некуды за агародчык, у апусцелае поле. Калі вецер на момант прыціхаў, нібы стаміўшыся, было добра відаць, як кволыя галінкі бяроз дробна дрыжаць, і здавалася, што дрыжаць яны ад холаду.
Тут, у класе, дзе над партамі раз-пораз старанна схіляліся галоўкі дзяўчынак і хлопчыкаў, было і цёпла і ўтульна. Настаўніца, Надзежда Пятроўна,— маладзенькая, строгая, з русявай касой,— павольна хадзіла між радоў парт, паглядвала ў сшыткі, сачыла за тым, каб пісалі роўна, акуратна.
— Скончылі? — запыталася яна, акінуўшы позіркам дзяцей.— Паўтараю, праверце ўважліва… "Лодка набліжалася да месца, дзе кіпела не затуленае ад ветру мора…" Праверылі?
Люда правяла вачыма па радку:, "не затуленае… не затуленае ад ветру". Словы гэтыя, тое, для чаго рабілі дыктоўку,— дзеепрыметнік з часціцай "не",— амаль не затрымалі ўвагі стараннай дзяўчынкі з мяккім, добрым тварам, з белымі істужкамі ў заплеценых цёмна-русых косках. Люда спакойна падняла круты белы лобік, яснымі, уважлівымі вачыма стала глядзець на настаўніцу, чакаючы, калі Надзежда Пятроўна будзе дыктаваць далей.
— "Не затуленае"!.. — зазірнуўшы ў Людзін сшытак, трывожна зашаптала ёй Галька, якая сядзела побач.
Вяртлявая смуглянка Галька амаль заўсёды зазірала ў суседні сшытак, і Люда, што лічылася першай вучаніцай у класе, адносілася да шэпту Галькі, як да гуду якога-небудзь назолы-камара.
— Памылка! "Не затуленае"!— паўтарыла перасцярожліва Галька.
Люда перачытала слова, пра якое гаварыла сяброўка, і не зразумела, пра што Галя непакоіцца, у чым яе памылка.
— У самой у цябе памылка! — адказала Люда.
— Трэба "не" — разам! Разам — трэба!
Тут Надзежда Пятроўна, пачуўшы шэпт дзяўчат, зрабіла абедзвюм заўвагу, і спрэчка між прыяцелькамі спынілася.
Надзежда Пятроўна пачала дыктаваць новы сказ. Асцярожна патросшы пяро над чарніліцай, каб не пасадзіць часам кляксы, нахіліўшы над партай галоўку з расчасанымі акуратна на два бакі трохі кучаравымі валасамі, Люда стала выводзіць літару за літарай. Але як толькі сказ быў напісаны, яна зноў вярнулася да таго, пра што шаптала Галька. Яна стала ўглядацца ў словы — "не затуленае ад ветру мора…", стараючыся высветліць неспакой, што ўзнік. Яна ўспомніла і паўтарыла сабе правіла, у якім гаворыцца, калі гэтае самае трывожнае "не" пішацца з дзеепрыметнікамі разам, калі асобна. Яно, па правілу, павінна было пісацца разам тады, калі дзеепрыметнік не мае пры сабе паясняльных слоў; калі ж у дзеепрыметніка ёсць паясняльныя словы, тады яго трэба аддзяліць ад часціцы. Гэта Люда добра ведала. Але калі яна думала, якім лічыць слова "ад ветру", што ішло за дзеепрыметнікам, паясняльным ці не паясняльным, яе думкі раптам трацілі сваю яснасць.
— "Луг шырока рассцілаўся, пакрыты зялёнай, няскошанай травою",— павольна, выдзяляючы кожны склад, чытала-дыктавала Надзежда Пятроўна, і Люда выводзіла слова за словам. Аднак цяпер на душы яе не было ўжо ранейшага спакою, нявысветленае пытанне трывожыла яе. Напісаўшы апошні сказ, Люда адразу вярнулася на некалькі радкоў назад.
"Не затуленае ад ветру…" Як жа будзе правільна? "Не затуленае" ці "незатуленае"? Яна прашаптала гэтае слова, прыслухалася, як яно гучыць,— потым падсунула ружовую заплямленую прамакатку і напісала — асобна і разам. Стала ўглядацца, спадзеючыся, што зараз усё стане зразумелым.
Яна амаль супакоілася, цяпер ёй здавалася, што ў яе напісана правільна, асобна.
Скончыўшы дыктаваць, Надзежда Пятроўна прачытала яшчэ раз:
— Сцены хаты былі атынкаваны, але не пабелены… Хлопцы ўбачылі не заліты вадою астравок… Недаплецены кошык з лазы ляжаў на траве… Кожны спад ці прыбыль вады ў Нёмане не праходзілі не заўважанымі для сялян…
Прачытаўшы ўсю дыктоўку, настаўніца паглядзела на маленькі ручны гадзіннік, потым на сваіх вучняў, паглядзела ўжо інакш,— строгія, сінявата-шэрыя вочы яе чакалі. Малыя сталі зносіць свае сшыткі да настаўніцы.
Люда закрэсліла напісанае на прамакатцы слова, уклала яе ў сшытак і ўлад таксама намерылася ўстаць, калі Галька, прабегшы вачыма па Людзінай старонцы, здзівілася:
— Ты не паправіла? Не паправіла? Зробіш памылачку!
Галя выскачыла з-за парты і, весела памахваючы сшыткам, лёгка і ўпэўнена пабегла да Надзежды Пятроўны.
І тут, у апошнюю хвіліну, Люда наважылася зрабіць тое, над чым столькі думала, пра што столькі разважала. Цяпер яна ўжо не думала і не разважала, усе яе развагі ў гэтую мінуту заглушыла трывожнае раптоўнае жаданне: паправіць, выратаваць хутчэй. Люда ўмакнула ручку ў чарніла, хутка злучыла "не" з дзеепрыметнікам. "Незатуленае".
Ёй было лёгка, весела, калі яна ішла між двух радоў парт да настаўніцы.
Здаўшы сшытак, яна падбегла да стрыжанага тоўстага Грака Мікіты, які лічыўся таксама выдатнікам і за якім Люда заўсёды раўніва сачыла. Яна запыталася, як Мікіта напісаў "не затуленае".
— Ясна як — асобна! — паважна заявіў Мікіта.— Тут і пытацца няма чаго!
— Вось і няма чаго! Памывачка! Памылачка!
— У каго? У мяне?
— У цябе! У кантрольнай!
— Сама ты — памылачка!
— Вось пабачыш!.. Надзежда Пятроўна!..
Люда падбегла да Надзежды Пятроўны, якая, трымаючы стус сшыткаў і кніжку пад пахай, ужо выходзіла з класа.
— Надзежда Пятроўна, праўда Мікіта зрабіў памылку? — выпаліла яна, зазіраючы ў твар настаўніцы.
— Якую памылку?
Надзежда Пятроўна спынілася, паслухала, пра якую памылку гаворыць Люда, і сказала, што ніякай тут памылкі ў Мікіты няма.
— Няма?.. У яго… правільна?..
— Правільна.
— Значыцца… тады…— ціха, разгублена прамовіла Люда.
Яна не дакончыла. "Значыцца, значыцца… памылка",— аб гэтым не толькі гаварыць, а і думаць Люда не магла. Яе вясёлыя, толькі што бесклапотныя вочы адразу зацягнула асеннім туманам.
"Значыцца, памылка… у мяне!" Яна паплялася да сваёй парты, села і, не маючы сілы больш стрымліваць гора, заплакала.
…Гэта была апошняя, рашаючая кантрольная праца, і гору Люды ў той дзень не было меры. Яна мала слухала тое, што было на наступных двух уроках, яе не ўзрадавала пяцёрка за дамашнюю працу па арыфметыцы, яна адчувала толькі тое, што ў яе кантрольнай дыктоўцы памылка, што цяпер, можа быць, Надзежда Пятроўна паставіць ёй чацвёрку за ўсю чвэрць!
І трэба было ёй паслухаць гэтую пустую Гальку! Хіба ж яна не ведала Галькі, хіба ж тая першы раз уткнулася ў Людзін сшытак, замінала Людзе?
На вуліцы Люда брыла паўз людзей, што абміналі яе і ішлі насустрач, паўз рады амаль голых ліп, такіх жа, як і тыя бярозы, што гнуліся за акном. Але цяпер Люда не заўважала ні ліп, ні сябровак, што вясёлымі, гаваркімі чародкамі цяклі з партфелямі дамоў. Яна думала пра сваю бяду, сваю памылку, пра тое, што ва ўсім вінавата Галя, што заўтра ж папросіць Надзежду Пятроўну, каб Галю перасадзілі ад яе. Каб не Галя, у яе не было б гэтай памылкі. Яна так і скажа Надзеждзе Пятроўне.
Люда падымалася ў гэты дзень на трэці паверх, як ніколі, марудна. Раней яна ўзбягала, нават не ўзбягала, а ўзлятала па лесвіцы, пераскокваючы цераз ступенькі, размахваючы партулікам. Стоячы каля зачыненых дзвярэй на трэцім паверсе, яна нецярпліва званіла. І чаго мама так доўга не адчыняе дзвярэй, думала нецярпячка. Сёння ж, наблізіўшыся да дзвярэй, Люда і не адразу стала званіць. Сёння чамусьці ёй не хацелася спяшацца.
Яна паставіла партфель каля сцяны і, узлёгшы на выслізганую да бляску парэнчу, стала ціха пазіраць уніз, у глыбокі калодзеж лесвічнай проймы, рабіць камячкі з паперы і кідаць іх. Скамечыць паволі, кіне і сочыць, як белы камячок ляціць уніз.
— Ты што гэта стаіш тут? — пачула яна раптам знаёмы голас і спалохана азірнулася.
Зверху сыходзіў яе брат, Алёшка. Ён ішоў, мусіць, з гарышча, ад галубоў сваіх.
— Нічога… Я толькі прыйшла…
Люда схапіла партфель і стала званіць.
Яны распрануліся, памылі рукі. Алёша памачыў свае цёмныя валасы, начасаў чубок на лоб. Ён быў у шарсцяной куртцы з кішэнямі ўгары і ўнізе, з нашытымі "плячамі", з паўрасшпіленым каўняром, Люда ў школьным плацці — без фартушка.
Калі сталі абедаць, маці ўважліва паглядзела на Люду, так паглядзела, што Людзе зрабілася няёмка і захацелася плакаць.
— Ты чаму хмурная такая?
— Нічога я не хмурная. Гэта я так…— адказала ціха, з намаганнем Люда.
Алёша здагадліва ўсміхнуўся.
— Троечку, мусіць, атрымала.
— Сам ты троечка.
— Што, няпраўда?
— І няпраўда! — Людзе адразу расхацелася плакаць. Толькі пас-прабуй заплакаць, ён пагардліва скрывіць губы і скажа: "Дзяўчушка-равушка!"
— Няпраўда, значыцца?
— Я толькі… памылку зрабіла…
— Ну, ёсць чаго перажываць! — знарок абыякава прамовіла маці.
Люда адчувала, што маці шкадуе яе і сказала гэта толькі для таго, каб супакоіць.
— Гэта ўсё цераз Гальку… Яна мяне…
— Яна цябе! — перабіў Люду Алёшка.— А ў цябе што, сваёй галавы няма? А яшчэ выдатніца называецца!
— Алёша,— прамовіла з дакорам маці.
— А што ж, хіба я не праўду кажу? — Алёша цяпер ужо і не думаў падсмейвацца. Ён адлаясыў лыжку ўбок і ўстаў.
Устала і Люда. Яны стаялі адзін перад адным — Алёша, упарты і непахісны ў сваіх поглядах, што было відаць па яго строгіх бліскуча-чорных шнурочках-брывах, па нахмуранаму крутому лбу, на які спадаў чубок валасоў, па ўсёй яго кароткай, дужай з выгляду постаці,— Люда таксама ўпартая, але з прыкметным выразам роспачы. Губы яе ўздрыгвалі.
— Алёша, сядзь! Падумаеш, бяда — памылку зрабіла!..— паспрабавала прымірыць іх мама.
— Мама, дык я не так пра тую памылку, як пра… адным словам, пра прынцып… пра характар яе, адным словам.
— А што пра яе характар? Характар — звычайны…
— Звычайны! Мякіш яна! Як тая трава ці дрэўца. І туды і сюды гнецца. "Сказала Галя!" Таксама — прычына!
Выраз пагарды на яго губах раптам знік. Брат стаў строгі, як пракурор.
— Ну, а калі б ты, скажам, была капітанам і камандавала караблём? І ноч на моры. Цемра — хоць вочы выкалі. А тут, па карце відаць, недалёка бераг. Скалы. І ты ведаеш, што трэба ісці толькі прама, а Галя твая сказала — направа. Ты б павяла направа?
Алёша быў яўна задаволены сваім прыкладам. Вось як ён давёў ёй! Няхай паспрабуе запярэчыць!
— Не павяла б! І наогул я не буду капітанам! Гэта ўсе вы капітанамі хочаце быць, хлапчукі!
— Ёсць і жанчыны капітаны. Толькі, вядома, не такія, як ты, а сапраўдныя. З характарам! Самастойныя!
— І я самастойная! — амаль крыкнула ўпарта Люда.
— Відаць, што самастойная! Па ўсім відаць! "Галя падказала!"
— Маўчы ты! — тупнула нагой Люда.
Яна хутчэй адвярнулася, каб ён не пабачыў, як у яе вачах заблішчалі слёзы. Што яна яшчэ магла сказаць свайму строгаму брату?
1954