Увага! Поўны змест
Як толькі пераехалі ў Бярэзавец, Ірка ўбачыла, што на дварэ восень. А ў вёсцы яе яшчэ не відаць.
Бярэзавец — кіламетра паўтара ад вёскі, ля ракі Бярэзаўкі, што цячэ лугам і ўпадае недалёка за Ліпнікамі ў Вілію. У Бярэзаўцы пачынаецца пушча — Палік. Тут яны жылі да вайны, Ірка помніць, пасля пераехалі ў вёску. Бацька ў Іркі быў ляснік, і жылі яны ў лесе. Ірчын бацька яшчэ вартаваў і карміў зімою ласёў і аленяў у запаведніку, які быў недалёка ад Бярэзаўца за Высокім Берагам.
Ірка любіла лес, і калі пасля вайны яны зноў пераехалі жыць у Бярэзавец, Ірка была рада. У вайну з Бярэзаўца разбегліся алені і ласі. Бацька казаў, што яны пайшлі Віліёй далёка, аж у Аўгустоўскія лясы, дзе не было гэтулькі партызанскіх лагераў і блакад.
У Бярэзаўцы ў вайну немцы спалілі іхнюю хату, астаўся толькі хлеў, які быў недакончаны — без страхі — і не ўзяўся гарэць. З яго цяпер Ірчын бацька склаў хату, нават з чатырма вокнамі. Вокны ён прывёз у вайну з заставы, якая была на Высокім Беразе ля Віліі, і схаваў у хлеве. Заставу тады ўсе разбіралі — немцы ж усё адно спаляць. Цэлыя ў хляве асталіся толькі два акны; з іх, перарэзаўшы папалам, зрабілі чатыры, і не зусім каб малыя. Ірка праз акно бачыць увесь луг ля Бярэзаўкі і нават далёкія Старыя Вольхі, ля якіх рака паварочвае да Віліі, там яна глыбокая, і ў ёй — рабыя шчупакі.
Ірка любіла восень. Можа, таму, што ў Бярэзаўцы тады было ціха-ціха. Цішыня плыла недзе адтуль, з Паліка, з пушчы, плыла ракою, гэткай жа ціхай, як і сам Бярэзавец. Яна ніколі не разлівалася і не стагнала, вясной у паводкі ў ёй толькі падымалася вышэй цёмная вада.
Увосень у Бярэзаўцы мялела рака і рана жаўцелі бярозы — можа, таму, што раслі на балоце. Жаўцелі заўсёды знізу, паволі, не так, як вольхі, якія чакаюць першых маразоў, тады чарнеюць і асыпаюцца за адну ноч.
Цішыня стаяла ўсюды: і ля хаты, і на пасецы, і на балоце — з вёскі сюды не далятае ніводнага гуку. Затое тут жыло сваё рэха — дзень і ноч, зіму і лета і больш за ўсё ўвосень.
— Гэ-гэй! — так заўсёды гукаў Ірчын тата, калі адыходзіўся ад дому, так гукала і Ірка. Яе дражніў тады Бярэзавец, рэха плыло на Палік, на вёску, а надвячоркам яно варочалася назад, зноў дражнілася і плыло далёка-далёка, толькі цішэй — адкуль жа яму ўзяць сілы? Ірка ж малая яшчэ, ёй толькі пайшоў дванаццаты, мала што яна рослая, падцягнулася за вайну, затое тонкая. І крычаць яна, мусіць, добра не ўмее — ціхенька і дзярката — і заўсёды тады папярхаецца, бо дзярэ ў горле. Вось каб крыкнуў тата, тады б рэха варочалася ў Бярэзавец не адзін раз, але тата ніколі блізка ля хаты не крычаў і не даваў Ірцы, каб не "папудзіла аленяў", і так за вайну, якія асталіся, нацярпеліся страху, — чалавека сталі баяцца.
Увосень у Бярэзавец злятаюцца сарокі і сіваваронкі. Сарок Ірка не любіла: яны зладзеі і стракочуць без аддухі, лезуць усмоль на двор у карытца да парасяці, хоць тады яны і "варожаць на гасця", як кажа маці. Нехта ж выдумаў — сарок, дык тых хоць ты палкай гані, а гасцей, як пераехалі ў Бярэзавец, ні разу і не было.
Увосень, калі стаіць пагода, шасціць пад нагамі мох і трава сівец, гараць сіняватыя пупышкі верасу на пасецы — верас высокі, што трава ў лучках. Па ім поўзаюць мурашкі, вялікія, з крылцамі, і лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, калышацца, пасля нахіне яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, як памерла, — п’е.
З балота ад ракі прылятаюць вялізныя зялёныя стракозы, лапочуць над верасам сваім доўгім бліскучым крыллем, але пчолы іх не баяцца.
Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле.
На пасецы яшчэ зялёная трава і мох, але пастарэлі ўжо грыбы лісіцы, пабялелі, пачалі сохнуць. Затое ў Бярэзаўцы — маладыя баравікі, бурыя, цвёрдзенькія і круглыя — як хто іх высеяў у адну ноч. У вайну тут гарэў лес, і яны любяць гарэлае. Маладыя жаўтаватыя апенькі і варушкі абляпілі пні. Іх несамнога: не іхняя яшчэ пара. Далей пад лагі ў бярэзніку — чырвоныя падасінавікі і белыя чашчавікі. Маладзенькія на тоўстым корані і з тоненькай галоўкай, — зусім як напарстак на пальцы. На грыбах — слімакі-смаўжы. Яны — Ірка вычытала — сеюць грыбы. Смаўжоў няма толькі на мухаморах. Ды і наліха тыя сеяць, атруту. Яны і самі вунь аж на двор залезлі. Ля ганка і ля студні пясок рыюць — так растуць. Але дзе мухаморы — там і казлякі. На пясчанай гарушцы за хатай іх не злічыш. Казлякоў надта не бяруць. Не бяруць і сыраеж, яны паразрасталіся на зямлі, як рэшаты.
На імшарах — у саснячку за гарушкай — пераспелі дурніцы; на іх кропелькі вады — ад расы. Дурніцы кіслыя, і ад іх не хочацца піць, як ад чарніц, але ад іх баліць галава. Не, гэта не ад дурніц, а ад багуну, з якім яны растуць. А багун у Бярэзаўцы высокі, дастае Ірцы аж па пахі. Пачырванеў спадыспаду ад зямлі — асыпаецца. І пахне-пахне. Толькі чаму ад яго баліць пасля галава, як ад чаду ў хаце, калі маці рана заложыць у печы юшку? Ірка баіцца чаду.
Да імшар праз саснячок вядзе старая ездавая дарога. На ёй — абабітае калясьмі белае сасновае карэнне, зацярушанае прычарнелым сенам. Сена выносілі сюды з балота, сёлета было шмат вады, і на яго ніхто не ўз’язджаў. Балота нават не ўсё абкасілі: не было каму. Цяпер і па лагах ля вёскі адны бабы з косамі ходзяць: мужчын многа з вайны не прыйшло. Так і стаіць балота; пажоўкла, пачарнела. На корм яго ўжо ніхто не скосіць.
Можа, калі падмерзне пазней, траву "абаб’е" Ірчын бацька, каб вясной, калі яна высахне, не ўклюнуўся ў Бярэзавец пажар.
Ля імшарын — бярозы-чачоткі з грыбамі-губамі і цэрам. У вайну тата з губы і цэру "крэсіў" агонь, добра, што цяпер сталі прывозіць у магазін сярнічкі. Ірка так і не навучылася "крэсіць" агонь з цэру. Яна рабіла па-свойму: скручвала з ваты, якую скубла са старой матчынай фуфайкі, кнот, падпальвала яго, пасля тушыла ў бліскучым жоўтым патроне ад нямецкай вінтоўкі. На крэмені чорны кнот загараўся ад першай іскры. Але за вату крычала маці: збіралася яшчэ на зіму "пацягнуць" фуфайку кортам, якога тата прывёз з раёна за воўчую скуру.
З бярозамі растуць вольха, асіна і маленькія дубкі. Ім тут сыра, і яны дробныя. У жоўтым бярозавым лісці чырванеюць рабіны і спеюць каліны — іх у Бярэзаўцы шмат. Іх, калі балота ляжа аблогай пад снегам, доўга яшчэ будуць кляваць сарокі і гілі. Але цяпер рабіны горкія, і гілі іх не чапаюць; яны дзяўбуць сасновыя шышкі: на моху, на грыбах рудзяках панацярушана сухога сасновага насення.
Ёсць яшчэ познія маліны, але пачырванела ўжо мядзведжае вушка, пачалі чарнець ажыны. На ажынніку калючкі і павуцінне. І ягады яшчэ ялкія: не выспелі.
Найсмачнейшыя цяпер брусніцы — як вінныя яблыкі, не раўня ім маліны. Ірка ўмее збіраць брусніцы. Яны на пасецы растуць шышкамі, як бабок на балоце. Сашмаргнеш шышку — поўная жменя. А ля пнёў іх — як хто ўзяў ды рассыпаў з кошыка.
У імшарах на куп’і — змеі і журавіны. Пахаваліся ў мох. Ірка не так ужо і баіцца змей, але журавіны яшчэ толькі пачалі ружавець. Па іх пазней яна пойдзе з маці, калі ўжо асыплецца бярэзнік, і пойдзе на ўвесь дзень аж туды, дзе Старыя Вольхі, узяўшы мех. Увечары падыдзе тата: адны не дадуць рады прынесці, журавіны цяжкія, як бульба.
Калі ў Бярэзаўцы стане ціха, Ірка чуе тады, як высока ў небе за маленькімі воблачкамі грукае самалёт, за ім ззаду цягнецца белая дарожка. Такія самалёты над Бярэзаўцам сталі лётаць нядаўна. Ірка чуе яшчэ, як за Высокім Берагам гудуць машыны — там леспрамгасаўцы згружаюць лес. Ірцы хочацца на Высокі Бераг, яна там яшчэ не была, але ж маці паслала яе з кошыкам па бабок парасяці, ды і бацькі няма дома ад раніцы: сышоў у пушчу да сваіх ласёў, а ў каго адпросішся — маці яе ніколі не пускае.
Ірка чуе, як шастае сухая трава ля ракі, як нехта пляскае там на ўвесь рот. Дзікі. Яны прыходзяць з пушчы аж сюды ў бабок, у самым куце яго ўжо даўно здрабяжылі.
Шваргочуць у траве дзікія качкі, недзе над галавой дзяцел дзяўбе сухую без верху сасну, — яна аж звініць. Ля дзятла цінькаюць сініцы, пырхаюць з сучка на сучок, на ляту ловяць пыл і кавалачкі кары.
Да імшар падкралася ліса, падняла хвост і нюхае мох — чуе мышэй. Пасля, падцяўшы хвост, схавалася ў папараці — пачула, як Ірка ішла з імшары, — і зноў стала ціха-ціха. Сонца вярнула на захад, у небе застылі ружовыя хмары, і на пасеку з балота падзьмуў халадок. Загудзеў над галавою жук, ткнуўся ў шчаку і ўпаў на мох пад ногі. І тады Ірка пачула, як за двума чырвонымі ад смалы карчамі мые лапамі вушы заяц. Пачула, а тады ўгледзела яго, шэрага-шэрага. Нацёршы вушы, заяц пакруціў мордачкай і паскакаў на горку.
— Зайчо-о. Мылася нанач, во зайчо. — Ірка глядзела, як устае ля пня прымяты мох, як поўзаюць па чырвоных карчах жукі-разакі і мурашкі, хаваючыся ў паточаных дзірках. — Мяне, мусіць, пачула.
Угледзеўшы раптам аленяў, Ірка выпусціла з рук кошык. Мусіць, спалохалася: аленяў яна ніколі не бачыла. Яны ішлі якраз на яе і грукалі нагамі па карэнні. Іх было чацвёра, і ішлі яны адзін за адным. Пярэдні быў сівы і ў чорныя латы. Вялікі і прыгожы, ён дыбаў, задзёршы галаву. Рогі ў яго ляжалі аж на спіне, як загнуты абруч на вялікі кошык. За ім ішла бязрогая, мусіць, аленіха, азіраючыся на сваіх, такіх жа бязрогіх, цялят. Яны ішлі да ракі і не баяліся Іркі. Толькі, калі пабліжэлі, зафорскалі насамі і схаваліся ў бярэзніку.
— Гэ-гэй!.. — пачула Ірка, як крычыць тата; прыйшоў ужо з Высокага Берага і, мусіць, шукае яе.
Вечарэла. У тым баку, дзе вёска, заходзіла сонца — і здавалася, загарэўся лес. Над ракой, дзе Старыя Вольхі, засінеўся туман, як дымок. Над пасекай нізка праляцелі дзікія качкі — цяжкія, чуць неслі сябе, — падаліся ў далёкі кут Бярэзаўца, дзе пачынала цямнець.
— Гэ-гэй!.. — неслася па лесе рэха.
Ірка прыклала да шчакі далонь, як рабіў яе тата, закрычала:
— Гэ-гэй! І-ду-у-у…
Высокі Бераг — застава, і туды да вайны не пускалі. Ды Ірка была тады малая, не дайшла б: да заставы далей, чым да вёскі.
Тут самае высокае месца. Стаіш, як узлезшы на хату, на страху. Недзе ўнізе жнуць жанчыны ў белых хустках і зносяць у кучкі снапы. Некалі там, за ракой, жыла Ксеня — Ірчына цётка, і перад вайной прыходзіла да іх.
Ксеню забілі немцы.
На небе ні хмурынкі; сонца пячэ, як летам; па маладым сосніку на пасецы плыве на белых нітках, як на павуціне, насенне высокай чырвонай травы рабінкі, што расце ля пнёў.
Пахне сасной, зямлёй і мокрай глінай. Гэта з пажарышча.
Заставу спалілі паліцэйскія ў сорак першым годзе. Нехта "падаткнуў", што ў ёй хаваецца стары шавец з Даўгынава — Шлёма. Забралі тады і Шлёму — павезлі на машыне.
Цяпер на тым месцы, дзе некалі была вялікая будыніна, парос густы сасняк. Ён вышэйшы за той, што на пасецы, вышэйшы за Ірку.
На пагарэлішчы ляжыць вялікае чырвонае каменне, патрэскалася, парасло чорным і сівым мохам: валяецца чыстае бітае шкло, паленая цэгла; далей на былым падворку, дзе цяпер узаралі зямлю, блішчыць вялікі кубак, што быў на тэлефонным слупе, — беленькі, ачышчаны ад пяску. Ірка помніць, што некалі на заставу вялі тэлефонныя слупы; адзін слуп з белымі кубачкамі стаяў ля іхняй хаты і звінеў зімой, усё адно як дзе на Паліку вылі ваўкі.
На ўзараным двары і пасецы пасаджаны маленькія сасонкі. Яны яшчэ ў дзве галінкі і здалёку — як елка-трава, што на балоце. Над імі стракочуць конікі. У баразне слупок з надпісам:"КВ. 29 ПОС. СОС. ПЛ. 2,40 г. 194…г."
Ірка помніць, што такія слупкі рабіў і надпісваў яе тата, калі жылі яшчэ ў вёсцы.
На беразе — старыя дубы, разгатыя, сучча ў іх аж да зямлі. Пад дубамі — партызанскія акопы. Яны глядзяць на вёску, што за ракой, на луг, дзе буслы і скаціна, на поле, дзе дымок ад трактара, але ўжо засыпаліся, параслі мохам, бруснічнікам, верасам і сіўцом; зацерушыліся іголлем і сасновымі шышкамі. Тут у апошнюю блакаду вялі бой кутузаўцы, не падпускаючы немцаў да Віліі.
Прыгожыя лозы ля ракі ўвосень. Яны — чырвоныя, зялёныя, бурыя, жоўтыя, аж блішчаць на сонцы і цягнуцца лугам далёка-далёка, пакуль не хаваецца за лесам рака. Ірцы хочацца ісці і ісці туды, куды схаваліся лозы, дзе далёка яшчэ большыя, чым у іхнім Бярэзаўцы, лясы, дзе зусім невядомы свет. І тады яна ўздыхае, папраўляе свае доўгія і тоўстыя чорныя косы, што распляліся на грудзях, выцірае з ілба пот — горача як! — і расшпільвае раскошную матчыну старую нажутку.
Як хочацца паплыць туды, дзе Палік, ракою. Не. Ірка не хоча плыць ракою, яна хоча ісці дзень і ноч, і ўсё лесам. Яна пойдзе туды некалі з татам.
На Высокі Бераг вядзе пясчаная дарога цераз усю пасеку. На дарозе сляды ад леспрамгасаўскіх машын: яны яшчэ ўчора вазілі на бераг лес, цяпер іх не чуваць. Сёння Ірка, калі ішла на бераг, бачыла на пяску вялікія воўчыя сляды. Воўк перайшоў дарогу. Ваўкоў Ірка, можа, і баіцца, але ж днём воўк не стаіць на адным месцы.
На беразе за дарогай вялікія шліхты бярвення. Адтуль, калі павее вецер, пахне свежай смалой, як з падсочкі.
"Гэтулькі выразалі… Пасека недзе адна асталася".
Ірка не любіць ні леспрамгасаўцаў з піламі, ні іхніх машын з прычэпамі і печамі, куды шафёры засыпаюць бярозавыя чуркі і перамешваюць іх жалезнымі качэргамі. Не было б машын — не рэзалі б гэтулькі лесу.
Ірка не хоча глядзець шліхты: пара дамоў, яе ж ніхто сюды не пускаў.
На дарозе пыл; па жвіры і сасновых шышках колецца ў босыя ногі. На пасецы сіне, як ад дыму, — гэта ад пагоды. Пачынае балець галава — мусіць, ад сонца. Ные пята — пракалола яе недзе на дуддзі, а мо і на шкле ля заставы.
Першага выбуху яна не пачула: пасека неяк застагнала сухім рэхам і запыліла, схаваўшы з воч дарогу. Ірка ўся сціснулася, прыпала аж да зямлі, пасля пабегла, нічога не бачачы.
Ёй раптам успомнілася, як яны ў блакаду з бацькам беглі так з вёскі на пасеку, дзе былі бульбяныя ямы, а ўсюды рваліся міны. Такі ж ад іх сухі трэск, такі ж дым і пыл. Тады яны з татам ледзь праскочылі, тады ў таты на руках забіла маленькую Верачку, яе, Ірчыну, сястру.
Яна бегла і бегла цяпер па карчах і пяску, не чуючы пад сабою ног, закрываючы вочы, бо па твары секла нечым калючым, мусіць, жвірам, і ад дыму аж блажыла.
Выбухі сціхлі адразу, як і пачаліся. Стала зноў ціха.
Ірка тады апусцілася на халодны, свежы пясок ля неглыбокай ямкі і выцерла вочы. У іх калола, мусіць, ад пылу і поту. Суха было ў роце.
"Здурнела… — Ірка пачала страсаць пясок з нажуткі. — Гэта ж карчы рвуць".
— Адбой, Прахор! Перакурым, — пачула яна і баялася паказацца на вочы мужчынам, што ўдвух, сагнуўшыся, падымалі з дарогі сякеры і торбачкі.
"Хаця б не сказалі тату… Заб’е".
Трава на пасецы была ўсыпана белым пяском. Валялася тоненькае карэнне ад маладых сасонак, бы яго хто надзёр на кошыкі.
Ірка ўгледзела толькі цяпер каля сябе ямы, як ад мін, і велізарныя, чырвоныя, пашчапаныя карчы, што ляжалі на пасецы, як замораныя ў плузе быкі.
Ірка ўбачыла яшчэ, што да нагі ў яе прыліплі кавалачкі мяккай чырвонай гліны і смаляныя аскалёпачкі ад карчоў. Збоку, на вырваным з зямлі верасе, ляжалі раскручаная белая бліскучая паперка, як ад цукерак, і шнурок — шэранькі, доўгі і тонкі, — як слівень.
Ірка ўскочыла з зямлі і пабегла саснячком да дарогі; калі і ўбачаць мужчыны, — не пазнаюць.
Яна бегла не аглядаючыся па разоры ля дарогі, бегла доўга і пачала задыхацца. Тады стала, каб перавесці дух, і ёй здалося, што за ёю нехта бяжыць. Яна пусцілася зноў і, азірнуўшыся ўжо на дарозе, ля лужка, дзе драбнеў лес і ад расцяробу пачынаўся бярэзнік, які вёў на балота ў Бярэзавец, убачыла, што ззаду бягуць алені. Бягуць з пасекі, — аж чатыры.
Пярэдні быў з рагамі-абручамі, закінутымі на плечы і ў плямах, заднія трое беглі за ім, збіўшыся ў кучку.
Ірка спынілася — сталі і яны. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном.
"Пазналі…" Ірка хацела выставіць руку, але пярэдні, у чорныя латы, адскочыў раптам назад, спалохаўшыся. Тады яна саступіла ім з дарогі, і яны, не зварочваючы, пабеглі расцяробам у Бярэзавец.
Больш Ірка не бачыла "сваіх" аленяў аж да зімы.
У Бярэзаўцы на балоце вымерзла вада, лёд пабялеў, патрэскаўся, асыпаўся, і яго выдзьмуў вецер. Чорная трава палегла на груду, высахла і шасцела пад нагамі, як сена.
Стала рака. Вада пад тонкім лёдам была чыстая, і праз яе свіцілася жоўтае глеістае дно. Лес стаяў заінелы, пусты і халодны, як парожняя пуня. Пабялеў, насупіўся, трашчаў — яго даймаў мароз. Каркалі ўдзень над ракой вароны і стукалі без аддухі па дрэве дзятлы — грэліся. Мароз узяўся нагалец, і пёк не адпускаючы: зіма пачалася ранняя. Днём была пагода, ярка свяціла нізкае чырвонае сонца, і аднекуль з чыстага неба сыпаўся сіні іней; ночы стаялі месячныя, ядраныя — была поўня, зоркі дрыжалі і мітусіліся, падалі густа на лес, як іскры з коміна на страху, калі гарыць сажа. Ноччу вылі ваўкі, але далёка, на самым Паліку; было чуваць, як у вёсцы рыпелі вароты і ляскаталі на грудах калёсы. У небе гулі самалёты; успаміналася тады, як некалі па начах партызаны палілі агні і пераймалі парашуты.
Зніклі з Бярэзаўца звяры — падаліся ў пушчу: там цяплей.
Аднойчы з начы ўсхадзіўся вецер. Ірка чула, як ён стагнаў у коміне — яна спала на печы, — стукаў у вокны, шастаў па шыбах, як хто вадзіў саломай. Шумеў лес, трашчалі сосны; здавалася, нехта бегаў па гары. Ірка не спала.
Раніцай яе не хацелі пускаць у школу — мяцеліца. І двор, і дарога, і лес — усё было занесена белым снегам, ад яго балела ў вачах. Ірка дастала з гары самаробныя лыжы. Іх зрабіў у вёсцы тата; яна на іх бегала лепш за ўсіх. Школа ў вёсцы, недалёка; а хіба Ірка пабаіцца мяцеліцы? У яе цёплая чорная матчына хустка, старая фуфайка, "пацягнутая" кортам — маці насіла "пацягваць" яе ў вёску да Танькі, у якой пасля вайны асталася швейная машына, — на нагах буркі, пашытыя з суконак, на бурках — бахілы, склееныя з гумы і слізкія-слізкія. Кнігі Ірка носіць у пафарбаванай чорнай торбачцы; яе можна перакінуць цераз плячо, калі едзеш на лыжах.
Раніцай у школу трэба выязджаць зацемна, затое вечарам Ірка прыязджала дамоў, калі яшчэ відна. Урокі Ірка робіць хутка: пайшла ў трэці клас, а за вайну ж пасталела, магла б пайсці і ў чацвёрты, ды ў вёсцы чацвёртага няма, трэба ісці аж у Камена — гата за пяць вёрст. Ірка магла б туды ездзіць на лыжах, але адну не пусціла мама, а налета з вёскі пойдуць яшчэ дзеці.
Пасля ўрокаў Ірка дома карміла парася, але яго на тым тыдні прадалі, нават буракоў усіх не скармілі, ляжыць кошыкі са тры ў парозе пад ложкам; сабе вараць. Парасяці няма чым карміць. У саміх вунь колькі той бульбы з буракамі. Бацька за парася прывёз з базару жыта, казаў — цяпер хопіць на вясну, а там крапіва. Жыта сушылі, панясуць у вёску малоць у жорны. На вячэру будуць варыць толькі зацірку. Тата гаворыць, што яму не пашэнціла. Думаў, што купяць цяліцу на зіму, нават стажок сена назапасіў. Але ж да цялічкі і ўвосень і цяпер на базары было не падступіцца. Тата яшчэ думаў, што яму, можа, удасца забіць ваўка, за скуру добра плацяць і даюць прэмію, але ж і ваўкі, як наліха, сышлі з Бярэзаўца. Тата за восень падстрэліў толькі двух зайцаў. Мяса патроху клалі ў булён, які варылі на палудзень. Які з таты паляўнічы? У яго нават сабакі няма. Абы-якога тата не думаў карміць, а дзе дастанеш добрага? Хацеў прывезці з раёна, дык жа трэба было аддаць увесь стажок сена. Ліха з ім, з такім сабакам. Ці будзе выйгранка, можа, калі ваўкі сабе горла заткнуць, кармі толькі, а сена хай стаіць. Прадасца пад вясну, не прападзе.
Пасля ўрокаў Ірка цяпер хадзіла глядзець, ці цэлы стажок, бо бацька асачыў раз, што стажок знізу аб’елі, відаць, алені, і абгарадзіў яго. Толькі алені ўсё адно даставалі сена. Ірка бачыла іх сляды.
Сёння Ірка не адразу пабегла на балота — падалася на пасеку. Там яна ставіла петлі на зайцаў. Колькі яна навязала іх, і ўсё попусту. Ніводнага не злавіла.
— Дурныя зайцы… — Ірка злуе і цяпер іх ужо зусім не шкадуе. Яна з імі яшчэ справіцца. Вось толькі петлі апусціць ніжэй і зробіць большыя. — Дурное зайчо! І сена яму ў пятлю паклала, а не зачапіла ж. Касое. Не бачыць зусім. Касое і дурное, — Ірка хукае ў пальцы, якія мерзнуць нават у рукавіцах. — Ну і мароз! Нос адкусіць… — Яна пачынае церці свой маленькі, чырвоны ад холаду нос. І ў хаце надта не нагрэешся цяпер. Маці, як толькі выпаліць печ, адразу закладае юшку. А ў хаце тады чад, і ў Іркі баліць галава. Толькі ж маці ніяк не ўпросіш.
— Палілі-палілі цэлы дзень, а цяпер неба будзем грэць? Што? Агонь сіні ў пячурцы? Ліха з ім. Чаду баішся? На двор пайшла, праветрыся. Зловіш сінюка на нос — не гэта запяеш. Марш на двор!
Маці ніколі не слухала Іркі.
А Ірцы добра і на пасецы. Толькі вось рукі адубелі, ніяк у пальцы пятлю не возьмеш. Каб гэта тата петлі паставіў… Але ён нешта іх не любіць.
— З пятлі ўжо мяса наясі… Гуляй, калі ўрокі парабіла.
Пачынала цямнець, неба стала густое, чорнае. Нанач браўся мароз, і пад нагамі скрыпеў снег — прасіўся — аж рэха ішло па лесе.
Да стажка яна не хацела ісці. Чаго? Хто яго днём мог крануць? Каму трэба, — прыйдзе ноччу. А ноччу ні Ірка, ні тата да стажка не пойдуць. Ночы цяпер звечара цёмныя, хоць вока выкалі, і цямнеецца хутка. Агонь ужо ў хаце запалілі, мігціць праз ельнік.
Яна спынілася, але ёй доўга здавалася, што снег усё скрыпіць пад нагамі. Тады яна ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Мусіць, тата хадзіў сам да стажка… Яна хацела крыкнуць, але перадумала: можа, усё ёй здаецца.
Пасля адышлася далей на балота і пачула, што ля стажка шастае сена.
"Недзе з таго боку. Ад пушчы".
Яна адышлася яшчэ далей на балота і тады ўгледзела аленяў. Здалёку яны былі ўсе чорныя і маленькія. Яна пазнала іх і пабегла да стажка. Верхняя жэрдка была скінута з віткі, а яны стаялі, уткнуўшыся галовамі ў стажок, як цяляты карове пад вымя. Пачуўшы яе, адскочылі, пасталі. Трое. Чацвёрты быў увесь у чорныя латкі, іх яшчэ можна было разгледзець.
Яны… Яе алені…
Ірка падышла да самага стажка. Рагаты тады паволі вылез з загарадкі і не ўцякаў. Стаялі і другія. Ірка падышла блізка-блізка да яго. Ён кратаў вушамі, выцягнуў да яе шыю і адставіў нагу. З храп у яго ішла пара, і яны былі белыя — заінелі.
"Холадна яму", — Ірцы стала яго шкада, шкада і тых маленькіх, што стаялі, прытуліўшыся адзін да аднаго, воддаль.
Яна выцягнула руку. Рагаты панюхаў рукавіцу, лізнуў языком. Тады яна дастала з кішэні акрайчык купленага ў магазіне хлеба — яго сёння прынёс тата — і падала рагатаму. Ён панюхаў яшчэ раз руку, лізнуў цёплым языком за палец, а хлеба не зачапіў.
— Цяля-цяля… — паклікала тады Ірка. — Дурненькі… Гэта ж хлеб…
І другі раз хлеба ён не зачапіў.
Тады яна, выставіўшы руку, пайшла да тых, што былі воддаль. Але тыя крутнуліся і, падняўшы снег, панесліся па балоце. Рагаты дагнаў іх і завярнуў у зашыек.
Ірка паправіла ў стозе сена і падняла на калкі жэрдку.
— Гэ-гэй!.. — крычаў тата на ўвесь лес.
…Яна яму нічога не сказала.
Назаўтра алені зноў прыйшлі да стога. Ірка карміла рагатага буракамі — узяла з сабой з гаршка з-пад прыпечка. Рагаты браў бурак з рукі вялікімі адтапыранымі губамі і жвакаў, не адкрываючы рот. Галава ў яго была зусім малая, вочы — сівыя, мутныя, поўсць блішчала, гладкая-гладкая, бы яе прычасаў хто. Грудзі ў яго ўсе аб’інелі, — відаць, дыхаў на іх.
Ірка аж здзівілася была: як гэта такія вялікія рогі могуць быць на малой галаве?
Рагаты ад яе ўжо не ўцякаў. Яна гладзіла яго па гарбатым носе, па халодных рагах, па шыі, — ён стаяў і слухаў.
Алені ішлі нанач у зашыек; назаўтра ўпрыцемку зноў былі на балоце.
Адзін раз Ірку не пусцілі да стажка.
— Вучы ўрокі!.. — крыкнуў на яе тата. Ніколі з ім такога не было.
Ірка ўсё роўна вырвалася вечарам на балота, але аленяў не застала. Калі яна вярнулася ў хату, угледзела, як маці ў парозе, закасаўшы за локці рукавы, у вялікіх новых драўляных начоўках накрывала засланкай кішкі. Ірка здзівілася: як парася ўсё роўна закалолі… У печы гарэлі смалякі, і на прыпечку стаяла патэльня. За сталом сядзелі яе тата і Язэп з вёскі — рыжы і злосны чалавек.
— Неблагія галавіны, Андрэй, — ківаў ён сваёй вялікай галавой. — Каб жа веданне, што ўдача, узяў бы… У вёсцы ёсць. Гоняць. Нясі, баба, з прыпечка, тут астыне.
Угледзеўшы яе, Ірку, ён змоўк, але бацька махнуў рукой, і Язэп паклікаў Ірку да стала, даў відэлец.
— Садзіся з намі і ты, маладая гаспадыня. У такім разе я табе, Андрэй, скажу, — крануў ён бацьку за плячо, — усіх за стол.
Бацька маўчаў. Ірка вунь як хацела есці: на стале была вараная бульба — яе пасыпалі на абрус, — і сквярлося ў патэльні мяса, пахла на ўсю хату.
Ірка ніяк не магла даўмецца, пра што гаварылі: думала ўсё, чаму не прыйшлі сёння алені. І калі Язэп, панюхаўшы відэлец, сказаў: "Лясное лесам і пахне", — яна папыталася ціха, як сама ў сябе:
— Дзе ўзялі?
За сталом ніхто не крануўся, усе як застылі. Павярнулі толькі галовы.
— Дзе ўзялі? Не буду есці! Не зачаплю… — Яна ўскочыла, адсунула лаўку і выбегла з-за стала.
Маці дагнала яе ля печы:
— Паскудніца. Яна не будзе! Дзеля яе дзень і ноч стараюцца, дзеля яе на ўсё… дзеля яе… а яна… Ану, марш на печ! Я з табой пагавару, пачакай, хай чужы чалавек з хаты пойдзе. Вырасла… Капрызы… Не ўгадзілі ёй, не з таго боку падышлі, скажы ты… Я з табой, шчаня…
— Не трэба, маці… Крык тут лішні. Яна ж не ведае, што Язэп купіў нам бычка… За сена вытаргаваў. А яна чорт ведае што падумала. Расце нейкая далікатная. Тое ёй не так, гэта не гэтак. І-ірка! Доўга цябе будзем клікаць? Не зважай, Язэп, дзяўчо заўрагавала. Бывае…
Ірцы раптам стала нечага шкада; яна залезла на печ у куток і не стрымалася, заплакала.
— Кінь хныкаць нябітая!.. — крычала на яе з-за стала маці.
Пасля Ірка суцішылася і задумалася: "Чаму не прыйшлі алені?"
— Супакоілася. Заснула. Нічога, пасля павячэрае, не зважай надта, сусед, — чула яна, як упрошваў Язэпа бацька. Пасля яна пачула, як зашаптаў Язэп:
— А скуру ты, Андрэй, — пад лёд. Пад лёд яе, сам ведаеш, усё бывае. А я ў вёсцы буду прыслухоўвацца.
— Язэп, праз цябе, Язэп. І ты ведаеш, чым гэта пахне. Адзін бы я… ніколі ў свеце. Калі ж у хаце посніца. І то, каб не ты, ніколі б я не зачапіў. Першы і апошні…
— Ну, запеў. Хто іх лічыў пасля вайны? Бегаюць па лесе, і ўсё. А скуру… — Язэп зноў пачаў шаптаць.
Ірка засынала. Яна чула, але не ведала, пра што гавораць.
І назаўтра яе алені не прыйшлі. Не прыйшлі яны і праз дзень. Ірка больш не магла чакаць…
Балота прысыпана снегам, на снезе — жоўтая карыца ад сасны, яе прынесла сюды з бору ветрам; дробныя жоўтыя яловыя іголкі, зялёны, у клубочак, мох-паўзун — яго прыкаціла па шэрані. На куп’і снег стаіць ворахам: пад ім старая, сухая і пруткая балотная мятліца і хвошч — яны вытыркаюцца, і па іх цяжка ісці на лыжах. Спатыкаешся, не памагаюць і кійкі.
Баляць ногі: Ірка прыбегла са школы і, не распранаючыся, нават добра не пад’еўшы, схапіла ў сеначках лыжы. Як добра, што дома нікога не было. Бацька ў пушчы, маці, мусіць, пайшла ў вёску.
Ірка прабегла на лыжах усю пасеку, скалясіла зашыек у Бярэзаўцы, дзе крыніца, але нічога не знайшла. Учора ноччу валіў снег, пазамятаў усё на свеце, добра, што сёння хоць перастаў. Але ж зноў узяўся мароз: там, дзе заходзіць сонца, — чырвонае неба, і ўгары раз’ехаліся хмары. Яны цяжкія, густыя і цёмныя. І нізкія-нізкія, за сосны чапляюцца. Холадна ў пальцы: настыла дрэва. Ірка часта бярэ кійкі пад паху і тады бяжыць па снезе, хукаючы ў рукі. Заінелі вейкі, не чуваць шчок, — пякло, цяпер перастала; добра, што яна надзела бацькаву старую вушанку — хоць не холадна ў вушы.
Ірка часта спыняецца ля ракі, прыкладае да шчакі руку і крычыць на ўвесь лес:
— Цяля-я… Цяля-я… Цяляты мае, цяляты…
"Я-я-я…" — дражніцца з Паліка рэха, глухое, далёкае.
Ірка баіцца крычаць — яшчэ пачуе тата. Але ціха. Нехта ля вёскі стукае сякерай; каркае ля стажка на калку варона, цылькае дзяцел над галавой, стукае ў гнілую сасну, як у сухую шчапу. Вунь ён, варочае галавой з боку на бок і дзяўбе, як усё адно высякае паз. На Высокім Беразе гудзе трактар, калі адтуль зойдзе вецер, і зноў робіцца ціха.
— Цяля… Цяля-я… — Ірка ідзе ля ракі, яна пойдзе аж туды, дзе старыя чорныя вольхі, пад Ліпнікі; не страх, калі і сцямнее. Яна ведала, што алені ходзяць да вады, яна ўгледзіць іх. Яна ведае яшчэ, што ў запаведніку іх няма, казаў тата, не мог жа іх хто злавіць і заперці ў загародку. А можа, яны маразамі сышлі ў Аўгустоўскія лясы?
Лес сіні, як ад дыму, і ціхі, натапыраны. Малады сасняк пажаўцеў і, здаецца, сухі — загарыцца ад сярнічкі. У сасняку — старая бяроза з абламаным верхам, у грыбах-губах.
Адламаны, відаць, перуном, верх вісіць, звесіўшыся; на голлі папрысыхала жоўтае лісце.
На балоце паабапал сенажаці — бярэзнік. Белы, як аблеплены снегам. Далёка над ім — вострыя цёмныя вярхі елак — гэта ў Ліпніках. У бярэзніку растуць і малыя сасонкі, дробныя, прыземістыя, з вярхамі, як парасончыкі, — што кроп у агародзе.
Чым далей ад дому, меней гілёў са сваімі чырвонымі грудкамі, — не пырхаюць з куста на куст. Затое пад зялёным пад’ялеўцам, дзе сухая трава сівец, і ў лазовых кустах — сляды зайцаў. Зайцы гойсалі па балоце і згрызалі галоўкі сухой травы, з якіх на снег высыпалася насенне.
Па рацэ — па лёдзе — бегла ліса: коўзалася — знаць па следзе.
На снезе ля куп’я — сляды дзікоў. Тыя падышлі да ракі, здрабяжылі снег і вярнуліся назад, у кут.
Цямнелася. Ёй хацелася плакаць, хацелася вярнуцца дамоў. Яна доўга стаяла, пачынаючы мерзці. Падгіналіся разамлелыя ногі, хацелася сесці, марыў сон. І тады яна знянацку ўбачыла аленяў. Глядзела на іх і не верыла сабе.
— Мае алені… Цяля, цяля-я… — паклікала яна.
Алені выйшлі з расцяробу, што вёў з пасекі ад Высокага Берага, і падаліся пад Старыя Вольхі. Іх было толькі трое. За бязрогай маці бегла двое малых.
"Дзе ж рагаты?"
Ірка стаяла і доўга клікала яго, пасля пусцілася следам за імі. Яны ўбачылі яе і сталі ўцякаць. Яна зноў пачала іх клікаць. Яны тады выбеглі на балота і пусціліся берагам ля ракі. Ёй было здалося, што яны спыніліся і чакаюць яе; яна тады забывалася, што цяжка дыхаць, бегучы, што баляць у каленях ногі, што трэба было адшпіліць ля шыі гузік — ён вунь як душыць, і бегла, бегла. У зашыйку, ля кустоў, трапіўся глыбокі снег, грузлі лыжы, правальваліся кійкі аж недзе на той свет — яна зноў узяла іх пад паху.
Алені беглі адзін за адным, як і кожны вечар. Яе алені. Дзе ж рагаты? Ён зараз выскачыць ім напярэймы, заверне і пагоніць назад, у самы кут Бярэзаўца, дзе стажок… Хутчэй бы ён выбег, Ірка не можа так спяшыць — задыхаецца.
Цямнелася хутка. У небе загарэліся зоркі, дрыготкія-дрыготкія і — зялёныя. Алені ўжо зліваліся ў адну цёмную пляму, стаялі на адным месцы, як куст, пасля разбягаліся і зноў беглі адзін за адным. Здавалася, што наперадзе бабы нясуць за плячыма вязкі з сенам, спыняюцца, кладуць іх на зямлю, каб адпачыць, пасля паддаюць адна адной і — бягуць. Бягуць па такім балоце…
Тады Ірка зноў паклікала. Яна баялася, каб не згубіць аленяў. Яны збягуць. Збягуць у Аўгустоўскія лясы. А можа, рагаты збег ужо туды, кінуўшы сваіх? Рагаты — добры, ён не збяжыць. Толькі чым яна цяпер пакорміць яго?
Ёй часам здавалася, што ён сам бяжыць наперадзе, уцякае ад яе. Яна тады спынялася і клікала — моцна, на ўсе грудзі.
Аленяў было толькі трое, і яны блізка былі ад яе. Яна дагоніць іх, ёй бы толькі дагнаць, а там яна заверне іх сама ў Бярэзавец.
Ірка хрыпла і не магла больш крычаць.
Горка стала ў роце. Неба пачало рабіцца зялёным-зялёным…
Вунь ужо Старыя Вольхі. Гэта ж далёка ад дому, думае яна.
Наперадзе ўжо згіналася і закідала на плечы вязку сена толькі адна баба і рабілася ўсё меншая і меншая. Пасля раптам вязка ўпала ў яе з плячэй і рассыпалася. Па белым балоце пабеглі маленькія алені. Многа-многа… Усё поле ўкрылі… І ўсе рагатыя, сівыя, у чорныя плямы…
Ірка пачула, як яе нешта душыць, сціскаючы горла. Пракляты гузік, не адшпіліла. Яна выпусціла кійкі і хацела зняць з галавы шапку, каб можна было адвязаць рагі ў хустцы. Але рукі не слухаліся. Падвярнула раптам пад грудзі і моцна-моцна стукнула ў галаву.
Па полі пабеглі зялёныя алені.
Ірка ўпала на снег.
Ноччу, калі ўжо ўзышоў злізаны месяц, Ірку знайшоў тата. Ён прыйшоў у Старыя Вольхі па следзе, пазнаў лыжы. Ірка была жывая. Прынёсшы дамоў перад сабой, ён доўга адціраў яе снегам.
Усю ноч Ірка кідалася спрасоння, блузніла — гарачая, не падступіцца, — і клікала сваіх аленяў.
Назаўтра, чуць святок, Андрэй пабег у вёску, каб паехаць па доктара.
У Іркі было запаленне лёгкіх.
1962