Іван Шамякін — Атланты і карыятыды

Іван Шамякін

  У рамане «Атланты і карыятыды» (1974) Іван Шамякін даследуе важныя сацыяльна-маральныя і сямейна-бытавыя праблемы. У творы цэнтральным героем з’яўляецца Максім Карнач. Ён — галоўны архітэктар горада — паўстае перад намі як дзейсны і мэтанакіраваны чалавек. Карнач думае пра тое, якім будзе аблічча ягонага горада, у якім асяроддзі будуць жыць людзі. Таму ён выступае супраць размяшчэння на тэрыторыі горада хімічнага камбіната. Гэта будаўніцтва «перакрэсліць… ідэю Зарэчнага раёна — горада-саду», «знішчыць унікальную дуброву», «створыць адмоўныя праблемы, найбольшая з якіх — забруджванне ракі. А рака іх пакуль што — цуд, гонар, найчысцейшая з рэк». Галоўны архітэктар праяўляе бескампраміснасць, паслядоўнасць у адстойванні сваіх пазіцый і поглядаў.

  Карнач — неардынарная, таленавітая асоба, чалавек гуманізаванага мыслення. Праўда, ён бывае эмацыянальна нястрыманы, але пераважна ў тых выпадках, калі справа тычыцца прынцыпова важнага. Як чалавека дзеяння, здольнага на сапраўдны грамадзянскі ўчынак, высока цэніць Карнача ягоны калега архітэктар Шугачоў: «Смеласць у практыцы — во сапраўдная смеласць. Ты смелы ў практыцы, У гэтым твая перавага…» Аднак Карпачу прыходзіцца нялёгка, нават пакутліва-цяжка, бо не склалася яго сямейнае жыццё, ператварылася ў вялікую ўнутраную драму. Жонка Даша стала невыноснай мяшчанкай, эгаісткай, забіла ў сабе парасткі душэўнай і этычнай культуры, таму паміж Карначом і ёю «разрыў стаў відавочны і непазбежны». Асабістую сямейную справу Карнача імкнуцца выкарыстаць яго праціўнікі, ён аказваецца ў адзіноце, перажывае дэпрэсію. Карнач імкнецца разабрацца ў сабе, асэнсоўвае мінулае, думае пра сэнс жыцця.
  У рамане неадназначна намаляваны вобразы партыйных кіраўнікоў Ігнатавіча і Сасноўскага. Узаемаадносіны паміж Карпачом і сакратаром гаркама Мікалаем Ігнатавічам даволі супярэчлівыя. Апошні, думаючы пра службовае крэсла, непарушнасць аўтарытэту сваёй персоны, у складаны жыццёвы момант аказаўся глухі, раўнадушны да лёсу Карнача. І. Шамякін у вобразе Карнача стварыў характар жывога чалавека, аднаго з сучасных атлантаў неспакойнага духу, высокага сумлення, на якіх трымаецца наша будучыня. Наогул, раман «Атланты і карыятыды» ў беларускай прозе з’яўляецца адным з лепшых сацыяльна-псіхалагічных, інтэлектуальна змястоўных раманаў пра сучаснасць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений