Раман «Крыніцы» (1953-1956) пісаўся да паваротнага ХХ з’езда. Твор па-грамадзянску смелы і праблемны. У цэнтры – сельская інтэлігенцыя. Канфлікт настаўніка, дырэктара школы Міхася Лемяшэвіча і старшыні калгаса Махнача. Лемяшэвіч не прымае стаўленне старшыні да калгаснікаў, яго стыль кіраўніцтва (мясцовы царок). Канфлікт новага, што прадстаўляе малады дырэктар, і састарэлага ў грамадстве пашыраецца і ўзмацняецца праз сутыкненне Лемяшэвіча з першым сакратаром райкама партыі Бародкам. Бародка – фігура неадназначная, ён працавіты, валявы, разумны. Пад яго кіраўніцтвам людзі з зямлянак пераходзяць у новыя хаты. Разам з тым ён адчувае сябе незаменным і бязгрэшным, не церпіць ніякай крытыкі, лёгка ідзе на кампраміс з сумленнем. Распраўляючыся з чарговым «у нечым нязгодным», Бародка дэмагагічна пераконвае ўсіх, што старшыня райвыканкама Валатовіч у вёсцы прынясе больш карысці партыі, народу. Вобраз Бародкі атрымаўся «складаным, псіхалагічна глыбокім, сацыяльнатыповым».
З боку формы: у параўнанні з папярэднім раманам («Глыбокая плынь») у «Крыніцах» Іван Шамякін не імкнуўся ахапіць усю панараму вясковага жыцця (хоць твор шматсюжэтны і шматгеройны). А гэта вяло да змяншэння апісальнасці, да больш глыбокага паказу чалавека. Асабліва выявілася майстэрства апісання сходаў, пасяджэнняў – так званага грамадскага жыцця чалавека.