Іван Шамякін — Зона павышанай радыяцыі

Іван Шамякін

  У аповесці "Зона павышанай радыяцыі" (1997) Іван Шамякін працягвае распачатую раней у рамане "Злая зорка" тэму Чарнобыля. Але цяпер яго цікавяць ужо наступствы гэтай катастрофы. Тое, як сацыяльная трагедыя паступова ператварылася ў асабістую трагедыю чалавека.
 У аповесці "Зона павышанай радыяцыі" пісьменнік паказвае, як вайна ў Афганістане і аварыя на Чарнобыльскай АЭС сурова перайначылі і без таго нялёгкае жыццё Паўла Паўлавіча Вятрэнкі і яго жонкі Галіны Кузьмінічны. Ужо ў 1991 годзе, у рамане "Злая зорка" І. Шамякін адгукнуўся на гэтыя трагічныя падзеі. У аповесці ён працягвае асэнсоўваць сваю эпоху праз лёс канкрэтнага чалавека і сям’і. Твор быў напісаны пасля наведвання радзімы, і тая сустрэча пакінула ў душы і памяці балючы след.
 У вобразе палкоўніка Паўла Паўлавіча Вятрэнкі створаны яскравы тып афіцэра: перад намі паўстае надзвычай кампетэнтны прафесіянал: вайсковец, які адданы арміі, службе, высокім маральным прынцыпам жыцця. Шамякінскі герой аповесці жыў не толькі па загадах, але і па абавязку сэрца. Ён нёс сваю службу так, як і належала сапраўднаму афіцэру – годна, сумленна, адказна. Вятрэнка добра ведае, што такое зона. І не толькі чарнобыльская, дзе яны жывуць разам з жонкай. Амаль усе гады сваёй афіцэрскай службы, за выключэннем вучобы ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Маскве, ён, можна сказаць, быў адлучаны ад жыцця сучаснай цывілізацыі. Служыў на краі свету – на самым паўднёвым востраве Курыл, пасля заканчэння акадэміі трапіў на Кольскі паўвостраў, і нават тады, калі апынуўся ў роднай Беларусі, на поўдні Гомельшчыны, то аналагічная ракетная база была размешчана ў лесе.
 Палкоўнік Вятрэнка, спецыяліст па хімічнай і радыяцыйнай абароне, разумеў небяспеку чарнобыльскай радыяцыі для жыцця, таму і падняў, як кажуць, трывогу, паслаў лісты ў высокія інстанцыі: "…Але я так не мог. Я жыў сярод людзей, а людзі жылі ў зоне павышанай радыяцыі. Іх трэба ратаваць. А на іх забыліся. Ды што там нейкі пасёлак лясны, нейкі батальён. З’яўлялася адчуванне, што ўся вялікая краіна жыве ў зоне павышанай радыяцыі". Праз сваю сумленнасць і праўдашукальніцтва Вятрэнка быў датэрмінова звольнены ў запас. Герой аповесці гаворыць, што быў крытычна настроены супраць ваеннай і грамадскай бюракратыі, бяздушнасці, абыякавасці чыноўнікаў, асуджаў негатыў у арміі. Больш таго, ён прызнаецца: "Афганістан, смерць сына, Чарнобыль узбунтавалі мяне і, як кажуць, завялі на крутыя абароты". Аднак, нягледзячы на перажытую ўласную трагедыю і іншыя цяжкасці, Вятрэнка ўнутрана не мог прыняць крытыку і абвінавачванні, якія гучалі з тэлеэкранаў на адрас людзей у пагонах і той савецкай арміі, службе ў якой прысвяціў усё сваё жыццё. Сын Жэня пайшоў следам за бацькам, стаў прафесійным вайскоўцам – і загінуў у далёкіх афганскіх гарах: "Бой ішоў да паўдня. Маджахеды занялі камандную вышыню. Батальён капітана Вятрэнкі штурмаваў яе. Жэня падняў людзей у атаку, і яго скасіла аўтаматнай чаргой…". Такія ж афіцэры, як капітан Вятрэнка, і савецкія салдаты не мелі ніякага выбару, іх "пагналі ў Афганістан". Малодшы Вятрэнка меў спачуванне да ворагаў і не быў бяздумным вінцікам у жахлівай ваеннай мясарубцы, у чым пераконвае яго шчырая размова з бацькам. Палкоўнік Вятрэнка зрабіў спробу ўратаваць адзінага сына: добраахвотнікам паехаў у Афган, каб быць блізка да Жэні.
 Балючая памяць прыкавала сэрцы бацькоў да зоны, дзе пахаваны іх сын. Яны засталіся, нягледзячы на тое, што паўсюль распаўзлася "зараза гэтая", але іх не палохае радыяцыя і смерць, бо адзінае іх жаданне – быць пахаванымі каля свайго Жэнечкі. Жыццё гэтых адзінотнікаў і пустэльнікаў набывае зусім іншы сэнс. Усвядомлены, па сваёй сутнасці экзістэнцыяльны, выбар ужо немаладых людзей, якія асудзілі самі сябе на пакуты і смерць у зоне, раскрывае не толькі асабістую трагедыю шамякінскіх герояў, але і агульнанародную бяду, катастрафічны лёс усёй Беларусі.
 Можна падумаць, што шамякінскія героі страчваюць інстынкт самазахавання і адчуванне суровай чарнобыльскай рэальнасці. Аднак, як думаецца, іх найперш абпаліла радыяцыя, што прысутнічала "ва ўсім жыцці", бо сацыяльна-маральны Чарнобыль быў не менш небяспечны для людзей, якія доўга жылі ў няпэўнасці, напружанні і ператварыліся ў вечных вандроўнікаў.
 Яны не былі па-сапраўднаму свабоднымі, ахвяравалі сабой, як здавалася, дзеля чагосьці вышэйшага і значнага. Жыцці гэтых людзей скарыстала дзяржава і ўлада, змусіўшы да стаіцызму, існавання ва ўмовах пастаяннай ізаляцыі. А што яны ў выніку набылі? Праз шмат гадоў сям’я Вятрэнкаў урэшце займела родную "зямлю абетаваную", аднак фактычна адзіная іх уласнасць – доўгачаканы ўласны дом і Жэнева магіла.
 Чарнобыль паставіў людзей у складаныя абставіны, і на гэты раз яны маюць магчымасць выбару. Родны кут для іх даражэй за ўсё на свеце, памяць пра сына – святое. Павел Паўлавіч Вятрэнка – "чалавек зоны", у якога ёсць свая філасофія выжывання: "…Але менавіта таму, што я знаю многа, я не веру ў блізкую смерць. Так што дарэмна высяляльнікі ўсіх рангаў называюць нас самазабойцамі. Не, мы не самазабойцы! Мы тыя, хто лагічна працягвае сваё жыццё пад тым жа напружаннем, пад якім яно было бадай увесь час, у той жа "зоне". Я напісаў у "мёртвай зоне" і выкрасліў слова мёртвай. Не, яна не мёртвая, гэтая зона. Але яна – зона".
 Твор напісаны ад імя "я" героя, і гэтая яго споведзь нагадвае плынь свядомасці чалавека – чалавека трагічнага кшталту, які, паблукаўшы па "чарнобыльскім пекле", прыходзіць да разумення жыцця як вялікай і непераходнай каштоўнасці: "А цяпер раблюся аптымістам, цяпер загадваю сабе: трэба жыць!"

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений