Крылатыя насельнікі старонкі нейкай
Цярпелі доўга здзекі.
Там панаваў страшэнны ўціск,
Там часта чуцен быў жалобны піск
Бязвіннае ахвяры.
I вось паўстаў крылаты пралетарый, –
I бура ўміг з зямлі змяла
Цара драпежніка арла.
Уціхла бура, кончана змаганне,
I вольных дзён настала ранне.
Увесь птушыны род там без разбору нацый
За творчай працай:
Хто гнёзды ўе, хто ловіць мошак –
Сваіх пісклівых корміць крошак,
Другі вартуе ў садзе дрэў –
Бароніць іх ад чарвякоў,
I працу ўсіх працаўнікоў
Бадзёрыць гучны спеў.
Адной вароне праца не пад густ.
I вось, усеўшыся на куст,
Ад рэшты грамадзян паводдаль,
– Ура! – крычыць яна.– Ура!
Няхай жыве свабода!
Між тым, абедаць бы пара,
Бо есці хочацца Вароне.
– Ужо й не рана, здэцца, сёння,
Ці зараз пададуць абед? –
Спытала ў Ластаўкі яна.
– Ніхто, сястрыца, не падасць табе,–
Вароне адказала тая,–
Бо кожны з нас абед у працы здабывае,
I не працуеш толькі ты адна.
– Ну, не брашы, а я ж вось мітынгую.
– Дык і знайдзі варону ты другую,
Якая б тут табе паслугавала,
А ў нас няма паслугачоў.
Бывай здарова! – Ластаўка сказала.–
Дарэмна траціць час я не хачу.
I давялося той адной
Дзяўбці смярдзючы конскі гной.
Дык вось, чытач, ты сам здароў
Павінен добра тое ведаць,
Што, каб прымусіць працаваць такіх «варон»,
Не трэба ім даваць абедаць.
1925