Казімір Камейша — Добры дзень, шафёр

Казімір Камейша

Світае,
Новы дзень ідзе,
Будзённы дзень ці свята.
Але адкуль з’явіўся ён,
Адкуль яго пачатак?

Пачаўся, мабыць, з рання ён,
З гадзіннікавай стрэлкі.
А можа, нават і з цябе,
Птушыны наш прыстрэшак.

Пачаўся, можа, ён з бусла
Над занямонскім стогам.
Ды не.
Я гэтак вам скажу,
Пачаўся ён з дарогі.

Яшчэ не глянула зара
Палоскаю з-за лесу,
А новы дзень шафёр пачаў,
Дарогі сябра лепшы.

Прачнуўся самым першым ён,
Яшчэ раней за ранак.
Вы спалі моцным сном яшчэ,
А ён ступіў на ганак.

У гаражы спакой і сон,
Час прабуджэння самы.
Пакуль шафёры дома спяць,
Машыны спяць таксама.

Але пара і іх будзіць –
Прачнецца хутка горад.
Пара!
Астыў за ноч асфальт.
Пара!
Заводзь маторы!

Прачнуўся першым светафор
I тройчы глянуў строга.
Што ж, добрай раніцы, шафёр,
I добры дзень,
Дарога!

Абвее ранішні скразняк
Акенца ветравое.
Жадае гораду шафёр
Прыемнага настрою.

Без газу нельга,
Без святла.
А без аўтамабіля?
Ну што б у горадзе сваім
Вы без яго рабілі?

Пакліч яго –
Ён тут як тут,
Памочнік ваш найшчыры.
Ён вас на працу давязе
Найпершым самым чынам.
Аж да заводскай прахадной
I на будоўлю прама,
У кожны гарадскі куток,
Дзе вас чакае праца,

Каб быў у кожнага настрой
I радасны й вясёлы.
I пра цябе успомніць ён
I давязе да школы.

Працуе, грае, і грыміць,
I круціць колы ранак.
Вось хлебапёкі хлеб спяклі,
I смачны і духмяны.

Час не спыняецца, бяжыць.
Не позніцца й машына.
Глядзіш, шафёр дамчаў той смак
Ужо да магазіна.

Улетку сонца прыпячэ,
Ажно дымяцца кроны.
– Дажджу! – вымольваюць. – Дажджу!
I дрэвы і газоны.

I вось два ліўні ён прымчаў
На разагрэтых колах.
Ён тут жа гораду ўручыў
Букеты два вясёлак.
Адразу горад пасвяжэў,
Асфальт блішчыць зашклёна.
Амаладзіў і напаіў
Ён дрэвы і газоны.

Зімовай ноччу снегапад
Здалёк вятры прыгналі.
Накідаў снегу,

не прайсці

I не праехаць нават.

Ён першым зноўку падаспеў.
Гукнулі мы шафёра.
Ён вывез з горада зіму
У сховішча за горад.

Пажар!
Завые на ўсю моц
Над горадам сірэна.
Агонь пажарнікі заўжды
Умомант перастрэнуць.

Агонь шугае і гудзе,
Аж плавяцца цагліны.
Але бяжыць хутчэй агню
Пажарная машына.

А вось яшчэ на кліч другі,
Ажно дымяцца шыны,
З чырвоным крыжам на баку
Спяшаецца машына.

Даюць на вуліцах усіх
Адразу ёй дарогу.
Машыну хуткаю завуць
За хуткасць дапамогі.

Калі на валаску жыццё,
Рашае ўсё імгненне,
Яна ляціць праз дождж і снег,
Яна нясе збавенне.

Як ты спяшаешся куды,
Час на хвіліны лічыш,
Зялёны аганёк таксі
Здалёк цябе пакліча.

Шафёру ўсюды справа ёсць
Ці ранні час, ці позні,–
З дарогі некага сустрэць,
Падвезці ранкам пошту.

Адвезці дошкі і бетон
На новую будоўлю.
Прыходзяць дні,
I кожны з іх
Яму дарогу дорыць.

Шафёр – дарадца ваш і друг
У кожнай добрай справе.
Спяваюць песні пра яго,
Яго за працу славяць.

Было, нахлынула ў наш край
Варожай сілы немач.
Грымела грозная вайна
Пад родным нашым небам.
Гарэлі вёскі, гарады,
Зямля ў агні палала.
Шафёр праз дым і праз агонь
Машыну вёў, бывала.

Усё было на тым шляху
У бомбавых варонках.
Праз пекла самае ён гнаў
Сваю паўтаратонку.

А там ізноў праз колькі вёрст –
Гарматнай пашчы выдых.
Зрываў калёсы і імчаў
Праз небасхілы выбух.

Калі ў блакадзе Ленінград
Лічыў і дні і ночы,
Па лёдзе Ладажскім ён шлях
Пракладваў неаднойчы.

Мароз.

Снарадны віск і дым,

I дыхаць немагчыма.
I колькі раз ламаўся лёд.
Ішла пад лёд машына.

Таму і помнік ля шашы
На ветравым прасторы
Уславіў подзвігі яго,
Ваеннага шафёра.

…Ужо адправіцца й табе
Даўно ў дарогу рупіць.
Ды нельга рухацца, калі
Не знаеш правіл руху.

I перш чым выехаць у шлях
I вёрсты перамераць,
Ты правядзі свой грузавік
Спачатку на паперы.

Ты правядзі яго па ўсіх
Найшумных скрыжаваннях,
Рашы задачы, адкажы
На ўсе як ёсць пытанні.

Прайдзі на аўтадроме ты
Шафёрскую навуку
I навучыся разумець
Усе ў маторы гукі.

Ну што ж, цяпер пара і ў шлях.
Ты хваляваўся многа.
I вось вітаецца з табой
Гарачая дарога.

Нагрэты шынамі асфальт,
Трымціць смуга лілова.
З-пад Мінска гулкая шаша
Бяжыць да Магілёва.

Шаша на Гомель і на Брэст,
Ва ўсе куткі краіны.
I на гадзінніку бягуць
За стрэлкаю хвіліны.

Бягуць узлескі і бары,
Гайдаецца прастора.
Цяплее вецер за акном
Ад подыху матора.

Ляціць дарога,

стракаціць,

Ажно калюча зрэнкам.
I на спідометры бяжыць,
Ажно спявае, стрэлка.

I б’е ў ветравое шкло
Дарожны вецер рэзкі.
Перабягаюць шлях табе
Тваёй Радзімы рэкі.

Бяжыць машына праз лясы,
Цераз палі, разлогі.
I ты, шчаслівая, бяжы,
Бяжы, мая дарога!

Сказать спасибо
( 7 оценок, среднее 2.14 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений