Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Адзінаццацігадовая Люся была зусім хворая. Ужо гадоў два як хвароба сушыла яе. Добрыя суседкі, тужачы аб Люсі, заўсёды казалі:
– Каб гэтаму дзіцяці жыццё іншае, то яно не было б хворае.
Можа і праўда, што Люся была хворая ад свайго жыцця. Яна ляжала на лаве пад акном, і маці, гледзячы на яе, думала пра тое, што Люся апошнімі часамі стала нейкая доўгая, выцягнулася ростам. Можа Люся здавалася такой доўгай таму, што за апошнія дні вельмі схуднела, але маці сілком цешыла сябе думкамі: «Можа гэта Люся пайшла ў рост, а калі так – то можа гэта яна перасіліла хваробу. I можа мая дачушка будзе жыць». Як кіпела матчына душа ад такіх думак. Усё, на што толькі здолен чалавек, можна аддаць, абы толькі жыла Люся.
Ужо другі дзень, як у Люсі з’явілася новае імя. Раней была – Люся, а цяпер стала – Люся-Дарагуся. Гэтае слова ўзбрыло на матчын язык само сабою:
– Дачушка, Люся-Дарагуся, можа табе лепш сёння?
Люсі было і не лепш і не горш. Яна прывыкла ляжаць на гэтай шырокай лаве, каля акна за сталом. Яна глядзела ўгару, у акно. Ёй відна была вяршаліна старой высокай ігрушы, якая расла ў іхнім двары. Ігруша была ўжо голая, і толькі на адной галіне трапяталіся два жоўтыя лісткі. Яшчэ тым годам Люсю глядзеў местачковы фельчар. Ён сказаў:
– Калі хочаце, каб яна стала здаровая, то праўце яе лёгкім мясам і ўсялякай такой добрай ядой.
У гаспадарцы тады было тры курыцы, і Люся дзён пятнаццаць правілася. Але гэта было даўно, з таго часу прайшлі восень, зіма, вясна і лета, і цяпер зноў прыйшла восень. Лежачы на сваёй лаве, Люся думала пра тое, што цяпер вельмі добра быць на дварэ: шпарка прабягаюць па небе хмары, раз-поразу высвечвае сонца, каля плота цвіце блакітненькая дробненькая астрачка…
Жоўты лісток адарваўся ад ігрушы, пакруціўся ў паветры і прыліп да аконнай шыбы. Следам за лістком дробная птушка стукнулася ў шкло і пырхнула назад на грушу. Шчаслівая ўсмешка павольна прайшла па Люсіным твары. Ёй захацелася ўзяць жоўты лісток у рукі. Ён, здаецца, мокры, на ім чорныя крапінкі, ён – частачка асенняй свежасці.
Босы і высокі ўвайшоў у хату бацька. Што гэта ён увайшоў, а ніхто іншы – Люся не гледзячы ведала, бо адразу запахла дымам з папяросы і пачуўся шоргат аб сцяну яго злубянелага кажушка.
Ён сеў на лаву пры сцяне.
– Тата, – сказала Люся, – ідзі, прынясі мне гэты лісток з акна.
Бацька адразу пайшоў. Неўзабаве ён стаяў у акне і падміргваў Люсі. Зноў вялая ўсмешка прайшла па Люсіным твары. Праз мінуту Люся гладзіла жоўтым лістком свае губы.
– Дарагуся, – сказала маці, – табе пара есці.
– Я не хачу.
– Але ж табе трэба правіцца.
Гэты довад быў даволі моцны, трэба было есці, хоць нехаця.
Маці забразгала засланкай. Запахла грыбной патравай. Гэта была цудоўная грыбная верашчака. Маці цэлую восень дзень пры дні хадзіла досвіткам у лес і насушыла многа грыбоў. Цыбуля з агарода была свая, а ў дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць па два скупыя хлябы. Чым жыць далей аб гэтай бядзе страшна было думаць, але пакуль што яшчэ было што есці.
Дарагуся прыўзнялася на сваёй пасцелі і закашлялася. Маці ўзяла яе пад плечы і трымала, аж пакуль не скончыўся кашаль, а кашаль быў страшны і доўгі.
– Еш, Дарагуся.
– Мамачка, я раней аддыхаюся.
I лежачы і аддыхваючыся пасля кашлю, Дарагуся яшчэ ўсё быццам адчувала на сваёй шчацэ шорсткія матчыны пальцы. Рукі гэтыя былі чорныя, патрэсканыя, пасівераныя, з іх ужо не адмывалася брудная чарната. I постаць матчына была прыгорбленая, і твар абветраны, шэры, і валасы з-пад дзіравай хусткі выбіваліся над ілбом, і ўся на латах вопратка яе няспрытна і няроўна сядзела на ёй. Дарагуся працягнула руку, узяла матчыну руку, пацягнула да сябе і пацалавала ў каструбаваты палец. Маці адвярнулася, каб Дарагуся не ўбачыла, што яна душыцца слязьмі. Але хітрая Дарагуся ўсё ведала і, каб увесці ўсё ў абыклую раўнавагу, сказала:
– Давай, мама, буду есці.
Маці пачала карміць сваю Дарагусю, але тая, пасля трэцяй лыжкі, пачала прасіцца:
– Мамачка, я хіба пасля даем, без солі вельмі ж нясмачна.
Без солі нясмачна, але дзе той солі ўзяць? Маці не мучыла Дарагусю ядой без солі.
– Сцяпан, – сказала жанчына мужу. – Дарагуся не можа есці без солі.
– Я пайду пашукаю солі, – панура адказаў чалавек. – От зараз пайду.
Ён нават не глянуў у жончыны вочы. Пагойдваючы шырокімі плячыма, ён прайшоў да сярэдзіны вуліцы і спыніўся ў одуме. Куды ісці? У гэтай дробнай дванаццаціхатняй вёсачцы ўсе жылі так, як і ён. А солі не было дзе і не было за што дастаць. Але Дарагусі трэба есці, і марудзіць нельга. У яго з’явілася думка, можа яна будзе шчаслівая. Ён шпарка выйшаў за вёску. Дзьмуў вецер, але было цёпла. Сонца свяціла над мокрай зямлёй. Праз мінут дзесяць ходу ён дайшоў да кляновых прысад. У панскім гумне гула малатарня, парабкі і парабчанкі завіхаліся каля саломы з віламі і граблямі. Сцяпан чагосьці пастаяў каля манежа, дзе два хлапчукі паганялі ў кругу дзве тройкі коней. За дзядзінцам была панская кухня. Сцяпан увайшоў туды. Кухонная дзеўка мяшала ў чыгуне нешта, заскваранае для пакаёвых слуг. «З соллю варылі», – падумаў Сцяпан.
– Кухара няма? – запытаў ён.
– А нашто?
– Я хацеў папрасіць лыжку солі.
Дзеўка зірнула ў бярозавы кадаўбец, пасля натрэсла яго ў руках.
– Няма, усю высыпала ў чыгун, – сказала яна. – Дала б, ды няма. А ключы ад каморы ў кухара, а яго няма.
– А дзе ён?
– Пайшоў япрука калоць. Павінен быць за свірнам.
Сцяпан пайшоў за свіран і адразу падаўся назад. Кухар разбіраў там ужо смаленага япрука, а збоку стаяў сам пан і ад няма чаго рабіць глядзеў, як кухар рэжа свежае сала на вялікія пласты, уціскае ў кубел і сыпле зверху соль. Соль стаяла тут жа ў мяшку. Каля кубла на зямлі соль была рассыпана, можна было назграбаць жменю, калі не прасіць у кухара, але ні таго, ні другога чалавек не мог зрабіць: ён не мог паказацца на панскія вочы. Справа была такая, што дванаццаціхатняя вёска ў часы рэвалюцыі выбудавалася ўся на панскай зямлі. А калі ў гэтым месцы ўсталявалася польская дзяржава, пан пачаў зганяць людзей з зямлі. Зямлю адабраў, а наконт хат зрабіў ласку: пасля доўгіх людскіх просьб злітаваўся і згадзіўся не скідаць з пляцоў хат, але людзі павінны былі плаціць яму за займаемае месца штогоднюю арэнду. Плаціць гэтулькі, колькі, паводле яго ўласных вылікаў, занятая зямля магла б даць прыбытку. Некаторыя, пацягнуўшы гадоў некалькі такой арэнды, сцураліся і хат, а Дарагусін бацька не мог адважыцца сысці з сям’ёй у беспрытульнасць і нейк уседзеў аж дагэтуль на сваіх трох градах. Але цяпер ён вінен пану, ужо даўно прайшоў тэрмін, а плаціць не было чым. Пан сам займаўся гэтымі справамі і ведаў Сцяпана ў твар.
Сцяпан без солі ўвайшоў у сваю хату. Маці стаяла каля Дарагусі, трымала ў руках скрутак белага палатна і гаварыла:
– Ты зараз паправішся, будзеш здаровая, і табе будзе такое добрае плацце з гэтага палатна. Хочаш? Мы ўдваіх з табою вышыем табе плацце. Будзем вышываць крыжыкамі, чырвоных і чорных нітак я дастану.
Бацька здагадаўся, што маці глушыць свой смутак і весяліць Дарагусю. Павярнуўшыся галавой у кут, ён сказаў:
– Увечары дастану солі.
Маці паклала палатно на стол. Гэта было цудоўнае палатно. Маці яго выткала яшчэ тады, калі была дзяўчынай, выткала сабе ў пасаг. Больш як дваццаць год яно праляжала ў куфры як самая дарагая рэч, якая была ў гэтых людзей. Калі вырасце Люся, яна будзе франціць у тонкім вышытым плацці. Цяпер Люся стала Дарагусяй, і – абы толькі яна паправілася – няхай малая носіць тонкае палатно. Абы толькі яна жыла.
Прыйшоў вечар. Сцяпан шпарка ішоў кляновымі прысадамі. Вось ён дайшоў да таго месца, дзе ўдзень ён бачыў рассыпаную соль. Ён нагнуўся і правёў рукою па зямлі. Як ён не падумаў пра тое, што зямля была мокрая ад дажджоў і соль ужо растала! Поўны смутку, ён разагнуўся і ўбачыў, што дзверы ў свіран адчынены і там гарыць святло. Ён зірнуў усярэдзіну, і штосьці падобнае да раптоўнай усмешкі перасмыкнула рысы яго твару. Пасярод свірна стаяў адчынены, той самы, кубел з салам. На сале тоўстым пластом ляжала соль. Ён ускочыў у свіран і пачаў грэбці соль. Нікога нідзе не было.
– Сала крадуць! – грукнуў над яго вушыма голас, і панскі кухцік, дробны і заіклівы, абхапіў ззаду Спяпана за плечы. У той жа момант загрукалі па падлозе боты і нехта другі наваліўся на яго.
– Бі злодзея! – лямантаваў кухцік.
Сцяпана павалілі на падлогу, і той другі ўскочыў з каленьмі на грудзі. Яны пачалі біць.
– Браточкі, родненькія, я не чапаў сала, гэта я хацеў солі жменю ўзяць. У мяне дзяўчынка памірае ад сухот і не можа есці без солі. Яна з вечнага голаду ў сухотах.
Ніхто яго не слухаў. Калі кухціку здалося, што збойства даволі, ён адбегся ўбок і пачаў глядзець на злодзея. Са счарнелым тварам, той падняўся і сеў.
– Я не магу ўстаць, – сказаў Сцяпан і захліпнуўся слязьмі.
Кухцік памаўчаў, падумаў, расшпіліў і зноў зашпіліў сваю вопратку і паставіў Сцяпана на ногі.
– За што ты мяне, каб цябе бог пакараў!
Кухцік моўчкі пастаяў, пасля нагроб жменю солі і ўсыпаў чалавеку ў шапку.
– Сып больш, – застагнаў Сцяпан.
Кухцік усыпаў яшчэ дзве жмені.
– Ідзі, – сказаў кухцік, – я свіран буду замыкаць.
Чалавек паклыбаў у цемені асенняга вечара. Яму было цяжка дыхаць і прыемна адчуваць, як спухлы твар абвяваецца ветрам.
У хату ён не зайшоў. Прытуліўшыся плечуком да грушы, на якой удзень трапяталіся два жоўтыя лісткі, ён доўга чакаў, пакуль жонка выйшла з хаты. Тады ён зрабіў выгляд, што толькі што ўвайшоў у двор.
– Кацярына, я прынёс солі… – прашаптаў ён праз сціснутыя зубы, – на, у шапцы. Салі, няхай Дарагуся есць.
– Дарагуся заснула, – сказала Кацярына. – На змярканні ёй было так дрэнна, яна так аслабела. А гэта заснула, можа ў сне яна памацнее. Ах, каб пайшло на папраўку. Дзе ж ты дастаў солі?
Якім родным быў для яго яе голас! Толькі як бы гэта, каб не паказацца ёй повідну з такім тварам?
– Гаспадар дома? – закрычалі раптам пад акном, і двое людзей увайшлі ў двор. Сцяпан уныў. Ён пазнаў панскага аканома і гміннага паліцэйскага.
– Я схаваюся, скажы, што мяне дома няма, – зашаптаў ён і пабег цёмным дваром за хату. Мінут дзесяць ён там чакаў.
– Арэнду за пляц, – сказала Кацярына, падыходзячы да яго. – Калі заўтра зранку не заплацім – заўтра ж выганяць з хаты. Пабудзілі крыкам Дарагусю, яна гаварыць не можа, у яе мову адабрала… Божачка, што нам рабіць? На, бяры, – совала яна яму ў рукі палатно, – хутчэй ідзі, знайдзі якога-небудзь купца, прадай, з хаты заўтра выганяць. Праз усё жыццё хавала для Дарагусі палатно… Божа мой, божа… Абы толькі яна была здаровая…
Ён хапіў палатно і пабег з двара. Ён ужо ні аб чым не думаў, абы толькі знайсці купца. Яго не было цэлую ноч. Ужо світала, калі ён, хістаючыся ў бакі, прайшоў паўз вокны свае хаты. Цела яго ныла, і твар быў як у агні. Пад пахай ён трымаў скрутак палатна. Страшная, як цень, Кацярына выйшла яму насустрач.
– Палатна не прадаў, няма каму прадаваць, – сказаў ён вінавата.
– Дарагуся памерла! – закрычала Кацярына і не магла заўважыць счарнелага Сцяпанавага твару.
Ён кінуўся ў хату, Кацярына як аслупянелая стаяла на яго дарозе. Ён хапіў яе за плечы і пхаў перад сабой. Скупое святло асенняга рассвітання цадзілася праз вокны. Дарагуся ляжала на сваім ранейшым месцы, выцягнутая, доўгая. Учарашні жоўты лісток з ігрушы валяўся каля лавы, на зямлі. На стале была шапка з соллю.
– Дарагуся, табе засталося тваё палатно! – ірвануўся дзікі Кацярынін енк. Яна выхапіла са Сцяпанавых рук палатно і пакрыла ім Дарагусю.
Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, круцячыся па адным месцы, пасля знайшоў: прыпёрся лбом да мокрага ствала грушы і застыў як анямелы. Над яго галавой трапятаўся жоўты лісток.
– Няхай выганяе з хаты, няхай, – мармытаў ён, адчуваючы быццам шчасце ад таго, што яго выганяць з хаты.
Яго ўвёў у прытомнасць нейкі дзіўны гул. Ён ачнуўся і падумаў, што трэба ісці разжывацца дошак на труну. Нечуваны ніколі раней ім гул шырыўся і рос. Ён убачыў, як полем ішлі не бачаныя ім раней машыны. Пасля ён убачыў на вуліцы новых людзей. Гэта былі чырвонаармейцы. Павольнай хадой ён рушыў да іх, пасля рвануўся ў нястрыманым парыве. Ён зразумеў усё.
– Братка! – закрычаў ён, кідаючыся на шыю першаму чырвонаармейцу. – Братка, ратуй! Калі дзе ўгледзіш пана – не шкадуй. Прасіцца будзе – не вер, пакуль не здохне.
Крыніца: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні 1928-1944 гг. Мн., «Мастацкая літаратура», 1972, 488 с.