Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Над нашы Баркаўцы – няма лепшай вёскі. Тут і жыць весела і ні па што далёка ісці не трэба. Усё пад бокам: сельсавет, капераціў. Нават пошта – і тая ў нас ёсць. Ды шчэ два гасцінцы сярод Баркаўцоў крыжуюцца. Адзін ідзе ўдоўж праз усю вёску, а другі – каля Пагулянкі, што трохі наводшыбе стаіць, ды ўпоперак праз Баркаўцы праходзіць. Па тым, што цераз усю вёску з канца ў канец ідзе, калі паехаць, – у наша мястэчка, у гразкі Хлюпск заедзеш. А з другога на шчэ большы гасцінец выедзеш ды тады проста, нават вочы завязаўшы, у наш даўней акруговы, а цяпер раённы гарадок трапіш.
За нашу бытнасць адна лішняя зборня была ў Баркаўцах. Ад графа Сроль карчму трымаў. Стаяла яна тамсама, дзе і цяпер стаіць: на самых крыжавых дарогах.
Усякім манерам Сроль кідаўся: напавер гарэлку даваў, на збожжа продаў… Хочаш – садзіся ў карчме пі, а не хочаш – дадому нясі. Свята зойдзе – тады Сроль нойме музыкаў. Яны сабе барабаняць усю ноч, а ён сам за буфетам стаіць. Вочы маленькія ў Сроля паробяцца – меншыя за кратовы. Цісне іх сон, а ён патом чапурыцца, весялей пазіраць прабуе. Сярод карчмы ігрышча. Круцяцца, прытопваюць, а Сролю і не наўме гэта. Не так ад старасці, як ад прывычкі яго музыкі ані не трывожаць, як бы ні стараліся лепш уладзіць. Не тое што другі каторы: і ногі дрыгаюць, і плечукі то ўзад, то ўперад пахаджаюць. А што Сроль!.. Яму трэба напагатове быць – а ну, можа, каму выпіць кватэрку якую заманецца. Гэтакаму чалавеку Сроль дасць-падасць: абы грошы ці добрая застава.
У нашых Баркаўцах яшчэ і цяпер жывуць два музыкі. Толькі што за гэтыя гады сапселі, састарэлі. З лыжкаю ўжо добра но саўладаюць, а не то каб з смыкам ці з кручкамі. От перад вайною, дык яны самыя аматары былі. Адзін з іх пілаваў на скрыпцы, а другі на цымбалах барабаніў. I вяселлі ездзілі ўдвух іграць і разам у карчму хадзілі. Так таварышкавалі, што проста дзіва. Да таго ўжо былі ўдвух разам іграць уладзіліся, што ніякія местачковыя, бывала, не паправяць. Самі ногі, здэцца, пад тахту ідуць, як іх пачуеш.
Гэтых нашых музык Сроль перш хадзіў прасіць, кожан раз з імі гадзіўся, колькі возьмуць за вечар. Потым яны і самі, без ніякага папытання, прыходзілі. Нарэшце да таго ўнадзіліся, што Сроль ім і плаціць кінуў, а яны, як толькі вечар перад святам ці ў свята, – ідуць ды ідуць. Іграюць аж да певуноў, а калі разахвоцяцца, дык і да белай раніцы ў карчме заседзяцца. На вечар разы тры марша граюць. А раз марша граюць, дык, хто гуляў, дзесятку ці грыўню ў цымбалы праз адмысловую шчылінку ўкінуць павінен. Такі ўжо звычай. От з гэтага музыкам і заработак.
Стала вайна – звялі карчмы, прыкрылі Сролю гандаль. Але ён і на гэтым не траціў. Перакупствам стаў займацца. Шчэ выйграў нават. Граф з карчмы Сроля прапсюрыць перш не меў часу, а потым і волі не стаў мець. Дармовая хата яму прыйшлася, ды не то што хата, а цэлыя пакоі. Непрызвычаены чалавек заблудзіў бы, каб пайшоў па ўсіх каморах. Сролю і то добра. Кепска адным баркаўчанам ад гэтага стала. Ужо ж не будзеш так вісець у Сроля над сталом, як даўней у карчме над буфетам. Ды і чужыя людзі не сталі цяпер сюды даведвацца, як няма гарэлкі, так што і навін ніхто з стараны не паднясе. Цяпер ані баркаўчанам няма ніякага інтэрасу да карчмы.
Саўсім другі інтэрас у людзей у вайну. Тады адступленні, наступленні ўсплылі на гаваркі язык. Да гэтага часу толькі чуць чулі, што недзе нейкія газеты ёсць. Дамоў іх толькі тады прывозілі, калі ў краме што куплёнае ў яе ўверцяць А цяпер паедзе хто да торгу ды і купіць там газету.
Выбіраюць як каму да густу: хто большую, а хто таншую. Калі сам чытаць не ўмее ды дадому прывезшы некаму дасць, каб пачытаў, а сам паслухае. Так што карчма і не надта патрэбна стала.
З адным кепска было, што гарэлкі тады не продалі. Ото б людзі папапівалі! Ото людзі з гора горкага чэмеру гэтага выжлукцілі б! Ото б казне заработак быў!
А змірыліся раз. Потым яшчэ разоў дзесяць з усякім чортам як змірыліся, а каго прапсюрылі – пацішэла тады. Трохі пачакаўшы «рускагоркая» з’явілася. Толькі яе сталі на пробу з Хлюпска дамоў нашы баркаўчане прывозіць, як зараз к нам бы чорт з неба Цэнтраспіртаву крамку скінуў з усім чысценька: гарэлкаю, вывескаю і нумарам 72-м. Так усё скора рабілася.
Яшчэ да гэтага ў Баркаўцах людзі сабе капераціў былі зрабілі. Ды нідзе яму добрай хаты не падабралі. Успомнілі тады, што Сроль дармовыя пакоі мае. Законным правам узялі паціснулі былі яго крыху. Самы лепшы ганак і два камары ад вуліцы, што з градамі ў вокнах, занялі. Потым з’явіўся Цэнтраспірт – і той к Сролю прысукаўся. Другі ганак ад вуліцы і яшчэ два камары заняў, каб з сваімі поўнымі і гуляшчымі пляшкамі было дзе распасцерціся. Пакрыўдзілі Сроля. Ніводнага акна ў яго не асталося, што з хаты на вуліцу, а ўсе на гразкі, нізкі двор. Сролю крыўда. Давай ён заявы пісаць, суды ды справы заводзіць, але нічога не памагло. На яго, як на прыватніка, ніхто ўвагі не ўзяў. Так і астаўся сядзець там, адкуль яшчэ не выгналі, ды глядзець на гразкі, ад патопу не мецены двор, а не на шырокую чвыраватую баркаўскую вуліцу. Сролеў сын яшчэ на бацьку й сварыўся:
– Начорта табе, старому, суды ды цяганіна. Сядзі сабе ў сваім кутку ды маўчы. Дзе ж ім дзецца? Трэба ж дзе атабарыцца.
Сроль на баркаўчанаў за ўсе гэтыя падэсці, што нехаця яны нарабілі, і не злуе надта. Апранецца, бывае, у свой чорны рускі кажух з фалдамі ці ў ватовую куртку – выйдзе на вуліцу з людзьмі пагаварыць. А гэта ўсё таму, што баркаўчане людзі разумныя і змыслыя. Калі што гуртам робяць, дык падумаўшы – таму яно ў іх добра й выходзіць. А якія людзі – такая вёска.
Ды што многа гаварыць! Можна не хвалячыся сказаць, што свет схадзі – лепшай вёскі за нашу не знойдзеш. А вот Трахім з нашай Пагулянкі кажа, што Баркаўцы й блізка ля добрай вёскі не стаялі, бо гарэць ні разу не гарэлі. Ураслі садамі ды дрэвам усякім, што здалёк і праўда на вёску не падобны, а на нейкі сад, як у паноў каторых перад палацамі. Мне здэцца – гэта й добра. Баркаўчанскаму воку ёсць з чаго парадавацца. Прышламу чалавеку ёсць чаму пазайздросціць. Калі ўжо Баркаўцы за гэта ганіць, дык смеху варт такая мова. Толькі бяда, што Трахіма гэтага не ўгаворыш, калі на сваё папрэ. Ён адно дзяўбе:
– Тут, – кажа, – не людзі, а нелюдзі. Ніколі яны з торбамі не хадзілі. Гору чалавечаму не ўмеюць спагадаць, бо самі ў ім не былі. Ты хоць трэсні, у бяду папаўшыся, а ратунку не чакай ні ад кога. Будуць стаяць, рукі ў закарвашы ці ў кішэні паўкладаўшы, глядзець ды толькі насміхацца сцішка.
Можна смела Трахіму не паверыць, бо гэтыя словы я ад яго ўзлаванага чуў. А яго ў злосць як увядуць, дык чухаецца тады, на адной хвіліне па пяць раз вымае люльку з зубоў, каб плюнуць, ды такія штукі пра людзей расказвае, што хоць ты ўсіх вешаць вядзі пасля гэтага.
Няма людзей лепшых, як нашы баркаўчане. Дзе гэта відана! Усяго толькі, што крыху дзіўныя яны: не любяць, каб з свайго мазаля хлеб есці, а ўсё хітрыкамі, каб промыслам сваім як выкруціцца. Каб дзе дарма капейчыну абарваць стараюцца. Каб не сеяўшы, не малаціўшы ды прыбытак мець. Хочуць, каб і ў заработках не натрудзіць плечы і каб грошы хадзіць сыскаць. Баркаўчане да ўсяго прыглядаюцца, прыслухоўваюцца. Любяць гурт і вясёлую шумную гаворку.
Даўней было ім самае прыстанішча ўвечары ў карчме, а ўдзень у воласці на зборні. Як воласць скасавалі, дык гэтыя самыя парадкі і ў сельсавеце асталіся. Але гэты год кепскі ў нас старшыня. Саўсім не любіць гоману і гаваркіх людзей. Калі прыйдзеш да яго ў савет, не будзе распытвацца: што ў вас чуваць, а як там на дварэ – на дождж не выглядае? Зразу вызверыцца: «Што скажаце?»
От гэта яго слова і не баркаўское. Па-баркаускому трэба ласкава з чалавекам гаварыць, кпінамі яго ка лоць спадцішка, смеючыся сам сабе пад нос. Ды, на добры лад, з нашага сяголетняга старшыні гэтага даходзіць няма чаго – ён не баркаўчанін а пасёлкавец. Пакуль пасёлка не ўзяў, у адным (да ад нас) саўхозе быў паплаўнічым. Як дзень я конна з адразанкаю ў кішэні саўхозскае поле і сена жаці аб’язджаў, каб хто жыта сваім адумам сабе не ўжаў снапоў колькі. Глядзеў, каб травы не нарвалі, каб з крыжыкаў ды мэдлікаў снапоў не парасцягвалі, каб копы на сенажаці цэлыя стаялі, каб хто каня ці цельную карову не прыпусціў у шкоду папасвіць. А ўзімку дзень спіць, а ноч з тою самаю адразанкаю ля будынкаў ходзіць. Вартаваў, каб саўхоз цэлы стаяў: каб нічога суседзі не парасцягвалі ці каб хто па злосці не ўпёк, ціхенька з запалкамі падкраўшыся. Так што тады яму, нашаму старшыні, мала й гаварыць трэ было – больш крычаць ды праганяць даводзілася. Можа, загэтым ён і не любіць язычлівых, гаваркіх.
Праз яго цяпер у нашым сельсавеце і на зборні зборні няма. Баркаўчане па злосці кажуць на нашых сельсаветчыкаў:
– Мармычы-людзі. Толькі й знаюць свае паперы пісаць ды ўсё сартуюць іх, куды каторую падшыць.
Капераціў цяпер усё прыстанішча баркаўчанаў і ў будны дзень, і ў свята. Там капераціўшчык Сцёпка нізенькі, круглы і ў твары і ў целе чалавек, – варушкі надта. Хоць не надта ён сам гаманіць любіць, але змыслы. Ніколі не прапусціць такога здарэння, дзе б ільга было навіну якую пачуць. Хай толькі хто пачне ў капераціве сакрэты якія гаварыць, дык і бровы падыме, і вушы натапырыць – хаця б даслухаць. Людзям тавар кіне падаваць на выбар, а што гаворыцца – пачуе. Толькі датуль, пакуль пра што гаворыцца, даслухае, у яго перапынак бывае, а так Сцёпка спрыцен да гандлю. Самы ўпраўны гандляр баржджэй за яго грошай не злічыць і рэшты не дасць спрытней – роўна капейка ў капейку; калі грош трэба, дык і той знойдзецца. Лепшага за яго капераціўшчыка і з-за меж не выпішаш, а не то што з горада выпатрабуеш.
Адно толькі крыху кепска, што казённыя грошы, як капераціў замыкае, сабе ў кішэню забірае. Бывае, што забудзецца іх усе старшаму свайму капераціўшчыку здаць ды ўзяць замест іх распіску, а возьме дома да часу пакіне. Тут рэвізія наскочыць – давай у ўсякіх паперах капацца, давай лічыць, на рахаўніцы бразгаць костачкамі.
– У вас, Сцёпка, – кажуць, – недастача рублёў на 80.
Тады Сцёпка аж за галаву схопіцца, успомніўшы. Ён не тоіцца. Усё як ёсць ад шчырага сэрца прызнаецца:
– Гэта ж я дома грошы пакінуў ды забыўся з сабою ўзяць. Дык колькі, вы кажаце, не хапае? 80 рублёў? I 62 капейкі?
Сцёпка збегае дадому, возьме і прынясе роўна гэтыя самыя 80 рублёў і 62 капейкі.
– Вось, – кажа, – маеце. Тут яны ўсе.
Калі ж Сцёпкаў бацька, бывае, грамадскага інтэрасу не ведаючы, возьме ды ўпатрэбіць сынскія грошы на карову ці так на які вялікі гаспадарскі расход, тады Сцёпка, усё роўна як яго сэрца й чуе гэту бяду, не дадому бяжыць, а к суседу, каторы нядаўна што буйнаватае прадаў. Напрамілуй бог просіць:
– Пазыч рублёў 80. Паслязаўтра я табе іх аддам. Няма чаго казаць! Наш Сцёпка-капераціўшчык чалавек як трэба. А што звягаюць на яго некаторыя баркаўчане, дык – хто сабе няпрыяцеляў не мае? Так яно спрадвеку было й будзе. Смеху варт, кажуць – кабеты аблічвае ды й так лішнія хаўрусныя грошы сабе заганяе. Плятуць:
– Такая зайздрасць, што меры не знае – кожан раз лішняе перабярэ.
Ды што там пра гэта многа гаварыць, калі ўжо недастачы штораз менш і менш у Сцёпкі знаходзяць. Гэта першы раз было 80 рублёў; ужо за другім разам усяго 43 рублі не ставала, а за трэцім – яшчэ меней.
Мала што людзі на добрага чалавека здумаюць. Нізашто я не паверу, каб Сцёпка сумыслу браў сабе хаўрусныя грошы: шчэ ў нашай радні не чуваць было, каб хоць з адзін круцель удаўся. Сцёпку крыўда будзе, калі яго гэтак абазваць. Ён і сабе, і казне, і людзям верны чалавек.
От я Лук’яна з капераціва выганяў бы. Чорт жа яму адкажацца, калі прыслепіцца прасіць тытуну. Палічы тады, колькі пачкаў на аднаго яго ў месяц разойдзецца. Дасі Лук’яну, дык жа ж тады трэба н другім пасуліць. От чаму я й думаю, што Сцёпка сваіх у месяц сама менш рубля паўтара за адзін тытун прыкладае.
Хараство ў Баркаўцах, калі кірмашны дзень у мястэчку. Тады за людскімі фурманкамі цераз вуліцу ў нас не пяройдзеш. Едуць і едуць. Канца ім няма… Ад цямна і траха не да паўдня з усякім пасудкам: з цэбрамі, вёдрамі, ражкамі, дайніцамі, з мяхамі на вазах усе ў Хлюпск сунуцца. Пад вечар гэтыя самыя людзі ўлегцы з Хлюпска дамоў трухаюцца. З раніцы людзі цішэйшыя, а пад вечар ужо й гамоняць, і рукамі, што трэба, паказваюць. Каторы каня змяняў ці прадаў што з большай жывёлы, дык і саўсім трапяткім робіцца. Раніцаю едуць без ніякай гарнізацыі, як хто ўправіўся з дому выбрацца – хто раней, хто пазней. Пад вечар жа дамоў ехаць гуртам збіраюцца. Усе з аднэй вёскі, што ў злагадзе самі з сабою жывуць, бяруць адну літру, каб пагрэцца.
Тады дамоў усім гуртам фурманка за фурманкаю едуць. Дзе коні пад гору цішэй ідуць, там яны з вазоў адны з аднымі моцна гамоняць. Калі ў мястэчку ім не папалася пагрэцца – завоз быў вялікі каля казёнкі ці так была якая прычына, дык праз Баркаўцы едучы вялізная табліца над Цэнтраспіртавым ганкам успамяне ім, што пагрэцца-такі варта. Хто ж тады пазнае, што на кірмаш да торгу ездзіў, калі з рота нічога не чуваць.
Убачаць мужчыны на табліцы нумар 72. Пагавораць. Пасаймікуюцца:
– А што, каб узяць з паўлітры? Як вы, мужчыны, думаеце?
– Па мне – можна.
– I па мне – бяры сабе.
Гукнуць на пярэдняга, каб каня сутрымаў, а заднія й самі пастануць. Пытаюцца: «Што там у вас?»
– А унь паслалі, – пакажуць тым, што не былі блізка, як згаворваліся. I заднім гэта наруку. Шчэ гукнуць на пасланца:
– Ты ж там болей бяры – цэлую літру!
Пасланец згодзен. На хаду адказвае: «Добра!»
Стануць сабе ўсёю вёскаю сярод вуліцы і стаяць. З другіх вёсак людзі, што едуць, мусяць набок скіроўваць коні ды абмінаць.
Тым часам пасланец у карчме з ганка сыходзіць і таўстую літру за горла трымае ў руцэ.
Далёкія яны людзі дый не запаслівыя. Не маюць з сабою такога пасудку, каб роўна, без крыўды ўсяму гурту літру размераць. Але суседская справа – злаваць ніхто не будзе, калі аднаму капля болей, другому капля меней прыйдзецца. Нагном глыне, колькі яму хочацца, ды дае другому:
– Грэйся, – кажа.
Лук’ян жа наш, што капераціўскім сабакам прадражнілі, у такі час, бывае, стаіць ля ганка проці крамкі № 72. Пакурвае сабе чужы тытун ды смяецца разам з другімі. Убачыць, што так людзі з літраю мучацца, добрага прыступу да яе не маючы, – шкада іх Лук’яну стане. Падыдзе памаленьку к людскому возу, ля каторага гурт сабраўшыся, дый спагадае:
– Як вы, людзі, п’яце нагном! Гэта ж запырхацца можна. Наце вам лепш чарку.
I праўда! Дастае сабе з кішэні масенжную крыху пагібаную бляшанку, што шчэ з японскай вайны прынёс, як пусцілі з войска дамоў. Лук’ян цяпер гаворыць маладзейшым хлопцам (не ведаю, ці праўда, ці ілжэ), што тады ў войску не толькі чарку, але й гарэлку давалі, каб ахвотней на штыкі перліся. Дык ад тых дат гэта бляшанка ў вялікай пашаноце ў Лук’яна.
Дае сваю чарку мужчынам – тыя й рады. Пакуль дзякаваць, дык перш разы два наліюць яе поўную і дадуць Лук’яну пакаштаваць. Той ад гэтага не адказен, ласку ахвотна прымае. Толькі пасля, як вытра губы, салжэ, як у яго чарка ў кішэні апынулася. Доўга будзе ўсю гэту яго мову запісаць, дый ніхто веры не дасць, яе пісаную пачытаўшы. Каб паверыць, трэба самому ад Лук’яна чуць. Ён так не аднаму гурту ласку ўчыніць і аднэю гладка сказанаю моваю адбратаецца.
Лук’ян чалавек запаслівы. У яго заўсёды скібачка хлеба ў хустачку ўверчаная ў кішэні ляжыць. Пасля чаркі выме яе, разверціць, адломіць, колькі трэба закусіць, а рэшту зноў уверціць і ў кішэню схавае. Бляшанка гэтаксама ў яго ў пашаноце. Як людзям не трэба, возьме зверху аб крысо сваёй суконнай жакеткі вытра і ў кішэню схавае. Тады памаленьку зноў ідзе ў мужчынскі гурт зубы продаць.
Хто Лук’яна не знае, пры чужых вазах убачыўшы, гатоў падумаць, што падліза ён. Але хай лепш гэтага не думае. Дзе Лук’яну выпадае, ён там і на кпіць з чужога чалавека і набрэша. Калі ж дзе гэта не з рукі, там ласачкаю неўзаметку пад’едзе, ці просьбаю, ці грозьбаю, – усё адно сабе не на ўтрату зробіць, а на прыбытак. Ці так, ці сяк, але Лук’ян і не ўгінаецца надта, і не крычыць моцна. Усё ў яго жартамі з рук сходзіць.
Гэтаксама і ўсе баркаўчане любяць весялосць. Здало іх накпіваць, смяяцца з людзей. Хай пападзецца ў Баркаўцы чужы чалавек, дык так абшыюць, абсмяюць, што толькі будзе рот разявіўшы слухаць ды блішчаць вачыма то на аднаго, то на другога. Свежы чалавек нізашто баркаўчанскай мовы не разбярэ. Каб яе разумець налажыцца, трэба сама менш месяцы два ў Баркаўцах пажыць ды пахадзіць на зборні і з старэйшымі і маладзейшымі. Тады толькі акзамінт на сабачую мову здасі.
Не шануюць і самі сябе баркаўчане. У нас нікога па імені не завуць. Кожны мае сваю прыкладку. I ў старога і ў малога яна ёсць.
Лук’яна капераціўскім сабакам завуць. Трахіма з Пагулянкі – млечнікам. Парасчынага свёкра «дэбаю» звалі. Ды што казаць, як каго завуць, калі вы болей нікога і не ведаеце ў нас. Але пачакайце! Абы толькі вам быў час, а мне ахвота, дык шчэ ці аднаго можна будзе баркаўчаніна ў газетах працягнуць. Абы здароўе!
Патом весела ў Баркаўцах жыць. Дармо, што і ў мяне самога прыкладка ёсць, а я патом іх ні на адну вёску, ні на адзін горад не прамяняў бы.
От у ваколічных вёсках каля нас дык дзікуны, а не людзі ёсць. Баяцца ў Баркаўцы ў капераціў хадзіць, каб хаця іх не прасмяялі. Толькі, праўда, не ўсе.
Шчэ не ведаю, чаму гэта нашы Баркаўцы ў другіх вёсках за нейкае пудзіла маюць. Пасварацца там, бывае, суседзі, а не то і паб’юцца, калі надта гарачыя. Потым давай адзін аднаго страшыць:
– Хіба ж ты праз Баркаўцы ісці ці ехаць не будзеш! Памесяць там табе плечы. Ой, уложаць! Аж не панясеш, як уложаць!
– Смаркач ты, калі не чуў добрага слова. Хіба ж ты там знаеш каго? От я калі папрашу, дык табе то ўложаць, мала не будзе.
– Хто цябе паслухае?
– А то й не?
– А то й паслухае?
Так: перш біліся, а потым сядуць водалека адзін за аднаго, калі ёсць на чым, ды давай сварыцца. Кожны выхваляецца, што лепш за другога баркаўчанаў ведае.
Саўсім жа гэта – брахня на нашу вёску. Ніколі баркаўчане ў такія справы не лезлі, каб спасцігаць немаведама каму і чортведама за каго. На гэта даўней у мястэчку былі два мешчанчукі, што за паўкварты гатовы былі да паўсмерці прыбіць не вінаватага ім чалавека. Баркаўчанам толькі каб падвесці каго, каб хто біўся, а ім самім збоку пастаяць ды на той бок паглядзець. От на што баркаўчане здатны.
А каб на мяне хто так сказаў, як на нашы Баркаўцы, – я адразачку заяву ў суд занёс бы.
Але хто што ні гаворыць, а я адно кажу: за нашы Баркаўцы ў свеце лепшай вёскі няма. Нізашто б я з яе не выбраўся, хоць бы мне й прыплачвалі.
В. Скварцы,
май 1927 – снежань 1928 г.