Міхась Лынькоў — На чырвоных лядах

Міхась Лынькоў

  Цячэ спрадвечная плынь народнага побыту ў мястэчку з яго традыцыйным складам пераважна сялянскага жыцця. Штодзённы горкі клопат пра выжыванне часам перабіваецца хвіліннымі момантамі скупой радасці і весялосці. Настаўніца местачковай школы Зіначка разважае, шкадуючы сябе, што трапіла ў такую невыносную глухмень, у «куток мядзвежы»: «А пра сялянства і казаць нечага — мяхі мякінныя… От толькі і ведалі б: бульба да грэчка, грэчка да бульба… Спас надыдзе ці Мікола там часам — і пашло грукатаць мястэчка. Аднэй гарэлкі — дык затлуміся, а колькі галоў паб’юць ды бакоў памнуць… I якія людзі, такія й дзеці — вучы іх тут, марнуй сваю маладосць… I для каго?».
  Зіначка не ўсведамляе, што і яна — натуральны прадукт крытыкуемага ёю ўзроўню жыцця. Яна ахвотна рэжацца ў карты з бацюшкам, дзеля пацехі выклікаючы рэўнасць матушкі. Яе муж на вайне, і яна, каб «не марнавалася маладосць», прыхінаецца да багатага прадпрымальніка Мацвея Юльевіча.
  Мараль простых людзей моцна залежная ад іхніх прагматычных інтарэсаў, нават калі яны дробныя. Вось Лаўрэн, наткнуўшыся на мёртвае цела добра знаёмага яму Лявона, выпадкам забітага, а пасля скінутага ў раку лесніком, не выцягвае яго на бераг, а, наадварот, адпіхвае дручком ад берага, думаючы пры гэтым: «Вот табе і раз, набыў сабе клопату. Хадзі цяпер па начальству… Шчэ па прыставах цябе паганяюць, — адкуль мерцвяка здабыў… Ты ўжо не крыўдуй, братка Лявон. Не з рукі нам… Чалавек ты, здаецца, і нішто, ціхі, можна сказаць, чалавек… Да бач жа, доля такая, дзе толькі собіла… Плыві, галубок, плыві… Знойдзеш дзе-небудзь і дамавіну. А нам — суседзям тваім — не з рукі… Бо смерць твая без крыжа была, нялюдская, браце, смерць…». У падтэксце гэтага эпізоду думка пісьменніка, што ніякі грамадскі прагрэс не можа грунтавацца на падобнай народнай маралі.
  Багацейшыя гаспадары мястэчка без жалю эксплуатуюць бяднейшы пласт сялянства. Парабкам у багацейшых суседзяў жывецца горш, чым у паноў, бо суседзі карыслівыя нават у дробязях. I ўсё ж агульны псіхалагічна-сацыяльны клімат у мястэчку не безнадзейны. У ім ужо ёсць пробліскі новых адчуванняў і чаканняў. Па-першае, парабкі любяць працу як такую незалежна ад таго, колькі ім плацяць. А працавіты чалавек заўсёды надзея будучыні. Па-другое, у некаторых маладых людзей зараджаюцца і выспяваюць першапачатковыя духоўныя судакрананні з жыццём.
  «— Трохі з прыдурам… — кажа пра свайго парабка дзядзька Іван.
  Хіба не з прыдурам, калі вось угледзіцца часам у што і глядзіць. Глядзіць, здаецца, і не зварухнецца, а запытай яго, што ён там бача — хіба адкажа. Лыпне вось так вачамі бялёсаватымі і нібы ўглядаюцца гэтыя вочы не на свет божы, а ў нутро сваё, і толькі потым ужо спытае:
  — Аб чым гэта вы ? Спытае і ўглядаецца здзіўлена.
  — Зрок у яго нутраны… — кажуць бабы-суседкі. А які гэта зрок, запытай іх, і не адкажуць».
  I невыпадкова менавіта Нупрэй, парабак Івана, заступаецца за салдатак, якіх крыўдзіць стараста.
  Прырода ў рамане, як і ў папярэдніх творах пісьменніка, — умяшчальня і гарант спрадвечнага існавання свету з захаваннем жыццёвага аптымізму, якое гора людзі ні перажывалі б. Алтэр, скупшчык рыззя, жыве бедна. Але ён аптыміст, бо адчувае сваю глыбокую душэўную далучанасць да прыроды. «Уга, чаму ж яму плакаць, калі сонца смяецца!»
  У канцы рамана павявае ўжо блізкім ветрам рэвалюцыі. Вяртаюцца з фронту некаторыя салдаты, якія нясуць у сабе пачуццё бурнай нянавісці да вайны і да ўлад, якія яе распачалі. Ужо з’яўляюцца першыя спробы яшчэ нясмелай агітацыі і не зусім смелага супрацьдзеяння мясцоваму начальству.
  Раман «На чырвоных лядах» застаўся незакончаным, напісана і надрукавана толькі першая частка рамана «Ціхія сялібы».

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений