Міхась Лынькоў — У вагоне

Міхась Лынькоў

Увага! Поўны змест

  Уздоўж вагонаў ляцяць светлякі.
 То паравозныя іскры паласуюць шэры змрок, сцелюцца з дымам па прыдарожных лагчынах, па слізкаму іржэўніку асенніх палёў, над алешнікамі, над лазнякамі. Гультаявата паўзуць тэлеграфныя слупы, паволі ўздымаецца і апускаецца дрот — гэта ўбачыш усё з акна.
 Вагон старанна выстуквае на стыках сваю аднастайную песню ды грыміць, грукаціць на ўсе свае буфяры і кручча. Жоўтае полымя свечкі палыхае па змрочных сценах, і таму ў вагоне, у звычайным вагоне «Максіма» неяк цёмна і надзвычайна прытульна. Праўда, тут і жорсткія лавы, і нічым не прыглушаны грукат калёс, але прытульнасць не ў гэтым, яна ў нечым другім… Вунь стары дзядок, прымайстраваўшы пад голаў палатаную кайстру, лёг, пазяхнуў салодка і, ні да каго асабліва не зварочваючыся, бубніць паціху пад нос:
 — А я, даражэнькія, у горад еду да сына…
 — Куды? — пытае нехта з верхняе лавы.
 — У горад, кажу, да сына. Таму не бачыў даўно… праведаць вось трэба, як жыве, як што, ды ці мала чаго.
 — Гэта ты, стары, правільна, бо чалавека да чалавека цягне і як яшчэ цягне.
 — Чаму не! Ці ж не родны ён сын мне? Бач, адбіўся ад хаты даўно, ну, а мне старому і нудна.
 — Вядома, яшчэ як…— і нечы голас з верхняе лавы пачынае расказваць нешта нуднае, нешта цягучае. Стары дзед пазяхае ўсё болей і болей, дрэмле і, урэшце, спіць, прымайстраваўшыся шчыльна да сваёй кайстры. А з верхняе лавы ўсё чутна:
 — Чаму не… I як яшчэ чалавека да чалавека цягне, няма ніякай магчымасці стрымацца, сцерпець, каб не ўбачыцца. Вось я з жонкай месяц не бачыўся…
 — А годзе вам лапці плесці: цягне ды цягне… I дзе б цягнула там. Расстаўся на месяц з жонкай, дык яму замарудзіла… Не, мой сокал, не ў месяцы справа, пажыў бы ты з маё — тады б і сказаў.
 То ўмешваецца ў гутарку селянін гадоў пад сорак. Звычайнае аблічча, выцвілыя вочы, шырокія плоскія пальцы, якія так добра трымаюць ці цэп, ці касільна ў руках. На ілбу глыбокія маршчакі, нахмураныя пасмы брывей і з-пад іх мяккі, поўны цяплыні і душэўнасці погляд. Страціўшая колер жакетка і такія ж порткі гавораць аб тым, што чалавек пабачыў у жыцці і акрамя сваіх лапцей, якія сарамліва выглядаюць з-пад портак і нібы выбачэння просяць за сваё суседства з імі. Усё ж такі з фабрычнай тканіны порткі, а лапаць што,— звычайны лапаць, наскі, сялянскі.
 Побач с селянінам хлопчык гадоў трох. У яго распухшае вока, ён трэ яго запэцканым кулачком, трэ і часта плача.
 — Ціха, сынок, вось хутка прыедам у горад, пойдам да доктара, ён табе цукерку дасць і не будзе вочка балець…
 — Хочу да мамы!
 — Што мама? Прыедзем з гораду, пабачыш і маму.
 — Да мамы хочу…
 — Ну, годзі, сядзі ціханька, а то дзядзі сварыцца будуць…
 Хлопчык не плача, касурыцца здаровым вокам на ўсіх, схіляе галаву, пільна ўглядаецца на кончык свайго жоўтага новенькага лапціка і цярэбіць рукой бацькаў гузік.
 — Што з хлопцам?
 — Прастуда, відаць. Бач, гуляў на вуліцы ды пакупаўся з дзяцьмі ў канаўцы, мусіць, і застудзіў вока. I пайшло яно пухнуць, што дзень, то болей…
 — Чаму ж не даглядалі за дзіцянём?
 — Дзе там дагледзіш, калі працы хоць адбаўляй, а тут жонка яшчэ хворая.
 — Хворая?
 — Так, хворая. Сухоты — дактары кажуць.
 — Чаму ж не лечыш?
 — Як не лечыш… Лечым і як яшчэ лечым, ды нешта карысці мала, не ачуняе.
 — Мо і дагляду няма?
 — Чаму няма? Яшчэ які дагляд, ні табе працы я кой, ні табе што… Ну, вядома, жыццё наша звычайнае, ці ж хочацца без працы сядзець, без яе не ўседзіш. Пачнуць кроены снаваць, ткаць — хіба сцерпіць яна? Ніколі… Ды і кожная праца так, а няволіць каб, дык няма гэтага… Ды ці я не чалавек, хіба свету не бачыў, ці што, каб не ведаць, як рабіць, як да жонкі адносіцца. Не такі чалавек я, бач, у Францыі пяць год пабыў, пабачыў, як людзі жывуць і чым дыхаюць.
 — У Францыі, кажаш, а чаго ты патрапіў туды?
 — Вядома, чаго. Вайна. Яна нікога не прамінула. Ваяваў. А трэба сказаць, што пайшоў я на вайну ад маладой жонкі, толькі, толькі вяселле гулялі і думалі, бачыш, жыць. Таму і я малады быў, а жонка… ды што казаць.
 Твар расказчыка хмурнее, маршчакі робяцца даўжэй і глыбей, выцвілыя вочы нерухома ўзіраюцца кудысьці далёка-далёка, нібы хочуць працяць даўно мінулае, даўно пражытое, чаго ўжо ніколі не вернеш, нічым не вернеш, хіба толькі чалавечаю памяццю, ды і то на момант.
 — Маладая жонка мая і русавая… была. Маладзей мяне, а кахала даражэй за ўсё на свеце, бо пабраліся мы не як-небудзь там, а любячыся. I як любілі, любіліся. Бач, бацькі не хацелі аддаваць за мяне, бо была яна ў іх адна-адзінюткая. Але пайшла… Дзіцяці чакалі… Вайна падышла. I пагналі мяне. Спачатку пад немцам быў, потым пагналі ў Францыю. Вельмі нязручна было нам спачатку: ані слова сказаць з кім, ані пагаманіць, ні перагаварыць. Таму ты іх не разумееш і яны цябе. А горай за ўсё — точыць сэрца радзіма, не дае супакою. Здаецца, і людзі нішто, і жанчыны вясёлыя, і прыгожыя вопраткі, а ўсё не тое. Бо чакаеш чагосьці, чакаеш радзіму пабачыць, свае родныя гоні… А там і жонка мая маладая… А тут яшчэ табе хоць бы ліст, хоць бы слова, і жывеш, як у поцемках. Калі і ёсць у думках светлага, дык толькі жонка мая, ну, дзіцянё яшчэ.
 Што казаць, быў сярод таварышоў грэх — зыходзіліся з жанчынамі французскімі; некаторыя і цяпер жывуць там, пажаніліся і жывуць сабе, мо і нішто жывуць. А я не… Заўсёды ў думках яна стаяла: і ноччу, і днём.
 Усё думаў: вось прыеду, вярнуся ў родную хату, пагляджу на русыя косы, абыйму, прыгалублю, дзіцянём уцешуся, звярну яму з вялікіх краёў бацькоўскую ласку… I жонка, і радзіма… Валодае радзіма табой на чужой старонцы, па радзіме думы вянуць, а па мілай сэрца марнее і згасаюць надзеі, бо служба не жарты: ні дзень, ні гадзіна — ніколі не скажуць, калі і што…
 А тут чуем: там, у Расіі, дзеецца нешта, што ні дзень — навіны, што ні тыдзень — болей. У начальства пытаем, не кажа ніколі, але хіба ў вачах не ўбачыш, у іх радасць і сум не схаваеш.
 Не, не схаваеш ніколі. А ў вачах бачым сум, ну, а нам што? Вядома, радасць. Вядома, ёсць чаму радасці быць, калі чалавек ад жыцця асалоду бярэ, а хіба зямля не радасць наша, не асалода? Была панская — стала сялянская, і ніякага гора табе. Таму і радасць, хоць далёка радзіма.
 I апанаваў сум сэрца тугою, ніяк не пазбавішся, і няміла табе ані Францыя, ані што — падавай дарагую радзіму.
 Шэсць год не бачыў я хаты, урэшце паехаў…
 Расказчык на хвіліну спыняецца, і наморшчыўшы лоб, сядзіць нерухома, углядаючыся ў полымя свечкі.
 — Так, паехаў… У Расіі пешкі давялося ісці, з цягнікамі пайшоў непарадак… Сёе-тое з сабой вёз. Як жа, аб падарунках думаў, ды і ці варта дахаты з чужога краю з пустымі рукамі варочацца. Вось і цяпер гарнітур на мне яшчэ французскай работы. Што і казаць, і адзеты быў, і пры гадзінніку… Усё думаў, як найлепей.
 А справа была ўжо па восені. Памятаю, дажджы ішлі, прытаміўся ў дарозе я, але што там, калі падыходзіш да роднае хаты, тады ўтомы не адчуваеш, тады ногі самі імчаць, каб хутчэй данесці цябе пад родныя стрэхі, да ўсяго, ды і што казаць…
 I чым бліжэй падыходзіў, тым болей замірала сэрца ў нейкай салодка-балючай стоме, і думамі быў ужо там… Калі ж прыйшоў да роднага хутара, дык так авалодала ўсёю істотаю радасць, што не пайшоў адразу ў хату, а сеў на ганак і так прасядзеў мо гадзіну, мо болей. Доўга сядзеў і ўглядаўся ва ўсё: на двор, на хлявы, на тыя вароты, што ставіў сваімі рукамі, на кучаравыя бярозы пад вокнамі, на стары вулей, што дастаўся яшчэ мне ад дзеда, ды ці мала на што… I ў думках было: вунь, пахілілася шула адно — падпіраць трэба, раскідаўся плот — цяпер бы жэрдзя з лесу ды новы паставіць.
 I многа чаго перадумаў за тую гадзіну. А галоўнае — вось сустрэну сваю маладую жонку, маладую жонку і русую, вось выйдзе яна на ганак, на плячах яе русыя косы, а ў вачах бязмежная радасць. Таму я вярнуўся, каханы муж прыйшоў з далёкіх краёў, каб жыць разам, не разлучацца. Ды і каму няміла спатканне пасля ростані і якой ростані — шэсць год — не шэсць дзён, а ў чалавечым жыцці іх на пальцах лічыш!
 I доўга б яшчэ сядзеў я. Але дзесьці ўжо заспявалі пеўні. Устаў я, да акна падышоў і старанна гэтак, і паціхеньку пачаў стукаць. Стукаю, а ў самога сэрца так і заходзіцца, нібы выскачыць хоча ад чакання, ад радасці. I ціха ўсё, ціха, толькі вецер калмыча салому на страсе ды шалясціць бярозавым лісцем, раптам, чую, палаткі скрыпнулі — нехта па хаце пайшоў, да акна падыходзіць, пытае: «Хто там?»
 Не стрымаць мне сваёй радасці, таму чую голас родны, голас жонкі, маёй дарагой Луцэі.
 — Адчыні,— кажу,— гэта я, прыйшоў вось, бачыш…
 — Ды хто ж такі?
 — Не пазнаеш хіба, Луцэя? Гэта ж я, пусці хутчэй, дарагая.
 Чую, адышла ад акна, раздзьмувае вугалле на загнетцы, запальвае лямпу, у сенцы ідзе. Бразнуў крук, праскрыпела закрутка, і нібы хто невядомы перанёс праз парог мяне. Уходжу ў хату. Ад радасці не бачу нічога, паклоны б’ю.
 — Здраствуй, — кажу, — дарагая жонка, сустракай доўгачаканага госця, прымай ды мілуй, даўно не бачыліся, не сустракаліся, — і іду да яе.
 I вось, дзіўлюся раптам. Адыходзіць яна ад мяне крок за крокам, і вочы ў яе зрабіліся такімі шырокімі і цёмнымі, як якое бяздонне глыбокае, як асенняе неба ночнае, неба не зорнае — толькі і агню ў іх, што ад лямпы той.
 Раптам сумна мне стала, не ведаю, што і рабіць, з чаго пачынаць. Стаў я пасярод хаты, апусціў рукі, стаю, не зварухнуся, а сэрца чагосьці так сцялася, Hiбы сцяў яго хто абцугамі.
 А яна ўсё далей і далей, у самы кут забілася і ўпіваецца ў мяне сваімі вачыма цудоўнымі, аж заваражыла нават імі, не крануся з месца ніяк.
 — Луцзя,— кажу,— што з табою, гэта ж я, твой, не пазнаеш хіба, дык хадзі ж бліжэй, прыгледзься…
 Бачу тут я, бялеюць вусны яе, азірнулася яна хутка-хуценька па хаце, страпянулася неяк, ды раптам як пакоціцца на падлогу — ледзь паспеў падтрымаць. Толькі прагаварыла:
 — Божа, божа, Рыгор прыехаў, што ж рабіць мне цяпер, што думаць…
 Паклаў я яе на палаткі, адышоў да стала, сеў, а што рабіць — не дабяру розуму. Сяджу, і здаецца мне, што зноў я малы, малы як калісьці даўно-даўно, калі ганяўся па вуліцы за белагрудымі ластаўкамі. То бывала вясной. Лепяць ластаўкі гнёзды, над гразёю лятаюць, садзяцца дзе-небудзь над падсохлай лужынай, а ты і бяжыш, захапляе дух, вось-вось зловіш цудоўную птушку, што так хутка, прыгожа лятае па-над жоўтымі стрэхамі. Бяжыш, пасклізнешся і рынешся ў гразь, а ластаўкі ўжо далёка-далёка, далей неба блакітнага і зялёных бяроз.
 I мне здавалася, што зноў папаў я ў гразь і што тое прыгожае, тое недасяжна-далёкае, да чаго так імкнуўся я за шэсць год, вылецела з-пад рук, уляцела кудысьці белагрудаю ластаўкай.
 I так балюча зашчымела сэрца, бо пустэча авалодала ім, упаўзла ў яго нечым слізкім, халодным, ад чаго і прытульныя сцены зрабіліся нуднымі, шэрымі, падобнымі на асенні вечар. А тут дзеці заварушыліся — толькі тут і ўбачыў я іх, бо раней я глядзеў на Луцэю.
 — Чые? Адкуль? — свідравала думка голаў.
 Але ці не ўсё роўна і чые, і адкуль, бо не ў гэтым справа, не ў тым, чые і адкуль, а ў нечым другім… А ў чым другім — было цяжка дадумацца…
 Так сядзеў я да раніцы, прыглядаўся, як цёмныя шыбы акна рабіліся шэрымі, светлымі… Румзалі дзеці на палатках, уздыхала Луцэя, а я сядзеў і думаў, а мо і не думаў, бо што за думкі, калі ў сэрцы пустэча, не думкі — нудота… Толькі раніцой заснуў я каля стала на лаве.
 I жыву вось цяпер… адно званне толькі… не жыву, а мадзею. Кахаю… а няма супакою, і на сэрцы камякі халодныя. Ведаю, не кахае яна мяне, не мае на палатках дзеці, і няма агню, цудоўнага агню ў дарагіх вачах, хоць і ветлівы зірк ад іх. У іх больш жалобы, непазнанага суму… А аб чым — ці ты ж зразумееш. Бачу хвор у іх, безнадзейнасць… Хварэе цяпер, па дактарах вазіў — нічым не пасобіш, сухоты, кажуць, ні то прастудзілася… Злыя языкі чэшуць — нібы ад здзекаў усё, нібыта б’ю я Луцэю. А ці можа ж быць гэта, ці такі чалавек я, каб гэта біць, ці што… Не, мусіць, другое тут нешта… А усё з таго вечара…
 — А ты б развёўся і ўсё тут. Вось у мяне браценнік маладзейшую яшчэ кінуў і з дзіцёнкам, а цяпер узяў другую, і жывуць, і яшчэ як жывуць,— дадае нечакана маладая рухавая кабеціна, якая прагна лавіла кожнае слова расказчыка.
 Карыя выцвілыя вочы на хвіліну спыняюцца на яе твары, узіраюцца жорстка. Маўчыць, раздумвае, потым кажа паволі:
 — Як вам сказаць, аднаму адно падабаецца, другому другое… а крадзеным шчасцем жыць я не збіраўся ніколі, бо многа… многа ім не нажывешся…
 — Яно так, праўду кажучы, так. Не кожнаму чалавеку дана злязаць на кожнай станцыі. Гэта да прыкладу я кажу. Вось у мяне далёкі білет, трэба ехаць з ім, і ногі ныюць, і косці, адпачыць бы хацелася, але што зробіш — павінен ехаць — далёкі білет у цябе. А шчасце што — той жа білет, як ні едзеш, а можа і даедзеш…
 Гэта кажа, прачнуўшыся, дзядок. Ён крэкча, пачэсвае спіну, шапялявіць крыху, і шчасце ў яго выходзіць «сцасцем». Ніхто не адказвае яму ды і каму гаварыць ахвота, калі патухлі ўжо і недагаркі над дзвярыма, пасвятлелі вокны і ў іх згінулі вячэрнія светлякі. То іскры хаваюцца ў сонечных праменнях, меркне бляск іх у сонечным ззянні. У расчыненыя дзверы падзьмула свежым холадам раніцы, і заспаны, сіпаваты голас будзіць цёплы вагонны змрок:
 — Грам-м-адзяне, прад’явіце ва-а-шы білеты…
 Застукалі колы на стрэлках, мякка захістаўся вагон то ўлева, то ўправа — цягнік падыходзіў да станцыі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений