Чаму так згадваем былое,
Свае ранейшыя часы
На той, што на схадку, палове
Жыццёвай нашай паласы?
Да золкіх росаў дотык босы
Або, калі ўжо дзень патух, –
То гуд чмяля сумнагалосы,
Ці прыгуменны рай бярозы,
Ці бессмяротны хлебны дух.
Нібыта толькі й разгарнення,
Нібыта толькі й захаплення,
Што ў несур’ёзнай той журбе…
Але ж і болей чым імгненне
Не прыме вечнасць ад цябе.