Міхась Зарэцкі — Бель

Міхась Зарэцкі

  У апавяданні «Бель» Міхась Зарэцкі разважае над праблемай асабістага і грамадскага ва ўмовах паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці. Герой апавядання Даніла Чаборскі думае аб тым, у чым заключаецца шчасце чалавека. Няўжо толькі ў безаглядным служэнні іншым, грамадству? А як жа тады быць з уласнымі інтарэсамі, у прыватнасці інтымнымі, сардэчнымі справамі? А калі шчасце чалавека ў сумяшчэнні асабістага і грамадскага пачаткаў, то ў чым сутнасць такога сумяшчэння і як гэтага дасягнуць? «…Каб пайсці туды, у туманную далеч… туды, за заслону за снегавую… Ісці, ісці… Усё далей і далей. Каб аставалася ззаду ўсё гэта будзённае, нуднае, каб нешта новае, невядомае, непазнанае агарнула. Каб новае жыццё. Такое, як у казцы… Не, не ў казцы… Такое, як яны з Ганнай малявалі. Такое, як Ганна, бо яна новая і непазнаная… Яна дзіўная, чароўная…», – высока і натхнёна марыць Даніла, марыць па сутнасці пра нейкую незямную гармонію.
  Бясспрэчна, падобнага шчасця на зямлі не бывае. Даніла раней неяк і не задумваўся пра ўсё гэта. На заводзе ён заўсёды заняты цяжкай працай, дома таксама нялёгка: сям’я – жонка, двое дзяцей, хатнія турботы. Ажываў душой герой толькі на сходах. «Ён любіў, калі сходкі. Збярэцца чалавек з паўсотні камуністых, а часам завод увесь. Прамовы, спрэчкі… I адчуваеш сябе тады часткай чагось вялікага, значнага». А цяпер штосьці «невядомае, непазнанае» цалкам авалодвае Данілам і мучыць, пакуль не прыводзіць да гібелі.
  Сэнс апавядання – у супастаўленні аб’ектыўных магчымасцей жыцця з суб’ектыўнымі жаданнямі чалавека. Для разумення апавядання важнае значэнне мае вобраз снегавой белі – сімвал змены пор года, абнаўлення прыроды, рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця.
  Ганна Матузова, гераіня апавядання, – чалавек няпросты. У яе поглядах на жыццё многа супярэчлівага, а то і зусім непрымальнага; нігілістычныя адносіны да сям’і, пропаведзь свабоднага кахання. Але ўплывам толькі гэтай жанчыны паводзіны галоўнага героя не тлумачацца. «Арына, не чапай яе. Яна не вінавата…» – гаворыць Чаборскі жонцы напярэдадні разводу. – «Не дзеля яе гэта. Проста жыццё гэта мне не ў змогу. Не задавальняе мяне…» А крыху раней ён яшчэ больш пэўна выказваецца адносна прычын уласнай душэўнай неўладкаванасці: «…не з-за Ганны ўсё гэта, яна таксама – дробязь. А цягне мяне, уздымае з жыццёвай багны во гэта – чырвонае. Агульнае, вялікае і магутнае. Яно ўсім дае моцы, усіх адраджае».

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений