Ва ўяўленнях маладнякоўцаў, да якіх спачатку належаў і Міхась Зарэцкі, рэвалюцыя асацыявалася са штормам, ветрам, навальніцай. Творцы рабілі праекцыю гэтых прыродных стыхій на грамадскую свядомасць і, адпаведна, на сямейную, інтымную сферу. У такім плане адлюстроўваецца і трагедыя Шумавай, галоўнай гераіні апавядання Міхася Зарэцкага "Дзіўная". Прадстаўніца жанаддзела Шумава прыязджае ў распараджэнне Блонскага для правядзення асветніцкай работы сярод жанчын. Яе задача — агітацыя за новы быт, а менавіта, за перадачу дзяцей на выхаванне дзяржаве, каб самі жанчыны маглі ўключыцца ў стваральную працу. Шумава збіраецца змагацца "з іржавымі путамі сям’і", "тварыць новых людзей, людзей калектыву, у якіх бацькі — усё чалавецтва". Яна мяркуе, што такія людзі, не абцяжараныя, як яна кажа, "лішнімі прывязанасцямі", стануць сапраўды вольнымі. Гераіня верыць, што і сама яна, пазбавіўшыся "цяжару" жаночага кахання і мацярынскіх пачуццяў, стане новым чалавекам, таму дзейнічае адпаведна ўласным заклікам — аддае сына ў дзіцячы дом, баючыся праяўлення ў сабе жаноцкасці, ад’язджае, калі адчувае, што паміж ёю і Блонскім узнікае ўзаемнае пачуццё.
Зарэцкі паказвае, як у душы Шумавай змагаюцца тэ страсныя, то рацыянальныя моманты. Яе жаночая, чалавечая існасць яшчэ цалкам не загінула, але ўжо знявечаная ідэалагічнымі ўстаноўкамі новага часу: гераіня адмаўляе сябе як жонку і гаспадыню, нават як жанчыну і маці. І вось у выніку сваей самаразбуральнай дзейнасці Шумава аказваецца "без лішніх прывязанасцей", гэта значыць пазбаўленай кахання Блонскага і любові ўласнага дзіцяці. Сын Шумавай, які выхоўваецца ў інтэрнаце не ведаючы маці, пры сустрэчы адмахваецца ад яе, "як ад дакучнае мухі". Здавалася б, мэта дасягнута, і можна радавацца, але якраз радасці Шумава не адчувае. Чалавечая прырода, мацярынскі інстынкт жорстка помсцяць за гвалт над сабой, "адбітак глыбокай, агнёвай мукі", "матчынай тугі" ляжыць на твары гераіні.