Міхась Зарэцкі — Сцежкі-дарожкі

Міхась Зарэцкі

  Аўтар «Сцежак-дарожак» на вобразе інтэлігента ў першым пакаленні паказваў станаўленне новага чалавека, змагара за ідэалы рэвалюцыі. Галоўны герой рамана – Васіль Лясніцкі – гэта яшчэ зусім малады чалавек, яго характар знаходзіцца ў стадыі актыўнага станаўлення, а віхурны час, прапаноўваючы шмат дарог, патрабуе пэўнасці. Шлях да народа, якому ён  шчыра імкнуўся служыць, аказаўся складаным і па той прычыне, што герой удумліва ставіцца да жыцця,  не аслеплены ідэямі класавай праўды і справядлівасці.
  Так, у першай частцы рамана ён выразна супрацьпастаўляецца бальшавіку Андрэю, яго імкненню сыграць на вякамі збіранай крыўдзе народа і  распаліць нянавісць да прадстаўнікоў пануючага класу, да багатых. Лясніцкі не прымае Андрэеў прынцып «чым горш, тым лепш», лічыць анархічныя выступленні (забойства стражнікаў, падпал памешчыцкага маёнтка, самавольны падзел панскай зямлі) «пагібеллю рэвалюцыі, свабоды, пагібеллю ўсяго, што да гэтага часу… прыдбалі». Надзвычай актуальна гучаць словы Лясніцкага, прамоўленыя ім напярэдадні новай, Кастрычніцкай рэвалюцыі: «…Сягоння мы забяром у пана луку, а заўтра ўбачым, што ў Нялляна ёсць добры кавалак пахаты, – забяром гэты кавалак, а тады ўбачым, што ў Ляксандры карова лішняя, – тож забяром, а тады пойдзем па засеках мацаць…». Андрэй у такім развіцці падзей не бачыць нічога заганнага, ён спакойна парыруе: «Калі ў сваіх задужа, дык чаму ж не, можна і сваіх абрэзаць…».
  Агульначалавечы, гуманістычны падыход да рэвалюцыйных падзей паслядоўна вытрыманы толькі ў першай частцы рамана. У другой – Лясніцкі становіцца бальшавіком, узначальвае атрад па змаганню з бандытызмам. Перамагае свае пачуцці да дачкі памешчыка Раісы. Знаходзіць паразуменне з вяскоўцамі. Такая эвалюцыя персанажа не зусім матываваная. Вось як бачыць Лясніцкі бальшавіка Андрэя напачатку: «Ён нейкі д’ябал, чорны геній руйнавання. Страшны ён чалавек, гэты Андрэй. І няўжо гэта ўсе такія бальшавікі?. Чаго яны хочуць, чаго яны дамагаюцца?». Чаму ж сярод мноства дарог і сцежак Васіль абраў тую, па якой упэўнена крочыць Андрэй?  Як тлумачыць аўтар, Лясніцкага ўзрушыла расправа палякаў над сялянамі. Яна прымусіла зразумець сутнасць эпохі: «Бязмежная гэта варожасць і бязмежная барацьба! І няма для яе ніякіх законаў і правіл, бо барацьба гэта на жыццё і смерць… І ніхто не стане воддаль, ніхто не міне барацьбы. Хто не з намі, той супраць нас». Тым самым Лясніцкі пагадзіўся з Андрэевай тэорыяй: «Знойдзем усё – і першапачаткі, і ісціны, і ўсякае ліха,– дай нам акрыяць, дай жыццё адваяваць… А цяпер – або станоўся ў шэраг, бяры аружжа, або – прэч з дарогі, не замінай». Міхась Зарэцкі ў ацэнцы рэвалюцыйных падзей усё ж застаўся ў сваім часе.
  Свой шлях у рэвалюцыі шукаюць таксама сябры Лясніцкага Халіма і Славін. Халіма – анархіст, за рэвалюцыю таму, што яна нараджае бунт. Яму ўсё роўна за каго і з кім змагацца. За выступленне разам з бандытамі супраць савецкай ўлады Халіму расстралялі. Да такога прысуду былому сябру далучыўся і Васіль. Славін – філосаф, непрыстасаваны да жыцця рамантык. Ён з дапамогай адкрытай ім «тэорыі залатой адлегласці» паказаў эвалюцыю поглядаў Лясніцкага. Той ад агульных, абстрактных уяўленняў прыйшоў да канкрэтнага бачання рэвалюцыі – крывавай, жорсткай, супярэчлівай. Калі хочаш бачыць рэвалюцыю ў яе гарманічных прапорцыях – шукай «залатую адлегласць», глядзі на ўсё, што адбываецца, збоку, не ўдзельнічаючы ў гэтым.
  Першая частка твора атрымалася і больш кампазіцыйна зладжанай,  дынамічнай. У цэлым аўтару ўдалося спалучыць падзеі і характары. Характары раскрываюцца на фоне падзей, якімі жыве краіна. Выявілася уменне чаргаваць розныя планы: даваць панарамныя апісанні і паказваць непасрэдныя стасуткі персанажаў.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 4.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений