Міхась Зарэцкі — Цішка Бабыль

Міхась Зарэцкі

Увага! Поўны змест

I

  Гэта быў шавец. Самы звычайны. Жыў у невялічкай вёсцы Пракудзіне. Больш стар’ё правіў, а зрэдку і новыя боты майстраваў. Толькі рэдка такое свята яму выпадала, бо, праўду кажучы, у вёсцы, апрача Рамана Грышчанка, не было дужа заможных.
  Сядзіць Цішка ў маленькай — што гняздзечка — старэнькай хацінцы, дзяўбе сваім кляўцом, хістаецца над старадаўнай, папарэзанай, папраколанай, чорнай і бруднай скрыняй, закіданай усялякім начыннем, і пяе. Не пяе, а так бубніць над нос, цягне цянюткім, сіплым галаском. Невыразліва, аднатонна. Пяе і стукае кляўцом.
  У Цішкі нічога не было. Ён быў самы бедны ва ўсёй вёсцы, дый блізка ва ўсёй акрузе. Нават сям’ёй і то быў пакрыўджаны. Баба памёрла гады цераз два пасля вяселля, пакінуўшы малога хлопчыка. З ім і жыў цяпер Цішка. Дый той больш па людзях цёрся, рэдка калі ў дварэ быў.
Бабыль. Так і звалі ўсе Цішку. Гэта было яго прозвішча.
  Цішка быў ціхі, рахманы чалавек. Нікога не чапаў, нікога не крыўдзіў. Ды яно хоць бы й захацеў каго пакрыўдзіць, дык, пэўна, не здолеў бы. Што ён мог зрабіць? Ці прыціснуць каго сваім багаццем? Ці сілу сваю над кім паспрабаваць? Бядота, слабейка — хоць бы самому як абараніцца!
  Але, праўду сказаць, і яго ніхто дужа не важыўся крыўдзіць. Нават паважалі яго, як гэта ні дзіўна. Гэта ж ужо ўсюды такі звычай, што над бабылём і насмяюцца, і пакпяць з яго, а часам і штурхнуць нават. А тут — не.
  Любілі й над Цішкам пажартаваць мужчыны, сабраўшыся калі-небудзь увечары; асабліва як пачынаў ёгі разважаць аб сваім жыцці, аб падзеях сваіх, плянах і г. д. або як пачынаў выкладаць свае погляды на сельскую гаспадарку, якой яму блізка ніколі не прыходзілася займацца і якую ён спадзяваўся калі-небудзь завесці і на добры лад паставіць. Смяяліся мужчыны, у канцы і сам Цішка смяяўся. Але пагарды не чувалася ў мужчынскім смеху.
  I калі па Цішкаваму твару прабягаў цень сур’ёзнасці, а вадзяніста-блакітныя вочы ў задуменні ўпіраліся ў падлогу, смех сяброў адразу прымаў нейкі штучны, вымушаны характар і хутка зусім спыняўся.
  Зірнуўшы ў твар Цішку, можна было адразу зразумець, што гэты чалавек, як той кажа, «сам сабе наўме». Пад альнянымі вусікамі заўсёды бегала ўсмешачка, якая быццам гаварыла ўсім, што Цішка нешта ведае. Толькі пакуль што нікому гаварыць не хоча. Калі-небудзь скажа — няхай толькі час прыйдзе, а цяпер — ні… чакаць трэба.
  А ці ведаў што Цішка Бабыль? Хто яго знае… Мусіць, што ведаў, бо надта спакойны быў. Такі спакойны, якім у яго становішчы мог быць толькі чалавек, каторы штось пэўнае ведае, на штось пэўна спадзяецца. Як ужо дрэнна часамі жылося яму, якога толькі гора не прыйшлося яму паспытаць! Другі на яго месцы дык бы ў пятлю рад быў палезці, а ён хоць бы што. Сядзіць у сваёй — што рэшата — хацінцы ды ўхмыляецца, мармочучы сабе над нос. Ляпае, калі ёсць што ляпаць, а калі няма чаго, дык выцягне з скрыні, што над лаўкай стаіць, кніжку, сядзіць ля акна дый чытае. Пачытае, падумае, зноў пачытае, зноў падумае — і так аж да вечара. А ўвечары — к суседзям пагутарыць. I нават не ўспомніць, што цэлы дзень у роце нічога не было.
  А пагутарыць Цішка ахвотнік быў. Дый здатны быў гутарку весці. Як збярэцца, бывала, дзе гурток мужчын, ды як трапіць у сярэдзіну к ім Цішка Бабыль, дык гэта ўжо вядома, што да поўначы прагукаюць. Чаго толькі не крануць яны ў сваёй гутарцы? I бога, і чорта, і вайну, і парадкі, і гаспадарку. Куды толькі не заблудзяць.
  Цішка больш за ўсіх чаго ведаў. Нават у гаспадарцы. Здаецца, што ён можа знаць тут, калі, пэўна, ні разу ні за плуг, ні за касу, нізавошта не браўся. А як пачне гаварыць, дык выходзіць, што ён яшчэ больш, чымся хто другі, ведае. I калі араць трэба, і як зямлю ўгнаіць, і якія парашкі купляць можна — адным словам, чысценька ўсё. Як стане, бывала, гаварыць пра гэта, дык аж вочы блішчаць. А мужчыны тады смяяцца пачынаюць. Неяк дзіўна і смешна. Цішка зямлю кахае!
  Цішку захапляла ўсё новае, незнаёмае, асабліва калі было ахінута яно таёмнасцю. Ён дужа любіў таёмнае. Але ў гэтым таёмным ёп заўсёды мог адрозніць значнае і патрэбнае ад драбязы і глупства. Калі трапляў у вёску які-небудзь невядомы бадзяка без роду і племені, якіх ці мала шлындае па абшарах Беларусі, дык Цішка, як галодны на страву, накідаўся на яго. I з двух-трох слоў цяміў, якога гатунку чалавек перад ім, ці варта на яго ўвагу звяртаць, бліжэй знаёміцца з ім. I тады — або кідаў яго па абладу цікавых і неперабірлівых на навіны баб, або цэлымі гадзінамі сядзеў з ім, слухаючы простыя, несамавітыя апавяданні.
  З гэтых апавяданняў ён не столькі ўзнаваў, колькі дагадваўся аб тым, што нешта бурліць на свеце, нешта рыхтуецца. Ён не знаў, што гэта, не знаў, адкуль, але чуў, што гэта «нешта» будзе на карысць такім, як ён, бедакам, што яно мо і яго замілаванае жаданне здзейсніць — злучыць яго з карміліцай-зямелькай. I ён верыў і чакаў.
 

II

  Загрымелі грымоты рэвалюцыі. Пакаціліся ва ўсе канцы Расіі. I яшчэ не сціхлі яны, як ударыў пярун Кастрычніка. Запаліў усё старое, струхлелае, усё ахінуў чырвоным полымем. А ў гэтым полымі зарадзілася новае, маладое жыццё.
  Магутны віхор даляцеў да самых глухіх куткоў, усюды здмуў парахню і пыл старога жыцця, і з-пад гэтае парахні і пылу паказалася зялёная рунь.
  Зачапіў віхор і стаячае паветра глухога Пракудзіна. Патхнула свежым, новым…
  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
  Спачатку мужыкі асалапелі. Ніяк не маглі зразумець таго, што прыйшло. Не тоўпілася неяк яно ў старых, адубелых галовах. Чулі, што нешта добрае, прыгожае прыйшло, але векавечнае гора навучыла іх быць асцярожнымі, і яны цяпер баяліся чагось, не верылі шчасцю. Часамі нават думалі, што ўсё гэта «хітрыя штучкі» нечыя, што не давядуць яны да дабра. Асабліва як пачыналі шаптаць ім на вуха цёмныя сілы, палохаць, пагражаць ім, дык тады проста рукі павісалі…
  А хацелася рабіць што-небудзь… Дужа хацелася. Нейкі сверб чуваўся ў руках. Найшло такое паветра, што абурала чалавека, напаўняла жаданнем працаваць, тварыць. Толькі — што рабіць? Куды ісці? — Невядома.
  Стварылася такое становішча, што трэба было толькі з’явіцца чалавеку, які б узяўся весці асалапелых сялян і якому б яны трохі верылі — і сяляне пайшлі б за ім куды-хоця… Пайшлі б, бо ў той час, калі вакол мора бушуе, калі несупынна грымяць грымоты, бліскаюць маланкі,— нельга стаяць на адным месцы, трэба куды ісці.
  I сяляне пайшлі. Іх павёў чалавек… I гэты чалавек быў Цішка Бабыль.
  А з Цішкам быццам зрабілася нешта. Як толькі прыйшлі весткі, што «пачалося» ўжо, ён кінуў сваю кануру, плюнуў на работу і пайшоў блэндаць па вёсцы. Дзе толькі яго не было… I ўсё гаварыў, угаварваў, клікаў, тлумачыў тое, што дзеецца на свеце. Нейкія словы новыя пусціў: рэвалюцыя, сацыялізм, камунізм…
 

III

  Адкуль толькі бралася столькі жыцця, столькі моцы духоўнай у гэтага маленькага чалавечка! Самаго яго проста не пазнаць было: зусім змяніўся… Вочы блішчаць, галава ўгару ўзнята, па твары гэткае шчасце, здаволенне… Зірнуць на яго, дык можна падумаць, што гэтаму чалавеку дужа пашанцавала ў жыцці.
  Ды яно блізка так і было, бо, прынамсі, сам Цішка лічыў, што тыя падзеі, якія адбываюцца ў Расіі, звязаны з ім. Ён не меў аб іх дакладных вестак, бо ў Пракудзіна дахадзілі толькі няпэўныя чуткі, але чамусьці цвёрда пракананы быў, што гэтыя падзеі адбываюцца на шчасце такіх, як ён.
  Мужыкі слухалі, слухалі, дый паверылі Цішку Бабылю… А як паверылі, дык ужо й пайшлі туды, куды клікаў ён іх.
  I пачалі будаваць сваё жыццё…
  Нязручнай была ім адразу гэтая новая работа. Як радзіліся яны, дык увесь свой век і пражылі не разважаючы, так, як было спакон веку заведзена. Ім і ў думкі ніколі не прыходзіла, каб самім па сваёй волі змяняць сваё жыццё, будаваць яго сваімі чорнымі, карузлымі мужыцкімі рукамі…
  I нязграбна ў іх выходзіла сперш гэтая работа, а часамі й смешна нават… Ведама — першы раз у жыцці ўзяліся. Але як бы там ні было, а патроху свайго дабіваліся.
  Рамана-багацея заарыштавалі… А ўсё Цішка…
  — Братцы! — кажа.— Дакуль будзем цярпець? Гэта ж злодзей, кравапіўца! Ён жа абакраў нас! Яго багацце — гэта ж пот наш, кроў наша! Даволі!.. Даволі ўжо яму мучыць нас! Час прыйшоў!..
  Абурыліся сяляне… Плоймай пайшлі… Раман, як убачыў, збялеў, спалохаўся. На Цішку пазірае скоса… А той не зважае: чыкрыжыць, дый годзе…
  — Кравапіўца! Эксплёататар! Годзе кроў нашу піць!
  Мінулася тваё панства!
  Дый ці мала там што. Мужыкі падтрымалі. Вядома, накіпела на сэрцы. Кожны адчуваў на сабе цяжар яго лапы. Гэта ж трэба сказаць — усю вёску ў кулаку трымаў!..
  Але Раман хоць і спалохаўся, а не здаваўся адразу. Пачаў лаяцца, пагражаць, мандата вымагаць. Вось яму тады і паказалі мандат: скруцілі ды пасадзілі ў халодную хату. Заарыштавалі багацея, а што з ім рабіць — і самі не ведалі. Стаялі сярод вуліцы ды радзіліся, а той аж захадзіўся ад злосці ў халодніцы…
  Урэшце Цішка надумаўся. Запрог каня і паехаў, а к вечару прывёз з мястэчка нейкага чарнявага. Хто ён такі быў — ніхто не знаў, апрача Цішкі… Дый той, пэўна, сам добра не ведаў. Але адразу нешта прыхінула да яго сялян, і яны ўважна слухалі яго, хапалі на ляту кожнае слова… I верылі яму.
  Чарнявы навучыў сялян, як і што рабіць. Абралі камітэт: Цішку і яшчэ двух. Гэты камітэт і ўзяў на сябе ўсю ўладу на вёсцы, пачаў свае мужыцкія парадкі навадзіць…
  Рамана выпусцілі: наліха яго трымаць! Толькі не палягчэла яму ад гэтага. Седзячы, не бачыў бы, прынамсі, як маёмасць яго парадкуюць… Не лопаўся б ад злосці.
  А шчупалі добра: зналі, што сваё, мужыцкае дабро бяруць. Там якая бабылка з голаду паміраць нарыхтуецца — Раманавыя засекі ратуюць. Там вайсковыя прыедуць — таварышы, дайце хлеба! — зноў Раманавыя засекі трашчаць. А там яшчэ што-якое… За ўсё Раман адказвае. А схаваць або звесці куды — ні. Сочаць. Заб’ём, казалі, калі толькі памкнешся хаваць…
  Затое ж бядота ўся аж уваскросла. I не чакала яна ніколі гэткага палягчэння. Іншыя дык самі сабе не верылі. Ды куды ж там: усё ўверх нагамі перакулілася. Раней — людзьмі нават не лічыліся, а цяпер — глядзі-тку, што дзеецца.
 

IV

  Вясной зямлю дзялілі… Адабралі ў Рамана вялікшую частку, сумежнае панскае трохі дасталі — якраз і хапіла ўсім… Нават Цішка Бабыль і той узяў сабе кавалак. Ён, праўда, іначай хацеў зрабіць; інакшая думка сядзела ў яго галаве, інакшыя вобразы малявала яго выабражэнне. Надта ўпадабалася яму думка аб камуне. Смелая думка! Але і ён смелы: не спалохаўся яе, як іншыя. А зразумеў ён яе проста, па-мужыцку…
  Зямля ўсіхная — усё роўна не прысвоіш яе назаўсёды. А худобы гаспадарскае мала: у таго конь ёсць, дык плуга няма, у другога плуг ёсць — каня няма. Як ні круці, а ўсё прыйдзецца бегаць ды пазычаць, ды чакаць, пакуль гаспадар сам управіцца — час дарагі губіць. А там — шнуркі гэтыя, межы, няроўнасць: аднаму лепшы выпадзе, другому горшы — гэта ж не зраўнуеш… А куды лепей бы — супольным ладам. Адзін арэ, другі скародзіць, трэці сее, чацвёрты яшчэ што робіць. Менш жывёлы, начыння трэба, а поспех яшчэ вялікшы. Ніякіх табе шнуркоў, межаў — гані праз усё, дый годзе. А там — ці машыну купіць, ці пабудаваць што якое, мірам — дык гэта ўраз, не то, што па аднаму.
  Толькі маўчаў пакуль што Цішка. Нікому з сялян не выкладаў сваіх думак, бо добра ведаў, што не зразумеюць пакуль што сяляне, не згадзяцца на гэта. Дужа хочацца кожнаму з іх мець свой асобны кавалачак. Вякамі ўзгадавалася ў іх гэтае жаданне… Пасля ўсё можна будзе, а цяпер — не…
  Так і падзялілі зямлю. На які час — яшчэ й самі не ведалі. Чакалі, які загад ад урада выйдзе.
  Цішка тож узбіўся трохі на гаспадарку. Працаваў — як толькі мог. Працаваў з жарам, з запалам. Толькі не ладзілася ў яго гаспадарчая справа. Не прыходзілася яму ніколі на зямлі працаваць, бо яшчэ, мусіць, дзяды яго адбіліся ад зямлі, за рамяство ўзяліся. А не прывыкшы змалку працаваць, ужо пад старасць трудна прывыкаць…
  I Цішка біўся як рыба аб лёд, клаў усе свае сілы, а ўсё не было ладу. Глядзіць ён на другіх мужчын і сам аж зайздросціць: гэтак спрытна і лёгка ў іх выходзіць! Цэлы дзень працуюць, і хоць бы што, а ён за гадзіну замучыцца так, што ледзь дыхае.
  I злосць бярэ яго і дасада… Часамі ледзь не заплача… Гэтак хочацца яму пад зямелькай папрацаваць… Колькі чакаў ён гэтага шчаслівага часу!.. Усё б аддаў, здаецца, каб толькі так, як іншыя, папрацаваць у ахвоту!..
  Не можна…

  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 
  Лета біўся Цішка Бабыль, а з восені зноў засеў у сваю хацёнку, зноў заляпаў кляўцом…
  Сядзіць, арудуе сваім начыннем і пяе ценкім сіплым галаском, мармочыць сабе пад нос. Не зразумець, што пяе ён, якую песню аднатонную цягне… Толькі, калі добра прыслухацца, можна часамі злавіць у яго пяянні знаёмыя словы вядомых рэвалюцыйных спеваў.
  Як і раней, любіць Цішка кпіжку або газетку пачытаць, любіць з сялянамі пагутарыць, разважыць іхныя жыццёвыя замінанні. У Пракудзіне ўжо ў звычай увайшло: калі ў каго непаразуменне якое, патрэба — зараз да Цішкі Бабыля. I ён усё растлумачыць, раду добрую дасць.
  Ды не толькі словамі, а й дзелам Цішка заўсёды гатоў дапамагчы сваім братам-сялянам. Колькі часу ўжо прайшло ад рэвалюцыі, а ён і цяпер яшчэ стаіць на чале вясковае ўлады. Не шкадуе ён ні працы, ні часу — сумленна спаўняе свае абавязкі, цвёрда стаіць на варце сялянскіх інтарэсаў.
  У сваім прыватным жыцці Цішка астаўся такім, як і быў. Ні аб чым не дбае… Хатка яго яшчэ больш пахінулася набок, яшчэ больш засвяціла дзіркамі. Есці, як і раней, не ўсягды бывае што… Але Цішка не зважае на гэта…
  Часамі запытае яго хто-небудзь:
  — Што гэта ты? Усе будуюцца, жыццё сваё паляпшаюць, а ты як жыў, так і жывеш у сваёй канурцы! Гэта ж не даўнейшае…
  — Эт,— адкажа ён,— нашто мне? Многа мне трэба аднаму? Пакуль рукі ёсць, буду працаваць і за працу сваю хлеб есці, а там… найду месца… Сын, дык той таксама сабе хлеб знойдзе. На гаспадарку разжывацца — стар ужо я, не па маіх сілах… А так?.. Пражыву…
  Але задумаецца пасля гэтых слоў Цішка… Мусіць, успомніць сваю замілаваную думку — земляробам стаць… I пасмутнее… Толькі ненадоўга…
  Трахане галавою Бабыль, усміхнецца вясёла і дадасць:
  — У пралетарыя няма бацькаўшчыны…

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений