Міхась Зарэцкі – Ворагі

Міхась Зарэцкі

  У апавяданні «Ворагі» сутыкаюцца прадстаўнікі двух супрацьлеглых лагераў: з аднаго боку, памешчыца Ніна Купрыянава, з другога – сын селяніна, старшыня павятовага ЧК Гуторскі.  Памешчык і яго дачка падтрымлівалі кіраўніка мясцовай банды белагвардзейцаў Зарубу. Ніна Купрыянава кахала Зарубу, але здрадзіла яму — здала яго ўладам у абмен на жыццё свайго бацькі. Зарубу растралялі, а бацьку — старога Купрыянава адпусцілі. Ніна сустракаецца з Гуторскім, але яна адмаўляе быць яго жонкай. Расказвае усё, называе яго сваім ворагам (зразумела «класавым»). Гуторскаму яе шкада, але ён разумее, што «усё старое вымятаецца, выкідваецца.ю як непатрэбнае смецце. Расчыняецца дарога к новаму… паўстае новае жыццё — здаровае, свежае, магутнае…».
  Гуторскі змагаецца супраць свету, які выхаваў Ніну, але не ў меншай ступені ён змагаецца і з самім сабою. Свет Купрыянавых варожы яму ўсёй сваёй сутнасцю, а ён палка кахае Ніну, яго неадольна (яшчэ з дзяцінства) цягне да яе, а значыць, і ў іх свет. Не выпадкова герою здалося, што з-за ўсёй гэтай складанасці адносін са светам Купрыянавых ён паступова пачынае адрывацца ад працоўнага народа, здраджвае сваім класавым інтарэсам. Ніна Купрыянава не адказала Гуторскаму ўзаемнасцю, не пайшла за ім. Але і ў ёй самой ужо ідзе барацьба старога і новага. «Панская костка» (так яна называе сама сябе), Ніна аднойчы прызнаецца Гуторскаму: «Я знаю, што стары лад не вернецца, не можа вярнуцца, бо ён несправядлівы, злачынны. Я й не хачу яго… прынамсі, мой розум не хоча… Але ёсць нешта глыбачэйшае, падсвядомае, што ўкладзена прыродай. Гэта нешта спавівае мяне, кіруе маімі ўчынкамі…».
  Унутраныя перакананні Ніны не даюць ёй пераступіць пэўную мяжу сумлення, і яна робіць апошні крок – страціўшы бацьку, Зарубу, адмаўляе ў каханні Гуторскау і разам з гэтым губляе білет у новае жыццё.
  Гуторскі не адступіўся ад свайго выбару нават пасля таго, як даведаўся, хто для Ніны «даражэй за ўсё, мо даражэй за жыццё». Гэта — атаман банды Заруба, за якім даўно палююць чэкісты на чале з Гуторскім. Кіпеў ён «непамернай злосцю», ненавідзеў «шчаслівага пераспешніка», раўнаваў, а Ніну «кахаў моцным, палкім каханнем.
  Цяпер яшчэ больш, як даведаўся, што яна належыць другому…».
  Пачуццё роспачы і адчаю Гуторскага ад нязбытнага і без узаемнасці кахання генерыруюцца ў развагі і самааналіз: «Ён ясна вызначыў сваю хваробу, знайшоў яе карані, яе прычыну. Ён адарваўся ад народа, адышоў ад яго. Патраціў звязак з яго жыватворчай глебай». Ніны шкада, дужа шкада, але яго палохае «гэткая доля, як Ніны Купрыянавай, — доля пажоўклых, адарваных ад дрэва лістоў». Такая доля ў яго разуменні — смерць. «Ён схамянуўся, рашыў лячыцца, пакуль не позна, ад сваёй хваробы. Рашыў вярнуцца, зліцца з працоўным народам, набрацца сіл жыватворных, замацаваць сваё права на новае жыццё». З верай у новае, «здаровае, свежае, магутнае» жыццё, якое «закрасуецца краскамі мнагацветнымі», Гуторскі едзе на новае месца — у Чырвоную Армію. Ён верыць, што ў новым жыцці «не будзе гэтых адсклёпкаў, гэтых пажоўклых лістоў старога, гнілога, забуранага навальніцай дрэва… Пацьмеюць, пагніюць, спарахнеюць, знікнуць, як дым пад павевамі свежага ветру»…

 


  Тэма драматычнага лёсу прадстаўнікоў таго класа, каго рэвалюцыя пазбавіла ранейшых прывілеяў, лёсу гэтак званых былых, знайшла ў апавяданнях «Ворагі» (1923), «Адна партыя ў шашкі» (1924), «Кветка пажоўклая», «Двое Жвіроўскіх». Значэнне гэтых твораў надзвычай вялікае. Ва ўмовах, калі ідэя класавай барацьбы, ідэя класавага падыходу ўсё больш актыўна навязвалася грамадству, абарона пісьменнікам «былых», «учарашніх», яго заклік праявіць спагадлівасць, міласэрнасць, дабрыню да пераможаных нейтралізавалі гэтую небяспечную ідэю. Сваімі апавяданнямі Міхась Зарэцкі ўмацоўваў аўтарытэт беларускай літаратуры як мастацтва гуманістычнай скіраванасці.
  Каштоўна тое, што пісьменнік удала пазбег лабавога, адкрыта публіцыстычнага вырашэння складанай тэмы. Ён абраў шлях аналітычнага даследавання ўнутранага стану героя, пададзенага не ў статыцы, а ў развіцці, у эвалюцыі. Калі старшыня павятовай ЧК Павел Гуторскі арыштаваў дачку былога памешчыка Ніну Купрыянаву за дапамогу бандытам, ён спярша ўспрымае дзяўчыну варожа, бачыць у яе абліччы «класавага ворага». Але здарылася так, што Гуторскі насуперак жорсткім ідэалагічным устаноўкам рэвалюцыйнай эпохі пакахаў Ніну. Тут Міхасём Зарэцкім створана вострая жыццёвая калізія, дзе сутыкнуліся рэвалюцыйны абавязак і пачуццё, неадольная сіла кахання. Пісьменнік смела выпрабоўвае сваіх герояў на шчырасць і чалавечнасць. Гуторскі неўсвядомлена цягнецца да так званага панскага свету, г. зн. да агульначалавечых каштоўнасцяў, якія нёс у сабе адукаваны свет, да гарадской культуры, кніжных ведаў. I зусім заканамернымі былі яго разважанні. «Ну што ж там! Любоў мае сваё асабістае права. Любоў не разбірае: ці вораг, ці прыяцель… яна бачыць толькі жанчыну, толькі яе жаночае хараство… I хіба не можа пралетарый любіць буржуйку? Хіба яму можа хто ці што забараніць гэта? Хіба на каханне можна, як і на ўсё, глядзець выключна з класавага погляду? Прэч забабоны!».
  Гуторскі, здавалася б, маральна гатовы ўзняцца над класавымі забабонамі і дагматычнымі ўстаноўкамі. Але справа ўскладняецца тым, што Ніна не здольная адказаць узаемнасцю на Паўлавы пачуцці, бо яна любіць атамана Зарубу, нават дзіця ад яго чакае. I хоць дзеля выратавання бацькі Ніна добраахвотна выдала чэкістам свайго каханка, у яе не знайшлося душэўных сіл пераламіць сябе, псіхалагічна яна засталася ў мінулым. «Ладу не можа быць, мы — розныя людзі. У мяне адны нахілы, а ў вас — другія, у мяне адна ўрода, у вас — другая…», — з сумам адказвае Ніна Гуторскаму на прапанову выходзіць за яго замуж.
  Міхась Зарэцкі як мастак-псіхолаг пераканальна раскрывае характар героя, яго ўчынкі і дзеянні, паказвае іх абумоўленасць канкрэтнымі абставінамі часу. Так, разам з пачуццямі дабрыні, міласэрнасці Гуторскі нясе ў сабе і класавую абмежаванасць. Ён спужаўся ўласнай смеласці, унутранай свабоды, а калі Ніна не адказала ўзаемнасцю, дык паспрабаваў сваё захапленне вытлумачыць як сацыяльную хваробу: «Ён адарваўся ад народа, адышоў ад яго. Патраціў звязак з яго жыватворчай глебай. Яшчэ момант — і парвуцца астатнія карані, якія яшчэ засталіся, якія яшчэ хаця слаба, але прывязваюць да працоўнае глебы, надаюць яшчэ жыццёвыя сілы». Калі сувязь парвецца, яго, маўляў, чакае доля Ніны, «доля пажоўклых, адарваных ад дрэва лістоў».
  Малады герой Міхася Зарэцкага не здолеў трывала замацаваць прарыў у сферу духоўнай незалежнасці, не ўсвядоміў сябе асобай, што мае права на свабоду пачуццяў, свабоду выбару. Заклік Гуторскага не дастасоўваць механістычна прынцып класавай ацэнкі да сферы інтымных адносін так і застаўся голай дэкларацыяй. Тут Міхась Зарэцкі своечасова адчуў вялікую небяспеку уніфікацыі чалавека новага грамадства, небяспеку яго падпарадкаванасці класавым, ідэалагічным устаноўкам.
  У гэтым творы і ў апавяданнях «Адна партыя ў шашкі», «Кветка пажоўклая» аўтарская пазіцыя абароны гуманістычных пачаткаў, агульначалавечых маральных каштоўнасцяў выяўляецца не адкрыта, а апасродкавана.

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 2.83 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений