Міхась Зарэцкі — Вязьмо

Міхась Зарэцкі

 Частка першая

   Разгойдвалася ды разгойдвалася жыццёвае мора, бушавала новаю бурай, гуло новымі вятрамі — жорсткімі і жыватворнымі. 
   …Па разгойданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае новае сонца. Яго сустракалі радаснымі прывітальнымі крыкамі… Яго сустракалі енкамі дзікага жаху, стогнамі непазбыўнае роспачы і кідаліся ад яго, каб, ратуючыся, згінуць у чорным прадонні мора. 
Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя. Гора таму, хто станавіўся перад ёй у марных патугах суняць ці стрымаць яе рух!
   Гора таму, хто, знявераны, пакідаў яе, спадзяючыся на шчаслівы супакой у мяккіх абдымках невядомага штылю! 
   Гора таму, хто, трапіўшы ў бурнапеністы след яе, хмялеў ад яе вірлівага шуму, ад разгоннай мітусні і траціў прытомнасць! Бо рэвалюцыя заўсёды жорсткая і няўмольная ў сваёй гістарычнай вялікай справядлівасці… 
   Звычайны селянін, вызвалены нават ад сельгаспадатку, Ахрэм Данілавіч Пунцік, якому добры прыяцель аптэкар Плакс — кіраўнік тутэйшага драмгуртка і мясцовы філосаф — даў мянушку Галілей праз вечныя яго вынаходкі, ідзе да памяшкання местачковае сямігодкі, а дакладней у кватэру загадчыка сямігодкі Сымона Карызны. A калі яшчэ дакладней, то да жонкі Карызны — Марыны Паўлаўны. 
   Галілей стуліўся ў насцярожанай гатоўнасці развязаць цяжкую праблему Марыны Паўлаўны. Ён захапляўся кожнай праблемай, якая траплялася на ягоным шляху, нават калі тая не мела да яго непасрэднага дачынення. Такі ўжо быў Галілееў характар! Цяпер ён без ніякага жалю кінуў свае разважанні аб цыркулярнай бяздымнай печы і ўраз працяўся турботаю Марыны Паўлаўны, якую разлюбіў муж.
   І так і сяк, з розных бакоў падыходзіў Галілей да гэтай праблемы, каб дапамагчы няшчаснай жанчыне. Даводзіў, што свет цяпер лёгкі пайшоў, што няма чалавеку ніякага ўёму, што апошняе каханне бывае моцнае, дужа моцнае і дурное, бо стары дурней за маладога хлопца кахае: "Я мяркую так. Усё ломіцца, дык і чалавек мусіць ламацца. Не ў тым, дык у другім. Раз ператруска ўсяму… усяму ператруска…" Сымон Карызна як сакратар сельсавецкай ячэйкі, прыехаўшы з пленума райкома партыі, панёс да Веры Засуліч, якую палка пакахаў, сваё ўзрушэнне. Добрае, бадзёрае ўзрушэнне, імпульс да новае пладатворнае працы. 
   У рэспубліцы зачынаецца новая баявая эра — рэканструкцыя, рэвалюцыйная пераробка вёскі. Карызна адчуў на пленуме імклівае парыванне наперад, лёгкую ўзнятасць і ўпарты, троху гуллівы задор. 
   "Прыйдзецца нам, Сымонка, з табою бадай што ўвесь свет перавярнуць… га?" — энергічна паціраючы рукі, запытаўся старшыня РВК Рачкоўскі. "Ці дзіва, што перавернем. Аж затрашчыць", — запэўніў Карызна. Рачкоўскі самадавольна падміргнуў: "Сакратара б яшчэ мне … га?" Карызна ведаў, што Рачкоўскага цалкам задавальняе Гайдук, а гэта сказаў ён так сабе, з форсу, таму ў адказ прамармытаў нешта невыразнае. 
   З пленума вярталіся з брыгадзірам Зеленюком, якога партыя прызначыла дапамагаць мясцовым прадстаўнікам перабудоўваць вёску. Зелянюк трапіў у ячэйку Карызны. 
   У Веры Засуліч (рамантычная дзяўчына, палітычна пісьменная, вартая імя і прозвішча славутай рэвалюцыянеркі!) былі людзі. Ім першым і паведаміў Карызна, што іх раён абвешчаны раёнам суцэльнай калектывізацыі, што рэвалюцыя не згасла, што яна ўзнімаецца з новаю сілай. На пытанні Галілея, ці скончылася ўжо тая рэвалюцыя, што была супраць паноў, і супраць каго яна будзе цяпер, Карызна патлумачыў: "і цяпер супраць паноў, супраць кулака, заўтрашняга пана. Кулак — зласнейшы эксплуататар яшчэ, ніж сапраўдны пан. 
   Наша мэта — знішчыць эксплуатацыю чалавека чалавекам". 
   Калі засталіся толькі з Верай, то тая ўвага, з якой яна слухала, яшчэ больш акрыляла, натхняла, і ён гаварыў: "Сёння ў нас тут яшчэ ціха, спакойна, а заўтра ўсё завіхрыць, забурліць… пачнецца цэлы гармідар… І тут вось пакажа сябе чалавек, сваю сілу і здольнасць. Паглядзім, хто чаго варты!" 
   Галілей ужо загадзя ведаў, хто што будзе гаварыць на тым сходзе і як будзе сябе наводзіць: сакратар ячэйкі Карызна будзе гаварыць горача і разумна. Ён ведаў, што старшыня сельсавета — даўгі, як вочап, і калматы, як памяло, прозвішчам Пацяроб — будзе крычаць больш без сэнсу і пускаць грубыя жарты. Ціха і сарамліва будзе гаварыць камсамолец Віктар, але слухаць яго будзе прыемна. Вера Засуліч скажа многа добра вядомага ўсім, але будзе гаварыць гэта шчыра і старанна. Вялікая злосць Прохара часам родзіць вострыя і пякучыя думкі. 
   Але на сход прыйшлі адны бабы (дзед Піліп з несусветнай пагардай зазначыў: "Які ж гэта сход? Гэта ж бабы!…"), вылілі ў тлумны гармідар сваё абурэнне, нават пастановы на тым сходзе не ўхвалілі ніякай. Але Зелянюк быў цалкам задаволены: "Пачатак добры… Трудна было чакаць лепшае ўдачы". А на прыкрае і здзіўленае пытанне Карызны, у чым тая ўдача, адказаў, што галоўнае — разварушыць сялянскую думку. 
   Зелянюк і Віктар адразу пасябравалі, асабліва пасля таго, як Віктар дапамог усталявацца на кватэру да Малаха Загароўскага ў Сівалапах (так у простым народзе пагардліва называюць другую частку мястэчка Сівец, дзе і адбываюцца апісаныя падзеі), а значыць, Віктару цяпер ёсць нагода часцей завітваць да Аўгінькі — дачкі Малаха Загароўскага, самай першай на ўсе Сівалапы, а мо і на Сівец прыгажуні. Калі ён абнімае сваю Аўгіньку, сэрца яго пачынае біцца мацней і ў грудзях падымаецца дужа салодкая і дужа пякучая хваля. 
   Сустрэчы і размовы іх аднастайныя, але такая аднастайная паўторнасць не толькі не дакучае маладым каханкам, а, наадварот, падкрэслівае цеплыню і пяшчоту іх мімалётных сустрэч. Ведама, маладосць! 
   Віктар кожны раз запрашае яе прыйсці вечарам у нардом. Яна зазвычай адмаўляецца, і Віктар ідзе ад яе з адчуваннем свае глыбокай віны, што не здольны ўвесці яе ў грамадскае жыццё мястэчка, ліквідаваць яе культурную і палітычную адсталасць. 
   Малады рабочы з горада — Зелянюк — стаў для Віктара ўвасабленнем ідэалу грамадскага жыцця. 
   І склалася так, што Малахава чыстая палавіна, дзе кватараваў Зелянюк, зрабілася неафіцыйным цэнтрам, і там завязаўся клубочак дружнага актыву. Асабліва актывізавалася праца гэтага актыву, калі Зелянюк даў даручэнне Шыбянковай Таццяне весці работу з жанчынамі. І без усялякага галасу, сходаў, а пагаманіць з адной, другой, трэцяй. І Якуб Лакота, чырвонагвардзеец, далей развівае меркаванні Зеленюка: "Сабіраць усіх бядачак, усіх пакрыўджаных, усіх абяздоленых. Яны за Таццянай пойдуць!" 
   Спачатку Таццяна хацела адмовіцца ад ускладзенай на яе ролі, сказаць, што яна супраць гэтых няшчасных калгасаў, але ж яны ўжо лічаць яе за сваю супольніцу, яны перакананы, што яна мусіць ім памагаць. 
   Няўздольны цяпер хворы бядак (след белагвардзейскага катавання) Якуб Лакота, фанатычна адданы новай справе чалавек, ужо зрабіў планы, паводле якіх будзе жыць вялізны калектыў. На ўвесь Сівец Таццяна была першым абаронцам і суцяшальнікам жанчын, што абшаснуліся на слізкай амурнай дарозе. Са свайго нядоўгатрывалага замужжа яна вынесла добрую практыку і ўмела як след шанаваць сваю жаноцкую годнасць. На цікаўнасць Галілея, чаму яна кінула свайго мужыка, Таццяна шчыра адказала: "Убачыла, што ён не кахае мяне. А як жыць так, без кахання, ды чакаць, пакуль ён набярэ розуму, каб прагнаць цябе, дык лепей жа самой пайсці загадзя". 
   Убачыўшы, што муж кахае ўжо Веру Засуліч, і Марына Паўлаўна таксама пасля доўгіх трывог і разваг зрабіла выбар: "Я не хачу, каб ты жыў так … надвая… Або яна — або я". 
   Вера Засуліч у значнай меры натура рамантычная. Таму ёй падабаецца ўсё яскравае, барвістае, выдатнае. Хоць яна і беспартыйная, а партыйным жыццём цікавіцца надзвычайна. У яе ціхім, утульным пакойчыку памалу звіўся дружны цэнтр, які яднаў пэўную, досыць значную і ўплывовую частку савецкай грамадскасці. І ўсіх гэтых людзей апрача агульнае справы звязвала яшчэ аднадушная сімпатыя да Веры Засуліч. І кожны любіў яе па-свойму. Карызна той любоўю, пра якую Галілей сказаў, што "стары дурней за маладога хлопца кахае". 
   Верны сабе ва ўсім Пацяроб з класічнай нязграбнасцю выяўляў сваё гарачае замілаванне да Веры; усюды цэліў зрабіць ёй якую-небудзь грубаватую і не зусім прыстойную прыемнасць: ушчыпнуць там, паціснуць ці яшчэ што-якое. Яна пакорна зносіла ўсё гэта з павагі да мясцовай улады. 
   Авдрэй Шыбянкоў кахаў моўчкі і здалёку, інтрыгуючы сваім да лютасці палкім поглядам. Апрача таго, ён дужа лоўка іграў на гітары. 
   Андрэй Плакс кахаў яе па-рыцарску, таемна, шчыра. 
   Сама ж Вера ставілася да ўсіх з абсалютна роўнай ласкай і ветлівасцю. Праўда, ёй найбольш імпанаваў Андрэй Шыбянкоў, але яна нічым гэтага не выяўляла. 
   Сымон Карызна жыў галоўнай страсцю: ён спяшаўся, каб першым у раёне скончыць калектывізацыю. Да таго ж апроч палкага кахання да Веры яго апанавала вялікае душэўнае ўзрушэнне, і пачалося гэтае ўзрушэнне акурат з тае ночы, калі яму давялося заначаваць у далёкай вёсцы, у чыстай хаце аднаго серадняка-селяніна. У тую вёску ездзіў Карызна на сход, на якім было развязана найдалікатнейшае, найбальнейшае селяніну пытанне — абагульненне жывёлы. На дзіва Карызну, прайшло яно проста, без спрэчак. І ў сям’і селяніна, якому даручылі Карызну нанач, усё, здаецца, было спакойна. Дачка селяніна задавала яму безліч пытанняў, што Карызна ледзьве ўпраўляўся тлумачыць. A калі пачула ад яго, што калі каторая жанчына раджаць будзе, дык ёй аж чатыры месяцы дадуць звальненне, крыкнула: "Авой! Гэта ж у нас бабы тады захочуць раджаць!" А на запытанне Карызны, ці задаволена яна, што бацькі пайшлі ў калгас, адказала: "Нам, маладым, пэўна, што лепей. Ніякага клопату. Пайшоў, адпрацаваў свае гадзіны ды гуляй. Як у горадзе". Гэтае "як у горадзе" было для яе апошняй мяжой летуценняў пра лепшае жыццё. 
   А ноччу Карызна прачнуўся: нехта выйшаў з хаты на двор. 
   Закралася падазрэнне. Цішком перабег цераз двор і пачуў голас, які даносіўся з хлява. Маўклівы гаспадар вёў з некім дужа жвавую гаворку. Гаспадар размаўляў са сваім канём, які заўтра ўжо будзе не яго: "Ты стараешся, шчыра працуеш, не натурышся, любіш свайго гаспадара… Паедуць на табе чужыя людзі, не дагледзяць цябе, не напояць. Будуць біць цябе, пасякуць тваю гладкую скуру. Не будзе ў мяне майго касюткі… Не будзе…" 
   Потым пачуў Карызна, як плакаў маўклівы і мужчына. Дзіўнае пачуццё, падобнае да страху, апанавала тады Карызну. Успомніў, як сам у дзяцінстве плакаў, калі бацька прадаваў канька, як сам начэй не спаў, усё думаючы пра свайго таварыша. 
   І вырашыў Карызна, што, каб вызваліцца ад страху і жалю; "трэба ламаць сябе, трэба выкрышыць з сябе гэтыя закамянелыя нарасці дробнабуржуазнае псіхікі… Трэба быць жорсткім. І перш-наперш — да самога сябе". 
   A калі прыехаў дадому, прачытаў ліст бацькоў. Яны пісалі, што іх залічылі ў кулакі і кажуць, што будуць раскулачваць, а мо і сашлюць куды на пагібель. Бацькі прасілі парады, бо не ведаюць, што рабіць: "А ты ж сам ведаеш, Сымонка, якія мы багатыры. З вашай жа, дзеткі, дапамогаю і абжыліся сяк-так, а то ж свету божага не бачылі". 
   Гэта быў страшэнны ўдар. Што цяпер рабіць яму? Сапраўды, гэта ён дапамог бацькам, як і многім іншым, стаць "кулакамі". Гэта ён некалі праводзіў палітыку хутарызацыі і дапамог многім пайсці на пасёлкі, а сваім бацькам раіў, каб развівалі, узбуйнялі гаспадарку, каб не баяліся, наймалі, калі спатрэбіцца, бо гэтага савецкая ўлада не забараняе. Ён раіў ім адысці на хутар, на пасёлак, бо так лягчэй будзе паставіць на ногі гаспадарку. 
   А цяпер ён крычыць пра бязлітаснае змаганне з кулакам!, пра ліквідацыю кулака як класа! Ён бегаў, як апантаны, па хаце: што рабіць? Ён ужо не мог цярпець прысутнасці жонкі, якая стала яму, як ніколі, чужой і нялюбай. 
   Ён, успомніўшы Рачкоўскага, раптам развязаў сваё непаразуменне. Трэба працаваць. Трэба давесці сваёй самаадданай працай, што ўсё гэта было выпадковае, што ён сумленны і праўдзівы сябра свае партыі. Трэба ўзмацніць тэмпы, рашуча штурхнуць з месца работу. І трэба пачаць са сходу! 
   Сход назначылі праз два дні. Усё абыдзецца добра, і ніхто ні аб чым не даведаецца. Ён нават піша ліст да бацькоў і раіць ім самараскулачванне: прадавайце, аддавайце ўсё, проста выкідайце вон, аставайцеся голыя, але без ганебнае пячаткі. Неяк пражывём. Запісвайцеся, калі прымуць, у калгас, і працуйце так, як працавалі на сваёй гаспадарцы — шчыра, старанна. Але потым Карызна рве і спальвае бацькаў ліст і свой адказ. 
   Гледзячы ў вокны сялянскіх хат, ён бачыў, быццам наяве, сваё дзяцінства, сваю сям’ю… Выходзіць, што супраць сваіх родных ён змагаецца цяпер разам са сваёю партыяй, супраць іх гатуе сваю вялікую нянавісць… 
   Аднак сход, на які Карызна ўскладаў вялікія надзеі, быў сарваны. Гэта быў правая. Яго, бясспрэчна, добры і поўны даклад з гарачымі і гучнымі лозунгамі быў сустрэты ледзяным маўчаннем. Ніхто не хацеў гаварыць. А потым закрычалі бабы. Кінулася ратаваць сітуацыю Таццяна, але яе і слухаць не захацелі, абражалі нават: "Табе толькі калгас і трэба. Там многа будзе…" 
   Андрэй Шыбянкоў гаварыў аб помсце, аб расплаце за здзек, за пакуту, ён пагражаў блізкай расплатай. І ўсе ведалі, каго ён мае на ўвазе, — Цімафея Міронавіча Гвардыяна. Усім рабілася жудасна, бо зусім блізка падступала нянавісць Шыбянка да свайго даўняга і заклятага ворага. Здавалася, што зараз, во тут і пачнецца тая невядомая расправа. Іскрай у бочку пораху стала выступленне маламожнага селяніна Прохара, злога, усяго сатканага з дзіўнай усеагульнай крыў-ды. Пасля яго ўжо мужчыны загарлалі, што не жадаюць ніякіх калгасаў. Гвардыян жа выступіў і сказаў, што людзі "не нафпроціў калгаса", але хай спачатку выступяць тыя, хто "спецыяльна на гэта пастаўлены". 
   Трэба было выступаць Віктару, але ўзняўся са свайго месца даўгі калматы Пацяроб і, схіліўшыся да Карызны, жаласна запытаў: "Сымонка! Лупсянуць?" — "Смалі, браток, толькі не надта", — даў згоду Карызна. І Пацяроб "лупсянуў" так, што Зелянюк папярэдзіў Карызну: "Трэба спыніць яго — ён разгоніць сход". Карызна і сам гэта разумеў, але яго распаліў начальніцкі тон блазнюка: "Я сам ведаю, што мне рабіць". 
   Пацяроб крычаў, махаў рукамі, лаяўся, пагражаў. Скончыць яму не далі. У зале ўзняўся страшэнны гармідар. Карызна ўсхапіўся з месца. Але на яго глядзелі з варожасцю і чакалі толькі першых слоў, каб наладзіць яму такую ж абструкцыю, як Пацяробу. І Карызну прарвала. Ён ненавідзеў усіх за ўсё: за няўдачы з калектывізацыяй, за свае страхі, сумненні, за свае старыя грахі, за бацькоў сваіх, за жонку, за Зеленюка, за ўсё, што атручвала яму жыццё. Ён стаў крычаць. Ён стаў лаяцца. Ён стаў пагражаць. Ён разышоўся яшчэ горш за Пацяроба. 
   Абураны народ стаў дэманстратыўна пакідаць сход. Пацяроб ваяваў ля дзвярэй, роў, затрымліваючы сялян. Тлум узняўся яшчэ мацнейшы. 
   Па сходзе Зелянюк сказаў Карызну, што той праваліў калектывізацыю, сарваў сход. Суцешыла Карызну Вера. Ёй толькі і даверыў ён сваю тайну. Вера абяцае нікому пра гэта не расказваць і раіць зрабіць так, "каб было добра, каб усё было чысценька". Ён пераканаўся, што ў гэтай самай палітычна свядомай акгывісткі не менш, а можа і больш, чым у звычайнай жанчыны, простае жаноцкае ласкі. 
   Усю ноч у чорную бязлітасную цемру глядзела Марына Паўлаўна, дарэмна спадзеючыся на лепшыя перамены ў сям’і.

 

Частка другая.

   Зелянюк піша ліст сваёй каханай Стасі. Піша пра ўсе свае радасці і трывогі, піша пра тое, што асабліва яго засмучаюць "стасункі з сакратаром ячэйкі", што з ім ужо былі жорсткія сутычкі , піша пра тое, што чалавек гэты перажывае цяпер, а праўдзівей, сам робіць сямейную трагедыю. "і гэта так шчытна ўплятаецца ў ягонае жыццё, грамадскую працу, што нават цяжка сказаць, што на што робіць уплыў і што чаму спрычыняецца". 
   Сівалапаўскія актывісты, на вялікую Зеленюкову радасць, вырашылі не чакаць Сіўца і не марудзіць, а ўзяць ды арганізаваць свой асобны сівалапаўскі калектыў, а хто пажадае — няхай далучаецца. 
   Бачылася Зеленюку ў гэтым патрыятычным задзірыстым настроі і штосьці няпэўнае, што трывожыла яго. Аднак, памеркаваўшы, ён прыйшоў да высновы, што настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Будзе прыклад Сіўцу. Хай сабе і канкурэнцыя, гэта не пашкодзіць, а яшчэ больш паспрыяе агульнаму руху. Галілей, узрушаны падзеямі, што развіваюцца вакол яго з бурнай няўхільнай напорыстасцю, а галоўнае, што ніяк не можна дайсці глыбокага іх сэнсу, закінуў, занядбаў сваю "цыркулярную" бяздымную печ і іншыя свае вынаходствы. Не тое ў галаве! І рушыў стары мудрагель у цудоўную сваю экспедыцыю: ён хоча пачуць нейкае мудронае, усеабдымнае слова, якое б маланкай асвяціла б яму затуманены краявід. 
   Пачаў з Плакса. Паказаўшы таму карандаш, спытаўся, ці спакойны той, бачачы і ведаючы, што гэта карандаш. Пачуўшы, што "няма ніякай прычыны турбавацца", павёў свае творчыя шуканні далей: "А вось каб ты бачыў і не ведаў, што гэта… Га? Ці быў бы ты спакойны тады?" 
   Філосаф зразумеў мову філосафа, зразумеў, што таго непакоіць, і адказаў: "Кажуць, што людзі пнуцца ў сацыялізм. Але дзе ён, той сацыялізм, я не ведаю, Галілей. Гэта — не карандаш…" Плакс пусціўся ў крайнюю філасофію і параўнаў усё, што дзеецца, з камком зямлі, які шпурнулі і над якім людзі "капаюцца і ўсё думаюць, што гэта яны насур’ёз". Галілей на тое з сярдзітым дакорам сказаў, што людзі ўсё робяць насур’ёз, а зямля — не камок. Не задаволіла Галілеевай глыбока практычнай істоты і Плаксава абгрунтаванне таго, што ўсё робіцца стыхійна, што ўсё будзе пакрышана, знішчана, але гэта будзе добра, бо гэта трэба: "Перш чым сеяць, трэба падрыхтаваць глебу, трэба павыкарчоўваць старое карэнне…" Шыбуе далей стары мудрагель, апанаваны яшчэ вастрэйшым, чым раней, непакоем. 
   Сакратар сельсавета Цівунчык на Галілеева пытанне "што гэта ў нас цяпер робіцца ўсюды?" параіў пацікавіцца ў старшыні. Пацяробу ўсё было ясна: "Што праводзіцца, пытаеш? Праводзіцца калектывізацыя … І ліквідацыя кулацтва як класа… A ці разумееш ты, мой даражэнькі, хто гэта ўсё праводзіць? Гэта праводзіць партыя і савецкая ўлада. Улада … разумееш? А хто ідзе насупраць — супраць каго ён ідзе, га? Супраць каго ён ідзе, мой даражэнькі?" 
   Тую "навуку" Галілей замацаваў на Гвардыяне. Але той выдаў Га-лілею загадзя нарыхтаваны на падобны выпадак выраз: "Калектывізацыю вядзе савецкая ўлада, супраць яе няможна ісці. Хто супраць калгаса — той вораг савецкай улады…" 
   Зеленюку Галілей адважыўся паставіць пытанне рубам: "Навошта гэта ўсё… супраць каго вы ўсе ідзіцё, га?.." і нават канкрэтызаваў пытанне: ці толькі супраць кулака Гвардыяна, супраць каго яшчэ пасля? 
   Адказам Зеленюка Галілей быў незадаволены. Што далей гаварыў Зелянюк, то ўсё больш і больш безуважны рабіўся ягоны твар і вострыя вочкі самапасам разбягаліся на бакі, шукаючы для сябе якой-небудзь новай спажывы. І не ўправіўся Зелянюк скончыць, а стары ўжо выбягаў з хаты, нібы баючыся, каб не спасцігла яго на хаду яшчэ якое тлумачальнае слова. 
   Зелянюк падзяліўся сваёй радасцю з Карызнам: у Сівалапах арганізоўваўся свой асобны калгас з перакананых энергічных сяброў, а не пад прымусам. І сустрэў не проста нязгоду, а лютасць сакратара ячэйкі. Карызна нават быў задаволены, што нарэшце мае магчымасць даць адкрыты бой Зеленюку, да якога здаўна адчуваў глухую варожасць. Каб не ён, зусім па-іншаму пайшла б у яго праца, куды большыя былі б удачы. Ён, безумоўна, ён суне яму палкі ў кола! І Карызна з ліхаманкавай паспешнасцю бярэцца за падрыхтоўку сутнасці справы, якая будзе стаяць на ячэйцы. Аднак кожны новы дзень прыносіў яму ўсё новыя непрыемнасці. Разлука з Марынай Паўлаўнай, якая сабрала ўсе свае клункі і з дапамогай Галілея перабралася да Таццяны (дзве разводкі ў адной хаце!), выклікала аднадушнае асуджэнне грамадскасці, асабліва сярод жанчын. Іранічна-зларадныя ўсмешкі адчуваў ён за спіной, недаверліва-насцярожанай маўклівасцю адказвалі яму ў час выступленняў. Варожыя элементы аднаго яго датычны факт адразу запісалі ў свой актыў: "Во, бачыце, як яны робяць?" 
   І ў гэтую якраз пару зноў прыйшоў ліст ад бацькоў. У лісце яны паведамлялі, што іх раскулачылі, адабралі ўсё чыста, прасілі нясмела, каб прыслаў грошай. Звярыны страх апанаваў Карызну і пераплятаўся са шчымлівым жалем да бацькоў, з прагным жаданнем дапамагчы ім. Адчуванне віны даводзіла да страшэнных згрызот, да душэўнага самакатавання. 
   Вязьмо заціскалася. Так і не знайшоў Карызна ніякага выйсця са свайго становішча, а заблытваўся ўсё больш. 
   З такім настроем прыждаў Карызна таго "гістарычнага" ў сівецкім маштабе партыйнага сходу, на якім абмяркоўвалася пытанне іхняй спрэчкі з Зеленюком. Было, было ў яго жаданне пайсці да Зеленюка, дабрадушна паціснуць яму руку і сказаць, што той мае рацыю са сваім сівалапаўскім калгасам, але нядобрае, брыдкае, зладзейскае перамагло. Ён свядома пайшоў на ўчынак, які са шкодаю для агульнай справы задавальняў выключна асабістыя яго імкненні. Яго прынцыповасць і непахіснасць, акрамя задавальнення ўласнага гонару, павінна ў значнай меры выкупіць грахі мінулага, грахі бацькоў. 
   "Асноўная" справа стаяла сціпла ў рубрыцы "Рознае" і называлася так: "Аб праявах партызаншчыны ў працы т. Зеленюка". Карызна гаварыў пра тое, што Зелянюк цалкам самастойна, без пагаднення з партыйнай ячэйкай вырашыў пытанне аб арганізацыі ў Сівалапах асобнага калгаса, што супярэчыць планам калектывізацыі сельсавета і з’яўляецца парушэннем партыйнай дысцыпліны. 
   Зелянюк згадзіўся, што "зрабіў злачынную памылку", але прасіў і вымагаў, каб пасля абмеркавання яго справы паставілі пытанне пра сівалапаўскі калектыў. Усе маўчалі. І тут саладжава-мілосным, як заўсёды, тонам ("Даражэнькі мой, любачка мая, золатка…") пачаў Пацяроб, каб потым нязменна перайсці на сваё, пацяробаўскае — рэзкае, грубае, нахабнае. Пацяроб трыумфаваў і, апетытна бразнуўшы аб бок наганам, сеў на месца. 
   Пацяроб быў наскрозь чалавек адміністрацыйны і не любіў малімоніцца. Першая яго акцыя, якой ён адгукнуўся на шырокі рух рэканструкцыі, была тая, што ён начапіў на сябе наган. 
   Эфект ад спектакля быў бы поўны адразу, калі б не Віктар, які падтрымаў "прэпазіцыю" Зеленюка. І Якуб Дакота пацікавіўся, прычым настойліва, каго мае на ўвазе раскулачваць Пацяроб, і ўвёў таго ў досыць прыкрае замяшанне. І ў заключэнні прывёў ясныя довады, што ўтварэнне сівалапаўскага калгаса зрушыць з месца ўсю справу калектывізацыі наогул ва ўсім сельсавеце. І ў Карызны да злосці і нянавісці памалу далучылася няясная трывога, а следам неразлучны яго спадарожнік апошніх дзён — няўхільны страх. І тут жа з’явілася адчайная думка, якая зараз жа абярнулася ў цвёрды намер. 
   Сымон Карызна ўстаў і дрыжачым голасам заявіў, што пераканаўся аканчальна: у ячэйцы ёсць сакрэтная групоўка, якая злачыннымі метадамі фракцыйнай работы праводзіць сваю асобную лінію на зрыў плана калектывізацыі. 
   Усе ўжо здрыгануліся і спалохана азірнуліся, шукаючы крыніцы дзікага, цалкам нестасоўнага да моманту гутаркі. І ніхто ўжо не наважыўся больш гаварыць, калі ўзнікла такая далікатная і палітычная справа. 
   Назаўтра ж Сымон Карызна паехаў у раён да Рачкоўскага. Пачаў з таго, што паведаміў старшыні РВК пра развод з жонкай. Юрлівым смехам адрэагаваў Рачкоўскі, бо сам некалькі разоў разжэньваўся, і гэта ніколькі не парушала яго шчасця. Лёгкі, вясёлы падыход Рачкоўскага да сямейнай трагедыі Карызны спачатку непрыемна ўкалоў, але хутка стала і самому лёгка і весела. 
   Пагаварыўшы пра тое, як праводзілі некалі хутарызацыю, як слаўна тады жылося: "Эх, каб цяпер туды… Ну і запішчалі б у мяне кулачкі… Расхутарызаваў бы іх так, што і не агледзеліся б…" 
   Карызна нясмела напомніў, што, выходзіць, тады рабілі памылковую справу. Рачкоўскі на гэта адказаў, мерна выстаўляючы слова на слове: "Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы няўдалую шкодную рэч … будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць, охаць, енчыць, стагнаць… Добры майстар возьме і адным махам — без аніякага жалю — разаб’е ці разломіць тую рэч. І зробіць гэта з большай рашучасцю і нават злосцю менавіта таму, што гэта ягоная рэч, зробленая ягонаю рукою. Бі, Сымоне, варушы ўсё да грунту, пераварачвай, і канец…" 
   І тады Карызна прызнаўся Рачкоўскаму, расказаў пра бацькоў, пра тое, як сам даваў ім некалі грошы на гаспадарку, і парады адпаведныя таксама. 
   І Рачкоўскі параіў ўсё перацяць, плюнуць на ўсё, "выкінуць усё к чортавай матары" — адным ударам усё перацяць: "Калі ты — сцерва, скажам, дык гэта яшчэ паўбяды. A калі ты сцерва ды яшчэ кожную хвіліну думаеш пра тое, што ты сцерва, смакуеш гэта, упіваешся гэтым, дык ты тады — дзве сцервы…" 
   Карызна зноў нагадаў, што бацькі просяць, каб прыслаў грошай. 
   Рачкоўскі прарактаў, што ўсе яго былыя жонкі як адна таксама просяць грошай, проста рады не дасі, каб на іх ліхалецце. 
   Гэтак жа лёгка і хутка вырашылі справу і з Зеленюком: праз два дні Зелянюк атрымаў з раёна паперку, у якой яму прапанавалі зараз жа пераехаць на працу ў другі сельсавет. 
   Подлая грымаса хутарызацыі яшчэ падміргвала Карызну нейкі час, але ён перамог сябе, бо галоўнае — у самім сабе. Перацяць трэба адным ударам — і тады само па сабе развяжацца ўсё. І Карызну здаецца, што ён ужо зрабіў гэты "адзін удар" — перарваў ніці, якія вязалі яго з мінулым, з бацькамі. Прыйшло адчуванне поўнай волі, поўнай маральнай незалежнасці. 
   Да ўсяго Вера Засуліч з яе чулым жаночым інстынктам прыйшла яму на дапамогу і сваёй мілай, салодкай ласкай зняла прыкрае пачуццё, суцешыла, запэўніла, што кахае яго… 

 

Частка трэцяя.

   "Высачайшая камісія па такіх-та і такіх-та справах" дабралася да Гвардыяна. І ён, пакорна схіліўшы галаву перад цэлым натоўпам, які з нецярплівасцю чакаў пачатку цікавае працэдуры, пайшоў адмыкаць свае адрыны і свірны. 
   Старшынёй калгаса "Наша перамога" ў Сівалапах выбралі Якуба Лакоту, а сакратаром з яго прапазіцыі — Мікіту Лаўрынёнка, маладога кемнага гаспадара, што спрабаваў некалі вучыцца на агранома. 
   Не толькі ад цудоўнай працы, але і ад прыемных поглядаў Таццяны пачынае тухкаць у хворых грудзях Якуба з недазволенай заўзятасцю сэрца. Можа, той погляд тоіць незразумелае яму салодкае абяцанне? З ад’ездам Зеленюка шансы яго на шчасце з Таццянай узраслі. А вось Віктару бадай штодня даводзілася зазнаць на сабе гнеў Карызны, адчуць беспрычынную да сябе нянавісць. Віктар разумеў, што гэта Карызна перанёс на яго ўвесь комплекс пачуццяў, які раней меў да Зеленюка, але стрымліваў сябе і маўчаў. Добра што з Аўгінькай справы пайшлі ў жаданым для Віктара накірунку: яна папрасіла прынесці кніжак пачытаць, бо "таксама пісьменная і не дурная якая". Гэтым яна таксама выказана сваё вялікае ўзрушэнне і непакой, злосць на тое, што апошнім часам Віктар стаў сустракацца і дружыць з прыгожай разумнай маладзіцай Таццянай. Супакоіла Аўгіньку тое, што з Таццянай Віктар чытаюць адно аднаму лісты ад Зеленюка. І Віктар пачуў пад нагамі цвёрды дол, з законнай смеласцю абняў сваю каханую, даводзячы ёй, што ён даўно ўжо кліча яе ісці разам, з людзьмі. 
   Аўгінька з радасцю пайшла б, але "што татка скажа?". Многа было клопатаў закаханым праз тое, што сівалапаўскі селянін-серадняк Малах Загароўскі ўпарта не пісаўся ў калгас, але яны цярпліва чакалі лепшых для сябе стасункаў. І дачакаліся! Усе дачакаліся, толькі мала хто дачакаўся таго, пра што марыў… 
   Скончыўшы раскулачванне ўсіх прызначаных да гэтае меры сівецкіх гаспадароў, Пацяроб пачаў запісваць у калгас. Геніяльны пацяробаўскі план запісу быў просты і радыкальны. На-заўтра зранку разам з некалькімі добраахвотнікамі Пацяроб пачаў з хаты ў хату абыходзіць мястэчка. Што ён рабіў, зайшоўшы ў каторую хату, якія ўжываў метады агітацыі і прапаганды, гэта заставалася на яго шчырым пацяробскім сумленні, але выходзіў ён адусюль з гордым выглядам пераможцы. 
   Але ўжо ў сёмай хаце не было гаспадара. У восьмай таксама. Тое самае ў дзевятай. Пацяроб зразумеў, што гэта значыць. Не міргнуўшы нават вокам, ён перайшоў на другі канец — і ўсё пайшло ў належным парадку. Але ўжо прыблізна ў сёмай хаце зноў не аказалася гаспадара. Пацяроб нейкі час стаяў, абмяркоўваючы неспадзяваную сітуацыю, а потым стукнуў далонню ў лоб, што ў перакладзе на старагрэчаскую мову азначала: "Эўрыка!" і змяніў тактыку. 
   Ён браў хаты не ў рад, адну за адной, а ўроскідзь, нечакана з’яўляючыся то ў адным, то ў другім канцы мястэчка. Гэта давала больш працы яго цыбатым нагам, але гарантавала пяцьдзесят працэнтаў удачы. 
   Па мястэчку пайшоў дзівосны рух. Гаспадары пераходзілі з хаты ў хату, ад суседа да суседа, ад сваяка да сваяка, каб не трапіць на вострае вока страшнага калектывізатара. Тады ён пачаў практыкаваць такія дыверсіі: намеціўшы пункт атакі, дэманстрацыйна абмінаў яго, падаючыся ў іншы бок, але раптоўна варочаўся і, як каршун на высачаную з гары ахвяру, кідаўся на няшчасную халупу. Потым ён прымяняў сістэму папярэдняй выведкі, скарыстаўшы пару спрытных, дэтэктыўна настроеных падшыванцаў, якія рэгулярна даносілі яму, у якой хаце былі гаспадары. Галілей застаўся некалектывізаваны, бо пышнае безладдзе, якое панавала ў яго хатцы, распацешыла нават Пацяроба. Тут было ўсё, апрача самога гаспадара, і Пацяроб махнуў рукой: што ты возьмеш з такога вар’ята? 
   Карызна трыумфаваў. Ён быў наіўна ўпэўнены, што гэтае дасягненне (пратакол з подпісамі пераважнай часткі сівецкіх гаспадароў!) — вынік яго новай цвёрдай і пэўнай лініі. Каго ж выбраць за старшыню? Пацяроб прапанаваў Андрэя Шыбянка. У Карызны была боязь, якую абуджалі ў ім частыя візіты Шыбянка да Веры.    Скрыгаў Карызна зубамі, калі застаў Шыбянка ў каханай: "Табе гітару ў рукі, а не калгас…" Да ўсяго тая нянавісць, якая насіла і ўзносіла Шыбянка, згасла разам з энергіяй у час раскулачвання Гвардыяна — Андрэй Шыбянок ураз вытхаўся, як адкаркаваная пляшка эфіру. І астаўся ад яго нікчэмны гультай і валацуга. Галілей трапна калісьці зазначыў, што ў ім не чалавек кіруе злосць, а злосць кіруе яго. 
   Зноў збірае Карызна сход, каб далучыць Сівалапы да Сіўца. У кожнага расла трывога і глухое незадавальненне, бо ўсе бачылі, як складаўся сівецкі калгас, і адчувалі, што такі пачатак не вяшчуе нічога добрага. З’явіўся нават настрой зусім больш не ісці ў калгас. Нават эффектная прамова Пацяроба з цэлай чарадой "хай жыве" ў канцы не растапіла маўклівага лёду натоўпу. Зала застыла ў хмурай нязрушнай маўклівасці. 
   Пацяроб зноў трыумфаваў, а Карызна добра разумеў, што ўсё гэта не так, як трэба. Ён са шчымлівым болем адчуваў глыбокі фальш пацяробскага трыумфу, але ўжо не мог надаць падзеям іншы кірунак. 
   З таго панурага сходу ўсе разышліся з адчуваннем няпэўнасці ў перспектыве заўтрашняга дня. Галілей быў збянтэжаны гэтым сходам, дзіўны непакой яго распаліўся новым трывожным агнём: "Хто яго ведае… ага… Як рэвалюцыя, дык тлум бывае вялікі… крычаць людзі… мітушацца… Можа, і няма ніякай рэвалюцыі… ага… можа, адно папужалі…" Якуб Дакота параіў не браць так блізка да сэрца, на што Галілей запярэчыў, што без сэрца чалавеку няможна, бо "без сэрца розум высахне ў чалавека". Якуб жа хітравата даводзіў, што рэвалюцыя "не мае жалю, дык, значыць, не мае і сэрца". Гэта яшчэ больш устрывожыла Галілея, ён заўпарціўся, што рэвалюцыя ад сэрца ідзе, што яна любіць людзей і шкадуе іх… "Б’ючы шкадуе… вось…" 
   Аднойчы ён, змардаваны назойлівай турботай, увайшоўшы ў "габінет" Дакоты, бесцырымонна замінаючы яму, закулдыячыў пра цара Ляксандра і яго супраціўніка Гардзея: "Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру — на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне… Дык цар, не патрапіўшы, ага … выняў меч і раз … перасек той вузел … ага… перасек…" 
   На пытанне Якуба, хто ж з тых дваіх быў разумнейшы, затрос барадзёнкай: "Дурны быў цар… Дурны Ляксандр. Сячы кожны патрапіць… А хай развяжа, ага… хай развяжа!" Якуб зразумеў, што стары гаворыць пра Пацяроба, і спакойна зазначыў, што бываюць такія моманты, што трэба дзейнічаць рашуча і смела. Стары дзівак зусім распаліўся: "Не рашучы ён… Не смелы ён… Ён рызыкант! Ён бурыць… ён разбурае… усё разбурае…" 
   На довад, што ў жыцці заўсёды дзейнічаюць дзве сілы (адна разбурае, а другая будуе), што Пацяроб разбурае, а Галілей сёе-тое будуе, страшэнна спалохаўся Галілей такога параўнання: "Ён і мае разбурыць… ага… ён разбурыць…" 
   І Карызна рынуўся ў абнімкі адчайнай пацяробаўшчыны, бо, апроч гэтага замарачнага гону, не бачыў больш спосабу вырвацца з вязьма супярэчнасцяў. Сымон адчуваў ужо ніколі не знаны дасюль уздым. Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі, але Карызну апанавала жудаснае адчуванне няпэўнасці. Суцяшаў Пацяроб: "Абцярэбім усё на першы нумар. Не бойся, Сымонка!.. За мной — як за каменнай сцяной…" 
   Карызна з трагічнай паступовасцю траціў Веру Засуліч. І сам быў у тым вінаваты. Яе рамантычная і наскрозь жаночая натура прагна шукала сабе героя, а ён сваім вечным самазгнібеннем, сваім недалужным енкам і скаргамі разбіваў усе яе намаганні знайсці сабе такога героя і аддана ісці з ім да канца. А ён не вытрымаў свае гераічнае ролі — ён зноў стаў самім сабой. І ўбачыў нарэшце, што стаў ёй проста дакучаць, тады асыпаў яе плоймай балючых папрокаў. 
   Развязка намецілася з таго дня, як пачалі ў Сіўцы абагульняць жывёлу. І пайшла па Сіўцы ніколі не бачаная і не чутая завіруха. Вуліцы агаласіліся плачам, праклёнам, лаянкай. Віктар прыбег да Карызны і далажыў, што Пацяроб такім гвалтам разваліць усю справу, на што Карызна абазваў яго блазнюком і загадаў не торкаць носа, куды не трэба. І сапраўды, хутка пасыпаліся заявы аб выхадзе з калгаса. 
   Апошнім крокам да падзення Карызны стала бюро, на якім ён паведаміў, што неабходна пачаць высяленне "найзласнейшых з кулакоў, якія актыўна змагаюцца супроць… савецкай улады". У спіс трапілі не толькі сераднякі, але і беднякі. Успомніў Пацяроб пра Сівалапы і прапанаваў "залаценькім" калупнуць "гэтага самага Малаха Загароўскага". Усе бачылі відавочную недарэчнасць высялення гэтага спакойнага беззаваднага серадняка, але маўчалі. Моцнай патугай волі суняў сябе і змаўчаў Віктар. Адчай яго быў бязмежны, але нават Якуб Лакота сказаў, што "калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць…" 
   Пра высяленне Таццяна сказала са смелай злосцю: "Шалеюць яны, во што… Нешта есць нутро катораму, дык ён на людзях спаганяе. Не будзе з гэтага ладу…" 
   Марына Паўлаўна, якую пераводзілі на працу ў раён, у жанаддзел, здагадалася, каго мела на ўвазе Таццяна — Карызну найперш. На развітанне Марына Паўлаўна спрабавала вярнуць Карызну да розуму, але ён адказаў ёй холадна і спакойна: "Рэвалюцыя без ахвяр не бывае… Каб ісці наперад, трэба церабіць дарогу…" Дарэмна яна даводзіла, што ён ідзе не той дарогай, што ён носіць у сабе атруту і сам не хоча пазбыцца яе, што ён мучыць сябе і праз гэта другіх. 
   Дрэнны ліпучы жаль апанаваў Віктара, калі ён высяляў сям’ю сваёй каханай. Толькі напяўшы ўсе свае сілы, ён стрымаўся, каб не заплакаць і не закрычаць; "Аўгінька, любая мая, я не вінават… я сам ведаю, што гэта несправядліва і непатрэбна, але я мушу рабіць так, бо маю баявы загад!.." Тон, з якім Аўгінька сказала: "Зарэж мяне лепей… Віця, зарэж мяне… Во табе нож… Віця, я не буду злавацца…" — кроіў Віктару сэрца. 
   І шчаслівая выпадковасць ды здаровы конскі інстынкт няўтомнай шаўлюжкі прывялі нарэшце камсамольца Віктара ў патрэбную вёску. 
   "Братачка!.." — толькі і вымавіў юнак, убачыўшы свайго сябра Зеленюка, і горка заплакаў. Адразу змораная без меры шаўлюжка павезла іх у цемры і завеі ў раён да сакратара райкома таварыша Гайдука. Словы таго, сказаныя ў тэлефонную трубку, гучалі для Віктара цудоўнай райскай музыкай: "Усіх перасяленцаў з Сівецкага сельсавета затрымаць да выяснення справы…" 
   Вязьмо зацягнулася і падвярнулася пад самае сэрца даўкім балючым вузлом чорнае роспачы, калі Карызна ўбачыў нечаканых гасцей, сярод якіх быў і ненавісны Зелянюк. Карызна зразумеў усё. 
   "Нам не ўпершыню цярпець за рэвалюцыю", — суцяшаў Пацяроб. 
   Ідучы ад яго, Карызна сам сабе дзіваваў: "Няўжо я мог плячо ў плячо працаваць з гэтым чалавекам?" 
   Засталася апошняя надзея — на Веру. Пайшоў да яе. Але там яго месца ўжо было занята. Андрэй Шыбянкоў іграў на гітары і нават не падумаў, як раней, пакінуць іх з Верай адных, пакуль тая інтымным голасам не папрасіла яго сама, паабяцаўшы Шыбянку, што яшчэ пагаворыць з ім, калі ён прыйдзе потым. І тут Карызну ўсё стала ясна. На яе папрокі, навошта ён так зрабіў, Карызна падумаў, што яна сама старанна дапамагала яму рабіць "не так, як трэба". Нагадаў ёй, як яна яго навучала старацца, "каб усё добра было, і ўсё чысценька, каб ніхто ні да чаго не мог прычапіцца". Свой поўны крах патлумачыў ёй так: "Няма мінулага ў мяне… разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае мінулае… Звычайна кажуць іначай, а ў мяне, наадварот, акурат так… Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню… Няма падставы, як кажуць, будучыні…" 
   Вера заплакала, жадаючы яму шчасця. Але Карызна навучыўся нарэшце разумець, што жаль — гэта яшчэ не зусім каханне. 
   Калі ў сельсавеце працавала камісія, увайшла прыгожая дзяўчына. Яна адразу падалася да Зеленюка. Закаханыя сустрэліся, але сустрэча была атручана холадам і папрокамі Стасі, чаму Зелянюк маніў ёй, не паведаміў раней усяго, схаваў сапраўднае імя свайго супраціўніка, а яе — бацькі. Стася не захацела размаўляць з Зеленюком, бо лічыла яго вінаватым ва ўсім. Карызна ж сказаў дачцэ: "Ён ні ў чым не вінават. Вінават я". Аднак і гэта не ўратавала ад разрыву адносіны паміж закаханымі: "…Калі мне будзе патрэбна, я буду лічыць, што ты загубіў майго бацьку…" 
   Стася пайшла да сваёй сяброўкі Веры Засуліч. Цалкам супакоіла Стасю і прымірыла з Верай прызнанне сяброўкі, што тая, хоць і шкадуе Карызну, але выходзіць замуж за Шыбянкова. Стася сказала на развітанне: "Ты хоць вялікая шэльма, але папраўдзе, слаўная дзеўка". 
   Вера Засуліч шчасліва ўсміхнулася, што ўсё скончылася для яе найлепшым чынам. 
   Справа Карызны, Пацяроба і некатотрых іх паплечнікаў разглядалася на пашыраным пасяджэнні бюро райкома. Карызна слухае пра бясконцую чаргу ўласных злачынстваў, быццам гэта не ён зусім, не Карызна, іх учыняў. З усіх сваіх непрыяцеляў і ворагаў (дзіўная рэч!) найбольшую непрыязнасць адчуваў Карызна да свайго лепшага друга, да Рачкоўскага. Найчарнейшымі фарбамі маляваў Рачкоўскі ўчынкі Карызны, у душы якога падымалася неўтаймоўнае абурэнне: "Ці не ты вёў мяне на іх, ці не ты кіраваў…" 
   Рачкоўскі нібы адгадаў Карызнавы думкі і папярэдзіў яго: "Мы ўсе памыляемся… Партыя ведае пра мае грахі… Але партыя ведае і тое, што я гэтыя грахі свае — во… Адным ударам… Помніш, я казаў табе, га? Адным ударам? Во!.." і так ударыў кулаком аб стол, што ўсё задрыжала і заенчыла ў раптоўным сполаху. 
   Калі Карызну раптам прапанавалі слова, сказаў зусім выпадковае: "Я стараўся рабіць так, каб было добра…" і тут жа сам сябе злавіў на двузначнасці свайго адказу: "Каму добра — партыі ці сабе?" Яго словы зрабілі на прысутных дрэннае ўражанне. "Трэба было сказаць … Трэба сказаць…", — ліхаманкава думаў ён, але гаварыць было позна. Паклаўшы на стол партбілет, паспешна выйшаў з райкома. Зелянюк настойліва прапануе яму ехаць з ім разам, працаваць на заводзе, каб "здабываць назад сабе тое, што разам страцілі". Здзівіўся Карызна: "Што мы страцілі разам?" — "Ты — партбілет, а я … А я — Стасю…" 
   Агульным сходам сівецкага калгаса заканчваюцца падзеі, апісаныя ў рамане. Якуб Лакота, перш чым рабіць даклад, прапанаваў паглядзець выстаўку, зробленую Галілеем на падставе дакладных планаў. "Гэтага мы можам дасягнуць за якіх 5-10 год. І дасягнем, мусім дасягнуць, абы ахвота была, энергія ды дружнасць!.." 
   На выстаўцы быў Сівец, праўдзівей, тое месца, дзе стаяў цяпер шэры, нязграбны, загрузлы ў непралазным брудзе Сівец. Тыя самыя ўзгоркі, тая самая паміж іх віхлястая рэчка. Але ж чаго толькі не нага-радзіла тут гарэзлівая фантазія Галілея! Роўныя, чыстыя, асветленыя электрычнасцю вуліцы, новыя вялікія дамы дзіўнай, у свеце нябачнай архітэктуры… 
   Гэта была папраўдзе цудоўная работа. Але і тут не абышоўся стары Галілей без вечнага свайго дзівацтва — сярод усяе гэтае роскашы, як бародаўка на чыстым здаровым целе, тырчала ў поўнай сваёй красе мізэрная, убогая Галілеева хацёнка, і над ёй, як дзікі недарэчны ўбор на галаве вар’ята, узносіліся непамерна вялікія, грамоздкія крыллі ветрака. 
   Што хацеў паказаць стары мудрагель гэтым сваім дзівачлівым жартам? 
   Плакс дагнаў свайго прыяцеля на цёмнай сівецкай вуліцы і дапытваўся ў Галілея, чаму ён не бачыў на выстаўцы чалавека: "Чаму ты, Галілей, якога новага чалавека сабе не прымудраваў, га?" Гэтае пытанне сівецкага мізантропа, відаць, задзела старому, і ён з павучальнай строгасцю прабурчаў: "Новых людзей не трэба… Гэтыя людзі будуць новыя… Трэба, доктар, чалавека любіць… ага… трэба любіць…"

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений