Паэзія Аркадзя Куляшова

Аркадзь Куляшоў

   Не толькі для Аркадзя Куляшова, але для кожнага творцы "аблог цалінны" — душы людскія, "сэрцы цвёрдыя, быццам з камення". I каб узняць той "аблог цалінны", патрэбна напачатку кожнаму паэту, як даводзіць Аркадзь Куляшоў у вершы "Мая Бесядзь", выкапаць "рэчышча ўласнай ракі". "Рэчышча ўласнай ракі" — самабытнасць таленту кожнага творцы, якога б маштабу і ўзроўню той талент ні быў: Волга магутная ці Кама, ці хаця б Бесядзь, што на радзіме паэта. Тое ж самае, толькі па-свойму сцвярджае і паэт У. Скарынкін: "Сапраўднаму паэту трэба мець уласны курс і вугал свой атакі".
   Паэзія Аркадзя Куляшова годна вытрымлівае выпрабаванні часам. Час засведчыў, што паэт Куляшоў здолеў выкапаць "рэчышча ўласнай ракі", што яго Бесядзь мкне ў акіян сусветнай культуры. У паэта Куляшова — "уласны курс" і свой "вугал атакі".
   Чытаючы адзін з самых першых яго вершаў "Бывай", нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак! Філасофія верша і сродкі яе выяўлення вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларускіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і дабраславёна "светлая самота" нязбытнага кахання, якое хай сабе і не спатоліла сэрца радасцю, але бу дзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. 
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

   Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран "стаю на ростанях былых"), кантрастная метафара ("самотным жаўранкам звініць і плача май"), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкова гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых дастойных чалавека пачуццяў, каб выхоўваць "душою чулых". 
   Асабліва карысны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.
   Аркадзю Куляшову належыць галоўная заслуга ў распрацоўцы такога жанру, як балада. Баладнасць яго творчасці, асабліва перыяду вайны, — адметная ўласцівасць стылю паэта. Менавіта дзякуючы жанравым магчымасцям балады Аркадзь Куляшоў паказаў трагізм вайны і ўславіў гераізм народа, яго бязмежную любоў да Бацькаўшчыны ў самы крытычны для яе момант. У вершах-баладах "Камсамольскі білет", "Балада пра вока", "Балада аб чатырох заложніках" паэт выпрабаваў сваіх герояў выбарам паміж жыццём і смерцю ў імя Радзімы ці, як у "Баладзе аб чатырох заложніках", паміж смерцю, што была б збавеннем ад пакут, і жыццём-пакутай, але дзеля збавення ад няволі і пакут сваёй Айчыны.
   Сёння не сціхаюць спрэчкі і адносна засведчаных паэтам сітуацый (а большасць яго эпічных твораў маюць жыццёвую аснову), і адносна пазіцыі паэта пры адлюстраванні самых крытычных момантаў жыцця. Асабліва гэта датычыцца "Балады аб чатырох заложніках" і верша "Камсамольскі білет".
   Некаторыя сцвярджаюць, што не могуць быць прызнанымі людскімі любыя ўчынкі, матывам якіх з’яўляецца ідэалогія. Калі тая ідэалогія мае назву "любоў да Радзімы і жаданне бачыць яе вольнай", то такая ідэалогія — святая. Яна апета і ўслаўлена, нагадаем, яшчэ сюжэтам Кнігі кніг. Падобная "ідэалогія", што стала матывам учынку Юдзіфі, і ўслаўляецца ў аднайменнай кнізе Бібліі.
   Найбольшай сілы трагізму дасягае паэт у вершы "Над брацкай магілай". Гэта верш-рэквіем, выпісаны ў традыцыі народнага плачу-галашэння па нябожчыку. Эфект галашэння дасягаецца асаблівым рытмам і асанансам — мэтавым выкарыстаннем слоў з вялікай частотнасцю гукаў о,у, а:

Ногі просяцца ўстаць,
яны стомы ў дарозе не чулі,
Ды ўвагналі ў магілу
Іх сілу
Варожыя кулі.

   Гэта — трагедыя, але трагедыя аптымістычная: другая кампазіцыйная частка верша напісана ў форме звароту да Радзімы і адначасова клятвы ёй:

Мы клянёмся варожай крывёй 
Напаіць беларускія рэкі.

   Дасканала распрацаваным жанрам у творчасці Куляшова з’яўляецца паэма. Паэт схільны да эпічнага адлюстравання вызначальных момантаў гісторыі, да выяўлення, як гэта было ў баладзе (а балада, па сутнасці, —гэта паэма ў мініяцюры) моцных выключных асоб у выключных абставінах. Многа напісана ім паэм ("Аманал", "Баранаў Васіль", "Хамуціус" і інш.), але найбольшую славу прынесла яму паэма "Сцяг брыгады" (1942), якую вельмі высока ацаніў сябар і таварыш па пяры А. Твардоўскі.
   Цэнтральнай праблемай паэмы з’яўляецца праблема шчасця. Паэма напісана ў форме вандроўнага дзённіка, які вядзе галоўны герой Алесь Рыбка. Дзякуючы гэтай форме дасягаецца не толькі лірызм, але і панарамнасць, рэалізм у адлюстраванні часу, "калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора".
   Вельмі моцная чалавечая прага жыцця і шчасця. Некаторыя, як Мікіта Ворчык, стомлены жудасцямі вайны, мараць пра шчасце і думаюць,што яно магчыма сярод крыві і слёз. Іншыя, як Лізавета — вясёлая кабета, перакананы, што можна "люба жыць і ў горы", адседзецца, перачакаць навалу: "будуць свяціць нам месяца рожкі — ні вайны, табе, ні бамбёжкі". Хай пакутуюць іншыя! Але за ўсё трэба плаціць. За спакойнае сытае жыццё Мядзведскі плаціць здрадай Радзіме і народу. А за здраду яго напаткала справядлівая расплата. 
   Пісьменніцкая філасофія і ўсведамленне шчасця выяўляюцца праз галоўнага героя:

Не хачу сабе шчасця тады, 
У часы, калі гора
Разлілося слязьмі і крывёй
Скрозь ад мора да мора.

   Нельга быць шчаслівым, калі пакутуе ўвесь народ, калі вакол смерць і жудасць, нагадвае паэт вечную ісціну і закон.
   Твор палоніць гуманізмам, верай у вызваленне Бацькаўшчыны, у будучыню, калі сапраўды можна быць шчаслівым:

Я прайду з табой многа дарог, 
Мой гадзіннік, мой браце!
I я ўбачу часы перамог
На тваім цыферблаце!

   Мастацкая вартасць паэмы ў многім вызначаецца гарманічным спалучэннем рэальнага і ўмоўнага, вечнасцю праблем, узнятых у паэме, дасканалай мастацкай формай іх вырашэння.
   Некаторыя даследчыкі творчасці Куляшова пасляваеннага перыяду адзначаюць яе публіцыстычную накіраванасць як яшчэ адну адметнасць стылю паэта. З гэтым нельга не пагадзіцца. Так, публіцыстычнасць, але якая!
   Пра асаблівасць куляшоўскай публіцыстыкі ў паэзіі хочацца сказаць асацыяцыямі яго ж радкоў. Як "дыван вясны перацвітае ў лета", як "завея лісця у сняжынак пух", так і публіцыстыка Куляшова "перарастае" ў сапраўднаю мастацкасць і дасягае незвычайнай сілы ў выяўленні пачуццяў, думак — філасофіі. Публіцыстычны штамп "абавязаны прапіскай" становіцца ў вершы "Я хаце абавязаны прапіскаю…" сімвалам вечнасці жыцця, абарона якога залежыць ад кожнага з нас.
   Праз лірычнага героя і яго парадаксальныя асацыяцыі па прынцыпе градацыі ("я — матчын спеў, я — матчыны трывогі", "я — матчын гнеў, які ўздымаў на ногі…") паэт сцвярджае, што любоў да сваёй хаты, калыскі, "падвешанай пад столь", — да ўсяго таго, што называецца гняздом, Радзімай, павінна быць дзейснай. Павінна быць у крытычныя для Радзімы моманты "трацілаваю пугай перамогі":

Дыміліся сямі франтоў дарогі 
За мной, як дынамітныя шнуры.

   Асаблівай пафаснасці паэт дасягае ў другой кампазіцыйнай частцы верша:

…Не дазволю я, каб дым і пыл 
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл.

   У паэта ёсць выдатная перыфраза (моўная загадка), што стала крылатай: "На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым". 
   Так вобразна і па-філасофску паэт вызначыў "сёння" як імгненне ў вечнасці. Наша "сёння" — мірнае. I ў тым наша шчасце. Але, як даводзіць паэт у вершы "Сябры, каго вайна скасіла кулямі…", "не ціхне вечны бой". I поле бітвы — сэрца чалавека: бітвы за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. Толькі такі бой — умова вечнасці. "Адзіны серп", які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а "серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!".
   Філасафічнасць, выяўленне філасофскіх думак з дапамогай і публіцыстычных сродкаў таксама, але публіцыстыкі вобразнай, асацыятыўнай — яшчэ адна адметнасць лірыкі Куляшова пасляваеннага перыяду.
   У вершы "Спакойнага шчасця не зычу нікому…" паэт-філосаф выяўляе сваё разуменне шчасця. Безумоўна, не канфлікты, не звадкі і сваркі, не мітусня — ідэал лірычнага героя. Ён адмаўляе не спакой, згоду і мір паміж людзьмі (і сам паэт, і яго лірычны герой за гэта якраз змагаліся і змагаюцца), а заспакоенасць і застой у душы чалавека, якія не дазваляюць яму весці "вечны бой" за светлае ў сабе. 
   Словаспалучэнне "спакойнага шчасця" — эпітэт, вобраз, які заўсёды ўсведамляецца ў пераносным сэнсе. Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае ("не зычу нікому") адмаўленне "спакойнага шчасця" выяўляецца праз асацыяцыі. Ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу. Увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная. I "лес бе з зязюлі" — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў. 

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений