Першы і другі раздзелы другой часткі рамана цалкам прысвячаюцца Апейку. Ва ўсім раёне не было цяпер сяла ці хутарка нават, у які хоць бы некалькі разоў не наведваўся старшыня райвыканкома.
Добра ведаў ён не толькі беларусаў, але палякаў, цыганоў, яўрэяў, што часта радніліся з тутэйшымі, мірна жылі з палешукамі. Яны былі ўсе, і цыганы, і палякі, і яўрэі, як ручаінкі, што ўліваліся ў вялікую раку і самі станавіліся той жа ракою.
Ведаў ён бедных і багатых. Ведаў, што не блізнятамі былі тыя бедныя. Адны бедныя — ад беднасці, неўрадлівасці зямлі; ці таму, што захварэў кармілец; ці таму, што няшчасці сыплюцца, невядома за які грэх; ці што ратоў поўна хата, а падмогі ніякай. Былі бедныя, што век у працы, у клопаце, і бедныя, што чухаліся і то з лянотаю; былі век цвярозыя і век п’яныя. Былі такія, што ў калгасе апорай будуць, на такіх гаспадарка калгасная будзе трымацца, а былі і такія, што не парадуецца калгас, прыдбаўшы: труцень, прыхлябацель, беднасцю сваёй нахваляцца будзе, як бясплатным білетам у рай…
Людзі давяралі Апейку, цягнуліся да яго, бо былі ў яго характары дзве розныя, несуладныя рысы: чуллівасць і разам практычнасць, цвярозасць. Дарогі, дакладней, бездараж, і страшэнная беднасць (у некаторых сёлах дамешвалі ў муку жолуд, была рэальная пагроза голаду) — найпершы клопат Апейкі. Памагалі і ратавалі, выціскалі і з кулакоў. За поўнач вяртаўся ён дадому, дзе яго чакала верная і шчырая, далікатная і разумная Вера і двое дзетак. Нават не ўяўляў, як бы жыў і трываў без іх. Вялікім клопатам Апейкі быў брат. І хоць некалі Савасцей памагаў яму і тым, хто ваяваў за савецкую ўладу, але цяпер стаў "плямай" у біяграфіі Апейкі, бо — "кулак". Усё пра яго ведалі ўсе, асабліва "добразычліўцы" і "бдзіцельныя".
Сам сакратар райкома Башлыкоў завітаў, будучы ў тых краях, да яго бацькоў, каб пераканацца перад чысткай, з якога асяроддзя паходзіць Апейка.
Апісанне аднаго прыёмнага дня ў кабінеце Апейкі дапаўняе яго вобраз, а "чыстка" дае поўную і вычарпальную характарыстыку чалавеку з чыстым сумленнем і шчырым сэрцам.
Дзеці прасілі, каб іх настаўніка Івана Мікалаевіча Гарошку пакінулі ў школе. Апейка ведаў Гарошку. Гэта настаўнік, якіх мала не тое што ў раёне, а ў цэлай акрузе, пра гэта казалі ўсе, хто калі-небудзь быў на яго ўроках. І от жа, бяда якая: цяпер Гарошку, які так хораша расказваў дзецям пра рэвалюцыю, пра Леніна, пра тое, як добра будзе жыць скора, знялі з настаўнікаў, бо ён служыў пры цару ў царскай арміі, быў царскім афіцэрам. І цяпер будзе вучыць дзяцей супраць савецкай улады. Хтосьці з пільных Гарошкавых землякоў, магчыма, ім вывучаных, напісаў у сталічную газету, што ў Крытах у школе — пры патуранні сельсавета і раённага кіраўніцтва — замаскіраваўся класа-ва чужы элемент, які некалі губіў няшчасны працоўны народ.
"Праверылі, прынялі меры" — і лёс Гарошкі вырашыўся: знялі з настаўнікаў. Калі б не Апейка, Гарошка даўно быў бы за кратамі, аднак Башлыкоў паслухаў Апейку, але цвёрда і рашуча запратэставаў супраць вяртання Гарошкі ў школу. Апейка не ведае, як дапамагчы дзецям, абяцае перадаць усё каму трэба.
Сцяпан Глушак прыйшоў да Апейкі з просьбай заступіцца: яго не прынялі ў камуну, бо сын кулака. І на вучобу ён паступіць не можа, хоць вельмі жадаў бы. Адразу скажуць: кулацкі сынок!
Апейка пакутуе, што не можа дапамагчы, асабліва цяпер, перад чысткай, калі і ў яго такая ж "пляма" ў біяграфіі. Ён і так за многіх заступаўся, за якіх іншыя не адважваліся. Могуць прыгадаць, перакруціць. Як ты дакажаш праўду сваю?
Поп, які "прыйшоў да вываду, што Бога няма", што рэлігія, як вучаць бальшавікі, опіум для народа, просіць наставлення, як яму цяпер служыць савецкай уладзе, просіць якую-небудзь вакансію. Цяпер на яго плечы кладуцца і зямныя турботы пра тое, каб зарабіць сумленны кавалак хлеба. І яму Апейка паабяцаў дапамагчы. І за ўсіх балела душа, аднак лёс яго былога вучня Хамы Зайца, а цяпер паэта
Алеся Маёвага, асабліва ўсхваляваў.
Залівалася слязьмі маці, расказваючы, што Алеся як адшчапенца, як нацдэмаўскага падбрэхіча і адваката (так пісалі ў мінскай газеце) камсамольская ячэйка універсітэта выключыла з камсамола. Над Алесем навісла пагроза выключэння і з універсітэта. Маці бедавала: "От, паехаў вучыцца. У людзі хацеў выйсці! Як чула сэрца!.. Сядзеў бы лепш ціха?.. Бедны, ды — рады!" Апейка як мог супакойваў няшчасную жанчыну, даводзячы, што гэта недарэчная памылка, што з Алесем разбяруцца і пераменяць усё, што ён хутка будзе ў Мінску на сесіі ЦБК і сам ва ўсім разбярэцца.
Успамінам Апейкі пра яго таленавітага вучня, пра шлях Алеся ў літаратуру прысвячаецца 12 старонак. Перабіраючы ў памяці ўсё да драбніц, Апейка прыходзіць да высновы: "Не можа быць! Няпраўда!"
Разам з тым гэтае перакананне не супакойвала, бо нейкая ж прычына і таму сходу, і артыкулу ўсё ж павінна быць. Якая? Прычына, адчуваў
Апейка, магла быць такая: даверлівы, зялёны вясковы хлопец, шчырае, няхітрае дзіця, трапіла ў хеўру спрактыкаваных, нячыстых махляроў: ачмурылі, зацягнулі, загубілі! Ён з газет ведаў, колькі іх там такіх — затоеных, нядобразычлівых, варожых ахвотнікаў муціць ваду і галовы людзям! Нават такія відныя — здавалася б, надзейныя, адданыя партыі — дзеячы, як славуты, можна сказаць, рэвалюцыяй узрошчаны, паэт Міхась Чарот, як Цішка Гартны, чалавек, які ўзначаліў першы Савецкі ўрад Беларусі, што столькі гадоў усёй душой служылі партыі і савецкай уладзе, нават яны, аказалася, апынуліся ў твані. І чаго ім было лезці ў тую смуродную твань?! Узнікалі сумненні, але яны найчасцей разбіваліся аб цвёрдасць, непахіснасць тону публікацый і рашэнняў там, у сталіцы. Там, пэўна ж, ведалі, што рабілі! З такіх пастоў ды яшчэ такіх відных пісьменнікаў, як Цішка Гартны, так проста не здымаюць! Пэўна ж, ёсць важныя прычыны! Апейка перапоўнены рашучасцю самому дакапацца да ісціны. "Факты, факты, от што трэба высветліць! Самому!.."
Аднак яшчэ да паездкі ў Мінск Апейка на ўласным вопыце зведаў, як факты можна павярнуць па-рознаму. Як факты шчырага і адданага служэння людзям, факты сумленнасці і дабрыні чалавека можна павярнуць супраць самога чалавека! Дзеля гэтага трэці раздзел, пры-свечаны ўзаемінам Васіля і Ганны, перачытаем разам крыху пазней.
А пакуль "пабываем" з Апейкам на "чыстцы". Ёй прысвячаецца ўвесь чацвёрты раздзел!
Прыёмам пратакольнай дакладнасці ў спалучэнні з глыбінёй псіхалагічнага аналізу (падзея падаецца праз успрыманне, пачуцці і думкі Апейкі) аўтар дасягае выключнага мастацкага ўздзеяння на чытача.
Камісія па чыстцы — сумна вядомая ўсім нам з гісторыі "тройка". "Тройка" ў рамане — старшыня камісіі Белы, работнік парткалегіі ЦК, "вельмі жвавы і вельмі худы" Галенчык, прафсаюзны дзеяч з Мінска, і чыгуначнік Беразоўскі. Вельмі ўдала і даволі хутка "пачысціўся" Башлыкоў, нягледзячы на слушныя і прынцыповыя заўвагі Гайліса, які гаварыў так шчыра і так пераканана, што ўся зала моўчкі лавіла кожнае слова. Аднак факты абыякавасці і нават бяздушнасці, факты грубасці і недаверу да людзей і сам ён, і яго "адвакат" Зубрыч падалі як дзелавітасць, строгасць, патрабавальнасць і нават… "сапраўдную чуласць". Зубрыч да ўсяго яшчэ і ўдакладніў, якая менавіта чуласць — "дзелавая".
Камсамольскі сакратар Косцік Кудравец з уласцівым яму пылам наогул заявіў, што Башлыкоў, "як ніхто іншы, годны быць у бальшавіцкай партыі". І ніякіх "плямаў" у біяграфіі!
Апейку ж "чысцілі" да самай раніцы. Пасля яго вельмі хутка "пачысцілі" і Харчава, які так патлумачыў сваю грубасць і п’янства: "Я выпіваю ў свабодны ад службы час… І ніколі не прапіваю памяць. Я грубы з тымі, з кім трэба быць грубым"). Прыгадалі Апейку ўсё і ўсіх: брата-кулака, папа, Сцяпана, Гарошку. Асабліва лютаваў Галенчык, ад пазіцыі якога залежала многае. Ён кіпеў гневам, у ім чулася вялікая сіла, ён картаваў і картаваў факты Апейкавага "скрыўлення класавай лініі бальшавіцкай партыі", выкладзеныя ў ананімных запісках.
Дарэмна даводзіў Гайліс, што ў старшыні — "душа бальшавіка", што "он усяго себя отдаёт для працоўных людзей. І людзі любят яго. Яго не любят только нехарошые людзі, которые хочуць яго запэцкаць".
Не меркаванне людзей усё вырашала на чыстцы, а пазіцыя "тройкі". Вырваўшыся да стала з воклічам: "Людзі, што ж ето ён плёў! Усё ж ето… Брахня ўсё ето!" — незнаёмая Апейку жанчына даводзіла: "Па-мойму, савецкая ўлада такая і павінна быць! Як Іван Анісімавіч!.. Выгнаць з партыі! Вы чулі! Ды яму "дзякуй" трэба сказаць! Сказаць, штоб у парціі ўсе былі, як ён!"
Асабліва ўразіла Апейку тое, што судзіў яго, павучаў і прапаноўваў "папярэдзіць" яго вучань Косцік Кудравец, якога ён сам прапанаваў вылучыць у райком, паслаць на вучобу, вучыў яго, дзяліўся ўсім, што было ў душы. Цяпер у яго новы настаўнік — Башлыкоў. Гайліс нават пачаў сароміць Кудраўца, на што той адказваў: "Я гаварыў прынцыпова!" Гайліс абрэзаў маладога падхаліма і прыстасаванца так: "Ві говорылі без прынцып! Ві говорылі прынцып: "Чэго ізволітэ"! Вот какой говорылі ві прынцып!.."
Не раз у Апейкі "штосьці важкае, гарачае" залівала ўсяго, біла нецярпліва ў скроні, тлуміла галаву, а пасля не проста біла, а грымела ў скронях. A калі Галенчык асабліва развар’яваўся, "пачуў раптам ва ўсім целе нядобрую млоснасць".
Двума галасамі супраць аднаго Апейку ўсё ж пакінулі ў партыі.
Воплескамі сустрэлі людзі такое рашэнне, якое Галенчык тут жа рынуўся аспрэчваць. Ён прыгразіў, што даложыць пра "палітычную блізарукасць і апартунізм" камісіі "вышэйстаячым інстанцыям. Для адпаведнага вываду".
Ужо пазней, у Мінску, дазнаўшыся фактаў пра Маёвага, адкрыўшы шмат іншых, пра якія не ведаў, Апейка думаў: "А каб не Белы, а яшчэ адзін Галенчык? Ці ж цяжка было трапіцца яшчэ аднаму такому?" Пільны і непахісны Галенчык усё-такі напісаў! і дабіўся свайго: Белага адклікалі. Апейка прыгнечаны думкамі і трывогамі, што "значыцца, не скончылася, значыцца, чысціць будуць яшчэ! І, значыць, можа яшчэ павярнуцца і інакш!.."
Гісторыя адказала на пытанне, што было б, калі б у "тройцы" былі два галенчыкі. Гісторыя пацвердзіла, што трывогі Апейкі былі небеспадстаўныя.
Страсці бурлілі не толькі ў Юравічах і ў Мінску — кіпелі яны і ў Куранях. Кампазіцыйнае размяшчэнне раздзелаў і частак рамана таксама "працуе" на выяўленне філасофскай думкі, што на лёс чалавека ўплываюць абставіны, што яны часта бываюць мацнейшымі за самага моцнага чалавека, што залежнасць чалавека ад лёсу — поўная, як і поўная свабода яго выбару ў любых абставінах, хаця і на асабісты выбар чалавека абставіны таксама ўплываюць.
Не менш драматычна развіваюцца і падзеі ў Куранях. Людзей на балоце ўзбударажыла навіна: Ганна і Васіль зноў сустракаюцца! Лёсам было наканавана ім зведаць яшчэ раз шчасце кахання. Толькі гэта было ўжо не лета-песня, лета-свята — халодная стылая восень была ў прыродзе. Смуткам і трывогай напаўняла яна душы і сэрцы закаханых. "Любіць!" — пераканалася Ганна. Нічога не забыта! Хацелася смяяцца, крычаць: не забыў! не выкляў! Любіць!
Свет не без добрых людзей. Чутка вельмі хутка дайшла да Глушакоў. Вось калі ўзгарэлася сапраўдная вайна ў хаце Глушакоў. Лютаваў Яўхім. І забіў бы, можа, бо, б’ючы, ён не толькі не спатольваўся, але шалеў яшчэ больш, але адратаваў Сцяпан. Біліся ўжо браты. Сцяпан гразіўся заявіць у міліцыю, а Глушак настаўляў вучыць "асцярожно, у меру", бо сапраўды можна і пад суд пайсці. І ўсё ўпікаў, што не паслухаў яго некалі Яўхім — атрымаў чаго хацеў.
Важкім каменем бяда легла найперш на сэрца Дзятліхі, але яна рабіла ўсё, каб чутка не дайшла да Мані і Лесуноў. Але бяда прыйшла проста з вуліцы, проста да Пракопа.
Ставілі зруб, калі прыдуркаваты Бугай Ларывон, спачатку хітра падкусваючы. а потым і наўпрост зарагатаў, што жыць у гэтай хаце будзе Ганна, а Маню Васіль "выгане, кажуць!"
І вайна пачалася ўжо ў Дзятлавай хаце. Кожны ваяваў сваімі сродкамі, але ўсе — супраць Васіля з яго заўсёднай маўклівасцю і зацятасцю. Маці — ушчуваннем і просьбамі адумацца. Яна старалася як магла прымірыць сына з нявесткай, дагаджала і ўлагоджвала яе яшчэ больш. Дзед Дзяніс — строгасцю: "Жаніўся, тым часам, дак аднаго дзяржыся! Хваціць бегаць!" Маня — хліпамі, папрокамі ("Ні кала ні двара… Пашкадавала. Думала: бедны ды няшчасны, любіць болей будзе…") і грозьбамі забраць сына і пайсці да бацькоў.
Але самы спусташальны, самы знясільваючы бой Васіль вёў з самім сабой. І полем бітвы была яго душа. Яна кроілася, крывянілася, плакала і стагнала! Ганна ўгаворвае яго: "Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! Што я кажу — не прападзём! Жыць будзем, як ніхто не жыве тут! На зайздрасць усім жыць будзем! Удваіх — дружно, шчасліво, як ніхто! Я ж цябе так люблю! Так любіць буду век!"
Ніколі і нічыя душа не хвалявала Васіля так, як яе ў той вечар.
Былі хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё — прападзі яно пропадам! — кінуць і ісці з ёю, з Ганнаю, па тое шчасце, што недзе ж і праўда, можа, ёсць, можа быць іхнім!
Праўду казала: не жыццё — калі не любіш, не век жа цярпець не любячы! Не тое, што не да душы — злосць век бярэ на яе, маруду, цяльпуху! Няўдача, а не жонка! Дабро — дабром, а толькі ж і дабро — не ўсё шчасце, з-за няўдаліцы і дабро неяк не цешыць часам.
У даўняй супярэчнасці пачуццяў найбольш пякло адчуванне быццам наўмыснай няскладнасці жыцця — не адно, дык другое. Адно ладзіцца, адно цешыць, дык другое — бы на зло гэтай радасці. Бы знарок нішчыць яго ўцеху! Складваў, стараўся, а будыніна крывілася, хілілася, гатовая была ў любы момант разваліцца. Не было грунту, асновы добрай у будыніны. Кволая, няпэўная будыніна яго шчасця.
Але за гэтым находзіла іншае, халаднаватае, разважнае. Ды і пра малое падумаць — як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! Маня яму хлопчыка не аддасць, не аддасць! A калі возьме яе хто — звядзе, гад які, за нішто чалавечка, бацькаву кроў!..
Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. У душы заўсёды… чуў незвычайную чулую жаласнасць да малога. Дзівіўся, што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага цельца дзіцяці — і тады зашчымелі жаласць да малога і вінаватасць.
Ужо не аднойчы ішоў, каб аб’явіць усім. Ішоў рашуча, потым запавольваў хаду, зусім спыняўся. Ён спрачаўся з сабою. Думкі змянялі адна другую, але адна шчымела заўсёды: малое.
І ўсё больш безнадзейна бачыў, што выхаду няма, што ўсё звязалася ў вузел, які не развязаць — толькі рэзаць, рэзаць па сваім сэрцы.
Такі ж зменлівы, як у думках, быў Васіль у гаспадарчым клопаце: хвіліны жвавасці змяняліся хмурнай маруднасцю, нават абыякавасцю. Не раз падоўгу стаяў як здранцвелы. Не цешыла і новая хата! Ён ужо не мог працаваць! І не хацеў працаваць!
Аднойчы пасля ўгавораў маці рушыў з дому. Рушыў нібы сляпы, нібы п’яны. Маці спалохалася: каб не ўчыніў чаго паганага… А ён ішоў і ішоў. Адчай ахапіў яго: "Дакуль жа яно ўсё гэта будзе, — што круцішся на адным месцы. Што ніяк не набярэш цвёрдасці, штоб павярнуць ці сюды, ці туды. Штоб рашыць цвёрда і штоб не аглядувацца. Штоб не шкода було ці таго, ні другого!"
Выйшаў да свайго поля! Успомніў, як казаў Міканору: "Аддай поле — ето ўсё адно што — аддай душу! Папробуй, адарві душу". І пачаў, абабегшы позіркам паласу, гаварыць ужо сам сабе: "Уся сіла чалавека ў зямлі. І сіла ўся, і радасць! Няма зямлі — няма, лічы, і чалавека!"
"Ганна!" — зноў уварвалася ў яго думкі. Ён мімаволі стаў. "Ну, от зноў!.." А поле, здавалася, глядзела, чакала, спадзявалася, тысячамі сваіх сцяблінак, што варушыліся, хваляваліся, як жывыя.
І раптам ён адчуў, што нязбытны цяжар спадае. Як вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! З імі толькі і жыць яму! Дадому ішоў ён ужо хутка. Зайшоў у гумно. Да самых поцемкаў, не адпачываючы, біў і біў цэпам. Доўга гаспадарыў, цешыўся канём.
Усхапіўся зноў на золку, з сякерай кінуўся к новай хаце. Потым зноў ухапіўся за цэп. І цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся. Рашэнне было цвёрдым — і як перамяніўся чалавек. Выбар зроблены!
Ганна, убачыўшы яго з Маняй у клубе, дзе паказвалі кіно, зразумела ўсё… Самая дарагая надзея стала самай горкай стратай…
Васіль зрабіў свой выбар: паахвяраваў дарагім у імя яшчэ даражэйшага. A навальніца ўжо набліжалася! Нідзе так, як у трэцяй частцы, не адчуваецца "подых навальніцы". Ужо і чорныя хмары закрылі неба, ужо чуваць злавесныя грымоты…