Палеская хроніка. Завеі, снежань. Частка першая

Іван Мележ

    Галоўным героем, які "цэментуе" сюжэтны каркас трэцяга рамана "Палескай хронікі", з’яўляецца сакратар Юравіцкага райкома партыі Башлыкоў. Час падзей, апісаных у рамане, — завейны снежань 1929 года, пярэдадзень і сустрэча новага 1930 года. Года, у які не аднаму толькі Апейку "суджана было зазнаць і вялікія радасці, і вялікія няшчасці". Года "карэннага пералому" і ў гісторыі краіны, і ў лёсах людзей — вялікіх і малых, валадарных і залежных.
   Башлыкоў, Апейка, Гайліс і Дубадзел прыехалі ў Глінішчы, дзе ўжо сем месяцаў жыве і працуе прыбіральшчыцай у школе Параскі Ганна. 
   Прыехалі на сход: распаўся калгас. Глінішчанскі актывіст, камсамолец Барыс Казачэнка сказаў, што глінішчанцы, разабраўшы сваю маёмасць і выйшаўшы з калгаса "Рассвет", "палажылі пляму перад цэлым раёнам". 
   Дубадзел гаварыў без перапынку, вінаваціў у тым, што пляма цяпер легла на ўвесь раён, бо ўсяму народу глінішчанцы паказалі, якое ў іх "яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро". 
   Непрыхільна была ўспрынята людзьмі палкая прамова Крываротага: "Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!" 
   Увесь сход, выступленне кожнага на ім падаецца праз успрыманне Ганны, якая каторы ўжо раз дзівілася настойлівасці і ўпартасці Крываротага. Дубадзел прыходзіў да яе ў школу, прапаноўваў стаць яго палюбоўніцай, а калі яна адмовілася, абразіў, назваўшы "кулацкай падсцілкай", нават пагражаў. Цяпер Ганна, слухаючы, дзівілася зацятасці Дубадзела, а людзі, заўважыла, не слухалі яго наогул, бо "вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы!" 
   Спакойна, важна клаў, нібы цагліны, свае словы Гайліс. Гаварыў пра тое, што людзі працавалі, працавалі, а атрымалі дзвесце грамаў на дзень — "это не палучка". Вёў і вёў ён гаворку пра бядоты няўдалага калгаса (Башлыкоў быў незадаволены кірункам яго выступлення), пра віну ў гэтым і кіраўніцтва. Заклікаў працаваць як на сябе, а не як на паноў, скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго. 
   У выступленні Міканора адчувалася, што гісторыя з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго. Ён нават адчуў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, — гаварыў стрымана, сціпла. Але і яго не слухалі, хтосьці нават вылаяўся і сказаў: "Ужэ і куранёўцы вучыць будуць!" 
   З верай у тое, што яшчэ наладзіцца, што лягчэй будзе, гаварыла настаўніца Параскева Андрэеўна.
   Апейку сустрэлі з насцярожанай увагай. І пачаў ён з гісторыі, даўняй, жыццёвай, пра адну маладую пару, у якой напачатку вельмі не заладзілася сямейнае жыццё, на якую адно за другім сыпаліся розныя няшчасці. Аднак паслухаліся маладыя парады бацькоў, не сталі разыходзіцца, не чубяцца, як было, не кідаюцца ў розныя бакі. Так і глінішчанцам "не трэба адразу — у адчай. Не адразу ўсё складна выходзідь! Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето — што да сям’і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку". І прадаўжаў гаварыць па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур’ёзна, значна. Неспакойным гулам ухвалы адзначылі людзі яго параду "не карміць болей гультаёў і трутняў, карміць толькі тых, хта дае карысць", наладзіць строгі ўлік і строгі кантроль, навесці парадак і дысцыпліну. 
   Башлыкоў пачаў з міжнароднага становішча, гнеўна расказваў пра шкодніцтвы капіталістычных дзяржаў, каб сарваць будаўніцтва сацыялізму ў СССР. Гаварыў пра поспехі індустрыялізацыі. І дзіўна: у яго прамове далёкія Магнітагорск, Чэлябінск, Харкаў раптам аказаліся быццам блізкімі сваякамі і памочнікамі іх Глінішчаў, іх надзейнымі абаронцамі. 
   Людзі перасталі яго слухаць. Але Ганна заўважыла, як залу зноў працяла пільная насцярожаная цішыня, калі ён пачаў гаварыць пра шалёнае супраціўленне варожых элементаў, якім не сарваць масавую калектывізацыю. "Мы ўзялі ўдарную, бальшавіцкую задачу: да вясны наступнага, 1930 года, калектывізаваць раён на ўсе сто працэнтаў!.. Мы паставілі гэту задачу — і мы яе выканаем! Нягледзячы ні на што!" 
   Усіх апанавала здранцвенне. Перасталі раптам дыміць цыгаркамі, сапці побач. З павагай і раўніва Ганна адчула: гэты зробіць! Што захоча — зробіць. От сіла!.. 
   Toe, што адбылося тут, вёў сваю лінію далей Башлыкоў, патрабуе палітычных вывадаў і мер. Бязлітасных мер. Класавы вораг дзейнічае. І мы таксама будзем дзейнічаць. Мы будзем бязлітасна біць па ворагу і яго пасобніках! 
   Ахвотнікаў выступаць не знайшлося. Усе хацелі аднаго — ісці дадому. Аднак Барыс заявіў, што неабходна прыняць рашэнне. І рашэнне тое — аднаўляем калгас і ўсе, каторыя выйшлі, вяртаюцца назад. "Не трэба!" — загуло па радах. І тады Башлыкоў са злой упартасцю сказаў, што сабраліся тут не жартачкі жартаваць, а для таго, каб паправіць становішча — адна-віць калгас. Усё шматгалоссе, сабранае з усяго сяла, гневалася, пагражала, клялося: не хочам! не вернемся! няма такога права — застаўляць! І тады Башлыкоў яшчэ больш раз’ятрыў натоўп, калі з непрытоенай зласлівасцю аб’явіў: "Таму, хто не хоча вярнуцца ў калгас, трэба будзе вярнуць у калгас маёмасць!" Калі ж і гэта не падзейнічала, падмацаваў сябе, прыгразіў: "Усе, хто не верне. будуць адказваць! Прыцягнем да строгай адказнасці!" Разгневаны непаслушэнствам, выхапіў з натоўпу аднаго, самага крыклівага ("Усіх не арыштуюць!") і прыгразіў: "Гэта — варожы голас! Кулацкі голас!" Паабяцаў на развітанне пагрозліва: "А пасмяецеся потым!" 
   Пасля сходу адчуў, як у ім не сціхае, гоніць яго нецярплівае, злое — хутчэй, далей адсюль. Нядобра падумаў пра Апейку: затрымаўся, разводзіць лагоду, каб паддобрыцца, набыць сабе аўтарытэту, выставіць сябе дэмакратам побач з башлыкоўскай рэзкасцю. Недзе шчымела няёмкасць. Не было цвёрдасці, што зрабіў добра. Нешта далікатнае не першы раз пярэчыла грубасці, але ён стрымаў сябе. Ён і паказваў, і будзе паказваць, як недавольны. Галавацяпы! Слоў няма такіх, якія заслужылі!.. Пачаў перабіраць паводзіны, выступленні ўсіх прамоўцаў. Але найбольш злавала слова старшыні выканкома. Байка пра нейкую сямейную пару, пра нейкіх Івана і Алену, — проста анекдатычны ўзорчык сярмяжнай філасофіі. Падробкі пад мужычка. А фактычна — узор апалітычнасці, апартунізму, якіх проста-такі нельга ўжо дараваць… 
   Загадаў возчыку ехаць у райком, найперш у райком, хаця было за поўнач. Можа, пакуль ездзіў, адбылося што-небудзь важнае: трэба неадкладна даць распараджэнні. На стале ляжалі два лісты: з дому і ад гомельскага прыяцеля Лёні Мандрыкі. Сябар пісаў, што чытае пра яго ў газетах і ганарыцца: "Ты — наша слава!.." Пісаў, што сустрэў былую каханую Башлыкова Лену: "Прыехала ад мужа ў Гомель. Не вельмі шчаслівая — "мякка кажучы!" 
   Любіць усё ж яго. Лена, Лена, Лена — звінела на розныя галасы… 
   Яшчэ больш самоты і ўзрушэння дадало пісьмо сястры — няшчаснай, хворай. Не знаходзіў месца ад хвалявання, калі даведаўся з ліста, што брат Барыс закахаўся і збіраецца ажаніцца з дачкой гаспадара некалі багатай аптэкі і моднага парфумнага магазіна – нэпмана Шэпеля. З глузду ён з’ехаў, ці што, дурань гэты? Загадзя ўявіў, што ледзь не кожны, не інакш, будзе вінаваціць яго, Башлыкова: не выхаваў як належыць. Будуць вінаваціць — і будуць рабіць справядліва! Не выхаваў! Не змог! Кіраўнік… Чорт ведае, што за ноч! Злыя твары на сходзе. Поўны правал у Глінішчах. І напаследак — гэтае: сваяк пана Шэпеля. 
   Назаўтра ў сталоўцы згадаў абед у школе. Нібы нанава ўбачыў, як побач стаіць, лье з карца воду на яго рукі яна! Адчуў цвёрдую далонь, калі памагаў вылезці са склепа. І пачуў голас… Хто яна? Яна нібы стаяла перад ім, уся яна, незалежная, поўная годнасці. Краса і годнасць — вось што адзначыў адразу, што ўразіла, завалодала яго сэрцам у гэтай куранёўскай прыгажуні Ганне. 
   Праз некалькі хвілін ён быў каля райкома. Дзень пачаў з газет. Яны яшчэ больш дадалі рашучасці і пераканання, што тэмпы калектывізацыі — гэта мэта, да якой трэба імкнуцца ўсімі сіламі, якой неабходна аддаць усё. Тэмпы — гэта не проста поспех, гэта — жыццё. 
   Тым, хто ўперадзе, — гонар і слава, тых, хто ззаду, — б’юць. І справядліва. 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений