Палеская хроніка. Завеі, снежань. Частка трэцяя

Іван Мележ

   Упэўненасці Башлыкову дадала прамова Сталіна на канферэнцыі аграрнікаў-марксістаў 27 снежня 1929 года. Параіў праштудзіраваць і Апейку: "От — галава! От — розум! Недарэмна — на самым версе. Прачытаеш — і ўсё ясна становіцца! На сто вёрст наперад відаць! І ўглыб — на сто! Усё ясна! Як двойчы два! … Усё па палічках разлажыў! Гэта — сюды, гэта — туды! Самога Энгельса, брат, на месца паставіў!.." 
   У выступленні Сталіна Башлыкоў шукаў (чытанне было нібы працягам той спрэчкі, якую яны фактычна няспынна вялі з Апейкам) падтрымку сабе. Было адчуванне радаснай палёгкі. Увесь поўніўся імклівай дужасцю. Сталін, бачыў Башлыкоў, асабліва моцна біў па асцярожненькіх ціхаходах тыпу Апейкі, з асаблівай смеласцю зваў наперад. Башлыкова проста захаплялі цвёрдасць і рашучасць Сталіна. Душу радавала прадчуванне блізкіх вялікіх падзей, рашучых дзеянняў. Так і трэба! Даволі слоў, асцярожнасці, міндальнічання! Хоць зараз гатоў быў Башлыкоў зрабіць усё, што патрабавалі законы класавай барацьбы дзеля перамогі над апошнім, зацятым ворагам. 
   Непахісна, бязлітасна. 
   Зусім іншыя пачуцці і думкі выклікала сталінскае выступленне ў Апейкі. 
   Ён ахвотна згаджаўся з усімі доказамі, якімі Сталін разбіваў адну за адной буржуазныя тэорыі ў сялянскім пытанні. Але раптам на-ткнуўся, як на нечаканы пень, на адну думку. Як бы не верачы, што не памыліўся, перачытаў неспадзяваны радок яшчэ раз. Так і было напісана: "У нас няма… рабскай прывязанасці селяніна да шматка зямлі… якая ёсць на Захадзе…" Няма?! Сталін тлумачыў гэта тым, што ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю. Ён лічыў, што гэтая "акалічнасць не можа не аблегчыць" пераходу сялян "на рэйкі калгасаў". Сталін пісаў, што цяпер створана эканамічная аснова для таго, каб замяніць кулацкую вытворчасць вытворчасцю калгасаў і саўгасаў. І пакуль не было такой асновы, нельга было павесці рашучае наступленне на кулацтва, ліквідаваць яго як клас. Смешным назваў Сталін пытанне, ці можна пачаць такое наступленне цяпер. "Цяпер другая справа. … Смешна і несур’ёзна гаварыць доўга цяпер пра раскулачванне. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць". 
   Смешнае пытанне! Што ў гэтым было смешнае! Апейка падумаў, што новы год будзе не зусім працягам старога: "Тая ж дарога, але ўздым другі. Другая круцізна пачынаецца…" Думаў Апейка пра тое, што прывязанасць нашага селяніна якраз большая, чым таго — на Захадзе. Той — купіў; а гэты — за "шматок зямлі" — паліў памешчыкаў, гнаў пілсудчыкаў і дзянікінцаў; як адзіную надзею сваю на жыццё ратаваў савецкую ўладу. Ён — не купіў; ён — заваяваў сабе яе, зямельку сваю, — штыком, агнём, крывёю! Савецкая ўлада, абвясціўшы першымі дэкрэтамі мір і зямлю, адразу заваявала мужыцкія сэрцы мільёнаў. І вось тая самая савецкая ўлада, якая хвіліну назад дала селяніну зямлю, сёння ў нашым абліччы прыходзіць да яго ўгаворваць адмовіцца ад свайго шматка. Прыходзіць — дакажы катораму іншае — адабраць яе! "Учора далі, а сёння — адбіраюць! Ето — ваша справядлівасць?! Ашукалі!!!" 
   Думкі блыталіся, у галаве звінела. Не менш драматычным быў апошні дзень і вечар 1929 года і для Башлыкова. З Алешнікаў ён выправіўся ў Глінішчы. Каб вызваліцца ад непатрэбшчыны. Каб потым жыць толькі дзеля справы. Спытаўся ў Ганны знарок дзелавіта, дзе Параска, а калі Ганна памкнулася пайсці пашукаць, хаваючы няёмкасць, прамовіў: "Не трэба. Я не да яе прыехаў". Нейкі момант змагаўся з сабой: "Што я раблю? Не трэба! Не трэба гэтага!". Але потым глянуў рашуча, пайшоў напралом: "Я — да цябе". Яна раптам уся засвяцілася радасцю, змянілася так імкліва, што гэта ўразіла і ўзрушыла Башлыкова. Захапіла яго. Радасць, аднак, адразу саступіла нейкаму клопату і нават недавер’ю. І паўтарыў цвёрда: "Я хацеў цябе пабачыць". Пакуль прыйшла Параска, паспеў сказаць, адчуваючы патрэбу дзейнічаць неадкладна, рашуча: "Слухай… Заўтра. Як сцямнее. Выйдзі на шлях. Добра?". 
   Была сумяціца пачуццяў і думак, калі вазок паплыў у белае пустое поле. Як яна тут вырасла такая! Цуд нейкі і толькі! і краса, і разам — годнасці колькі! Розум як свеціцца! Аднак у душу ўпаўзала і іншае. Не ўтрымаўся на ўзроўні, збочыў з лініі. Не паказаў вытрымкі. Даў волю свайму, асабістаму. Непатрэбнаму, недаравальнаму ў такі час. Захацелася любові! "Спыніцца, спыніцца трэба…" — думаў ён. 
   Але зноў стаў думаць пра яе. Адчуваў, што мала ведае яе. Хто яна? Чаму яна ў школе? Чаму не з бацькамі? Ці вольная, не замужняя? Відаць, была замужам, відно: нямала паспытала. 
   І Ганна не магла супакоіцца. Усё выказала Парасцы, павінілася перад ёю, думаючы, што перайшла той дарогу. Параска ж супакоіла, запэўніла, што нічога ў іх не было. Але ўсё роўна разумела няпэўнасць і хісткасць пачуццяў і адносін з Башлыковым, цвёрда і шчыра прамовіла: "Ні на што мне ўсё ето. Да і не пара мы. Што дуб і лаза… Не дацягнешся… Каб і можно було…" У самую іх першую сустрэчу Параска гаварыла Башлыкову, што ў Ганны розуму на пяцярых, толькі доля няскладная. Тады ж, пры ім Ганна запярэчыла: "Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!" 
   … За вокнамі мітусілася белае і зіхацела сонца. І падобна — мітусілася, зіхацела штосьці ў душы Башлыкова. Радасць, нецярплівасць спаткання былі не адны ў душы. Сярод усяго ўнізвалася і няёмкае становішча яе. Школьная тэхнічка. Ён, кіраўнік раёна, і — прыбіральшчыца школьная!.. А што — прыбіральшчыца? — уздымалася нязгода. Хіба на ўсё жыццё гэта — прыбіральшчыца! Хіба не відаць — што выпадкова там! Што прыладзілася, відаць, на момант. Пасварыўшыся з маці-ўласніцай. Сёння — тэхнічка ў школе, а заўтра работніца арцелі. Закахаўся, любіць! Сустрэў выпадкова, у такі паганы вечар, і закахаўся. Не разгледзеў толкам у той вечар, а прыкіпеў. Не разгледзеў, а не памыліўся. Колькі бачыў жанчын, а такую, здаецца, першую сустрэў. За ўсё жыццё першую такую. Не, гэта не абы-што, гэта — рэдкасць. Такое хараство, такі розум. І да таго — дзіва — неабыякавая да яго. Відаць было. Хінецца душой. Рада была. Ці ж разумна — страціць гэта. 
   Сустрэліся. Павіншавалі адно аднаго з Новым годам. Яе нястрымна апаноўвала хваляванне. Звінела ў галаве. Закалацілася сэрца. Шчасце ці прывід шчасця, што з таго, завалодалі ёю. Самае незвычайнае было ў тым, што яна чула: і ён так жа хвалюецца. Што і ў яго тое ж самае, што і ў яе. І назаўтра сустрэліся. Расказаў ёй усё пра сябе, нават пра нязгоды з Апейкам. І яна расказала. Толькі пра Яўхіма не сказала. З’ездзілі ў Нароўлю. Начавалі ў незнаёмых. Калі пад’ехалі да Глінішчаў, Ганна асмелілася на тое, што гняло і што баялася адкрыць. Твар Башлыкова ўвачавідкі пашарэў. Твар гэты працяла трывога. На развітанне пацалавала, разумеючы, што ўсё скончылася, яшчэ не паспеўшы пачацца.  

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений