Пошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне

Кузьма Чорны

І

   Вобразам Вялікага скрыжавання адкрываецца другая частка рамана. Старая Маскоўска-Варшаўская шаша (вялікі шлях з усходу на захад) крыжуецца з вялікім грунтавым шляхам з Палесся. Вялікае скрыжаванне — як бы вялікі круглы пляц, плошча сярод жыта, ярыны і сенажацей. У гэтую плошчу ўліваецца адусюль некалькі вялікіх і малых дарог. На самым скрыжаванні расло дрэва-волат. Сумлічане казалі, што на ўсю вялікую акругу тут не знойдзеш другога такога вялікага і таўшчэзнага дрэва. Дрэва было падобна на магутную скалу. У засені дрэва спачывалі не раз падарожныя. 
   Скрыжаванні, сустрэчы… 
   Тут упершыню сустрэліся Нявада і Ліза Ракуцька, што ехала з дому да бацькі, без якога пражыла два дзесяткі год. Яна вырасла без бацькі, а бацька пастарэў без яе. У лесе Ракуцькаў Нявада ўбачыў вялікае падабенства са сваім уласным, бо і ў яго таксама ўкралі маленства яго дачкі. 
   "Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей", — спадзяваўся Нявада. 
   Вялікая трывога раптам ахапіла яго. І прычына тае трывогі — дзіўны незнаёмы, якога яны разбудзілі сваёй гаворкай. 
   Чакаючы папутнай машыны, дзяўчына пачула, як дзіўны падарожнік шаптаў малітву, просячы Бога, каб хутчэй да яго прыйшла такая будучыня, пра якую ён марыць, каб хутчэй скончылася бадзянне яго і на гэтай зямлі настаў канец таму, што на ёй цяпер ёсць. Быў ён злы і змардаваны, бо, як сказаў, у яго ўкралі самога яго. На шашы яны пачулі страшную вестку ад першых бежанцаў, якія ледзьве вырваліся з Брэста, што пачалася вайна. Дзіўна: незнаёмец перамяніўся, цяпер душа яго поўнілася шчасцем, быццам Бог пачуў яго, і да яго ўжо прыйшла тая будучыня, аб якой ён так прасіў Бога. 
   Ліза Ракуцька была ў адчаі, бо яна ўжо год вучылася ў Беластоку — і раптам канец студэнцкім марам пра будучыню. 
   А машыны па шашы сталі ісці ўсё часцей. Пачуўся гул самалётаў. 
   Пачалася бамбёжка. З Сумліч на фурманцы прыехаў Нявада з унучкай. Ёй наказаў бегчы назад у Сумлічы, бо тут яшчэ менш спакою, чым там, а сам пачаў ратаваць чужых дзяцей, якія ўцалелі ад бамбёжкі. І тут быццам з-пад зямлі вырас зноў той дзіўны незнаёмец і сказаў, што гітлераўцы ўжо занялі Мінск і Бабруйск, Слуцк гарыць. а Баранавічы і Вільня ўжо спалены. Чырвоная Армія за ноч разбіта і разбягаецца. Яшчэ колькі дзён — немцы займуць усё. Пра тое напісана ў лістоўках. І трэба, каб усе пра гэта ведалі і падрыхтаваліся сустрэць немцаў як сваіх. Нявада хапіў нейкі гнуты прэнт з рас-трушчанага грузавіка і апусціў яго на галаву незнаёмца, які так добра ўсё ведаў і так складна гаварыў. 
   Пад бамбёжку трапіла і Ліза Ракуцька. Яна выбралася з-пад абломкаў і трупаў і ноччу прадоўжыла свой шлях. Уздоўж шашы ішоў бой, але яна не спыняла сваю хаду. Раніцай цішыня запанавала на зямлі. Пад каржакаватаю хваінай ляжаў той самы чалавек, які маліўся, каб на зямлі прыйшоў канец таму, што на ёй было. Выгляд яго быў страшны. Але ён неяк устаў на ногі і падыбаў да нямецкага афіцэра, распытаўся, ці пастаўлены ўжо высокія начальнікі акругоў і ці няма сярод іх графа Паліводскага. 
   А тым часам бежанцы і чырвонаармейцы ўсё ішлі на ўсход. Немцы ў Сумлічы нават не зайшлі. 
   Дапамогшы адправіць параненых дзяцей на лячэнне, вяртаецца дадому Нявада і ад Волькі дазнаецца, што Кастусь і другія мужчыны пайшлі мабілізавацца, але ваенкаматы ўжо не дзейнічалі — у раёне гаспадарылі немцы. Вяртаючыся назад, падабралі кулямёт на шашы і з ім вярнуліся ў мястэчка. А сярод іх было чалавек пяць невядомых, што таксама варочаліся аднекуль разам. Адзін з іх даказаў немцам і навёў іх на дом Лукашэвіча. Сагналі ўсіх, прачыталі загад, каб выказвалі ўсіх сумліцкіх камуністаў. Спыталіся і пра Кастуся. Адзін баязлівец паказаў немцам на яго. Кастусю ўдалося ўцячы. Волька з Лізай прыходзяць дадому толькі ноччу, каб даведацца, можа вярнуліся Кастусь і Нявада. Прыйшоў і Кастусь, расказаў, што ў Драчым Лужку многа сумлічан, што акрамя кулямёта ёсць у іх і іншая зброя. 
   Нявада схадзіў туды, каб пераканаць зяця быць асцярожным, жыць цішком ад усіх, "і так доўгі, доўгі час, аж пакуль забудуцца ўсе, што ты ёсць ці быў на свеце".    А як усё мінецца — зноў жыць! Нявада даводзіў зяцю, што люты звер сеў на галаву, але ён не будзе век вечны. Галоўнае цяпер — выжыць, не змарнаваць жыццё, бо яно чалавеку раз даецца. 
   Кастусь Лукашэвіч рэзка адказаў, што не верыць у ціхае чаканне. 
   Наадварот, ён поўны рашучасці дзейнічаць, а не чакаць. 
   У доме Нявады асталяваліся паліцаі. З іх размоў ён даведаўся, што з немцамі з’явіўся граф Паліводскі і ста ў начальнікам усёй грамадзянскай улады цэлай вобласці. Волька расказала, што пакуль Нявада хадзіў на сустрэчу з зяцем у лес, у мястэчку забралі ўсіх маладых дзяўчат і хлопцаў, якія трапляліся на вочы, і павезлі на грузавіках кудысьці да шашы. Забралі і Лізу. Адчай Волькі быў бязмежны. Нявада супакойвае дачку, што будзе шукаць выйсця, будзе думаць, што рабіць. "Божа, памажы мне, каб усё так і было добра, тады я зберагу яе… памажы мне выратаваць яе", — так ныла яго душа. Пайшоў шукаць Кастуся, але не знайшоў. Праз два дні вярнулася з пошукаў дачкі і Волька і расказала, што Кастусь з усімі, з кім быў разам, выходзілі на шашу, запынілі дзве нямецкія машыны, збілі з іх немцаў і на гэтых машынах дагналі тыя чатыры машыны з сумліцкімі хлопцамі і дзяўчатамі. Дзве заднія машыны ім удалося адбіць, але дзве пярэднія вырваліся і зніклі. Ліза асталася там. 
   Нявада сказаў, што ідзе ў дарогу, якая, можа, будзе не меншая за тую, якой вяртаўся з нямецкага палону. "Не нагамі я тую дарогу мераць буду, а душою…. Я выратую Лізу і ўхаваю яе да лепшай часіны". 

II

   Вялікае гора і ў Сымона Ракуцькі. Менш чым два гады пажыў ён з сям’ёй, не паспеў спатоліцца шчасцем, як вайна зноў параскідала ўсю яго сям’ю. Ён не ведае, дзе дачка, дзе жонка: "Дзесяты дзень, жартачкі! і няма". На дзесяты дзень з’явіўся сын і расказаў, што з вялікімі цяжкасцямі дабраўся ён у Перабродскую Злыбяду, дзе немцы зрабілі лагер для забраных. 
   Кажуць, што ў лагеры пяць тысяч чалавек, частку якіх ужо пагналі недзе на работу. Каля лагера ў лясах бадзяюцца людзі: у таго жонка, а ў тае муж і дзеці. Тамаш паведаміў, што зноў туды вернецца, бо яго там чакаюць. Людзі моцна спадзяюцца на падмогу. Ракуцька расказаў сыну пра атрад Лукашэвіча, які адбіў дзве машыны з арыштаванымі ад немцаў. 
   Тамаш і Ракуцька заўважылі ў гушчары нейкага абарванца, якога яшчэ раней сустрэў Ракуцька. Яны накармілі нямоглага і той расказаў сваю гісторыю. 
   Ён — Люцыян Акаловіч. Бацька яго арандаваў маёнтак пад Клецкам, які мог бы выкупіць, але кал і прыйшлі бальшавікі, то мара аб пашырэнні Польшчы на ўсход стала яго мэтай. Ён пачаў ненавідзець усё, што не польскае, і свае жаданні прышчапіў сыну. Гэта ўжо стала іх агульнай марай і мэтай. Любоў да фальварка пад Клецкам стала і атрутай. Закончыў Люцыян гімназію, паступіў у Віленскі універсітэт, але шчасця ў душы не было. А тут з’явіўся граф Паліводскі, які быў у змове з нямецкімі агентамі, і стаў вербаваць моладзь для ўдзелу ў тым паходзе на ўсход, які рыхтавала Германія. Юнакоў аддавалі ў школы шпіёнаў, змоўшчыкаў і дэсантнікаў. Люцыян пакінуў бацьку з маткай, вучобу, маладосць і рынуўся, як яны з бацькам думалі, насустрач будучыні, якую спадзяваліся знайсці, трымаючыся за абцас фашысцкага бота. Па кроплі ўлівалі спачатку абыякавасці, а потым і непрыязні да Польшчы. Бацька суцяшаў Люцыяна, які ўжо пачаў задумвацца над такой хітрай апрацоўкай: "Як толькі Германія знішчыць Савецкую дзяржаву на ўсходзе, то Польшча зноў устане". Калі Германія нарэшце рынулася на ўсход, Люцыян калаціўся ад радасці, за якую нейкі чалавек і выцяў яго прэнтам. 
   І будучыня прыйшла! Люцыян даведаўся, што яго маці жывую спалілі немцы ў хаце, а бацьку павесілі з падазронасці, быццам яны некага хавалі. Немцы стралялі і ў Люцыяна, але яму ўдалося вырвацца. 
   Выслухаўшы Акаловіча, Ракуцька сказаў: "Як свет стаіць, то яшчэ не было вядома, каб на нянавісці вырасла шчасце, а радасць на чужой бядзе". 
   Цяпер Акаловіч апантаны мэтай знайсці Паліводскага і расквітацца з ім. 
   Густаў і Гертруда Шрэдэры прыехалі ў Беларусь да сына, які з’яўляецца начальнікам лагера. Ён упэўнены, што праз пяцьдзесят, праз сто, праз дзвесце год тут стане карэнная Германія, бо тут жывуць не людзі, а казюлі з нявольніцкай псіхалогіяй. "Яны створаны, каб быць рабамі. Павесь над іхнімі галовамі меч, дык яны адразу ўверуюць, што гэта не меч над імі, які кожны момант можа загубіць іх, а што гэта вісіць найвялікшая справядлівасць усёй светабудовы, і пачнуць з удзячнасцю лізаць боты ў таго, хто павесіў над імі гэты меч. 
   Вось хто насяляе гэту зямлю"… Шрэдэр-малодшы дакарае бацьку, што той тады дарэмна быў перад імі паддаўся парыву ўдзячнасці і не захаваў да канца сваю нямецкую вытрыманасць. І каб было больш пераканальна, якім недарэчным быў той "душэўны парыў" аддзячыць за выратаванне золатам нейкай галадранцы, прывёў такое параўнанне: "Хіба хто калі будзе дзякаваць курыцу за тое, што яна глынула муху, якая кусала цябе? Ад курыцы бяруць яйкі і ні за што яе не дзякуюць. А ты да таго быў страціў сваю нямецкасць, што аддаў ім здабытае на вайне. Чаму? A толькі з-за таго, што заварушылася душа. 
   Германію зробім вялікай не душой, а жалезам". 
   А тая, што некалі ратавала ад смерці Шрэдара-старэйшага, зараз у вялікім горы. Волька расказала Кастусю, прыйшоўшы да яго ў атрад, як тыдняў два хадзіла наводдалек па лясах там, пад лагерам. І падпаўзла нарэшце да рачулкі, з якой нявольнікі раз на дзень бралі ваду. Ёй удалося спытацца ў адной маладой жанчыны, ці не ведае тая Лізу Лукашэвіч. Жанчына адказала, што ёсць у іх нейкая Ліза і ўжо даўно ляжыць хворая на крываўку. Можа, гэта іх Ліза… 

 

III

   І тут было скрыжаванне дарог, але малое і своеасаблівае. …Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапення, чым біты шлях. 
   Паўз вялізны камень трохкутнай формы, камень са слядамі мінуўшчыны, які ў народзе празвалі "сухі дзюб", ідзе дарога на Перабродскую Злыбяду, дзе гітлераўцы зрабілі, як казаў Сымон Ракуцька, канцэнтрацыйны лагер. Тут пакутавалі і жонка Сымона Ракуцькі, і дачка Лукашэвічаў — Ліза. Ужо трэці тыдзень ляжала хворая дзяўчынка, прыткнуўшыся галавой да аднаго са слупоў агароджы. Аднойчы да Лізы падышла Ракуцькава жонка. "Мама", — сказала Ліза, ведаючы, што гэта не маці. Ракуцьчыха ўпала на пясок і зарыдала. 
   Здушаны смуткам па Лізе, скрухай, нябытам, кашлем, падышоў нарэшце стары Нявада да мэты свайго дарагога падарожжа. Нявада стаяў перад маёнткам Паліводскага і сказаў вартавому, што ён прынёс для графа тое, чаго шукаюць праз усё жыццё. 
   Расказаўшы Паліводскаму, як трапіла да яго гэтае золата, высыпаў яго перад графам і пачаў прасіць, каб той уратаваў яго ўнучку, а цераз гэта і яго самога. 
   Не ведаў Нявада, што Паліводскі пражыў жыццё адзін, без сям’і і без дзяцей, і тое, што яму, Няваду, было мэтай, Паліводскаму было нічым. 
   Нявада пачуў: "Позна ўжо… няма… І не трэба!… Позна прынёс! Трэба было дваццаць год таму назад!" 
   Графу ў гэты момант далажылі, што хоча яго ўбачыць сын Стафана Акаловіча. На вачах Нявады Люцыян Акаловіч застрэліў Паліводскага. Кінуўся бегчы адсюль Нявада. Колькі жыў на свеце, ён яшчэ не быў у такім жаху. Гэта была яго апошняя думка. Ззаду стралялі. Ён упаў… 
   Не дайшоў да свае будучыні і Акалавіч. Тое, што Паліводскага ўжо не было жывога, не дало яму палёгкі. Безнадзейнасць і чорны смутак душылі яго. Нейкі чалавек застрэліў Акаловіча, калі знайшоў у яго нямецкае пасведчанне. Не ўратавала Акаловіча і тое, што Паліводскага забіў ён. 
   Каля Сумліч на Вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую калону: звыш як семдзесят нямецкіх салдат засталіся ляжаць на самым скрыжаванні пад абломкамі васьмі машын. A ў суседняй з Сумлічамі воласці ўночы раптоўна невядомыя перастралялі ўсю паліцыю і захапілі ў палон каменданта. 
   Смерць сваю на скрыжаванні спаткалі і два нямецкія танкісты, якія хацелі згвалтаваць Лізавету Ракуцька. 
Партызаны напалі на Перабродскі лагер, вызвалілі палонных, сярод якіх былі Ліза і жонка Ракуцькі. Тамаш загадаў кіравацца на маёнтак, дзе асталяваліся Шрэдэры, забраць усіх коней і вазы і вярнуцца па хворых у лагер.
   Напалоханыя стрэламі, Гертруда і Густаў Шрэдэр-старэйшы выбеглі з маёнтка і схаваліся ў лазе, дзе дабылі да ночы. Як сцямнела, іх апанаваў адчай. Далей ад гэтага месца! Не ногі, а нервы вялі іх нейкаю палявою дарогай. Знясіленыя, яны апусціліся на пясок пад каменнай навіссю "сухога дзюба". Слабы голас Гертруды гучаў Шрэдару, як гнеў помслівага лесу: "Гэта лес Германіі за цябе расплачваецца з намі! Гэта ты згубіў мяне! Я ўміраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны шчасліва пражылі дзесяткі год…" 
   Гертруда сканала. Пачыналася новая квадра яго пошуку ратунку: без Гертруды. Цвёрдая думка, што сляза мёртвага не падніме, авалодала ім. Не пахаваўшы жонку, ён рушыў у дарогу. Ён і сам не ведаў, колькі дзён ён вандруе. І так дайшоў да скалечанага Ракуцькавай Лізаветай танка. Голад з’ядаў яе. У танку, перамогшы страх, знайшоў галеты. На самым шляху на дрэве вісеў чалавек у тутэйшай адзежы і з дошкаю на шыі: "Я партызан". Значыць, тут жыве грамадская ўлада! 
   Тут яго паратунак. Тут, можа, і сын яго дзе. Але іх трэба знайсці. Ён пацягнуў, як толькі мог, павешанага за ногі. Галіна адламалася, і труп упаў на зямлю. З паўдня прайшло, пакуль Шрэдэр здолеў зняць з няшчаснага адзежу і боты і пераапрануцца. Цяпер ён падобны да якога-небудзь тутэйшага няшчаснага, які вылузваецца з бяды. 
   Шрэдэр убачыў проста на дарозе многа трупаў нямецкіх салдат. 
   Ён мінуў гэты жах і ўбачыў перад сабой велічэзнае дрэва, якое бачыў ужо два разы. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: "На Сумлічы". І зноў ён апынуўся у хаце, а ў хаце пазнаў усё. Яго запрасілі сесці, а жанчына прапанавала паесці. І тады Шрэдэр сказаў, хоць ломанай, але рускай мовай. Відаць, ён добра рыхтаваўся ехаць сюды. 
   "Я некалі падараваў вам золата. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?" 
   Кастусь Лукашэвіч загадаў яму выйсці з хаты і выстраліў. 
   Потым зазірнуў у пуню, узяў два яблыкі і ўвайшоў у хату. "На, Лізачка, еш антонаўкі", — сказаў ён хворай дзяўчынцы. 

Сказать спасибо
( 59 оценок, среднее 3.73 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений