Рыгор Барадулін — Вечалле

Рыгор Барадулін

Спадчыннае возера маё,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Променем ляшчыны
Вудаўё
З бацькавай рукі
Цябе прасвечвала.

Човен дзеда Грышкі
Лёгкім сном
Торкаўся ў затоку ўасачэлую.
Шляхам,
Брукаваным перуном,
Сунуліся хмары высачэзныя.

Голас мамы
Чулі берагі,
Ехала з вяселлем
Баба Грышчыха.
Тоні з сітнягом вялі таргі,
Мурагі
Шапталіся з гарышчамі.

Набрыдзі, як наледзі, было,
А глыбінь тваіх
Буза не ўсватала.
Дыхала ў любую сцюжу тхло,
Бегла ў свет
Рачулка сукаватая.

Вечалле паклаўшы ў галаву,
Сніць дагэтуль сны
Пра ўловы лепшыя,
Лёc багром схапіўшы наплыву,
Родная мне вёска
Кавалеўшчына.

Туманоў рахманых табуны
Нахлынаюць з Вечалля,
Як з вечара.
Ныюць стогнам
Цішыні званы,
Вечаллю
Пра звон згадаўшы вечавы.

Я за аблачынамі здаўна
Звык сачыць, каб загадаць,
Плыве чыя.
Як святлом праяснена да дна –
На світанні напілася з Вечалля!

Крыніца: Барадулін P. Вечалле: Кніга паэзіі, – Мн.: Маст. літ., 1980, – 336 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений