Рыгор Барадулін — Я на гэты свет прыйшоў па вопыт…

Рыгор Барадулін

Я на гэты свет прыйшоў па вопыт,
Запытацца і пачуць адказ,
Ён навошта,
Паўсядзённы клопат,
Вечны тупат ног і крылаў лопат,
Што з нябёс вяртае долу нас.

Зразумеў я:
Вопыт – гэта стома,
Што завецца чуласцю душы,
Стома –
Над ракой імгнення строма,
Стому,
Што ў табе жыве, як дома,
Нельга заглушыць,
Як ні глушы.
 
Захавай на шчасце стому гэту,
Размяняўшы рэшту год на дні.
Радуйся ў жыцці святлу і свету,
Верачы ў паганскую прыкмету:
Дабрыня шукае глыбіні.
 
І пакуль з табою вопыт будзе,
Старасць ціха адплыве ў чаўне,
Адгукнецца жаль у перапудзе,
Зробяцца вярбовай клеткай грудзі,
У якой душа спяваць пачне.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений