Вяслуюць крыламі буслы,
Плывуць,
плывуць
над светам.
Атаваю,
Іржышчам злым
Пайшло упрочкі лета.
Свае ўладанні
На зары
Абходзіць восень важна,
Заходзіць у лясы,
Бары
Ды ціха дрэвам кажа:
– Паабшарпаліся зусім,
Апратка ў вас старая,
На сонцы выцвіла.
Усім
Я вам зычліва раю:
Хутчэй скідайце лахманы,
Азябнеце ў тумане!
Я ж прынясу вам без маны
Навюткае убранне.
Усю зіму
Сястра вясна
За морам кроены ткала,
I з раннім выраем яна
Тканіну пераслала.
Спяшаў, ляцеў
Да гнёзд сваіх
Гарласты гурт грачыны,
Аднак не мог забраць усіх
Сувояў зеляніны.
Я запрагу вятроў
I ўраз,
Ледзь толькі сонца ўстане,
З-за мора прывязу для вас
Навюткае убранне…
Гарыць агонь
Па ўсёй зямлі
На возеры,
Ў канаўцы –
Кляны
Сям’ёю пачалі
Маўкліва распранацца.
I ясень
Прыклад даў вярбе.
Рабіны сумавалі,
Адно пакінулі сабе
Гарачыя каралі.
Дрыжыць:
– Не трапіць у бяду б! –
Асіна ўся са страху.
I расшпіліў
Плячысты дуб
Цяжкую апранаху.
Адкуль узяўся той вятрэц,
Як ухапіў за полы.
Дуб-тугадум,
Стары мудрэц,
Стаяць застаўся голы.
У восені
Зашмат турбот
I ніякой падмогі.
Пакуль праверыла ўмалот,
Паразмяла дарогі…
Пакуль яна
Знайшла вятроў –
Пасліся ў лузе недзе, –
Пакуль запрэгла, –
З-за лясоў
Мароз са снегам едзе.
Крыніца : Барадулін Р. Ішоў коця па канапе: Вершы, загадкі і адгадкі, казкі-пераказкі: Для малод. шк. узросту / Маст. М. Казлоў. – Мн.: Полымя, 1997. – 271 с.