Рыгор Крушына — Газэля

Рыгор Крушына

Няўсцішна-горача люблю цябе, мой край.
Твой голас з далечы лаўлю ў журбе, мой край.
 
Даўней не ведаў я, што хараством
Мяне пачнеш ты вабіць да сябе, мой край.
 
Заклятым злом завязаны залом…
I маё сэрца памятку скубе: мой край!
 
Згарэла маладосць, згарэў мой дом,
Але я захаваў жывым цябе, мой край.
 
Паміж чужых не буду чужаком.
Куды я ні зірну – крыніцай б’е мой край.
 
Хай адгукнецца роднае цішком:
На сціплых васількох і на вярбе – мой край.
 
I кожнай цвет-галінкай і лістком
Крушына мне прыгадвае ў жальбе мой край.
 
Яшчэ ў маленстве піў я з малаком
Тваёй пяшчоты мёд. Люблю цябе, мой край.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений